дзейнасць па вызначэнні аптымальных мадэлей сац. сістэм, іх асн. якасцей, крытэрыяў, параметраў, а таксама спосабу дзеяння, адносін, працэсаў і інш. Аб’екты М.с. — сац. супольнасці, працэсы, з’явы, грамадскія сувязі, якія падлягаюць уздзеянню суб’ектаў мадэліравання (элементы і сістэмы матэрыяльнай і духоўнай вытв-сці, сац. структуры грамадства, эканам., паліт. і інш. адносіны). Ажыццяўляецца М.с. нетрадыцыйных сац.аб’ектаў — т.зв. «адкрытых сістэм» (ладу жыцця, сістэм адукацыі, аховы здароўя і інш.). Адпаведна спосабу ўзнаўлення рэчаіснасці і сродкам пабудовы сац. мадэлі адрозніваюць іх асн. класы: матэрыяльныя (заснаваны на ўдзеле ў іх людзей), ідэальныя («машынныя мадэлі»), змешаныя («чалавека-машынныя мадэлі»). Вылучаюць таксама тэарэт. і эмпірычныя, ігравыя і неігравыя, аналітычныя і машынныя, рэгрэсійныя, прычынныя і імітацыйныя, алгарытмічныя і аптымізацыйныя, з кіраваннем і без кіравання і інш.сац. мадэлі. М.с. ажыццяўляецца тэхн., матэм. і лагічнымі сродкамі, пры дапамозе якіх атрымліваюць, аналізуюць і перапрацоўваюць інфармацыю аб стане сац. супольнасцей, працэсаў і з’яў, тэндэнцыях іх развіцця або непасрэдна распрацоўваюць сац. мадэлі. На Беларусі назапашаны пэўны вопыт М.с. працэсаў прац. актыўнасці, узнаўлення і размеркавання прац. рэсурсаў, паводзін вял. і малых сац. груп і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРО́ННАЯ СЕ́ТКА,
сукупнасць штучных нейронных элементаў і сувязей паміж імі. Структура Н.с. запазычана ў біял.аб’ектаў, мае здольнасць да навучання і дазваляе мадэліраваць разумовыя працэсы жывой матэрыі. З Н.с. звязваюць перспектывы развіцця выліч. тэхнікі, сістэм кіравання і інш.
Складаецца з штучных нейронных элементаў (гл.Нейрон), якія злучаны сінаптычнымі сувязямі і выконваюць аперацыю нелінейнага пераўтварэння сумы здабыткаў уваходных сігналаў на іх вагавыя каэфіцыенты. Самаарганізацыя і прыстасавальнасць Н.с. дасягаецца ў працэсе яе навучання, у выніку чаго ўдакладняюцца сінаптычныя сувязі паміж яе элементамі. Правілы навучання вызначаюць залежнасці вагавых каэфіцыентаў ад уваходных уздзеянняў. Асаблівасць Н.с. — здольнасць карэктна функцыянаваць пры паступленні даных, якія не ўваходзілі ў навуч. выбарку (здольнасць да абагульнення).
На Беларусі даследаванні па праблемах Н.с. вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Брэсцкім політэхн. ін-це і інш. Для каардынацыі работы ў гэтай галіне створана бел. аддзяленне Міжнар.т-ва Н.с. (г. Брэст).
