адносна працяглае павелічэнне воднасці ракі, якое паўтараецца штогод у адзін і той жа сезон і выклікае падняцце яе ўзроўню. Звычайна суправаджаецца выхадам вады з рэчышча і затапленнем поймы. Выклікаецца ўзмоцненым прытокам вады пры вясновым раставанні снегу на раўнінах, летнім раставанні снегу і ледавікоў у гарах, вял. дажджамі ў пэўны сезон года, напр., звязанымі з летнімі мусонамі ці зенітальнымі дажджамі (у трапічным поясе). На Беларусі Р. адбываецца вясной ад раставання снегу, звычайна пачынаецца на ПнЗ у пач.сак., на Пн у 3-й дэкадзе сакавіка. Канчаецца раней у бас.р. Нёман (канец крас. — пач. мая), найпазней у бас.р.Зах. Дзвіна і Прыпяць, дзе вельмі малыя нахілы і шырокія поймы (канец мая — пач. чэрвеня). Працягласць Р. (30—120 сут) залежыць ад запасаў снегу ў басейне, ступені прамярзання глебы, т-р паветра, інтэнсіўнасці раставання снегу, памераў ракі, забалочанасці, аблесенасці і азёрнасці вадазбору, формы рэчышча і своеасаблівасцей даліны. Узроўні вясновага Р. на Беларусі, як правіла, самыя высокія за год. Сярэдняе перавышэнне над самым нізкім летнім узроўнем дасягае на рэках Зах. Дзвіна 7—9 м, Дняпро 5—5,5 м, Нёман 2,5—4 м. На гэты перыяд прыпадае 36—77% гадавога сцёку рэк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМЕТРЫ́Яў геаметрыі,
уласцівасць геаметрычнай фігуры пры вызначаных пераўтварэннях (зменах свайго становішча) сумяшчацца з самой сабой так, што не ўсе яе пункты займаюць першапачатковае месца ў прасторы.
Віды С. на плоскасці: С. адносна прамой (восі С.) пры люстраным адбітку (кожнаму пункту фігуры адпавядае іншы пункт гэтай фігуры на перпендыкуляры да дадзенай прамой на той жа адлегласці ад яе), напр., круг сіметрычны адносна кожнай прамой, якая праходзіць праз яго цэнтр; С. адносна пункта (цэнтра С.), калі фігура супадае сама з сабой пры яе вярчэнні на 180°, напр., паралелаграм сіметрычны адносна пункта перасячэння дыяганалей; С. парадкуnадносна пункта (цэнтра С. парадку n), калі фігура супадае сама з сабой пры вярчэнні на 360°/n, n = 3, 4, 5, ..., напр., правільны n-вугольнік; С. бесканечнага парадку адносна пункта (цэнтра С. бесканечнага парадку), калі фігура супадае сама з сабой пры вярчэнні на адвольны вугал вакол цэнтра, напр., круг і ўся плоскасць. Паняцце С. абагульняецца на целы ў прасторы, а таксама на інш.матэм. паняцці (група, аператар і інш.) і адыгрывае значную ролю ў матэматыцы і яе дастасаваннях.
А.А.Гусак.
Сіметрыя ў геаметрыі. Плоскія фігуры, сіметрычныя адносіны прамой a (1) і пункта O (2).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЦЫЛІ́ЙСКІЯ ПАЎСТА́ННІ РАБО́Ў,
паўстанні рабоў на в-ве Сіцылія ў 2-й пал. 2 ст. да н.э. Пасля 2-й Пунічнай вайны Рым ператварыў Сіцылію ў сваю жытніцу. Узмацненне эксплуатацыі рабоў, што працавалі на латыфундыях, выклікалі хваляванні, якія перараслі ў паўстанні. 1-е паўстанне 136(138 ці 137) — 132 да н.э. ўзначаліў раб-сірыец Еўн. Паўстанцы захапілі г. Эна і абвясцілі Еўна царом пад імем Антыёха. Другую армію паўстанцаў узначальваў раб-кілікіец Клеон. Калі абедзве арміі аб’ядналіся, ён узначаліў 70-тыс. войска, якое захапіла гарады Таўраменій, Катану, Месану і інш. Былі створаны органы дзярж. кіравання: савет, нар. сход. У 132 да н.э. консул П.Рупілій задушыў паўстанне. Клеон загінуў у баі, Еўн памёр у турме. 2-е паўстанне (104—99 да н.э.) у паўд.-зах. частцы і ў цэнтры Сіцыліі ўзначаліў раб-італік Сальвій (абвешчаны царом пад імем Трыфона), а на захадзе в-ва — раб-кілікіец Афініён. Калі іх арміі аб’ядналіся, Афініён стаў стратэгам Трыфона, а калі той памёр — царом. Рым. армія пад кіраўніцтвам прэтараў Лукула, потым Гая Сервілія не здолела разбіць рабоў. У 101 да н.э. армія консула Манія Аквілія высадзілася ў Сіцыліі і ў 99 да н.э. задушыла паўстанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕФО́Н (ад тэле... + ...фон),
1) электраакустычная прылада для пераўтварэння эл. сігналаў у гукавыя. Бываюць эл.-магн., электрадынамічныя і п’езаэлектрычныя.
