ГУБАЙДУ́ЛІНА Соф’я Асгатаўна (н. 24.10.1931, г. Чыстапаль, Татарстан),
расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1990). Скончыла Казанскую (1954) і Маскоўскую (1959) кансерваторыі. Вучаніца М.Пяйко і В.Шабаліна (кампазіцыя). У творчасці, якая сінтэзуе муз. традыцыі Захаду і Усходу, выкарыстоўвае сучасныя сродкі муз. выразнасці, у т. л. тэмбравай (нетрадыцыйныя інстр. склады).
Сярод твораў: балет «Бягучая па хвалях» паводле А.Грына (1963), кантаты «Ноч у Мемфісе» (1968), «Рубаят» (1969), «Perception» (1983), «Прысвячэнне Марыне Цвятаевай» (1984), «Алілуя» (1990); 1-часткавыя творы для вял.сімф. аркестра «Час душы» (з мецца-сапрана, 1976), «Offertorium» (1980); сімфонія «Чую... Змоўкла...» (1986); канцэрты для саліруючых інструментаў з камерна-інстр. складамі; камерна-інстр. творы для нетрадыцыйных складаў; сольныя інстр. творы; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. З пач. 1990-х г. жыве ў Германіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РАЎ Аркадзь Яфімавіч (н. 1.5.1956, Мінск),
бел.кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1979, клас Дз.Смольскага). У 1980—89 канцэртмайстар Дзярж.т-рамуз. камедыі Беларусі. У творчасці пераважае інтэлектуальны пачатак. Працуе найб. у галіне камернай музыкі. Сярод твораў: кантата «Тры сцежкі» на вершы Я.Купалы (1979), 2 камерныя кантаты на вершы Р.М.Рыльке (1981, 1985), сімфонія для камернага арк. (1978), саната для флейты і фп., інвенцыя «Ямбы» для цымбалаў і мандаліны, вак. цыклы «Апраўданне Афеліі», «12 зонгаў з лірыкі Брэхта», «Вяртанне», «Тры песні Джэймса Кліфарда, або Парадак рэчаў», на вершы У.Ліўшыца (1985), 2 сюіты для камерна-інстр. ансамбля (1987), «Сем храматычных мадрыгалаў пра Невядомую Айчыну» для мяшанага хору а капэла (1989); музыка да драм. спектакляў, кіна- і тэлефільмаў. З 1991 жыве ў Іерусаліме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАРА́ЦКІ Уладзімір Аляксандравіч (н. 2.9.1946, г. Гомель),
бел.кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах фп. (1971) і кампазіцыі (1979, клас Дз.Смольскага). У 1979—82 дырыжор Сімфанічнага аркестра Бел. тэлебачання і радыё. З 1984 выкладчык Мінскай дзіцячай муз. школы № 9. Найб. значныя творчыя дасягненні ў сімф. і канцэртным жанрах. Яго музыцы ўласцівы тэмбравая маляўнічасць, нестандартнасць драматург. вырашэнняў. Сярод твораў: кантаты «Мая Беларусь» на словы Я.Коласа (1982) і «Каб ведалі» на словы М.Танка (1984); сімфоніі (1981, 1990); канцэрты — для трубы (1980, 1992), для валторны з арк. (1985), для аркестра (1987), «Палескія песні» для аркестра бел.нар. інструментаў (1988), канцэрціна для кларнета і фп. (1989); санаты для кларнета (1984) і «Мазаіка» для фп. (1986), «Партыта» для брас квінтэта (1988); інстр. п’есы; музыка да драм. спектакляў. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРЫЁНАС, Дваронас (Dvarionas) Баліс Дамініка (19.6.1904, г. Ліепая, Латвія — 23.8.1972), літоўскі кампазітар, дырыжор, піяніст, педагог. Засл. дз. маст. Літвы (1947). Нар.арт.СССР (1954). Скончыў Лейпцыгскую кансерваторыю па класах фп. (1924) і дырыжыравання (1939, экстэрнам). З 1928 выступаў як піяніст. У 1935—38 гал. дырыжор сімф. аркестра Літ. радыё ў Каўнасе, у 1940—41 і 1958—61 — сімф. аркестра Літ. філармоніі, з 1946 і рэсп. свят песні. З 1926 выкладаў у Каўнаскім муз. вучылішчы, з 1933 у Каўнаскай, з 1949 у Літ. (з 1947 праф.) кансерваторыях.
