МА́НТЫЯ (ад сярэднягрэч. mantion пакрывала, плашч),
доўгая шырокая адзежына ў выглядзе плашча, якая надзяваецца на інш. вопратку; парадная вопратка цароў, папы рымскага, вышэйшых служыцеляў правасл. царквы. У некаторых краінах М. надзяваюць суддзі і адвакаты, ва ўрачыстых выпадках — члены навук. т-ваў і акадэмій.
т. 10, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНУСКРЫ́ПТ (позналац. manuscriptum ад лац. manus рука + scribo пішу),
назва старажытнага рукапісу на папірусе, пергаменце, пазней — паперы ў выглядзе асобных лістоў, скрутка або кодэкса без уліку яго памеру і формы. У многіх еўрап. мовах М. — сінонім тэрміна «рукапіс», у т. л. машынапісны.
т. 10, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САВЫ ЛІК,
колькасць нуклонаў (пратонаў і нейтронаў) у атамным ядры. Абазначаецца A і звычайна паказваецца індэксам уверсе злева ад сімвала хім. элемента, напр., запіс 32S адпавядае ізатопу серы з A = 32 (ізатопы аднаго хім. элемента маюць розны М.л.). Гл. таксама Атам, Ядро атамнае.
т. 10, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РА (лац. Mira літар. дзіўная),
Омікрон Кіта, пераменная зорка экватарыяльнага сузор’я Кіта; першая зорка, у якой выяўлена пераменнасць бляску (1596). Граніцы змены бляску ад 10,1 да 2 зорнай велічыні, перыяд каля 331,5 сут. Звышгігант, у папярочніку ў 400 разоў большы за Сонца.
т. 10, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОРГ (ад ням. Morgen раніца),
даўняя мера (адзінка) зямельнай плошчы. У сярэдневяковай Германіі М. — плошча зямлі, якую мог апрацаваць адзін чалавек з ранку да поўдня. У ВКЛ, у т. л. на Беларусі, М. стаў пашыраным з сярэдзіны 16 ст. 1 М. = 0,71 га.
т. 10, с. 521
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБІЁНТЫ (ад неа... + біёнт),
заносныя віды раслін (адвентыўныя расліны, неафіты) і жывёл (неафілы). Адрозніваюць Н., занесеныя чалавекам (антрапабіёнты, напр., каларадскі жук, пацукі і інш.) і прыродным шляхам (прыродная інвазія): воднымі патокамі і цячэннямі, ветрам і інш. (напр., насенне раслін, плады і інш.).
т. 11, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕФЕЛО́МЕТР (ад грэч. nephelē мутнасць + ...метр),
аптычная прылада для вымярэння ступені мутнасці вадкасцей і газаў па інтэнсіўнасці рассеянага імі святла. Дзеянне Н. засн. на параўнанні светлавых патокаў, рассеяных выпрабаваным і эталоннымі ўзорамі. Бывае візуальны і фотаэлектрычны. Выкарыстоўваецца ў нефеламетрыі пры даследаванні дысперсных сістэм.
т. 11, с. 304
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЭЎКЛІ́ДАВЫ ГЕАМЕ́ТРЫІ,
геаметрычныя тэорыі, у якіх сістэма асн. палажэнняў (аксіём) адрозная ад прынятай у эўклідавай геаметрыі. Грунтуюцца на сістэмах аксіём, якія апісваюць суадносіны паміж асн. абстрактнымі геам. аб’ектамі (пунктамі, прамымі, плоскасцямі). У вузкім сэнсе пад Н.г. разумеюць Лабачэўскага геаметрыю і Рымана геаметрыю.
т. 11, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМЕ́ГЛЯ,
рака ў Старадарожскім р-не Мінскай вобл., правы прыток р. Пціч (бас. р. Прыпяць). Даўж. 20,2 км, пл. вадазбору 62 км². Пачынаецца за 1,3 км на ПнЗ ад в. Аляксандраўка, у ніжнім цячэнні называецца Руч. Вусце каля в. Лука. Рэчышча каналізаванае.
т. 11, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́КСНА,
рака ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток р. Вілія. Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 104 км². Пачынаецца каля в. Глінна, цячэ па Ашмянскім узвышшы, праз г. Смаргонь, упадае ў Вілію на ПнЗ ад в. Перавозы. Асн. прыток — р. Гервятка.
т. 11, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)