У найб. пашыраных эл.-магн. Т. ваганні мембраны ўзнаўляюць гук пад уздзеяннем эл.магн. поля, узбуджанага эл. токамі тэлеф. сігналаў. Т. з’яўляюцца састаўной часткай тэлефонных апаратаў, камутатараў, прылад для аўдыяметрыі, прыёмна-перадавальных радыёстанцый і інш.; галаўныя Т. (навушнікі) выкарыстоўваюцца для праслухоўвання праграм быт. гукаўзнаўляльнай апаратуры (напр., плеераў, радыёпрыёмнікаў, тэлевізараў).
2) Радыётэлефон — пераноснае прыёмна-перадавальнае прыстасаванне з далёкасцю дзеяння да 10 км, а таксама аўтамаб. і стацыянарнае прыстасаванне радыётэлефоннай сувязі з далёкасцю да 40—500 км (гл.Тэлефонная радыёсувязь). Хатні радыётэлефон мае аўтаномную тэлефонную трубку з мініяцюрным прыёмаперадатчыкам, які працуе на той жа хвалі, што і прыёмаперадатчык у корпусе тэлефоннага апарата, падключанага да тэлефоннай сеткі. Працуе на адлегласці да 1 км і больш.
3) Мабільны Т. — канцавая прылада сотавай радыёсувязі.
4) Пашыраная быт. назва тэлеф. апарата і нумара тэлеф. апарата абанента.
Тэлефон: а — прынцып дзеяння (1 — мікрафон, 2 — лінія сувязі; 3 — тэлефон); б — канструкцыя электрамагнітнага тэлефона (1 — накрыўка корпуса з адтулінамі; 2 — мембрана; 3 — абмоткі электрамагніта; 4 — пастаянны магніт); в — сучасны тэлефон-трубка (1 — дыяфрагма; 2 — шпуля; 3 — электрамагніт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЦКЕ́ВІЧ Сцяпан Фёдаравіч (1.8.1910, в. Парэчча Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 27.7.1979),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1963). Скончыў драм. студыю пры Наркамаце асветы БССР (1933). З 1933 працаваў у БДТ-2, з 1937 — у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Вострахарактарны акцёр, майстар эпізоду. Яго творчасці ўласцівы выразная пластыка, багацце інтанацый, яркія сац.-псіхал. характарыстыкі персанажаў. Сярод роляў: Лявон Зяблік («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Грыбок («Людзі на балоце» паводле І.Мележа), Торгала, Нічыпар («Брама неўміручасці», «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), Аднавокі («Салавей» З.Бядулі), Семяніхін, Крушына («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), Буйкевіч, Крандзялёў («Лявоніха на арбіце», «Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Харытон («Адкуль грэх?» А.Петрашкевіча), Клешч, Шохін («На дне», «Зыкавы» М.Горкага), Чапурын, Грамілаў, Галутвін («Запрацаваны хлеб», «Таленты і паклоннікі», «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага), Сарпіён Цёткін («У мяцеліцу» Л.Лявонава), Васін («Рускія людзі» К.Сіманава, Капылоў («Традыцыйны збор» В.Розава), Ферчайлд («Што той салдат, што гэты» Б.Брэхта), Слуга («Забыты ўсімі» Назыма Хікмета) і інш. Здымаўся ў бел. кіна- і тэлефільмах («Міколка-паравоз», «Руіны страляюць...», «Чалавек не здаецца», «Тартак», «Хвалі Чорнага мора» і інш.).
