КАЛАМІ́РЫС ((Kalomoirēs) Маноліс) (26.12.1883, г. Смірна, Грэцыя — 3.4.1962),
грэчаскі кампазітар, педагог. Правадз. чл. Афінскай АН (1945). Вучыўся ў Афінах, Канстанцінопалі, у 1901—06 у Венскай кансерваторыі. У 1906—10 выкладаў у Харкаве. З 1911 у Афінах, у 1919 заснаваў тут Элінскую (да 1926 дырэктар), у 1926 — Нац. (да 1948 дырэктар) кансерваторыі. Заснавальнік навагрэч. муз. школы, сучаснага грэч. опернага мастацтва. Сярод твораў: оперы «Старшы майстар» (1916), «Пярсцёнак маці» (1917), «Усход» (1945), «Мутныя воды» (1950), «Канстанцін Палеалог» (1962); 3 сімфоніі (1920—55), сімф. паэмы; канцэрт для скрыпкі з арк. (1961), камерна-інстр. ансамблі, п’есы для фп., песні, музыка для драм. т-ра, апрацоўкі нар. песень і танцаў. Аўтар аўтабіяграфіі «Маё жыццё і маё мастацтва» (1944—45).
т. 7, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЛАНЯ́Н (Рач’я Мікітавіч) (14.11.1923, с. Гяргяр, Арменія — 1988),
армянскі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1971). Скончыў Ерэванскае тэатр. вучылішча (1940). З 1937 працаваў у Ерэванскім т-ры юнага гледача (акцёр, у 1953—56 і 1959—62 гал. рэжысёр), Арм. т-ры оперы і балета імя Спендыярава (1962—65, гал. рэжысёр). У 1967 на базе створанага ім тэатра-студыі арганізаваў Ерэванскі драм. т-р, яго гал. рэжысёр, з 1986 дырэктар і маст. кіраўнік т-ра імя Сундукяна. Сярод пастановак: «Каварства і каханне» Ф.Шылера (1955), «Начны цуд» Ягджана (1960), «60 гадоў і тры гадзіны» Араксманяна (1964), «Хачатур Абавян» Арменяна, «Любоў і смех» паводле Ацяна (1970) і інш. Пісаў п’есы. Дзярж. прэмія СССР 1981.
т. 8, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЕ́ЎСКАЯ АКАДЭ́МІЯ МУ́ЗЫКІ (Royal Academy of Music),
старэйшая вышэйшая муз. ўстанова Вялікабрытаніі. Засн. ў Лондане ў 1822 як прыватная школа, у 1832 прынята пад апекаванне караля і атрымала сучасную назву; з 1864 субсідзіруецца ўрадам. З 1912 размяшчаецца ў спец. будынку з уласнай канцэртнай залай на 800 месцаў. Курс навучання 3 гады. Працуюць класы па ўсіх муз. дысцыплінах, аддзяленні оперы, танца і драм. мастацтва; выкладаюцца дыкцыя, замежныя мовы, фехтаванне, правілы добрага тону. Адыграла важную ролю ў развіцці муз. культуры Вялікабрытаніі, выхавала шмат музыкантаў, якія атрымалі сусв. вядомасць. У складзе педагогаў найвыдатнейшыя музыканты Вялікабрытаніі. Акадэмія перыядычна выбірае ганаровых членаў, у т. л. і з інш. краін, у розныя гады сярод іх былі Э.Гілельс, Д.Ойстрах, М.Растраповіч.
т. 8, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛІ́ЕЎ Алты(6.1.1909, с. Бабадайхан Тэджэнскага р-на, Туркменістан — 11.12.1973), туркменскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1955). Скончыў Туркм. драм. студыю (1929, Ашхабад), тэатр. тэхнікум у Баку (1931). У 1931—41 акцёр, у 1953—56 гал. рэжысёр Туркм. драм. т-ра. У 1941—53 гал. рэжысёр, у 1960—63 дырэктар і гал. рэжысёр Туркм. т-ра оперы і балета. У 1956—60 дырэктар, з 1957 рэжысёр кінастудыі «Туркменфільм». Створаныя ў кіно вобразы вызначаюцца жыццярадаснасцю і яркім нац. каларытам. Сярод роляў у кінафільмах Нуры («Дурсун», 1940), Керым («Далёкая нявеста», 1948). Паставіў фільмы «Вырашальны крок» (1966), «Махтумкулі» (1968), «Таямніцы Мукама» (1974). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949. Дзярж. прэміі Туркменіі 1966, 1976.
т. 8, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТО́НЫ ((Cotogni) Антоніо) (1.8.1831, Рым — 5.10.1918),
італьянскі спявак (барытон), педагог; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў мастацтва бельканта 2-й пал. 19 ст. З 12 гадоў вучыўся ў царк. школе спеваў. Быў салістам у царк. харах. У 1852—94 выступаў на оперных сцэнах Італіі і інш. краін (у 1872—94 у Італьян. оперы ў Пецярбургу). З 1894 выкладаў у Пецярбургскай кансерваторыі, з 1899 — у муз. ліцэі акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме. Сярод партый: Радрыга, Рэната («Дон Карлас», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Вільгельм Тэль, Фігара («Вільгельм Тэль», «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Невер, Нелуска («Гугеноты», «Афрыканка» Дж.Меербера), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Валянцін («Фауст» Ш.Гуно), Тэльрамунд («Лаэнгрын» Р.Вагнера). Сярод вучняў Дж.Лаўры-Вольпі, Я.М.Рэшке.
