КРА́СНЫ ЗА́МАК.

Існаваў ў 1563—79 на беразе Павульскага воз. (Ушацкі р-н Віцебскай вобл.). Пабудаваны з дрэва і каменю. Трохвугольная ў плане крэпасць з вежамі па вуглах (2 чацверыковыя з 2-схільнымі дахамі, і васьмерыковая з шатровым) і прамавугольнай у плане брамай была накрыта 2-схільным дахам, абкружана вадзяным ровам з мостам. Абарончыя сцены мелі ў верхняй ч. баявыя галерэі з абламамі і байніцамі. На дзядзінцы размяшчаліся 1-павярховыя жылыя дамы. Вядомы паводле гравюры С.​Пахалавіцкага 1579.

Красны замак. З гравюры С.​Пахалавіцкага. 1579.

т. 8, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЯТРО́ПНЫЯ РАДЫ́,

рады іонаў, размешчаных у парадку ўзмацнення або аслаблення іх уплыву на ўласцівасці растваральніку, а таксама на скорасць і глыбіню хім. рэакцый і фіз.-хім. працэсаў, што адбываюцца ў ім.

Уплыў іонаў растворанага рэчыва на растваральнік наз. ліятропным дзеяннем іонаў. Вядомы Л.р. іонаў, састаўленыя, напр., па іх здольнасці адсарбіравацца з водных раствораў на адсарбентах, па ўплыве на растваральнасць і набуханне палімераў. Паслядоўнасць іонаў у Л.р. вызначаецца зарадам і памерам іонаў, іх здольнасцю звязваць малекулы растваральніку (гл. Сальватацыя) і мяняцца пры змене саставу растваральніку, канцэнтрацыі вадародных іонаў, т-ры.

т. 9, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШАКО́Ў (Уладзімір Сцяпанавіч) (н. 7.4.1952, г.п. Давыд-Гарадок Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1976—78). Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1982). Працаваў у час. «Нёман» (1979—88). З 1991 у час. «Беларуская думка». Друкуецца з 1974. Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар аповесці «Насенне» (1979), раманаў «Цвіценне каліны» (1987), «На кругі свае» (1990), «Расплата» (1993). Яго проза адметная грамадз. адказнасцю, публіцыстычнасцю, уменнем паказаць жыццё ў самых істотных праявах. Вядомы як публіцыст (кн. «Цёплае лісце таполяў», 1984).

У.С.Глушакоў.

т. 5, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЮКАГО́Н,

бялковы гармон, які выпрацоўвае падстраўнікавая залоза (α-клеткі астраўкоў Лангерганса). Глюкагон — адналанцужковы поліпептыд з 29 амінакіслотных астаткаў. Мал. маса каля 4000. Атрыманы ў 1956 амер. Біяхімікам В.​Бромерам у крышт. выглядзе. Стымулюе распад глікагену печані праз актывацыю ферменту фасфарылазы і ў выніку павялічвае канцэнтрацыю цукру ў крыві. З’яўляецца фізіял. антаганістам інсуліну, а таксама стымулятарам яго сакрэцыі. Вядомы т.зв. кішэчны глюкагон (вылучаны з слізістай абалонкі дванаццаціперснай кішкі) з большай мал. масай, у якога, як лічыцца, амаль няма глікагеналітычнага дзеяння, але ёсць выразны інсулінстымулявальны эфект.

т. 5, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЛІСЕ́ЕЎ (Аляксандр Васілевіч) (13.8.1859, г. Суаменліна. Фінляндыя — 3.6.1895),

рускі падарожнік. Скончыў Ваенна-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1882). Падарожнічаў на Пн і ПнУ Еўрап. Расіі, Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі. Вядомы як даследчык М. Азіі і Афрыкі. У 1881—82 наведаў Егіпет, Палесціну і Сірыю, у 1884—87 падарожнічаў па Лівіі, Алжыры, Тунісе, М. Азіі, у 1895 — па Эфіопіі. Сабраў шматлікія антрапал. і этнагр. звесткі.

Тв.:

По белому свету: Очерки и картины из путешествий по трем частям Старого света. 2 изд. Т. 1—4. СПб., 1901—04.

