навука аб агульных законах і формах адлюстравання ў мысленні аб’ектыўнага свету, аб шляхах развіцця, метадалогіі і метадах пазнання, аб узаемасувязі філас. катэгорый у адзінай сістэме. Разам з тэорыяй пазнання Л.д. ўваходзіць у склад дыялектыкі. У адрозненне ад фармальнай логікі, якая даследуе мысленне ў яго адносна ўстойлівых, інварыянтных структурах, фармулюе пэўныя пачаткі і правілы адносна забеспячэння неабходных навук. падстаў і культуры мыслення, Л.д. разглядае спецыфічныя пазнавальныя катэгорыі, прынцыпы і працэдуры (пераходы ад аднаго ўзроўню пазнання або сістэмы ведаў да іншых, больш высокіх, спосабы абагульнення, аналіз і сінтэз, індукцыя і дэдукцыя). У якасці логікі мыслення Л.д. можна разглядаць як дыялектыку форм мыслення (паняццяў і г.д.), або суб’ектыўную дыялектыку.
Л.д. ўзнікла разам з дыялектыкай і распрацоўвалася філосафамі Стараж. Грэцыі Платонам, Гераклітам, Арыстоцелем і інш. У новыя часы значны ўклад у яе развіццё зрабілі Г.Гегель, К.Маркс і Ф.Энгельс, якія ўзнялі Л.д. на ўзровень асобнай філас. навукі. Паводле Гегеля, Л.д. разглядае лагічныя формы не ў застылым стане, а ва ўзаемнай сувязі і развіцці, напаўняе іх пэўным зместам, які вызначаецца істотнымі адносінамі паміж самімі рэчамі як канчатковымі вынікамі творчага мыслення. У разуменні сэнсу і характару Л.д. важная роля належыць пытанню пра адносіны паміж законамі развіцця з’яў аб’ектыўнай рэчаіснасці і законамі чалавечага мыслення, якія з’яўляюцца аб’ектам вывучэння з боку Л.д. і выкладаюцца ў лагічных катэгорыях. Адны філосафы лічаць, што мысленне, яго законы і логіка маюць цалкам самаст. значэнне і не залежаць ад уплыву якіх-н. фактараў, што існуюць па-за межамі самога мысліцельнага працэсу. Прадстаўнікі марксісцкай філас. думкі сцвярджаюць, што законы і катэгорыі Л.д. не зводзяцца да суб’ектыўных рыс, а паводле свайго гал. зместу з’яўляюцца адлюстраваннем законаў развіцця аб’ектыўнай рэчаіснасці і, т.ч., супадаюць з гэтымі законамі. Згодна з такой канцэпцыяй Л.д. як суб’ектыўная дыялектыка выражае аб’ектыўную дыялектыку, яе законы і прынцыпы.
