БА́ЛІЦКІ Антон Васілевіч (17.9.1891, в. Балічы Гродзенскага р-на — 31.10.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1910), Віцебскі настаўніцкі ін-т (1916). З 1916 у арміі. У 1917—20 удзельнічаў у гуртаванні беларусаў-вайскоўцаў на Румынскім фронце, арганізоўваў бел. школы ў Адэсе. У 1920 уступіў у Камуніст. партыю. З кастр. 1921 нам. наркома, з 1926 нарком асветы БССР. З 1924 правадз. чл. Ін-та бел. культуры. Адзін з творцаў і праваднікоў дзярж. палітыкі беларусізацыі. Аўтар артыкулаў па пытаннях тэорыі і практыкі нац.-культ. будаўніцтва. Канд. у чл. ЦК КП(б)Б у 1929—30, чл. ЦВК БССР. У 1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», засуджаны на 10 гадоў лагераў. 30.9.1937 прыгавораны да пакарання смерцю. Рэабілітаваны ў 1988.

Літ.:

Васілеўская Н.У. Абвінавачваецца ў нацыянал-дэмакратызме (пра наркома асветы Беларусі А.​В.​Баліцкага). Мн., 1995.

А.​С.​Кароль.

А.В.Баліцкі.

т. 2, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІ́НЧЫЦ Фабіян Іванавіч (20.1.1886, в. Акінчыцы, цяпер у межах г. Стоўбцы Мінскай вобл. — 7.3.1943),

бел. грамадска-паліт. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1913). У 1906—17 чл. партыі эсэраў. Пра яго жыццё і дзейнасць у 1917—23 звесткі супярэчлівыя. З 1923 на радзіме. З 1926 уваходзіў у кіруючыя органы Бел. сялянска-работніцкай грамады, Т-ва бел. школы. У 1927 арыштаваны польск. ўладамі і зняволены на 8 гадоў. Вызвалены датэрмінова ў 1930. З 1933 старшыня, прадстаўнік Бел. дабрачыннага т-ва ў Бел. нац. к-це ў Вільні. У 1933 выдаваў (з У.​Казлоўскім) часопіс бел. нацыянал-сацыялістаў «Новы шлях», пачаў ствараць Беларускую нацыянал-сацыялістычную партыю. З 1939 старшыня Бел. бюро прапаганды пры Мін-ве прапаганды Германіі ў Берліне. У 1940 старшыня Бел. к-та ў Варшаве. З пач. 1941 заг. школы прапагандыстаў пад Берлінам. Застрэлены партызанамі ў час знаходжання ў Мінску.

Я.​Вапа.

т. 1, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАРГІ́Н (сапр. Ільін) Міхаіл Андрэевіч

(19.9.1878, г. Перм, Расія — 27.11.1942),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1902). У 1905 арыштаваны за ўдзел у Маскоўскім паўстанні. У 1906 эмігрыраваў у Італію, друкаваўся ў газ. «Русские ведомости». У 1916 вярнуўся на радзіму. Узначальваў Маскоўскі саюз пісьменнікаў, удзельнічаў у Грамадскім к-це дапамогі галадаючым Паволжа. Непрыняцце Кастр. рэвалюцыі, тэрору, грамадз. вайны стала прычынай яго арыштаў у 1919, 1921 і высылкі за мяжу ў 1922. Вядомасць яму прынёс выдадзены ў Парыжы раман «Сіўцаў Ярок» (1926—28), у якім паказаны нар. трагедыя часоў рэвалюцыі і грамадз. вайны, пакутлівы пошук праўды. Сярод найб. значных твораў дылогія «Сведка гісторыі» (1932) і «Кніга аб канцах» (1935) пра жорсткі тэрор супраць рус. народа, як прысуд тым, хто развязаў гэтую крывавую драму, раман «Вольны муляр» (1938), аўтабіягр. творы «Рэчы чалавека» (1929) і «Часы» (выд. 1955).

Тв.:

Времена: Романы и автобиогр. повествование. Екатеринбург, 1992.

П.​П.​Вашко.