Сярод твораў: опера «Даля» (1959); балет «Сватанне» (1933); кантата «Прывітанне Маскве» (1954); сімфонія (1947), 2 уверцюры (1946, 1967); канцэрты з аркестрам для фп. (1960, 1962), скрыпкі (1948), валторны (1963) і інш.Дзярж. прэміі СССР 1949, 1952. Дзярж. прэмія Літвы 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НЦАЎ Міхаіл Васілевіч (12.10.1865, Смаленск — 21.7.1945),
бел.кампазітар, харавы дырыжор і педагог. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1894, клас кампазіцыі М.Рымскага-Корсакава). З 1896 жыў у Віцебску, выкладаў хар. спевы ў розных навуч. установах, рэдагаваў газ. «Витебские губернские ведомости» (1905—12). Адзін з арганізатараў нар. кансерваторыі (1918, чытаў у ёй лекцыі па гісторыі музыкі), кіраўнік Дзярж. хору. Майстар харавога пісьма, аўтар апрацовак бел.нар. песень («А ў полі вярба», «Кума мая, кумачка» і інш.), прасякнутых тонкім лірызмам рамансаў на вершы рус. паэтаў. З інш. твораў: кантата «Да стогадовага юбілею Пушкіна», гімн «У памяць стагоддзя Айчыннай вайны 1812 года», харавы «Рэквіем» («Не плачце над прахам забітых байцоў»). Напісаў шэраг вучэбных дапаможнікаў, метадычных работ, у т. л. «Нотная тэрміналогія. Даведачны слоўнік» (Віцебск, 1904).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТНЯ́НСКІ Дзмітрый Сцяпанавіч (1751, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна — 10.10.1825),
рускі кампазітар і дырыжор. З 1758 у Пецярбургскай прыдворнай пеўчай капэле, з 1796 яе кіраўнік, ператварыў капэлу ў цэнтр нац. харавой культуры. У 1769—79 вучыўся ў Італіі. Кампазіцыі вучыўся ў Б.Галупі. Майстар харавога пісьма а капэла. Асн. дасягненні ў галіне хар. духоўнай музыкі (т. 1—10, 1881—82). Стварыў новы тып рус.хар. канцэрта, дзе выкарыстаў дасягненні ў галіне оперы і інстр. музыкі. Пісаў і свецкія хары (напр., кантата «Спявак у стане рускіх воінаў» на сл. В.Жукоўскага, 1812). Аўтар опер «Крэонт» (1776), «Алкід» (1778), «Сокал» (1786), «Сын-сапернік, ці Новая Стратоніка» (1787), камерна-інстр. твораў, харавых цыклічных канцэртаў, санат для клавіра, рамансаў і інш.
Літ.:
Рыцарева М. Композитор Д. Бортнянский: Жизнь и творчество. Л., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЦІ́НСКІ Аляксандр Мікалаевіч (21.3.1889, Кіеў — 21.5.1957),
рускі артыст эстрады, паэт, кампазітар. Выступаў з 1915 як аўтар і выканаўца ўласных песень, створаных у вытанчана-інтымным жанры муз. навелы (да 1940-х г. у грыме і касцюме П’еро). Манера яго выканання вызначалася багатай нюансіроўкай інтанацый і жэстаў. У 1919 эмігрыраваў з Расіі, канцэртаваў у ЗША, Кітаі, краінах Еўропы. У 1943 вярнуўся ў СССР. Аўтар лірычных песень на ўласныя словы, а таксама на вершы Г.Ахматавай, А.Блока, С.Ясеніна, В.Інбер і інш. Здымаўся ў кіно: «Чым людзі жывыя» (1912), «Змова асуджаных» (1950), «Ганна на шыі» (1954) і інш. Аўтар кн. «Чвэрць стагоддзя без радзімы. Старонкі мінулага» (1989), «Дарогай доўгай...» (1991). Дзярж. прэмія СССР 1951.
