СУФРАЖЫ́СТКІ (ад англ. suffrage выбарчае права),
удзельніцы руху за жаночае выбарчае права ў Зах. Еўропе і ЗША ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Пачатак руху С. пакладзены жаночай канферэнцыяй у г. Сенека-Фолс (ЗША) у 1848. У 1869 у ЗША створаны Амер. і Нац. жаночыя суфражысцкія асацыяцыі, якія ў 1890 аб’ядналіся ў Амер. нац. жаночую суфражысцкую асацыяцыю. Рух С. Вялікабрытаніі ўзначалілі Жаночая ліга свабоды і створаны ў 1903 Жаночы сац.-паліт. саюз. С. арганізоўвалі грамадскія акцыі з мэтай прыцягнуць увагу грамадства да праблемы выбарчага права для жанчын. Суполкі С. узніклі і ў інш. краінах Зах. Еўропы. Калі ў 1920-я г. ў б.ч. еўрап. краін жанчыны атрымалі выбарчыя правы, удзельніцы руху С. пераключыліся на барацьбу за сапраўднае раўнапраўе жанчын.
Літ.:
Новикова Н.В. Суфражистки и суфражетки: идеология и политика британ. феминист. движения в начале XX в. // Женщины в истории: возможность быть увиденными. Мн., 2001. Вып. 1.
т. 15, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)