т. 8, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́ШНЕР (Міхаіл Яўхімавіч) (1900, Кіеў — ліп. 1942),
бел. кампазітар. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Бел. кансерваторыю (1937, клас В.Залатарова). У 1918—31 канцэртмайстар-піяніст у канцэртных арг-цыях і т-рах Кіева, Масквы, Свярдлоўска. У 1933—38 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. Аўтар першага нац. балета «Салавей», у муз. драматургіі якога вял. ролю адыгрывае нар. танец (паст. 1939, Мінск, Адэса). Сярод інш. твораў: кантата «Тапелец» на сл. А.Пушкіна, Сімф. танцы, смыковы квартэт (усе 1937); Варыяцыі на бел. тэму для фп.; хары «Мы любоўю Радзімы багатыя», «Чырвонаармейская»; рамансы на вершы Я.Купалы, Я.Коласа, Пушкіна, М.Лермантава, апрацоўкі бел. і яўр. нар. песень.
Дз.М.Жураўлёў.
т. 8, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ЙЦЭР ((Kreutzer) Радольф) (16.11.1766, г. Версаль, Францыя — 6.1.1831),
французскі скрыпач, кампазітар, дырыжор, педагог. Немец па паходжанні. Канцэртаваў з 13 гадоў. З 1783 саліст Каралеўскай капэлы ў Парыжы, шэрагу тэатр. аркестраў, у т. л. з 1801 Парыжскай оперы (з 1817 капельмайстар, музік-дырэктар); камер-віртуоз двара Напалеона I (з 1802), Людовіка XVIII (з 1815). З 1795 праф. Парыжскай кансерваторыі. Адзін з заснавальнікаў і найб. яркі прадстаўнік т.зв. парыжскай скрыпічнай школы. Аўтар канцэртаў для скрыпкі, стр. трыо, квартэтаў, опер («Поль і Віржынія», «Ладаіска», абедзве паст. ў 1791). Яго эцюды (зб. «42 эцюды або капрысы») паклалі пачатак новаму кірунку ў скрыпічнай педагогіцы. Л.Бетховен прысвяціў К. «Крэйцэраву санату» для скрыпкі з фп.
т. 8, с. 535
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́БЕЛІК ((Kubelík) Іеранім Рафаэль) (29.6.1914, Біхары, Чэхія — 1996),
швейцарскі дырыжор і кампазітар. Вучыўся ў бацькі Я.Кубеліка. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1933). З 1934 дырыжор, у 1942—48 і з 1989 маст. кіраўнік Чэш. філармоніі. У 1950—53 узначальваў аркестр у г. Чыкага (ЗША), з 1961 — аркестр Баварскага радыё ў Мюнхене. Муз. кіраўнік многіх спектакляў у буйнейшых оперных т-рах Еўропы («Ковент-Гардэн», Лондан, 1955—58) і ЗША (з 1972 муз. кіраўнік т-ра «Метраполітэн-опера», Нью-Йорк). Сярод твораў: оперы, у т. л. «Вераніка» (паст. 1947); кантаты; рэквіемы (1942, 1962, 1963); «Stabat Mater» (1968); 2 месы; сімфоніі; канцэрты для інструментаў з арк. (1940, 1944, 1950, 1951); камерна-інстр. ансамблі і інш.
т. 8, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРГА́ПКІНА (Нінель) (Нінела) Аляксандраўна (н. 13.2.1929, С.-Пецярбург),
расійская артыстка балета, педагог. Нар. арт. СССР (1974). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1947, педагог А.Ваганава; у 1982—90 выкладала ў ім), Ленінградскую кансерваторыю (1982). У 1947—81 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава, з 1969 педагог і рэпетытар Марыінскага т-ра. Яе танец вылучаўся віртуознай тэхнікай, тэмпераментам, жыццярадаснасцю. Сярод партый: Аўрора, Адэта—Адылія («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Гамзаці, Кітры («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса), 7-ы і 11-ы вальсы («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Шырын («Легенда аб каханні» А.Мелікава), Папялушка і Злюка («Папялушка» С.Пракоф’ева), Гаянэ («Гаянэ» А.Хачатурана).
т. 9, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКЕРБА́Й (Міхаіл Аляксандравіч) (19.1. 1901, с. Мерхеулі, Абхазія — 15.10. 1965),
абхазскі пісьменнік; адзін з пачынальнікаў абх. л-ры. Засл. дз. маст. Абхазіі (1961). Скончыў Тбіліскі політэхн. ін-т (1929), Вышэйшыя сцэнарныя курсы ў Маскве (1937). Друкаваўся з 1919. У кнігах «Абхазскія навелы» (1957) і «Аламыс» (1961), напісаных лаканічна, з гумарам, на фальклорнай аснове, адлюстравана жыццё абх. народа. Аўтар камедыі «У яры Сабыды» (паст. 1941), гіст. драмы «Данакай» (паст. 1956), сцэнарыяў кінафільмаў, лібрэта оперы «Мзія» (1951), аперэты «Шчасце» (1961, абедзве муз. А.Баланчывадзе), даследаванняў па абх. тэатры, фальклоры і інш.
Тв.:
Очерки из истории абхазского театрального искусства. Сухуми, 1962;
Тот, кто убил лань. Сухуми, 1982.
Літ.:
Аншба А.А., Дарсалия В.В. М.Лакербай. Сухуми, 1979.
т. 9, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)