т. 6, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖЫЦІЕ́ ФЕАДО́СІЯ ПЯЧЭ́РСКАГА»,

адзін з самых ранніх помнікаў стараж.рус. агіяграфічнай л-ры. Напісана каля 1091 Нестарам, надрукавана ў 1635 у «Патэрыконе...» С.​Косава. У творы ігумен Кіева-Пячэрскага манастыра пісьменнік-палеміст Феадосій паказаны як актыўны праціўнік феад. міжусобіц, імкненняў Візантыі падпарадкаваць свайму ўплыву Кіеўскую Русь. Дзейнасць Феадосія, які выкрываў своекарыслівасць і прагнасць манахаў, патрабаваў ад іх аскетычнага і працоўнага жыцця, ладу, імпанавала аўтару. Мова твора эмац. насычаная, лаканічная, ёсць дакладнае апісанне значных гіст. падзей, названы імёны многіх рэальных асоб. Твор быў шырока вядомы на Беларусі.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 6, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙГА́ЎЗ (Станіслаў Генрыхавіч) (21.3.1927, Масква — 24.1.1980),

расійскі піяніст, педагог. Сын Г.Г.Нейгаўза. Нар. арт. Расіі (1978). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1950, клас Г.​Нейгаўза), з 1957 выкладаў у ёй (з 1975 праф.). Яго творчасць вылучалася мастацтвам імправізацыйнасці, глыбокім лірызмам, паэтычнасцю, эмацыянальнасцю. Выступаў як саліст і ансамбліст, у т. л. ў дуэце з бацькам. Найб. вядомы як інтэрпрэтатар твораў Ф.​Шапэна і А.​Скрабіна. У рэпертуары таксама творы Л.​Бетховена, В.​А.​Моцарта, Ф.​Ліста, І.​Брамса, Р.​Шумана, М.​Равеля, С.​Рахманінава, С.​Пракоф’ева і інш. Сярод вучняў У.Крайнеў.

т. 11, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОБЛЬ (ад англ. noble высакародны),

англійская залатая манета. Упершыню выпушчана пры Эдуардзе III у 1344. Агульная маса 8,97 г (1344), 8,33 г (1346), 7,97 г (1351—77). На аверсе пагрудны партрэт караля з мячом і шчытом на караблі ў моры, на рэверсе ініцыялы караля і назва манетнага двара. Выпускаліся таксама манеты ​1/2 і ​1/4 Н. У 1465 уведзена разнавіднасць Н. — разенобль, або рыял. На Беларусі ў канцы 14—16 ст. Н. вядомы як «карабельнік» або «карабельны». Тут ён выкарыстоўваўся пераважна як грашовы падарунак, у шэрагу выпадкаў як спосаб узнагароджання.

т. 11, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГО́СТ-ЗАГАРО́ДСКАЯ КЕРА́МІКА,

традыцыйныя ганчарныя вырабы з в. Пагост-Загародскі Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Промысел вядомы са старажытнасці, існаваў да канца 1930-х г. Найб. росквіту дасягнуў у канцы 19 — пач. 20 ст. Выраблялі чорнаглянцаваны посуд гасп. прызначэння: глякі (бунькі), збанкі, міскі, гладышы, макатры, гаршкі з вушкамі, формы, кубкі, фігурныя кветнікі. Вырабы вызначаюцца буйнымі лаканічнымі формамі, суцэльна глянцаванай паверхняй, коса зрэзанымі венчыкамі місак і макатроў.

Літ.:

Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987.

Я.​М.​Сахута.

Чорнаглянцаваная пагост-загародская кераміка. Брэсцкая вобл. Пач. 20 ст.

т. 11, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЭКА́ТР (франц. pas de quatre),

1) у балеце танец 4 выканаўцаў. Муз.-танц. форма можа мець розную структуру. Найб. пашыраны кампазіцыя, у якой аб’яднаны 2 па-дэ-дэ (у партытуры «Спячай прыгажуні» П.​Чайкоўскага), або танец 4 танцоўшчыкаў (танец 4 кавалераў у «Раймондзе» А.​Глазунова, балетмайстар М.​Петыпа) ці 4 танцоўшчыц (балет «Падэкатр» Ц.​Пуні, балетмайстар Ж.​Ж.​Перо).

2) Бальны танец англ. паходжання. Вядомы з 19 ст. Муз. памер ​12/8. Тэмп павольны. Пашыраны ў еўрап. краінах, у т. л. на Беларусі і ў Расіі.

т. 11, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)