ПАСТУ́НІНА (Тамара Міхайлаўна) (14.2. 1924, г. Гомель — 10.10.1981),

бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Засл. арт. Беларусі (1955). Вучылася ў Маскоўскім муз.-пед. ін-це імя Гнесіных (1948—52), скончыла Бел. кансерваторыю (1956), з 1972 выкладала ў ёй. У 1945—48 салістка Ашхабадскага тэатра оперы і балета, з 1952 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, у 1962—72 — Бел. філармоніі. Валодала рухомым голасам прыгожага цёплага тэмбру, яскравым артыстычным талентам. Сярод партый: Марфачка («Дзяўчына з Палесся» Я.​Цікоцкага), Ганна («Страшны двор» С.​Манюшкі), Антаніда («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Лейла («Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ), Лакмэ («Лакмэ» Л.​Дэліба).

І.​В.​Глушакоў.

т. 12, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАШКЕ́ВІЧ (Валянціна Мікалаеўна) (н. 5.2.1916, г. Казельск Калужскай вобл., Расія),

бел. педагог і лексікограф. Вучылася ў Віленскім ун-це (1935—39). У 1942 вывезена на работы ў Германію, з 1946 у бел. лагеры для перамешчаных асоб у Ватэнштэце каля Браўншвайга. З 1949 у Таронта (Канада). Займалася выкладчыцкай працай. Склала «Першую чытанку пасля лемантара для беларускіх дапаўняльных школаў» (Кліўленд, 1968). Аўтар падручніка «Беларуская мова» (т. 1—2, Таронта, 1974—78) — адзінага сістэматычнага і найб. поўнага курса бел. мовы для навуч. мэт па-за межамі Беларусі. У дадатку да падручніка змешчаны бел.-англ. і англа-бел. слоўнікі (кожны да 9 тыс. лексічных адзінак). Падрыхтавала вял. (каля 50 тыс. слоў) «Ангельска-беларускі слоўнік». Апублікавала арт. «Навучаньне беларускае мовы ў англамоўным асяроддзі» (1983).

Р.​М.​Жук-Грышкевіч.

т. 12, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕДРЭ́ЛЬ ((Pedrell) Феліпе) (19.2.1841, г. Тартоса, Іспанія — 19.8.1922),

іспанскі кампазітар, фалькларыст, педагог, вядучы дзеяч ісп. муз. адраджэння, т.зв. Рэнасім’ента. Чл. ісп. Каралеўскай акадэміі прыгожых мастацтваў (1895—1904). З 1873 працаваў у Барселоне, у 1895—1903 выкладаў у Мадрыдскай кансерваторыі. Выдаваў муз. часопісы, публікаваў узоры класічнай і нар. ісп. музыкі. Працы па муз. фальклоры («Іспанскія народныя песні», т. 1—4, 1918—22, 2 выд., т. 1—2, 1936), а таксама сучаснай ісп. музыцы паклалі пачатак сучаснаму ісп. музыказнаўству. П. узначаліў новую ісп. кампазітарскую школу і значна паўплываў на яе фарміраванне. Аўтар опер, у т. л. патрыят. трылогіі з пралогам «Пірэнеі» (1891), праграмных сімф. твораў, кантат і хароў з аркестрам, духоўнай музыкі, рамансаў і песень, якім уласцівы яркі нац. каларыт.

