КАТО́НЫ ((Cotogni) Антоніо) (1.8.1831, Рым — 5.10.1918),

італьянскі спявак (барытон), педагог; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў мастацтва бельканта 2-й пал. 19 ст. З 12 гадоў вучыўся ў царк. школе спеваў. Быў салістам у царк. харах. У 1852—94 выступаў на оперных сцэнах Італіі і інш. краін (у 1872—94 у Італьян. оперы ў Пецярбургу). З 1894 выкладаў у Пецярбургскай кансерваторыі, з 1899 — у муз. ліцэі акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме. Сярод партый: Радрыга, Рэната («Дон Карлас», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Вільгельм Тэль, Фігара («Вільгельм Тэль», «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Невер, Нелуска («Гугеноты», «Афрыканка» Дж.​Меербера), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Валянцін («Фауст» Ш.​Гуно), Тэльрамунд («Лаэнгрын» Р.​Вагнера). Сярод вучняў Дж.​Лаўры-Вольпі, Я.​М.​Рэшке.

т. 8, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)