РАМА́ЛЬДАЎСКІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Размешчаны ва ўрочышчы Замхоўе, за 2 км на ПнУ ад в. Рамальдава Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Валун парфірападобнага дробназярністага граніту з крышталямі палявога шпату. Даўж. 3,7 м, шыр. 3 м, выш. 0,6 м, у абводзе 10,4 м, аб’ём бачнай часткі 7 м³, маса 18 т. Доўгая вось арыентавана з ПнЗ на ПдУ. Прынесены ледавіком каля 20—15 тыс. г. назад з Зах. Фінляндыі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 13, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАПАЛЕ́ЎСКІ Ян, Іаан Віцебскі, бел. мастак 18 ст. Аформіў «Ілюстраваны нотны ірмалой» (1741) з віцебскай Іаана-Багаслоўскай царквы і стварыў для яго каля 30 заставак. Уставіў у гэты ж рукапіс створаныя ім у 1700 і 1744 мініяцюры «Нараджэнне Хрыста» і «Дванаццацігадовы Хрыстос у Іерусалімскім храме сярод настаўнікаў», у якіх адышоў ад кананічных схем, выявіў кампазіцыйную здольнасць.

Літ.:

Высоцкая Н.Ф. Материалы к истории станковой живописи Белоруссии XVI—XVIII вв. // Музей: Худож. собр. СССР. М., 1983. Сб. 4.

Н.​Ф.​Высоцкая.

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСА́,

атмасферныя ападкі ў выглядзе кропель вады, якія асаджаюцца пры дадатнай тэмпературы на паверхні зямлі, раслін, наземных прадметаў вечарам, ноччу ці раніцай. Утвараецца ў выніку ахаладжэння паветра і кандэнсацыі вадзяной пары на асобных паверхнях, т-ра якіх апускаецца ніжэй пункту расы ў выніку страты цяпла выпраменьваннем. Утварэнню Р. спрыяе яснае надвор’е і слабы вецер. Колькасць ападкаў пры Р. невялікая (каля 0,1—0,3 мм за ноч). На Беларусі за год бывае 80—120 сут з Р. (у крас.—ліст.).

т. 13, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎВО́ЛЬФІЯ (Ranvolfia),

род кветкавых раслін сям. кутравых. Каля 50 (па інш. звестках — да 100) відаў. Пашыраны ў тропіках, акрамя Аўстраліі. Трапляюцца на ўзлесках вільготных трапічных лясоў.

Кусты, паўкусты або дрэвы, якія ўтрымліваюць млечны сок. Лісце простае, суцэльнае, часта скурыстае. Кветкі ў верхавінкавых ці пазушных суквеццях. Плод — з 2 касцянак. Падземныя органы Р. змяінай (R. serpentina) і некат. інш. відаў маюць у сабе алкалоіды (рэзерпін, рэстынамін, іахімбін і інш.), якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Лек. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Раўвольфія змяіная.

т. 13, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАВА́ГА СТАТЫСТЫ́ЧНАЯ,

стан замкнутай макраскапічнай сістэмы, у якім сярэднія значэнні фіз. велічынь, што характарызуюць гэтую сістэму, не залежаць ад часу; адно з асн. паняццяў статыстычнай фізікі.

Р.с. не з’яўляецца раўнавагай у мех. сэнсе (у сістэме пастаянна ўзнікаюць флуктуацыі фіз. велічынь каля іх сярэдніх значэнняў). Тэорыя Р.с. апісваецца ў стат. фізіцы з дапамогай Гібса размеркавання для мікракананічнага, кананічнага ці вял. кананічнага статыстычнага ансамбля ў залежнасці ад тыпу кантактаў сістэмы з навакольным асяроддзем, якія дазваляюць ці забараняюць абмен энергіяй і часціцамі.

т. 13, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́СА МО́РА (Ross Sea),

ускраіннае мора Ціхага ак. каля берагоў Зах. Антарктыды, паміж мысамі Адэр і Колбек. Пл. 440 тыс. км². Найб. глыб. 2972 м. Паўд. ч. мора ўкрыта шэльфавым ледавіком Роса, паўн. — круглы год плывучымі льдамі; шмат айсбергаў. Сярэднегадавая т-ра вады на паверхні ніжэй за -1 °C, летам зрэдку павышаецца да 2 °C. Салёнасць 33,75—34,4‰. Прылівы паўсутачныя (да 1 м). Водзяцца цюлень Роса, цюлень Уэдэла, цюлень-крабаед, кіты. Названы імем Дж.​К.​Роса.

т. 13, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЭРА́ЛЬНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

[ад лац. rudus (ruderis) друз, буд. смецце], смеццевыя расліны, якія растуць каля будынкаў, на пустках, уздоўж шляхоў зносін і на падобных другасных (не палявых) месцах. Пераважна нітрафілы. Часта маюць прыстасаванні, якія дазваляюць ім пазбегнуць знішчэння чалавекам і жывёламі (непрыкметны выгляд, ядавітыя рэчывы, шыпы, жыгучыя валаскі і інш.). На Беларусі больш за 350 відаў з родаў аксамітнік, блёкат, вапнаўка, вярблюдка, герань, дурнап’ян, дурнічнік, крапіва і інш. Разам з сегетальнымі раслінамі складаюць групу пустазелля.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ТВІЦА (Lotus),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі 2 віды Р.: багнавая (L. uliginosus) і рагатая (L. corniculatns), нар. назвы заечая трава, рута польная, трызаўка. Трапляюцца на лугах, схілах, каля дарог, у вільготных лясах. Уведзены ў культуру.

Шматгадовыя, радзей адна- і двухгадовыя травы ці паўкусты. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі залаціста-жоўтыя, адзіночныя або ў парасонападобных суквеццях. Плод — струк. Кармавыя, лек., фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Рутвіца рагатая.

т. 13, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЧМАНД (Richmond),

горад на ПдУ ЗША, адм. ц. штата Віргінія. Засн. у 1607. У 1861—65 — сталіца канфедэрацыі Паўд. штатаў. 194,2 тыс. ж., з прыгарадамі каля 1 млн. ж. (1998). Порт у нізоўях р. Джэймс, даступны для марскіх суднаў. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Важны гандл.-фін. цэнтр Поўдня ЗША. Гандлёва-размеркавальны цэнтр с.-г. раёна (тытунь і арахіс). Прам-сць: тытунёвая (адзін з гал. цэнтраў у краіне), хім., цэлюлозна-папяровая, паліграф., металаапр., радыёэлектронная. 20 ун-таў і каледжаў.

т. 13, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ДЖА-ДЫ-КАЛА́БРЫЯ (Reggio di Calabria),

горад на Пд Італіі, адм. цэнтр аднайм. правінцыі. Засн. ў 720 да н.э. З прыгарадамі каля 200 тыс. ж. (2000). Порт у Месінскім праліве; чыг. паромам звязаны з г. Месіна (в-аў Сіцылія).

Аэрапорт. Прам-сць: харч. і харчасмакавая, дрэваапр., машынабуд. (вагонабудаванне). База рыбалоўства. Ун-т. Геафіз. абсерваторыя. Нац. музей. Частыя землетрасенні; пасля разбуральнага землетрасення 1908 горад перабудаваны. Руіны стараж.-грэч. храмаў і жылых дамоў (пераважна 4 ст. да н.э.). Турызм.

т. 13, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)