т. 12, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРА́ДАЎ (Уладзімір Восіпавіч) (14.2.1892, Варшава — 20.4.1954),

дырыжор, педагог. Нар. арт. Казахстана (1943). Нар. арт. Украіны (1947). Скончыў Тбіліскае муз. вучылішча (1914). Працаваў у оперных т-рах Тбілісі, Баку, Ташкента, Масквы. З 1949 праф. Беларускай, з 1950 Кіеўскай кансерваторый. У 1936—41 дырыжор, у 1950—54 гал. дырыжор Кіеўскага т-ра оперы і балета імя Шаўчэнкі. У 1948—50 гал. дырыжор і маст. кіраўнік Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, дзе пад яго кіраўніцтвам пастаўлены оперы «Князь Ігар» А.​Барадзіна, «Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны, «Алека» С.​Рахманінава (усе 1949), «Іван Сусанін» М.​Глінкі, «Царская нявеста» (1950) і балет «Іспанскае капрычыо» (1949) на муз. М.​Рымскага-Корсакава. Творчасць П. як дырыжора вылучалася яркім тэмпераментам і высокай культурай.

І.​В.​Глушакоў.

т. 12, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЦІ, Пёці (Petit) Ралан (н. 13.1.1924, Парыж), французскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Вучань С.Ліфара. У 1940—44 танцаваў у кардэбалеце т-ра «Гранд-Апера». З 1945 маст. кіраўнік створанай ім трупы «Балет Елісейскіх палёў», у 1948—55 і 1958—61 «Парыжскага балета». У 1965—72 балетмайстар Парыжскай оперы. З 1972 маст. кіраўнік арганізаванага ім Марсельскага балета. Сярод пастановак балеты: «Кармэн» Ж.​Бізэ (1949), «Сабор Парыжскай Маці Божай» М.​Канстана (1967), «Турангаліла» на музыку А.​Месіяна (1968), «Пелеас і Мелізанда» А.​Шонберга (1969), «Запаліце зоркі!» на музыку М.​Мусаргскага, С.​Пракоф’ева, Дз.​Шастаковіча і груз. нар. песень (1972), «Пікавая дама» на музыку П.​Чайкоўскага (1978), «Чарлі, танцуй з намі» Ф.​Капры (1992, прысвечаны фільмам Ч.​Чапліна). Супрацоўнічае з драм. т-рамі, кінематографам.

т. 13, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЦІГО́РСКІ ((Piatigorski) Грэгар) (Рыгор Паўлавіч; 17.4.1903, г. Днепрапятроўск, Украіна — 6.8.1976),

амерыканскі віяланчэліст, педагог. Вучань А.​Э.​Глена (Масква) і Ю.​Кленгеля (Лейпцыг). Быў салістам аркестра Вял. т-ра, іграў у адным з першых стр. квартэтаў (Масква). З 1921 за мяжой. З 1929 у ЗША, выкладаў у Муз. ін-це Кёртыс (Філадэльфія), у Бостанскім і Паўд.-Каліфарнійскім ун-тах, у Беркшырскім муз. цэнтры. Выканаўчы стыль спалучаў рамант. ўзнёсласць з класічнай строгасцю і філас. паглыбленасцю. Першы выканаўца прысвечаных яму твораў для віяланчэлі І.​Стравінскага, С.​Пракоф’ева, П.​Хіндэміта, У.​Уолтана, Д.​Міё, А.​Копленда, С.​Барбера, А.​Чарапніна. Выступаў у дуэце з С.​Рахманінавым, А.​Шнабелем, у трыо з Я.​Хейфецам і А.​Рубінштэйнам. Аўтар успамінаў «Віяланчэліст» (1965).

т. 13, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЙЗМАН (Леанід Ісакавіч) (4.1.1916, Кіеў — 1989),

расійскі арганіст, піяніст, музыказнавец, педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1966). Д-р мастацтвазнаўства (1982). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1938, па кл. фп.; 1941, па кл. аргана), з 1942 выкладаў у ёй (з 1963 праф.). Яго выканальніцтва спалучала віртуознае валоданне арганам, маштабнасць і вобразнасць ігры, высакародную строгасць інтэрпрэтацыі. У рэпертуары творы розных стыляў і эпох: Я.​Свелінка, Ф.​Куперэна, І.​С.​Баха, С.​Франка, П.​Хіндэміта, А.​Гедыке, Дз.​Шастаковіча і інш. Аўтар рэдакцый клавірных твораў Баха, Г.​Ф.​Гендэля, фп. санат і канцэртаў І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, К.​М.​Вебера, Ф.​Мендэльсона, М.​Рымскага-Корсакава і інш.; даследаванняў па гісторыі аргана і арганнай музыкі («Арган у гісторыі рускай музычнай культуры», 1979). Сярод вучняў А.Янчанка.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 13, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЖЫ́ЦКІ ((Różycki) Людомір) (6.11.1884, Варшава — 1.1.1953),