Літ.:
Малинин В.А. Диалектика Гегеля и антигегельянство. М., 1983;
Ильенков Э.В. Диалектическая логика: Очерки истории и теории. 2 изд. М., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎЛЕ́ННЕ,
канкрэтнае гаварэнне, якое адбываецца ў часе і ўвасоблена ў гукавой ці пісьмовай форме; адзін з гал. відаў камунікатыўнай дзейнасці чалавека. Пад М. разумеюць працэс гаварэння (маўленчую дзейнасць) і яго вынік (маўленчыя творы, якія фіксуюцца памяццю ці пісьмом). Маўленчая дзейнасць ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пэўнымі правіламі (фанет., марфал., сінтакс. і лексічнымі), уласцівымі пэўнай мове на пэўным этапе яе гіст. развіцця. Сукупнасць гэтых правіл (норм моўных) утварае сістэму мовы. Мова як код, як сістэма аб’ектыўна існуючых, сац. замацаваных знакаў, якія суадносяць паняційны змест і тыповае гучанне, і М. ўтвараюць дыялектычнае адзінства. Маўленчая дзейнасць грунтуецца на моўных нормах, увасобленых у моўным матэрыяле, а моўная сістэма ствараецца, развіваецца і ўдасканальваецца толькі ў маўленчай дзейнасці. М. — увасабленне, рэалізацыя мовы, праз яго мова выконвае свае камунікатыўныя функцыі. Характарыстыка М. даецца праз проціпастаўленне яго мове. У адрозненне ад мовы М. рухомае, мэтанакіраванае, сітуатыўна і індывідуальна абумоўленае, канкрэтнае і матэрыяльнае, актуальнае, бясконцае, актыўнае і дынамічнае, лінейнае, адвольнае, варыятыўнае і інш. Паколькі мова выкарыстоўваецца і як сродак зносін і ў інш. сферах дзейнасці чалавека (напр., пазнавальнай, г.зн. мысленні, і інш.), вылучаюць уласна М. або «знешняе» (камунікатыўна-накіраванае) і ўнутр. (накіравана на яго суб’ект, самога сябе для пастаноўкі і рашэння пэўных пазнавальных задач). «Знешняе» М. падзяляецца на маналагічнае (гл.Маналог) і дыялагічнае (гл.Дыялог). Працэс М. характарызуецца пэўным тэмпам, працягласцю, тэмбравымі асаблівасцямі, ступенню гучнасці, выразнасці і г.д. М. можа быць ахарактарызавана праз указанне на псіхал. стан таго, хто гаворыць, яго камунікатыўную задачу, адносіны да субяседніка, шчырасць, па прыкметах сваёй фармальнай і сэнсавай структуры. Да М. прыдатны эстэт. (стылістычныя) і этычныя (нарматыўныя) ацэнкі. У розных сац. сферах з’явы М. тыпізуюцца, утвараюць адносна самаст. сістэмы — функцыянальныя стылі (гл.Стылі мовы). Вывучаюць М. мовазнаўства, псіхалогія, фізіялогія, сацыялогія, філасофія, літаратуразнаўства і інш.
Літ.:
Леонтьев А.А. Язык, речь, речевая деятельность. М., 1969;
Соссюр Ф. де. Труды по языкознанию: Пер. с фр.М., 1977;
Новое в зарубежной лингвистике. Вып. 16. Лингвистическая прагматика. М., 1985;
Новое в зарубежной лингвистике. Вып. 17. Теория речевых актов. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВАЯ АСЕ́ЦІЯ, Цхінвальскі рэгіён,
гісторыка-геаграфічная вобласць на ПнЦэнтр. Грузіі, размешчаная на паўд. схілах і ў перадгор’і Вял. Каўказа ў далінах рэк Вял. і Малая Ліяхві, Ксані, Меджуда і інш. (усе прытокі Куры) і населеная пераважна асецінамі (адсюль назва).
Тэр. П.А. заселена чалавекам з часоў палеаліту. У 2—1-м тыс. да н.э. адбываўся распад першабытнаабшчынных і зараджэнне раннякласавых адносін. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. — 4 ст.н.э.тэр. П.А ў складзе Керыі (Картлі), потым пад уладай дзяржавы Сасанідаў, Візантыі, арабаў. З канца 10 ст. ў складзе адзінага Грузінскага царства, з 2-й пал. 15 ст. Картлійскага, з 1762 — Картлійска-Кахецінскага царстваў. З 13 ст. ў П.А. развіваліся феад.адносіны. У 13 — канцы 14 ст., ратуючыся ад нашэсцяў мангола-татар і Цімура (Тамерлана) ч. асецінаў (аланаў) з Паўн. Прыкаўказзя перасялілася ў цясніны Вял.Каўк. хрыбта, адкуль яны спачатку засялілі высакагорную ч. сучаснай П.А. а ў 17—18 ст. — яе перадгорную зону. У 1801 П.А. ў складзе Усх. Грузіі далучана да Расіі (з 1849 у Тыфліскай губ.). Прыгонніцкі прыгнёт і калан. палітыка царызму выклікалі буйныя сял. паўстанні 1810, 1830, 1840, 1850. Прыгоннае права ў П.А. скасавана ў 1864 Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 П.А была базай бальшавікоў у барацьбе супраць меншавіцкіх улад Грузінскай Дэмакр. Рэспублікі, у 1919—20 тут адбыліся шматлікія антыменшавіцкія паўстанні. Сав. ўлада ўстаноўлена ў лют. 1921 пасля заняцця Грузіі Чырв. Арміяй.
