СЕН-СІР, Гуўён-Сен-Сір (Gouvion-Saint-Cyr) Ларан (17.7.1764, г. Туль, Францыя — 17.3.1830), французскі ваенны і дзярж. дзеяч, маршал Францыі (1812). З 1792 у рэсп. арміі, ген. (1794). Удзельнік войнаў супраць 1-й (1793—97), 2-й (1798—1801) і 3-й (1805) антыфранц. кааліцый, вайны ў Іспаніі (1808—09). У вайну 1812 камандаваў 6-м (баварскім) корпусам. Пасля Віленскай аперацыі 1812 яго корпус разам з 2-м увайшоў у асобную вайск. групу пад камандаваннем Н.Ш.Удзіно. У час Полацкіх бітваў 1812 паранены С.-С. замяніў цяжкапараненага Удзіно, атрымаў перамогу і прымусіў рускіх адступіць. 18—20 кастр. ён зноў паранены, перадаў камандаванне 2-м і 6-м карпусамі ген. К.Ж.Леграну. З-за нязгоды ген. Врэдэ (камандуючы 6-м корпусам) падпарадкавацца Леграну 24 кастр. баварскае войска было разбіта каля в. Бабынічы. С.-С. зноў прыняў камандаванне і злучыўся 30 кастр. з 9-м корпусам маршала К.Віктора ў раёне Чашнікаў, здаў яму камандаванне і пакінуў армію. У перыяд рэстаўрацыі каралеўскай улады на каралеўскай службе, ваенны (1815 і 1817—19) і марскі (1817) міністр. Аўтар успамінаў (т. 1—4, 1831).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІРАНО́ ДЭ БЕРЖЭРА́К ((Cyrano de Bergerac) Жан Савіньен) (6.3.1619, Парыж — 28.7.1655),
французскі пісьменнік. Вучыўся ў Калеж дэ Бавэ пры Парыжскім ун-це (1631—37). Служыў у каралеўскай гвардыі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы 1-га этапу Фронды. Аўтар камедыі «Асмеяны педант», трагедыі «Смерць Агрыпіны» (надрук. у 1654), санетаў, рандо, памфлетаў, у т. л. вершаванага памфлета «Мазарынада» («Міністр дзяржавы пагарэлай...»), які выкрываў палітыку кардынала Мазарыні і працягваў бурлескную традыцыю П.Скарона. Славу С. дэ Б. прынеслі філас. і навук.-фантаст. раманы і адначасова памфлеты «Іншы свет, або Дзяржавы і імперыі Месяца» (надрук. 1657, поўнасцю 1910) і «Дзяржавы і імперыі Сонца» (незавершаны, надрук. 1662), напісаныя ў манеры, блізкай да ісп.кансептызму, традыцыі шахрайскага рамана, у якіх даў вострую сатыр. карціну жыцця чалавецтва, стварыў інтэлектуальную утопію неабмежаванасці мыслення, свабоды сумлення, свету без войнаў і рэліг. фанатызму. Да рамант. вобраза С. дэ Б. — узнёслага і адначасова скептычнага паэта, высакароднага ў каханні, чалавека, які адмыслова валодае зброяй шпагі і вострага жарту, звярнуўся ў аднайм. камедыі Э.Растан (1898).
Тв.:
Рус.пер. — Иной свет, или Государства и империи Луны // Утопический роман XVI—XVII вв. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКЛА́Й ДЭ ТО́ЛІ (Міхаіл Багданавіч) (24.12.1761, маёнтак Помуш, цяпер у Пакруойскім раёне Літвы — 25.5.1818),
расійскі палкаводзец і дзярж. дзеяч, ген.-фельдмаршал (1814). Выхадзец з шатл. роду, які ў 17 ст. перасяліўся ў Прыбалтыку. Удзельнік руска-турэцкай 1787—91 і руска-шведскай 1788—90 войнаў, т.зв. Польскай кампаніі 1792—94 — задушэння паўстання Т.Касцюшкі (штурм Вільні, знішчэнне атрада С.Грабоўскага каля Гродна). Камандзір дывізіі, корпуса ў руска-пруска-французскую 1806—07 і руска-шведскую 1808—09 войны. З мая 1809 галоўнакаманд. фінл. арміяй і ген.-губернатар Фінляндыі. З 1810 чл.Дзярж. савета. У студз. 1810 — вер. 1812 ваен.міністр, адначасова камандаваў 1-й Зах. арміяй, сфарміраванай у Літве і Зах. Беларусі (сак. — вер. 1812). У час вайны 1812 да 17 жн. фактычна кіраваў баявымі дзеяннямі рас. войскаў, у Барадзінскай бітве 1812 камандаваў правым флангам і цэнтрам баявога парадку. У замежных паходах рускай арміі 1813—14 галоўнакаманд. руска-прускай арміяй. З 1815 галоўнакаманд. 1-й рас. арміяй. У 1817 суправаджаў цара Аляксандра I у яго падарожжы па Беларусі; выступаў супраць ваен. пасяленняў.
