СЕ́РНАН (Cernan) Юджын (н. 14.3.1934, г. Чыкага, ЗША),
касманаўт ЗША. Капітан 1-га рангу ВМСЗША (з 1976 у адстаўцы). Магістр навук па авіяц. тэхніцы. Скончыў ун-т Перд’ю (г. Лафеет, штат Індыяна; 1956), ваенна-марскую школу (г. Мантэрэй, штат Каліфорнія; 1961). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. 3—6.6.1966 з Т.Стафардам здзейсніў палёт (з выхадам у адкрыты космас) на касм. караблі (КК) «Джэміні-9» (як 2-і пілот); 18—26.5.1969 з Стафардам і Дж.Янгам — аблёт Месяца як пілот месяцавай кабіны КК «Апалон-10»; 7—19.12.1972 з Х.Шмітам і Р.Эвансам — палёт на Месяц як камандзір КК «Апалон-17» (на Месяцы прабыў 75 гадз, 3 выхады на паверхню Месяца агульнай працягласцю 22,1 гадз). У космасе правёў 23,6 сут, у т. л. ў адкрытым космасе 24,2 гадз. Залатыя медалі НАСА «За выдатныя заслугі» (2), «За надзвычайныя заслугі». Залаты медаль «Космас» (ФАІ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУФРАЖЫ́СТКІ (ад англ. suffrage выбарчае права),
удзельніцы руху за жаночае выбарчае права ў Зах. Еўропе і ЗША ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Пачатак руху С. пакладзены жаночай канферэнцыяй у г. Сенека-Фолс (ЗША) у 1848. У 1869 у ЗША створаны Амер. і Нац. жаночыя суфражысцкія асацыяцыі, якія ў 1890 аб’ядналіся ў Амер.нац. жаночую суфражысцкую асацыяцыю. Рух С. Вялікабрытаніі ўзначалілі Жаночая ліга свабоды і створаны ў 1903 Жаночы сац.-паліт. саюз. С. арганізоўвалі грамадскія акцыі з мэтай прыцягнуць увагу грамадства да праблемы выбарчага права для жанчын. Суполкі С. узніклі і ў інш. краінах Зах. Еўропы. Калі ў 1920-я г. ў б.ч.еўрап. краін жанчыны атрымалі выбарчыя правы, удзельніцы руху С. пераключыліся на барацьбу за сапраўднае раўнапраўе жанчын.
Літ.:
Новикова Н.В. Суфражистки и суфражетки: идеология и политика британ. феминист. движения в начале XX в. // Женщины в истории: возможность быть увиденными. Мн., 2001. Вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УО́ТСАН (Watson) Джэймс Дзьюі (н. 6.4.1928, г. Чыкага, ЗША),
амерыканскі вучоны ў галіне біяхіміі. Чл.Нац.АНЗША (1962), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1957), Дацкай каралеўскай АН (1962). Замежны чл.Рас.АН (1988). Скончыў Чыкагскі ун-т (1947). У 1951—53 і 1955—56 у Кавендышскай лабараторыі Кембрыджскага ун-та, у 1953—55 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це. З 1956 у Гарвардскім ун-це (з 1961 праф.), з 1962 кансультант прэзідэнта ЗША па навуцы, з 1968 у Колд-Спрынг-Харбары (штат Нью-Йорк). Навук. працы па вывучэнні структуры ДНК, ролі РНК у біясінтэзе бялку. Разам з Ф.Х.К.Крыкам (1953) прапанаваў мадэль прасторавай структуры ДНК (падвоеная спіраль), што дазволіла растлумачыць яе ўласцівасці і біял. функцыі. З паяўленнем гэтай працы звязана ўзнікненне малекулярнай генетыкі. Вывучаў структуру вірусаў і іх ролю ў злаякасным росце тканак. Нобелеўская прэмія 1962 (з Крыкам і М.Уілкінсам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФА́ЎЛЕР (Fowler) Уільям Алфрэд (9.8.1911, г. Пітсбург, ЗША — 14.3.1995),
амерыканскі фізік і астрафізік, адзін з заснавальнікаў ядз. астрафізікі. Чл.Нац.АНЗША (1956). Скончыў ун-т Агайо (1933). З 1936 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це (з 1946 праф., у 1963—67 прэзідэнт). Навук. працы ў галіне ядз. фізікі, ядз. і рэлятывісцкай астрафізікі, касмалогіі. Распрацаваў тэорыю тэрмаядз. ўтварэння хім. элементаў у нетрах зорак (1955). Пастуліраваў асн. працэсы нуклеасінтэзу ў зорках (1957; з Ф.Хойлам, М. і Дж. Бэрбіджамі). Прапанаваў механізм выбуху звышновых зорак (1960, з Хойлам), разлічыў пашыранасць лёгкіх хім. элементаў на ранніх стадыях расшырэння аднароднага і ізатропнага Сусвету (1967). Нобелеўская прэмія 1983 (з С.Чандрасекарам). Нац.навук. медаль ЗША (1974).