20.4.1922 утворана Паўд.-Асецінская аўт. вобласць (3,9 тыс.км², 99 тыс. жыхароў у 1990, цэнтр — г. Цхінвалі) у складзе Грузінскай ССР. У 1990 улады Грузіі скасавалі аўтаномію П.А., пасля чаго тут 19.9.1990 абвешчана афіцыйна не прызнаная Рэспубліка Паўднёвая Асеція. Гэтыя падзеі справакавалі грузіна-асецінскі ўзбр. канфлікт, які прывёў да вял. чалавечых ахвяр і матэрыяльных страт, вымусіў тысячы людзей (грузін, асецінаў і інш.) стаць бежанцамі. Паводле падпісанага ў чэрв. 1992 Пагаднення аб прынцыпах урэгулявання канфлікту сітуацыю ў П.А. ўзялі пад кантроль Змешаныя рас.-груз.-асецінскія сілы па падтрыманні міру, але і дагэтуль яе юрыд. статус у складзе Грузіі не ўрэгуляваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ ДАКТРЫ́НА,
прынятая ў дзяржаве сістэма поглядаў на сутнасць, мэты, характар, падрыхтоўку і спосабы вядзення магчымай вайны. Выпрацоўваецца паліт. кіраўніцтвам дзяржавы. Асн. палажэнні ваеннай дактрыны найчасцей абумоўлены сац.-паліт. ладам, узроўнем эканомікі і сродкаў вядзення вайны, а таксама геагр. становішчам сваёй дзяржавы, дзяржавы верагоднага праціўніка і суседніх дзяржаў. Ваенная дактрына Рэспублікі Беларусь — гэта сістэма навукова абгрунтаваных поглядаў на прадухіленне вайны, захаванне міру, абароннае буд-ва, падрыхтоўку краіны і Узбр. Сіл да адбіцця агрэсіі, а таксама на спосабы барацьбы па абароне суверэнітэту і тэр. цэласнасці краіны. Прынята Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь у 1992. Мае абарончы характар і накіравана на ўмацаванне дзярж. і міждзярж. бяспекі, на ўзбр. нейтралітэт і супрацоўніцтва з інш. краінамі для вырашэння задач абароны. Мае 2 узаемаабумоўленыя аспекты — ваен.-паліт. і ваен.-тэхнічны. Першы раскрывае адносіны дзяржавы да вайны і выкарыстанне ваен. сілы; нац. інтарэсы і фактары, якія супрацьдзейнічаюць ім; характар ваен. небяспекі, яе памеры і крыніцы, магчымасць ваен. пагрозы; магчымасць і спосабы прадухілення вайны, сілы і сродкі, неабходныя для гэтага; ваен.-паліт. мэты магчымых праціўнікаў і саюзнікаў. Ваен.-паліт. Аспект ваеннай дактрыны мае канцэпцыі «прадухіленне вайны» і «спыненне агрэсіі». Першая як сістэма поглядаў на шляхі і спосабы ліквідацыі перадумоў да ўзнікнення вайны прадугледжвае вырашэнне спрэчных пытанняў праз паліт. дыялог, адмаўленне ад выкарыстання ваен. сілы і ўмацаванне ролі ААН у вырашэнні пытанняў калект. бяспекі. Канцэпцыя «спыненне агрэсіі» — сістэма поглядаў на абарону і спыненне агрэсіі спалучэннем паліт., эканам., дыпламат., уласна ваен. і інш. мер. Ваенна-тэхн. бок аспекту ваеннай дактрыны заснаваны на канцэпцыі «стрымлівання» і «актыўнай абароны» і адлюстроўвае сістэму поглядаў на характар магчымай вайны, спосабы яе вядзення і склад узбр. сіл. У канцэпцыю «актыўнай абароны» закладзены прынцыпы