КРЭ́ЙЦЭР ((Kreutzer) Радольф) (16.11.1766, г. Версаль, Францыя — 6.1.1831),
французскі скрыпач, кампазітар, дырыжор, педагог. Немец па паходжанні. Канцэртаваў з 13 гадоў. З 1783 саліст Каралеўскай капэлы ў Парыжы, шэрагу тэатр. аркестраў, у т. л. з 1801 Парыжскай оперы (з 1817 капельмайстар, музік-дырэктар); камер-віртуоз двара Напалеона I (з 1802), Людовіка XVIII (з 1815). З 1795 праф. Парыжскай кансерваторыі. Адзін з заснавальнікаў і найб. яркі прадстаўнік т.зв. парыжскай скрыпічнай школы. Аўтар канцэртаў для скрыпкі, стр. трыо, квартэтаў, опер («Поль і Віржынія», «Ладаіска», абедзве паст. ў 1791). Яго эцюды (зб. «42 эцюды або капрысы») паклалі пачатак новаму кірунку ў скрыпічнай педагогіцы. Л.Бетховен прысвяціў К. «Крэйцэраву санату» для скрыпкі з фп.
т. 8, с. 535
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)