Літ.:
Балязин В.Н. Фельдмаршал М.Б. Барклай-де-Толли: Жизнь и полководческая деятельность. Киев, 1990;
Тотфалушин В.П. М.Б.Барклай де Толли в Отечественной войне 1812 г. Саратов, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМУ́ЛКА ((Gomułka) Уладзіслаў) (6.2.1905, г. Кросна, Польшча — 1.9.1982),
польскі дзярж. і паліт. дзеяч. У 1922—32 удзельнік прафс. руху. З 1926 чл.камуніст. партыі Польшчы. У 1934—35 вучыўся ў Міжнар. Ленінскай школе ў Маскве, пасля на парт. рабоце ў Польшчы. У 1936 арыштаваны і зняволены ў турму. Пасля акупацыі Польшчы ням.-фаш. войскамі з 1939 у Львове. У 1942 вярнуўся ў Польшчу, прымаў удзел у стварэнні Польскай рабочай партыі (ПРП), быў сакратаром Варшаўскага к-та ПРП. У 1943—48 ген. сакратар ЦК ПРП, ініцыятар стварэння Краёвай рады нарадовай. З 1945 віцэ-прэм’ер, адначасова міністр вернутых зямель. У 1948 абвінавачаны ў «праванацыяналістычным ухіле», зняты з усіх пасад, у 1951 арыштаваны. У 1956 рэабілітаваны, абраны першым сакратаром ЦК ПАРП. Першапачаткова карыстаўся значнай падтрымкай у грамадстве; праводзіў палітыку памяркоўных паліт. і эканам. рэформаў, паступова іх абмяжоўваючы. Апошнія гады яго кіраўніцтва партыяй характарызаваліся абвастрэннем сац., эканам. і паліт. сітуацыі ў краіне (у сак. 1968 у Варшаве і Кракаве разагнаны студэнцкія дэманстрацыі, у жн. 1968 часці Войска Польскага ў складзе краін — удзельніц Варшаўскага дагавора ўступілі ў Чэхаславакію, у снеж. 1970 сілай падаўлены рабочыя выступленні на Балт. узбярэжжы і інш.). У снеж. 1970 падаў у адстаўку і адышоў ад паліт. дзейнасці. Аўтар «Дзённікаў» (т. 1—2, 1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́МЛЕР ((Himmler) Генрых) (7.10.1900, г. Мюнхен, Германія — 23.5.1945),
адзін з кіраўнікоў фаш. Германіі і гал.ваен. злачынца 2-й сусв. вайны. Скончыў Тэхн.ун-т у Мюнхене. Удзельнік гітлераўскага путчу ў Мюнхене ў ліст. 1923. Чл. нацыянал-сацыялісцкай партыі з 1925. Кіраўнік (рэйхсфюрэр) СС (1929—45) і ўласнай сакрэтнай службы — СД (з 1931). Дэп. рэйхстага (з 1930). Нач. паліцыі Мюнхена, Баварыі (з 1933; пад яго кіраўніцтвам створаны адзін з першых канцлагераў у Дахаў). Шэф гестапа Прусіі (з 1934), разам з Р.Гайдрыхам кіраваў забойствам лідэраў штурмавых атрадаў і шэрагу палітыкаў у час т.зв. «ночы доўгіх нажоў» 30.6.1934. Дзярж. сакратар МУС (з 1936). «Рэйхскамісар па ўмацаванні ням. нацыі» (з кастр. 1939). У 2-ю сусв. вайну кіраваў масавым знішчэннем яўрэяў, рэалізацыяй плана «Ост» (у 1941 прысутнічаў на масавых пакараннях смерцю ў Мінску); мініструнутр. спраў (з 1943), галоўнакаманд. рэзервовай арміяй і адказны за ўзбраенне вермахта (з 1944), каманд. групай армій «Вісла» на сав.-герм. фронце (студз.—сак. 1945). 29.4.1945 за спробы заключыць сепаратны мір з зах. дзяржавамі пазбаўлены А.Гітлерам усіх пасад. 21.5.1945 трапіў у брыт. палон у Паўн. Германіі. Скончыў самагубствам.