Тв.:
Рус.пер. — Нейтринные процессы и образование пар в массивных звездах и Сверхновых М., 1967 (разам з Ф.Хойлам);
Экспериментальная и теоретическая ядерная астрофизика: пробл. происхождения элементов. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭК (Cech) Томас Роберт (н. 8.12.1947, г. Чыкага, ЗША),
амерыканскі біяхімік і малекулярны генетык. Чл.Нац.АНЗША (1987), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1988). Скончыў Каліфарнійскі ун-т у г. Берклі (1975). З 1975 у Нац. анкалагічным цэнтры пры Масачусецкім тэхнал. ін-це, з 1978 ва ун-це штата Каларада ў г. Боўлдэр (з 1983 праф.). Адначасова з 1978 у Нац. ін-це здароўя, з 1988 у мед. ін-це Ховарда Х’ю (з 2002 прэзідэнт). Навук. працы па біяхіміі, малекулярнай і структурнай біялогіі, генетыцы. Адкрыў ферментатыўна актыўныя малекулы рыбанкулеінавых к-т (рыбазімы) і даказаў, што РНК з’яўляецца не толькі пераносчыкам генет. інфармацыі, але, падобна бялкам, таксама каталізуе жыццёва важныя ўнутрыклетачныя хім. рэакцыі (1982, незалежна ад С.Олтмена). Нобелеўская прэмія 1989 (з Олтменам). Нац.Навук. медаль ЗША (1995).
Тв.:
Рус.пер. — РНК-фермент // В мире науки. 1987. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНД (Brand) Вэнс (н. 9.5.1931, Лонгмант, штат Каларада, ЗША),
касманаўт ЗША. Скончыў Каларадскі ун-т (1953). З 1966 у групе касманаўтаў НАСА 15—25.7.1975 з Т.Стафардам і Д.Слейтанам здзейсніў палёт на касм. караблі «Апалон» па праграме ЭПАС, 11—16.11.1982 з Р.Овермаерам, Дж.Аленам, У.Ленуарам — палёт на шматразовым касм. караблі «Спэйс Шатл» («Калумбія»), 3—11.2.1984 з Р.Гібсанам, Р.Мак-Нэрам, Б.Мак-Кандлесам, Р.Сцюартам — палёт на касм. караблі «Спэйс Шатл». Залаты медаль імя Ю.А.Гагарына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЖЭ́НЕРАЛ МО́ТАРС КАРПАРЭ́ЙШЭН»
(General Motors Corporation),
аўтамабільны канцэрн ЗША. Адзін з найб. вытворцаў аўтамабіляў у свеце. Засн. ў 1916, адміністрацыя ў г. Дэтройт. Звязана з фін. групай Моргана. Налічвае больш за 150 прадпрыемстваў у ЗША, філіялы, зборачныя цэхі ў 35 краінах свету, у т. л. ў Аўстраліі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, Мексіцы. Выпускае легкавыя аўтамабілі розных марак («Б’юік», «Кадылак», «Пантыяк», «Олдсмабіл», «Шэўрале»), грузавыя аўтамабілі, аўтобусы, дызельныя лакаматывы і інш. У 1985 «Дж.м.к.» заснавала новую кампанію пад назвай «Сатурн карпарэйшэн», якая выпускае мікралітражныя аўтамабілі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́СЕРМАН (Bassermann) Альберт (7.9.1867, г. Мангейм, Германія — 15.5.1952),
нямецкі акцёр. Сцэн. дзейнасць пачаў у гар. т-ры Базеля (1889). Працаваў у буйнейшых т-рах краіны. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў: Гельмер («Нора» Г.Ібсена), Крамптан («Калега Крамптан» Г.Гаўптмана), Лір, Атэла, Мальволіо, Петручыо («Кароль Лір», «Атэла», «Дванаццатая ноч», «Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра). З 1915 акцёр-гастралёр. У 1933 эмігрыраваў у Швейцарыю, потым у ЗША. З 1913 здымаўся ў кіно: «Лукрэцыя Борджыя» (Германія), «Рапсодыя ў стылі блюз» (ЗША), «Чырвоныя чаравічкі» (Вялікабрытанія) і інш.