КАРНІЛО́ВІЧ (Аляксандр Восіпавіч) (1.7.1800, Магілёў — 11.9.1834),
дзекабрыст, ваенны гісторык, літаратар. Брат М.В.Без-Карніловіча. Скончыў Маскоўскае вучылішча для калонаважатых (1815). З 1816 у распараджэнні ваен. гісторыка Дз.П.Бутурліна, працаваў у архівах Калегіі замежных спраў. Аўтар каля 35 прац па гісторыі 17—18 ст., геаграфіі, статыстыцы і інш. З 1820 друкаваўся ў час. «Сын Отечества», «Северный архив», «Отечественные записки» і інш. У маі 1825 уступіў у Паўд. т-ва дзекабрыстаў. 13 12.1825 папярэдзіў штаб паўстання аб пераносе тэрміну прысягі Сената і Дзярж рады. Арыштаваны ў ноч на 15 снеж., прыгавораны да 12 гадоў катаргі (пазней тэрмін скарочаны да 8 гадоў). У вер. 1827 — студз. 1828 знаходзіўся ў Чыцінскім астрозе. Беспадстаўна абвінавачаны ў шпіянажы, дастаўлены ў Пецярбург і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. У зняволенні напісаў аповесць «Андрэй Безыменны», перакладаў Тацыта і Ціта Лівія. У 1832 К. адпраўлены радавым у дзеючую армію на Каўказ, дзе і памёр.
В.В.Швед.
т. 8, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)