Літ.:
Хавкин Б.Л. Рейхсфюрер СС Гиммлер // Новая и новейшая история. 1991. № 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬЦЫН (Барыс Мікалаевіч) (н. 1.2.1931, с. Бутка Таліцкага р-на Свярдлоўскай вобл., Расія),
расійскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Уральскі політэхн.ін-т (Свярдлоўск, 1955). З 1955 працаваў у буд. арг-цыях, з 1963 гал. інжынер, дырэктар Свярдлоўскага домабуд. камбіната. У 1968—88 на парт. рабоце: з 1976 1-ы сакратар Свярдлоўскага абкома, з 1985 сакратар ЦККПСС, 1-ы сакратар Маскоўскага гаркома КПСС, з 1986 канд. у чл. Палітбюро ЦККПСС. З 1987 1-ы нам. старшыні Дзяржбуда СССР — міністрСССР. З 1989 нар. дэпутат СССР. У 1990 выйшаў з КПСС. У 1990—91 старшыня Вярх. Савета РСФСР. З чэрв. 1991 першы Прэзідэнт Рас. Федэрацыі (выбраны 12.6.1991; 3.7.1996 выбраны на другі тэрмін). У снеж. 1991 разам з кіраўнікамі Беларусі і Украіны падпісаў Белавежскія пагадненні, быў адным са стваральнікаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Ініцыятар пачатай у студз. 1992 радыкальнай эканам. рэформы. У адпаведнасці з яго ўказам «Аб паэтапнай канстытуцыйнай рэформе ў Рас. Федэрацыі» (вер. 1993) ліквідавана сістэма Саветаў. У снеж. 1993 прынята новая Канстытуцыя Рас. Федэрацыі і выбраны парламент — Федэральны Сход Рас. Федэрацыі. 2.4.1996 Е. і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка падпісалі Дагавор аб Супольніцтве Беларусі і Расіі, 2.4.1997 — Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі.
Тв.:
Записки президента. М., 1994;
Бел.пер. — Споведзь на зададзеную тэму. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗНЯЦО́Ў (Мікалай Герасімавіч) (24.7.1902, в. Мядзведкі Котласкага р-на Архангельскай вобл., Расія — 6.12.1974),
савецкі ваен.-марскі дзеяч. Адмірал флоту Сав. Саюза (1955), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ваен.-марскую акадэмію (1932). На флоце з 1919. З 1934 камандзір крэйсера «Чырвоная Украіна». У 1936—37 ваен.-марскі аташэ і саветнік у Іспаніі. У 1939—46 нарком ВМФСССР, яго галоўнакамандуючы ў Вял.Айч. вайну (21.6.1941 загадаў прывесці ўсе сілы флоту, у т. л.Пінскую ваенную флатылію, у поўную боегатоўнасць). У 1948 па лжывым абвінавачанні ў перадачы сакрэтных дакументаў саюзнікам СССР у час вайны паніжаны ў званні да контр-адмірала. З 1950 камандуючы Ціхаакіянскім флотам, з 1951 ваен.-марскі міністр, з 1953 галоўнакамандуючы ВМФ —1-ы нам. міністра абароны СССР; у 1953 адноўлены ў званні адмірала флоту. З 1956 у адстаўцы, зноў паніжаны ў званні да віцэ-адмірала. Чл.ЦККПСС (1939—55). Дэп. Вярх. СаветаСССР (1937—50, 1954—58). Аўтар кніг успамінаў «Напярэдадні» (1969), «На флатах баявая трывога» (1971), «На далёкім мерыдыяне» (3-е выд. 1988), «Курсам да перамогі» (3-е выд. 1989). У 1988 пасмяротна адноўлены ў званні Адмірала флоту Сав. Саюза. Імя К. носіць цяжкі авіянясучы крэйсер расійскага Паўн. флоту (уведзены ў строй у 1991).
Літ.:
Усенко Н. Кузнецов // Коммунист Вооруженных Сил. 1990. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛС ((Pauls) Раймандс) (н. 12.1.1936, Рыга),
латышскі кампазітар, піяніст, дырыжор, дзярж. дзеяч. Нар.арт. Латвіі (1976). Нар.арг.СССР (1985). Ганаровы чл.Латв.АН. Скончыў Латв. кансерваторыю па класе фп. (1958; кампазіцыі вучыўся ў Я.Іванова, 1962—65), у 1979—83 выкладаў у гэтай кансерваторыі. З 1964 маст. кіраўнік Рыжскага эстр. аркестра, з 1972 вак.-інстр. ансамбляў «Мода», «Рэмікс», дзіцячага «Зязюлька». З 1982 гал. рэдактар муз. перадач і кіраўнік джаз-аркестра Латв. радыё, старшыня Дзярж.к-та Латвіі па культуры. З 1988 міністр культуры Латвіі, з 1993 саветнік прэзідэнта Латвіі па пытаннях культуры і мастацтва. У 1998—2000 старшыня Новай партыі. Прэзідэнт акц.т-ва «Музычны цэнтр «Вернісаж». Аўтар 6 мюзіклаў, у т. л. «Сястра Кэры» «Шэрлак Холмс» (паст. абодва 1979), «Лясны лебедзь» (1995), зінгшпіля «Вялікая ўдача» (паст. 1977), 4 балетаў, у т. л. «Кубінскія мелодыі» (паст. 1963), балетных мініяцюр, эстр. музыкі і папулярных песень (больш як 350), джазавых кампазіцый, адметных пераўтварэннем інтанацый лат. фальклору, музыкі для т-ра і кіно, апрацовак нар. песень і інш. Лаўрэат 1-га Усесаюзнага конкурсу маладых кампазітараў (1961). Дзярж. прэмія Латвіі 1977.