т. 2, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКАЕ ГАРАДСКО́Е ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў г. Баранавічы са жн. 1943 да ліп. 1944. Ядром падполля стала група А.​І.​Крыштофіка, пасланая ў г. Баранавічы ў крас. 1943 камандаваннем атрада імя Суворава Першамайскай партыз. брыгады. У вер.—ліст. 1943 патрыёты ажыццявілі шэраг дыверсій на чыгунцы, узарвалі 6 эшалонаў з гаручым, ваен. тэхнікай і жывой сілай праціўніка, спалілі памяшканні аўтагаража з машынамі і мэблевую ф-ку, вывелі са строю будынкі цэнтр. блакіроўкі чыг. стрэлак, электратакарнай майстэрні і перасыльнага пункта. У студз. 1944 па заданні партызанаў яны выкралі і даставілі ў штаб Першамайскай партыз. брыгады нам. бургамістра Баранавіч. Патрыёты распаўсюджвалі сярод насельніцтва сав. газеты, лістоўкі, збіралі для партызанаў зброю і боепрыпасы. У лютым 1944 арыштаваны 12 падпольшчыкаў, 9 з якіх 11 сак. на рыначнай плошчы пакараны смерцю. У Баранавічах на брацкай магіле падпольшчыкаў пастаўлены абеліск, на месцы пакарання смерцю ўстаноўлена мемар. Дошка.

т. 2, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,

культурна-асветнае таварыства бел. нац. меншасці ў Латвіі ў 1921—25. Створана ў Дзвінску (цяпер. г. Даўгаўпілс) групай інтэлігенцыі на чале з настаўнікам Я.​В.​Харлапам. Членамі кіраўніцтва т-ва ў розны час былі М.​Гарэцкі, І.​С.​Дварчанін, К.​Езавітаў, У.​Жылка, І.​І.​Краскоўскі, П.​В.​Мядзёлка, У.​В.​Пігулеўскі, С.​П.​Сахараў, А.​П.​Якубецкі і інш. Дзейнасці т-ва спрыялі прадстаўнікі лат. інтэлігенцыі Б.​Р.​Брэжга, Я.​Райніс. Пры падтрымцы Райніса пры Мін-ве асветы Латвіі ў 1921 створаны Бел. аддзел для кіраўніцтва навуч. ўстановамі (кіраўнік Сахараў), у Дзвінскім і Люцынскім пав. адкрыта каля 60 бел. школ, заснаваны Люцынская і Дзвінская бел. гімназіі, настаўніцкія курсы, с.-г. школа. Паводле сфабрыкаваных паліцыяй Латвіі матэрыялаў супраць членаў «Бацькаўшчыны» былі арыштаваны Езавітаў, Мядзёлка, Пігулеўскі, Краскоўскі, Якубецкі і інш. У крас. 1925 суд апраўдаў усіх абвінавачаных, але дзейнасць т-ва паступова спынілася.

С.​С.​Панізнік.

т. 2, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЕ́НЯ Аляксандр Дзмітрыевіч (5.3.1895, в. Кашніцы Гродзенскага пав. — 27.8.1937),

бел. археолаг. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1915), БДУ (1929). З 1932 навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі АН Беларусі. Даследаваў стаянкі палеаліту (Бердыж, Юравічы), гарадзішчы жал. веку (у т. л. Банцараўшчыну), помнікі розных эпох Тураўшчыны. У 1927 вёў раскопкі на гарадзішчы ў Тураве, выявіў першыя матэрыялы, характэрныя для стараж. горада. Вывучаў культуру плямён, якія жылі ў бас. Дняпра, на левых прытоках Прыпяці і Зах. Дзвіны. Збіраў матэрыялы для археал. карты Беларусі. У 1937 беспадстаўна арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1958.

Тв.:

Археалагічныя разведкі ў Магілёўскай, Бабруйскай і Мінскай акругах // Зап. аддз. гуманіт. навук БАН. Мн., 1930 Кн. 11. Пр. археал. камісіі, т. 2;

Матэрыялы з дагісторыі Тураўшчыны (разам з С.​С.​Шутавым) // Там жа;

Археалагічныя росшукі ў вярхоўях рэк Друці, Усяж-Бук і Лукомкі // Пр. секцыі археалогіі БАН. Мн., 1932. Т. 3.

А.​Дз.​Каваленя.

т. 7, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЕ́ЎСКІ Восіп Міхайлавіч (9.1.1801, г.п. Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл. — 21.10.1878),

гісторык, адзін з заснавальнікаў манголазнаўства ў Расіі. Акад. Пецярбургскай АН (1847), праф. (1834). Скончыў Свіслацкую гімназію (1817), Віленскі ун-т (1821). З 1821 выкладаў у Віленскай гімназіі. У 1825 арыштаваны за ўдзел у тайных т-вах, высланы ў Казань, дзе ва ун-це вывучаў усх. мовы. У 1829—30 наведаў Манголію і Кітай. З 1833 выкладаў у Казанскім ун-це, заг. першай у Еўропе кафедры манг. мовы. У 1855—60 рэктар Казанскага ун-та. З 1862 у Варшаве, выкладаў усеаг. гісторыю ў Гал. школе (з 1869 ўн-т). Аўтар прац «Кароткая граматыка мангольскай кніжнай мовы» (1835), «Мангольская хрэстаматыя» (т. 1—2, 1836—37), «Мангольска-руска-французскі слоўнік» (т. 1—3, 1844—49, Дзямідаўская прэмія Пецярбургскай АН) і інш.