Літ.:
Гарэцкая М. Сцяпан Хацкевіч // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНЕ́ЙСКІ Анатоль Іосіфавіч (н. 6.3.1968, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),
бел. спартсмен (веславанне на каноэ). Засл. майстар спорту Беларусі (1999). Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1991). У 1993—99 спартсмен-інструктар Спорткамітэта Узбр. Сіл Беларусі. З 1999 на службе ў падраздзяленнях МУС. Чэмпіён свету (1997, г. Галіфакс, Канада) на каноэ-чацвёрцы на дыст. 200 м; сярэбраны прызёр (1998, г. Сегед, Венгрыя) на той жа дыстанцыі. Уладальнік Кубка свету (1997, г. Познань, Польшча — на каноэ-чацвёрцы і 1998 там жа — на каноэ-двойцы) на дыст. 200 м. Сярэбраны прызёр Кубка свету (1995, г. Познань — на каноэ-чацвёрцы на дыст. 1000 м; 1997, г. Сегед — на каноэ-чацвёрцы на дыст. 200 м; 1999, г. Мехелен, Бельгія — на каноэ-двойцы на дыст. 200 м); бронз. прызёр (1998, г. Дуйсбург, Германія) на каноэ-двойцы на дыст. 200 м. Чэмпіён СССР (1988, г. Растоў-на-Доне, Расія; 1989; г. Саратаў, Расія; 1991, г. Архей, Малдова) на каноэ-адзіночцы ў эстафеце 4 × 500 м; сярэбраны прызёр (1990, Масква) на каноэ-чацвёрцы на дыст. 500 і 1000 м. 46-разовы чэмпіён Беларусі (1987—2001).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАСАЦЫЯГЕНЕ́З,
інтэгральнае паняцце, выпрацаванае тэарэтычным навук. мысленнем для цэласнага разумення чалавека ў яго гіст. і індывід, развіцці. Дае магчымасць: пазбегнуць аднабаковых тлумачэнняў паходжання чалавека (з пазіцый антрапа- і сацыягенезу, біялагізатарства, расізму, нацыяналізму); разглядаць пачатак чалавечай гісторыі ў дынаміцы эвалюцыйна-біял. перадумоў і матэрыяльна-дзейнасных фактараў гамінізацыі; зразумець прыроду як «неарганічнае цела» чалавека, што фарміруецца ў гіст. працэсе грамадства.
Выкарыстанне прынцыпу гістарызму да антрапалагічных праблем дае магчымасць раскрыць сац. сутнасць матэрыяльнага (фізічнага, біялагічнага) цела чалавека на ўзроўні яго філа- і антагенезу. Вял. мозг, рукі, здольнасць прама хадзіць, мысліць, гаварыць і інш. ўласцівыя чалавеку рысы — усё гэта жывая матэрыя, прырода. У той жа час гэта прырода чалавека фарміруецца самім соцыумам у працэсе яго гіст. развіцця. Дзіця пры нараджэнні атрымлівае ў спадчыну матэрыяльныя формы і задаткі чалавека, але самі па сабе яны яшчэ не робяць яго чалавекам. Ці стане мысліць і гаварыць дзіця, аб чым яно будзе мысліць і на якой мове размаўляць — усё залежыць ад сац. умоў жыцця. Антрапасацыягенез мае на мэце і даследаванне перспектыў змены матэрыяльных формаў і патэнцый чалавека ў працэсе натуральна-гіст. развіцця соцыуму, яго дэфармацыі і дэградацыі.
Літ.:
Ефимов Ю.И. Философские проблемы теории антропосоциогенеза. Л., 1981;
Проблемы современной антропологии. Мн., 1983;
Поршнев Б.Ф. О начале человеческой истории. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРА́ТАРЫў квантавай механіцы, матэматычныя аперацыі, якія выконваюцца над хвалевай функцыяй, што апісвае стан сістэмы. Служаць для супастаўлення з зададзенай хвалевай функцыяй (вектарам стану) ψ інш. функцыі
, дзе — аператар, якому адпавядае фіз. велічыня L. Напр., аператар множання , дзе — аператар каардынаты; дыферэнцавання
, дзе — аператар праекцыі імпульсу на вось х. Над аператарам можна выконваць алг. дзеянні, напр., здабытак азначае, што , калі і . Яўны выгляд аператара вызначаецца ўласцівасцямі пераўтварэнняў той сіметрыі, з якой звязана матэм. фармулёўка адпаведнага закону захавання (гл.Нётэр тэарэма). Уласцівасці аператара вызначаюцца ўраўненнем ; яго рашэнні ψn (уласныя функцыі) апісваюць квантавыя станы, у якіх фіз. велічыня L прымае значэнні Ln(уласныя значэнні аператара). Набор такіх значэнняў (спектр) выяўляе ўсе значэнні фіз. велічыні L, якія можна вызначыць эксперыментальна, бывае неперарыўным (напр., аператар каардынат, імпульсу), дыскрэтным (аператар праекцыі моманту імпульсу на каардынатную вось) і змешаным (аператар энергіі ў залежнасці ад характару сіл, што дзейнічаюць у сістэме; дыскрэтныя ўласныя значэнні аператара наз. ўзроўнямі энергіі). У квантавай механіцы карыстаюцца пераважна лінейнымі аператарамі і эрмітавымі аператарамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬНАЯ БАРАЦЬБА́,
від спарт. барацьбы, у якім шырока выкарыстоўваюцца тэхн. і сілавыя прыёмы — захопы (у т. л. ніжэй пояса), падсечкі, падбівы, перавароты і інш. У схватцы (3 перыяды па 3 мін) перамагае той, хто пакладзе саперніка на лапаткі ці набярэ больш ачкоў за тэхн. прыёмы і актыўнасць.