Літ.:
Петерс Я. Р.Паулс: Версии. Видения. Док. Рига, 1986;
Исаковская Т.И. Р.Паулс: Творч. портрет. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТЛЮ́РА (Сымон Васілевіч) (17.5.1879, г. Палтава, Украіна — 26.5.1926),
украінскі паліт., ваен. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў духоўнай семінарыі, адкуль выключаны за ўдзел у нац.-вызв. руху. Эмігрыраваў у г. Львоў (тады ў Аўстра-Венгрыі). З 1900 чл.Рэв.укр. партыі, потым Ўкр. с.-д. рабочай партыі. Пасля вяртання ў Рас. імперыю з 1904 працаваў у Кіеве (укр.газ. «Громадська думка» і «Рада», з 1906 рэдактар газ. «Слово»). У 1907 з-за праследаванняў паліцыі пераехаў у Пецярбург, потым у Маскву, дзе ўдзельнічаў ва ўкр. гуртках «Кабзар» і «Грамада». З 1912 рэдактар газ. «Українська жизнь». З 1914 у арміі, з 1915 старшыня Гал. кантрольнай камісіі Усерас. земскага саюза па Зах. фронце. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 кіраўнік Укр. франтавога к-та; чл., старшыня Усеўкр. вайсковага к-та пры Цэнтральнай радзе, потым сакратар (міністр) Ген. сакратарыята Цэнтр. рады па ваен. справах. У час гетманшчыны старшыня Кіеўскага губ. земства і Усеўкр. саюза земстваў. З 14.11.1918 чл.Украінскай дырэкторыі ўрада і гал. атаман войск Укр.нар. рэспублікі, з 10.11.1919 — старшыня ўрада. Пасля разгрому войск Дырэкторыі войскамі А.І.Дзянікіна і Чырв. Арміяй уступіў у саюз з Польшчай. Летам 1920 эмігрыраваў, з 1924 жыў у Парыжы, дзе забіты Ш.Шварцбардам, які помсціў яму за яўр. пагромы на Украіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУМО́ЎСКІЯ,
расійскі дваранскі род укр. паходжання, прадстаўнікі якога займалі значныя дзярж. і дыпламат. пасады ў 18—1-й пал. 19 ст. Вялі радаслоўную ад укр. казака Рыгора Розума, чыё змененае прозвішча (або мянушка) стала іх родавым прозвішчам. Найб. вядомы: сын Рыгора Розума Аляксей Рыгоравіч Р. (28.3.1709, с. Лемяшы Чарнігаўскай вобл., Украіна — 17.7.1771), граф.(1744), ген.-фельдмаршал (1756). З 1731 пеўчы прыдворнай укр. капэлы. Фаварыт, з 1742 таемна вянчаны муж імператрыцы Лізаветы Пятроўны. Адстойваў ва ўрадзе Расіі інтарэсы ўкр. казацкай старшыны, спрыяў аднаўленню гетманства на Левабярэжнай Украіне. З 1762 у адстаўцы. Яго брат Кірыла Рыгоравіч Р. (29.3.1728, нарадзіўся там жа — 15.1.1803), граф (1744), ген.-фельдмаршал (1764). Апошні гетман Левабярэжнай Украіны (1750—64). Прэзідэнт Пецярбургскай АН (1746—98; у час знаходжання за мяжой у 1766—98 яго замяшчалі дырэктары). У час гетманства абмежаваў у інтарэсах казацкай старшыны сял. пераходы, правёў суд. рэформу 1760—63, заахвочваў развіццё ўкр. культуры. Сын Кірылы Рыгоравіча Р. Аляксей Кірылавіч Р. (23.9.1748, С.-Пецярбург — 17.4.1822), граф. Міністрнар. асветы (1810—16). Яго брат Андрэй Кірылавіч Р. (2.11.1752, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна — 23.9.1836), князь (1815), дыпламат. З 1777 на дыпламат. службе. Рас. пасол у Аўстрыі (1790—99, 1801—07) і некат. інш. дзяржавах. Адзін з кіраўнікоў (першы ўпаўнаважаны) рас. дэлегацыі на Венскім кангрэсе 1814—15.