РАЗВО́ДДЗЕ,
адносна працяглае павелічэнне воднасці ракі, якое паўтараецца штогод у адзін і той жа сезон і выклікае падняцце яе ўзроўню. Звычайна суправаджаецца выхадам вады з рэчышча і затапленнем поймы. Выклікаецца ўзмоцненым прытокам вады пры вясновым раставанні снегу на раўнінах, летнім раставанні снегу і ледавікоў у гарах, вял. дажджамі ў пэўны сезон года, напр., звязанымі з летнімі мусонамі ці зенітальнымі дажджамі (у трапічным поясе). На Беларусі Р. адбываецца вясной ад раставання снегу, звычайна пачынаецца на ПнЗ у пач. сак., на Пн у 3-й дэкадзе сакавіка. Канчаецца раней у бас. р. Нёман (канец крас. — пач. мая), найпазней у бас. р. Зах. Дзвіна і Прыпяць, дзе вельмі малыя нахілы і шырокія поймы (канец мая — пач. чэрвеня). Працягласць Р. (30—120 сут) залежыць ад запасаў снегу ў басейне, ступені прамярзання глебы, т-р паветра, інтэнсіўнасці раставання снегу, памераў ракі, забалочанасці, аблесенасці і азёрнасці вадазбору, формы рэчышча і своеасаблівасцей даліны. Узроўні вясновага Р. на Беларусі, як правіла, самыя высокія за год. Сярэдняе перавышэнне над самым нізкім летнім узроўнем дасягае на рэках Зах. Дзвіна 7—9 м, Дняпро 5—5,5 м, Нёман 2,5—4 м. На гэты перыяд прыпадае 36—77% гадавога сцёку рэк.
т. 13, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)