Літ.:
Головко В.А. Нейроинтеллект теория и применение. Кн. 1—2. Брест, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМЫ ПРА́ЦЫ,
устаноўленыя заданні на выкананне ў пэўных умовах (арганізацыйна-тэхнічных, прыродна-кліматычных) асобных работ, вытв. аперацый ці функцый адным або групай (брыгадай) працоўных, што маюць адпаведную прафесію, спецыяльнасць, кваліфікацыю; меры затрат працы. Зыходная база для арганізацыі працы на прадпрыемствах, аснова для разліку многіх паказчыкаў (велічыні вытворчага цыкла, вытворчай магутнасці, матэрыяльнага стымулявання і інш.), заснаваных на вымярэнні колькасці працы, працоўных па іх катэгорыях, фонду заработнай платы. Пры дапамозе Н.п. знаходзяць больш эфектыўныя варыянты тэхнал. працэсаў і рацыянальныя прыёмы выканання работ. Н.п. класіфікуюцца: адпаведна прынятай адзінкі вымярэння—нормы часу (затраты прац. часу на выкананне адзінкі працы, прадукцыі), нормы выпрацоўкі (аб’ём работ ці колькасць адзінак прадукцыі, выкананыя за адзінку часу; велічыня адваротна прапарцыянальная норме часу), нормы абслугоўвання (колькасць вытв.аб’ектаў, адзінак абсталявання, прац. месцаў, якія павінен абслужыць адзін або група працаўнікоў) і нормы колькасці (вызначаная колькасць працаўнікоў пэўнага прафес. складу, неабходная для выканання канкрэтных вытв. функцый або аб’ёму работ у дадзеных умовах). Паводле ступені дыферэнцыяцыі Н.п. бываюць аперацыйныя, узбуйненыя і комплексныя; паводле метадаў абгрунтавання — тэхнічна абгрунтаваныя, доследна-статыстычныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́ДАКу матэматыцы,
лікавая характарыстыка матэм.аб’ектаў.
П. алгебраічнай крывой — найб. ступень членаў мнагаскладу, які апісвае дадзеную крывую. Напр., эліпс x2/a2 + y2/b2 = 1 — крывая 2-га парадку. П. бясконца малой велічыніa адносна бясконца малой велічыні b — лік n, пры якім існуе канечны ліміт Lim(a/bn), адрозны ад 0. Аналагічна вызначаецца П. бясконца вялікіх велічынь. П. вытворнай — лік дыферэнцаванняў функцыі для атрымання зададзенай вытворнай (гл.Дыферэнцыяльнае злічэнне). Аналагічна вызначаецца П. дыферэнцыяла. П. дыферэнцыяльнага ўраўнення — найвышэйшы П. вытворнай, якая ўваходзіць у дадзенае ўраўненне. П. набліжэння — П. хібнасці набліжэння пераменнай велічыні адносна інш. пераменнай, паводзіны якой лічацца вядомымі.
Калі пры вылічэннях (даследаваннях) у матэм. выразах адкідваюцца ўсе ступені якой-н. велічыні, пачынаючы з n + 1, то г. зн., што вылічэнні (даследаванні) вядуцца з дакладнасцю да велічынь n-га П. Напр., пры даследаваннях ваганняў струны адкідваюць велічыні, якія маюць 2 і больш высокія ступені выгіну (лінеарызацыя задачы). Пры запісе вынікаў вымярэння фіз. велічынь лічаць, што велічыня мае П. 10n, калі яе значэнне змяшчаецца ў межах ад 0,5∙10n да 5∙10n.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЙМА́ННЕў псіхалогіі,
узнаўленне індывідамі і сац. групамі паводзін інш. індывідаў і груп. Арыстоцель прыпісваў П. важную ролю ў фарміраванні чалавека. У біялагізатарска-інстынктывісцкіх канцэпцыях (У.Мак-Дугал і інш.) падкрэсліваецца прыроджаны характар П. У рамках асацыятыўнай псіхалогіі (гл.Асацыянізм) П. разглядаецца як асаблівы від уздзеяння, пры якім рэакцыя аб’екта П. становіцца ўмоўным стымулам для ўласнай рэакцыі суб’екта П. на стымул. У біхевіярызме П. тлумачыцца з пазіцый тэорыі навучання і разглядаецца як вынік падмацавання адпаведных паводзін з дапамогай прамых і ўскосных відаў заахвочвання і пакарання. Спалучэнне асацыянісцкіх і біхевіярысцкіх уплываў у даследаваннях П., заснаваных на канцэпцыях «замяшчальнага навучання» (А.Бандура і інш.). Пры сац.-псіхал. вывучэнні П. даследуецца гал. чынам узаемадзеянне сац.-тыповых суб’ектаў і аб’ектаў П.; яно разглядаецца, з аднаго боку, як вынік сац. ўздзеяння (напр., уплыў рэферэнтных груп, канфармізм), з другога — як разнавіднасць і сродак сац. ўздзеяння, як адзін са шляхоў далучэння індывіда да сац. і культурнага вопыту. Узор, годны П., з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў выхавання. П. сустракаецца на розных узроставых этапах індывід. развіцця чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГНО́З (ад грэч. prognosis прадбачанне, прадказанне),