Узнікла ў Вялікабрытаніі ў канцы 19 ст. З 1904 (за выключэннем 1912) у праграме Алімпійскіх гульняў, з 1928 праводзяцца чэмпіянаты Еўропы, з 1951 — свету. З 1912 дзейнічае Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (ФІЛА).
На Беларусі падобнае на вольную барацьбу адзінаборства вядомае здаўна як барацьба «да крыжа». Як від спорту вольная барацьба развіваецца з 1948. Праводзяцца чэмпіянаты ў розных узроставых катэгорыях, традыц.міжнар. турнір па вольнай барацьбе на прызы А.Мядзведзя (аднесены ФІЛА да спаборніцтваў вышэйшай катэгорыі), матчавыя сустрэчы бел. барцоў з камандамі інш. краін. Сярод бел. майстроў вольнай барацьбы найб. поспехаў дамагліся трохразовы алімпійскі чэмпіён, неаднаразовы чэмпіён свету і Еўропы Мядзведзь, а таксама В.Сюльжын (чэмпіён свету 1973, Еўропы 1972—73, уладальнік Кубка Еўропы 1974—75), Л.Кітоў (чэмпіён Еўропы 1970), В.Яўпоеў В.Яўлоеў (чэмпіён Еўропы 1984), А.Сабееў (чэмпіён Еўропы 1989—90), С.Смаль (чэмпіён свету 1991, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 1992), В.Аруджаў (чэмпіён свету 1991, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІВУ́Д, Халівуд (Hollywood),
прыгарад г.Лос-Анджэлес, на ПдЗ ЗША, штат Каліфорнія. Знаходзіцца за 30 км ад узбярэжжа Ціхага ак., у раёне з разнастайнымі ландшафтамі (горы, паўпустынныя раўнінныя ўчасткі, лясныя масівы).
Цэнтр амер. кінамастацтва. Першая студыя засн. ў 1911. Расшырэнне вытв-сці абумовіла фарміраванне ў Галівудзе на аснове паўсаматужных груп буйных кампаній, частка якіх існуе і цяпер. У 1920-я г. ў Галівудзе была створана самая перадавая на той час матэрыяльна-тэхн. база кінавытворчасці, якая пастаянна ўдасканальвалася, падрыхтаваны прафесійныя кадры. Тады зарадзілася сістэма «зорак» — акцёраў, адно імя якіх збірала ў кінатэатры натоўпы гледачоў. Была наладжана паточная вытв-сць сцэнарыяў і фільмаў у рамках устойлівай сістэмы жанраў. Галівуд як «фабрыка мрояў» прыцягваў да сябе пільную ўвагу масавай аўдыторыі не толькі фільмамі, але і самім ладам жыцця, які шырока рэкламаваўся сродкамі інфармацыі. У 1927 у Галівудзе засн.Амерыканская акадэмія кінематаграфічных мастацтваў і навук. У 2-й пал. 1930-х г. аб’ём кінавытворчасці 8 найб. фірмаў Галівуда («Метро-Голдвін-Маер», «20 стагоддзе-Фокс», «Уорнер бразерс», «РКО-Радыё», «Парамаўнт», «Юнайтэд артыстс», «Каламбія Пікчэрс», «Юніверсал інтэрнэшанал») складаў больш чым 500 фільмаў за год. У 1950—60-я г. Галівуд перажываў эканам. цяжкасці, але выстаяў у канкурэнцыі з тэлебачаннем і незалежнымі прадзюсерамі. Галівуд — своеасаблівы міф, сімвал амер. кіно.