польскі кампазітар, педагог. Вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі, Берлінскай акадэміі музыкі. З 1907 дырыжор оперы і выкладчык кансерваторыі ў Львове. З 1912 за мяжой. З 1918 у Варшаве. У 1930—39 праф. Варшаўскай кансерваторыі, з 1945 — Дзярж. Вышэйшай муз. школы ў г. Катавіцы. Прадстаўнік «Маладой Польшчы». Для творчасці характэрны ўплывы позняга рамантызму і імпрэсіянізму. Яго стыль вылучаўся яркім нац каларытам, апорай на муз. фальклор імкненнем да павышанай экспрэсіі пышнасцю і сакавітасцю аркестроўкі Сярод твораў: оперы, у т. л. «Эрот і Псіхея» (1916), і балеты, у т. л. «Пан Твардоўскі» (1920), сімф. паэмы для арк., канцэрты для інстр. з арк., камерна-інстр. ансамблі, вак. цыклы, рамансы, песні, музыка да спектакляў і інш. Дзярж. прэміі Польшчы 1930, 1952.

т. 13, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СІН (Марк Аляксандравіч) (18.6.1921, г. Кінешма Іванаўскай вобл., Расія — 17.10.1977),

бел. кампазітар, педагог.

Скончыў Маскоўскі муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1951, кл. кампазіцыі М.​Гнесіна і А.​Хачатурана). З 1951 выкладаў у Брэсцкім муз. вучылішчы, адначасова заг. муз. часткі Брэсцкага абл. драм. т-ра. Для музыкі Р. характэрны меладызм, яркая гарманічная мова, тэатральнасць, выразнасць формы. Сярод твораў: кантата «Агні на Волзе» для салістаў, хору і сімф. арк. (1951), «Святочная уверцюра» для сімф. арк. (1957), сюіты для стр. арк. (1951, 1959), Канцэрт для балалайкі з арк. (1949), Саната для скрыпкі з фп. (1954), варыяцыі на бел. нар. тэму (1956), Паэма (1960), хары а капэла, апрацоўкі нар., у т. л. бел., песень, музыка да драм. спектакляў і інш.

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 13, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЖКО́ВА (Ганна Паўлаўна) (29.8.1925, в. Войлева Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 21.4.1993),

бел. актрыса эстрады. Засл. арт. Беларусі (1970). Вучылася ў Рэсп. тэатр. вучылішчы (1938—41, педагог Е.Міровіч) у Мінску. З 1945 працавала ў Бел. т-ры імя Я.​Коласа, з 1949 у Віцебскім абл. Доме нар. творчасці, з 1961 актрыса размоўнага жанру Белдзяржфілармоніі. Шырока прапагандавала бел. паэзію, выконвала фельетоны і гумарэскі нац. аўтараў. У рэпертуары былі эстрадна-паэт. спектаклі «Як жывеш, чалавек?» і «Калі ласка», праграма «Край паэтаў» (прысвечана Я.​Купалу і Я.​Коласу), творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, К.​Крапівы, М.​Танка, П.​Панчанкі, Э.​Агняцвет, Р.​Барадуліна, Г.​Бураўкіна, А.​Вярцінскага, Н.​Гілевіча, С.​Грахоўскага, Е.​Лось, П.​Макаля, Н.​Тулупавай і інш.

Л.​У.​Міхалевіч.

т. 13, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)