навук.-абгрунтаванае суджэнне пра магчымы будучы стан якіх-н. аб’ектаў або з’яў, пра альтэрнатыўныя шляхі і тэрміны іх дасягнення. Распрацоўваецца на аснове ўсебаковага і глыбокага навук. пазнання і аналізу аб’ектыўных заканамернасцей, тэндэнцый і ўзаемасувязей развіцця грамадства і прыроды, канкрэтных умоў развіцця дадзенага аб’екта прагназіравання. П. уключае вядомыя і невядомыя звесткі пра аб’ект, уяўляе сабой ідэальны вобраз, мадэль, апісанне імавернасных падзей, працэсаў, з’яў. Паводле крытэрыю часу П. падзяляюць на бягучыя (ад некалькіх гадзін да некалькіх месяцаў), кароткатэрміновыя (да 5 гадоў), сярэднетэрміновыя (5—10 гадоў), доўгатэрміновыя (ад 10—15 да 20—30 гадоў) і звышдоўгатэрміновыя. Паводле сваёй прыроды П. падзяляюцца на гідраметэаралагічныя, геал., біял., медыка-біял., касмалагічныя, геагр. і інш. Другую групу складаюць П., якія адносяцца да развіцця грамадства (эканам., сац., псіхал., дэмаграфічныя, культ.-эстэт. і інш.). Адрозніваюць таксама П. даследчыя (пошукавыя) і нарматыўныя.
Літ.:
Лисичкин В.А. Теория и практика прогностики. М., 1972;
Мартино Дж. Технологическое прогнозирование: Пер. с англ.М., 1977;
Котляров И.В. Теоретические основы социального проектирования. Мн., 1989;
Теория прогнозирования и принятия решений. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА АЎТАМАТЫЗАВА́НАГА ПРАЕКТАВА́ННЯ (САПР),
комплекс апаратна-праграмных сродкаў для аўтаматызацыі праектавання машын, абсталявання, збудаванняў і інш. З дапамогай САПР ажыццяўляецца распрацоўка праектных рашэнняў на ўсіх стадыях цыкла існавання аб’екта: ад разліку характарыстык запраектаванага вырабу да падрыхтоўкі тэхн. дакументацыі і аналізу вынікаў выпрабаванняў. САПР дазваляе павялічыць якасць канструктарскай дакументацыі і скараціць тэрміны праектавання. Класіфікацыя САПР залежыць ад тыпу вытв-сці і віду праектных аб’ектаў.
САПР уключае забеспячэнні: тэхн. сродкі (ЭВМ, камп’ютэрныя сеткі. графапабудавальнікі, сродкі кадзіравання графічнай інфармацыі і інш.), матэм. (тэорыі праектавання вырабаў, матэм. мадэлі, алгарытмічныя мовы, тэрміналогію, метады і алгарытмы сінтэзу, аптымізацыі і рашэння праектных задач і інш.), праграмнае (аперацыйныя сістэмы, транслятары з алгарытмічных моў, пакеты прыкладных праграм), інфармацыйнае (базы даных і сродкі кіравання імі) і інш.
На Беларусі навук. даследаванні і распрацоўкі ў галіне САПР вядуцца ў Ін-тах тэхн. кібернетыкі і механікі машын Нац.АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БПА і інш.
Літ.:
Автоматизация проектирования технологических процессов и средств оснащения. Мн., 1997;
Норенков И.П. Основы автоматизированного проектирования. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРПЕ́ДА (ад лац. torpedo электрычны скат),
самарухальны, сама- або тэлекіравальны падводны снарад цыгарападобнай формы, які нясе звычайны або ядз. баявы зарад. Прызначаны для паражэння падводных лодак і суднаў, надводных караблёў, разбурэння прычалаў, докаў і інш.аб’ектаў. Знаходзяцца на ўзбраенні падводных лодак, крэйсераў, процілодачных караблёў, эсмінцаў, тарпедных катэраў, процілодачных самалётаў і верталётаў. Калібр Т. да 550 мм, даўж. да 6,5 м і больш.