Літ.:
Бабенко В.Г. Артист Александр Вертинский: Материалы к биографии;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯНІ́САЎ Эдзісон Васілевіч (6.4.1929, г. Томск, Расія — 23.11.1996),
расійскі кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1990). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1956, клас кампазіцыі В.Шабаліна), з 1958 выкладаў у ёй (праф. з 1993). У творчасці дамагаўся сінтэзу сучасных сродкаў кампазіцыйнай тэхнікі (свабоднай серыйнасці, алеаторыкі) і муз. стылістыкі мінулага. Сярод твораў: оперы «Пена дзён» (1981, паст. 1986), «Чатыры дзяўчыны» (1986), балет «Споведзь» (паст. 1984); вак.-інстр. творы, у т. л. Рэквіем (1980); сімфоніі (1982, 1987); «Свеце ціхі» для хору а капэла (1988); творы для інструментаў з аркестрам, у т. л. 10 канцэртаў (1972—86); камерна-інстр. і вак. творы, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар кн. «Ударныя інструменты ў сучасным аркестры» (1982), «Сучасная музыка і праблемы эвалюцыі кампазітарскай тэхнікі» (1986). Старшыня Асацыяцыі сучаснай музыкі (Масква, з 1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЙВІС (Davis) Майлс Дзьюі (25.5.1926, г. Олтан, штат Ілінойс, ЗША — 28.9.1991),
амерыканскі джазіст, трубач, кампазітар; адзін з вядучых прадстаўнікоў і наватараў сучаснага джаза. Выступаў з 1941 у Сент-Луісе, з 1945 у Нью-Йорку. Кіраваў многімі ансамблямі. Першы (разам з Ч.Паркерам) эксперыментаваў у стылях бібоп (1945), кул-джаз (1950-я г.), джаз-рок (з канца 1960-х г.). Звяртаўся да стылю дыска, поп-музыкі, запрашаў у ансамбль рок-музыкантаў. У 1968 пачаў іграць на электраінструментах, дадаў электроннае прыстасаванне да сваёй трубы, павялічыў колькасць ударных інструментаў у ансамблі. Сярод альбомаў Д.: «Нараджэнне кула» (1957), «Іспанскія замалёўкі» (1959), «Заваруха» (1970), «Балетная пачка» (1985). Аўтар музыкі да кінафільма «Ліфт на эшафот» (1958).
Літ.:
Симоненко В.С. Лексикон джаза. Киев, 1981;
Конен В.Д. Пути американской музыки. 3 изд. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЛІСЕ́ЕНКАЎ Алег Мікалаевіч (н. 21.9.1958, г. Спас-Дземенск Калужскай вобл., Расія),
бел.кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1982, клас Дз.Смольскага). З 1986 выкладае ў Бел. ун-це культуры. З 1997 гал. рэдактар рэдакцыі муз. і забаўляльных праграм Бел. тэлебачання. Працуе ў розных жанрах. Яго сімф. музыцы ўласціва спалучэнне прыёмаў скразнога развіцця з канцэртаваннем, стылістыкі барока і класіцызму з сучаснай кампазіцыйнай тэхнікай. Сярод твораў: кантата «Купалаў час» на словы Я.Купалы (1982); сімфоніі — 1-я і 3-я (1980, 1986), камерныя 2-я і 4-я (1981, 1986); «Дывертысмент» і «Камерная музыка» для стр.арк.; камерна-інстр. творы, у т. л. санаты, санаціна, «Варыяцыі» для цымбалаў (1990); п’есы для рок-гурта, біг-бэнда і спрынг-бэнда; песні на словы бел. і інш. паэтаў; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.