МА́СЛЕНІКАЎ (Павел Васілевіч) (14.2.1914, в. Нізкая Вуліца Магілёўскага р-на — 6.9.1995),
бел.тэатр. мастак, жывапісец, мастацтвазнавец, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1954). Нар.маст. Беларусі (1994). Канд. мастацтвазнаўства (1960). Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1938) і Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1953). З 1938 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі (у 1946—60 мастак-пастаноўшчык). З 1960 у Бел.тэатр.-маст. ін-це (да 1964 рэктар, у 1967—79 заг. кафедры). Тэатр. дэкарацыям уласцівы вобразнасць, маляўнічасць, яркасць нац. характарыстык. Аформіў спектаклі: у т-ры оперы і балета — «Трыльбі» А.Юрасоўскага (1940), «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева і «Прададзеная нявеста» Б.Сметаны (1949), «Салавей» М.Крошнера і «Дэман» А.Рубінштэйна (1950), «Паяцы» Р.Леанкавала і «Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага (1951), «Іаланта» П.Чайкоўскага і «Страшны двор» С.Манюшкі (1952), «Маладая гвардыя» Ю.Мейтуса (1954), «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (1957), «Яснае світанне» А.Туранкова (1958), «Сцежкаю грому» К.Караева (1960), «Джаконда» А.Панк’елі (1962) і інш.; у Бел. т-ры імя Я.Купалы — «Цудоўны скарб» П.Малярэўскага (1949), «Шчасце паэта» В.Віткі (1952), «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча (1954). Выразнасцю каларыту, паэт. узнёсласцю і лірызмам адметныя пейзажы «Жнівень» (1953), «Хвоі» (1956), «Перад цвіценнем» (1957), «Золата бяроз» (1959), «Пачатак вясны» (1961), «Беларускі пейзаж» і «На ўскраіне Мінска» (1963), «Над возерам» і «Абуджэнне» (1969), «Азёрны край» (1970), «На Вячы» (1971), серыі «Па родным краі» і «Алтайскі цыкл» (1972), «Прыбалтыйскі цыкл», «Па замежных краінах» і «Зямля беларуская» (усе 1973), «На раўнінах Палесся» (1980) і інш. Шматгранна адлюстравана духоўнае жыццё чалавека ў тэматычных палотнах «Апошні» (1967), «Дарогай смерці», «Жніво» і «Год 1929» (усе 1977), «Вярнуўся» (1979), «У дзень Перамогі» (1982), «Вызваленне Магілёва» (1983), «Каля гары Машэкі» (1987) і інш. Аўтар манаграфіі «Беларускі савецкі тэматычны жывапіс» (1962), раздзела па мастацтве Беларусі для «Гісторыі мастацтва народаў СССР» (т. 8, 1977); адзін з аўтараў «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 4—6, 1990—94). Свае творы падараваў Магілёўскаму абласному маст. музею, якому прысвоена яго імя, перад будынкам музея — помнік М. (скульпт. В.Лятун, 1997).
Літ.:
Карнач П.А. П.В.Масленікаў. Мн., 1973;
Мастацтва беларускіх дэкаратараў: [Альбом]. Мн., 1989;
Павел Масленікаў: [Альбом]. Мн., 1996.
В.П.Пракапцова.
П.В.Масленікаў.П.Масленікаў. Каля гары Машэкі. 1987.