Адрозніваюцца па прызначэнні (процілодачныя, процікарабельныя і двухмэтавыя), носьбітах (карабельныя, авіяцыйныя), энергасілавых устаноўках (цеплавыя, электрычныя), сістэмах кіравання (акустычныя, або саманаводныя, тэлекіравальныя па правадах, манеўравальныя па праграмах). Карабельныя Т. запускаюцца з тарпедных апаратаў. Авіяц. Т. маюць меншую масу і габарыты, часам стабілізуючае прыстасаванне або парашут; акустычныя — актыўную, пасіўную або камбінаваную сістэму саманавядзення; цеплавыя — поршневы, турбінны або рэактыўны рухавік; электрычныя — крыніцу эл. энергіі, электрарухавік з пераўтваральнікам. Першыя Т. пабудаваны ў Вялікабрытаніі ў 1866, з 1870-х г. паступілі на ўзбраенне флатоў многіх краін. У 1927 створана першая сав. Т. У 1930-х г. з’явілася тарпеданосная авіяцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕАЛО́ГІЯ [ад грэч. telos (teleos) вынік, заканчэнне + ...логія],
вучэнне пра мэтазгоднасць як характарыстыку аб’ектаў, працэсаў і быцця ўвогуле. Асновы тэлеалагічнага падыходу закладзены ў стараж.-грэч. філасофіі, тэрмін «Т.» ўведзены ў навуку ў 1740 ням. філосафам К.Вольфам. У адрозненне ад дэтэрмінізму Т. пастуліруе асаблівы тып прычыннасці — мэтавы, згодна з якім мэта і канчатковы вынік уздзейнічаюць на ход кожнага працэсу. Адрозніваюць Т.: антрапацэнтрычную, згодна з якой свет створаны дзеля мэт чалавека (Вольф і інш.); трансцэндэнтную, якая прызнае існаванне звышнатуральнага пачатку, што вызначае канчатковую мэту сусветнага працэсу (Платон, неатамізм і інш.); іманентную, якая зыходзіць з таго, што мэта закладзена ў саміх рэчах (Арыстоцель, Г.В.Лейбніц, Ф.В.І.Шэлінг, Г.В.Ф.Гегель і інш._). Як гнасеалагічны падыход Т. разглядаў І.Кант, які лічыў Т. «эўрыстычным прынцыпам», што мае значэнне для спосабу пазнання навакольнага асяроддзя, але не з’яўляецца анталагічнай характарыстыкай быцця. Анталагічная Т. развівалася ў філасофіі А.Шапенгаўэра, Э Гартмана, П.Тэяра дэ Шардэна і інш. Т. набыла пэўнае пашырэнне ў фізіялогіі (віталізм, халізм), псіхалогіі («фізіялогія актыўнасці», біхевіярызм), сацыялогіі (структурна функцыянальны аналіз), кібернетыцы (неафіналізм, інфарм., віталізм) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́ТАМЕЛЬ,
група археал. помнікаў раннеславянскага часу (7—10 ст.) — гарадзішча, селішча, бескурганны могільнік — каля в. Хотамель Столінскага р-на Брэсцкай вобл.Гарадзішча авальнай формы, умацавана валамі і ровам (захаваліся з зах. і ўсх. бакоў). Даследавалі Р.Якімовіч (1937), Б.В.Міралюбаў (1953), Ю.У.Кухарэнка (1954—57), І.П.Русанава (1964). Выяўлены рэшткі агнішчаў і слупавых ям, знойдзены ляпная і ганчарная кераміка, металічныя наканечнікі стрэл і дзідаў, сярэбраныя скроневыя кольцы і фрагмент бранзалета з пашыранымі канцамі, жал. спражка, пласціны даспехаў і інш. Гарадзішча не было заселена, з’яўлялася сховішчам, пазней — грамадскім цэнтрам, месцам сходаў. На селішчы (знаходзіцца на У і З ад гарадзішча, пл. 5—6 га) выяўлены рэшткі прамавугольных паўзямлянкавых жытлаў, знойдзены ляпная кераміка, ганчарны посуд, жал. нажы, сярпы, долаты, тачыльныя брускі, гліняныя і шыферныя прасліцы, рыбалоўныя восці. Бескурганны могільнік з пахавальным абрадам трупаспалення. Х. — адзін з першых раннеслав. помнікаў 2-й пал. 1-га тыс.н.э., даследаваных на Пд Беларусі і ПнЗ Украіны. Выкарыстоўваецца як эталон для датавання інш.археал.аб’ектаў.