Літ.:

Міхнюк У.М., Шалькевіч В.Ф. Усходазнаўца Восіп Кавалеўскі // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1985. № 5.

У.​М.​Міхнюк.

т. 7, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКУ́РЫН Мікалай Яўгенавіч (16.9.1883, г. Арол, Расія — 29.7.1936),

савецкі ваен. дзеяч, ваен. гісторык. Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1904) і Акадэмію Генштаба (1910). Удзельнік 1-й сусв. вайны. Са снеж. 1918 ва ўзбр. фарміраваннях (галіцыйская армія) Зах.-Укр. нар. рэспублікі. З лют. 1920 у Чырв. Арміі. Удзельнік сав.-польск. вайны 1920 (у т. л. на пасадзе пам. камандуючага Зах. фронтам), задушэння Антонава паўстання (1921), баёў з басмацтвам (1922). У 1921—22 старшы кіраўнік па тактыцы ў Ваен. акадэміі РСЧА, з 1923 нач. аддзела па гісторыі грамадз. вайны пры Штабе РСЧА. Аўтар прац па пытаннях вайск. тактыкі, гісторыі грамадз. і сав.-польск. войнаў, у т. л. «Як змагалася рэвалюцыя» (т. 1—2, 1925—26, 2-е выд., 1990; ёсць нямала звестак пра падзеі 1917—20 на Беларусі). У чэрв. 1930 арыштаваны, 19.2.1932 па непраўдзівым абвінавачанні прыгавораны да 10 гадоў зняволення, дзе і памёр. Рэабілітаваны ў 1957.

т. 7, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДРА́ЦЬЕЎ Мікалай Дзмітрыевіч (16.3.1892, в. Галуеўская Кастрамской губ., Расія — 17.9.1938),

расійскі вучоны-эканаміст. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1915). У 1917 таварыш міністра харчавання ў Часовым урадзе, пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 праф. Маскоўскай с.-г. акадэміі імя Ціміразева, дырэктар Кан’юнктурнага ін-та пры Наркамфіне. Прыхільнік т.зв. таварнай мадэлі сацыялізму. Выступаў супраць планаў фарсіраванай індустрыялізацыі, лічыў, што эканам. развіццё краіны вызначаецца магчымасцямі сельскай гаспадаркі. У 1920-я г. распрацаваў канцэпцыю вял. цыклаў кан’юнктуры. якая ўвайшла ў сусв. л-ру пад назвай «цыклы (хвалі) Кандрацьева». У 19.30 арыштаваны як кіраўнік сфабрыкаванай АДПУ «працоўнай сялянскай партыі», у 1932 прыгавораны да 8 гадоў зняволення. Расстраляны.

Тв.:

Основные проблемы экономической статики и динамики: Предварительный эскиз. М., 1991;

Избр. соч. М., 1993;

Особое мнение: Избр. произв. Кн. 1—2. М., 1993.

Літ.:

Ефимкин А.П. Дважды реабилитированные: Н.​Д.​Кондратьев. Л.​Н.​Юровский. М., 1991.

М.Кандрацьеў. Памяць. 1985.

т. 7, с. 579

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНІЛО́ВІЧ Аляксандр Восіпавіч (1.7.1800, Магілёў — 11.9.1834),

дзекабрыст, ваенны гісторык, літаратар. Брат М.В.Без-Карніловіча. Скончыў Маскоўскае вучылішча для калонаважатых (1815). З 1816 у распараджэнні ваен. гісторыка Дз.​П.​Бутурліна, працаваў у архівах Калегіі замежных спраў. Аўтар каля 35 прац па гісторыі 17—18 ст., геаграфіі, статыстыцы і інш. З 1820 друкаваўся ў час. «Сын Отечества», «Северный архив», «Отечественные записки» і інш. У маі 1825 уступіў у Паўд. т-ва дзекабрыстаў. 13 12.1825 папярэдзіў штаб паўстання аб пераносе тэрміну прысягі Сената і Дзярж. рады. Арыштаваны ў ноч на 15 снеж., прыгавораны да 12 гадоў катаргі (пазней тэрмін скарочаны да 8 гадоў). У вер. 1827 — студз. 1828 знаходзіўся ў Чыцінскім астрозе. Беспадстаўна абвінавачаны ў шпіянажы, дастаўлены ў Пецярбург і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. У зняволенні напісаў аповесць «Андрэй Безыменны», перакладаў Тацыта і Ціта Лівія. У 1832 К. адпраўлены радавым у дзеючую армію на Каўказ, дзе і памёр.

В.​В.​Швед.

т. 8, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)