збалансаванага развіцця ўсіх відаў Узбр. Сіл Беларусі, рознабаковага супрацоўніцтва і гатоўнасці да вядзення мабільнай абароны. Яна прадугледжвае наяўнасць ва Узбр. Сілах невялікіх, але моцных вайсковых груповак, падрыхтаваных для паспяховага выкарыстання ў раёнах рэальнай ваен. пагрозы. Абвясціўшы сутнасць сваёй ваеннай дактрыны, Рэспубліка Беларусь гарантуе безумоўнае выкананне ўсіх яе палажэнняў і кіруецца мэтамі і прынцыпамі Статута ААН, а таксама прынятымі абавязацельствамі ў межах Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Беларусь у якасці бяз’ядзернай дзяржавы далучылася да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, выступіла з ініцыятывай стварэння ў Цэнтр. і Усх. Еўропе бяз’ядзернай прасторы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЦЦЁ,
асобая форма існавання і руху матэрыі, здольная да развіцця (эвалюцыі) і якасна больш высокая, чым фіз. і хім. формы; асн. матыў існавання і змест перажывання чалавека, жыццёвы лёс наогул. Характарызуецца абменам рэчываў, раздражняльнасцю, самааднаўленнем, сістэмным самакіраваннем, перадачай энергіі і інфармацыі, прыстасаванасцю да ўмоў асяроддзя(адаптацыяй), а таксама адноснай самастойнасцю надарганізменных утварэнняў (біягеацэнозаў, экасістэм) пры агульным фізіка-хім. адзінстве жывога рэчыва біясферы Зямлі (магчыма, і ўсяго Сусвету). Існуюць розныя канцэпцыі паходжання і сутнасці Ж. Прыхільнікі крэацыянізму прызнаюць аднаактавае стварэнне арганізмаў Богам або шматлікія акты стварэння ўсё больш дасканалых форм Ж. пасля знішчэння папярэдніх у выніку «катаклізмаў». Тэорыя самаадвольнага і спантаннага зараджэння Ж. была пашырана ў Стараж. Кітаі (Канфуцый), Вавілоне і Егіпце. Віталізм, які абапіраецца на вучэнне Арыстоцеля аб энтэлехіі, растлумачвае працэсы Ж. дзеяннем нематэрыяльнай «энергіі душы», «жыццёвай сілы» або «жыццёвага парыву». Тэорыя біяхім. эвалюцыі прапануе сваю ўсеагульную схему ўзнікнення Ж. ў выніку працяглых пераўтварэнняў вугляродазмяшчальных злучэнняў, пераходу ад складаных арган. рэчываў да простых жывых арганізмаў; паводле палеанталагічных звестак, першыя жывыя арганізмы (аднаклетачныя) з’явіліся на Зямлі не менш як 3,5—3,8 млрд. гадоў назад. На глебе метафізічнага матэрыялізму распрацоўваліся канцэпцыі пра занясенне зародкаў жыцця на Зямлю з космасу (панспермія) і аб спрадвечным паралельным існаванні жывой і нежывой матэрыі. Франц. філосаф А.Бергсон разглядаў Ж. як працэс чалавечага быцця і ўяўляў яго ў форме зыходнага «ўзрыву», які прывёў да разгортвання жыццёвага працэсу; пры гэтым у якасці 2 асн. форм Ж. і пазнання ён вылучаў інтэлект і інтуіцыю. З псіхааналітычнага пункту погляду Ж. ўяўляе сабой узаемадзеянне структурных элементаў псіхікі, жыццядзейнасці індывіда і асаблівасцей навакольнага асяроддзя. На думку З.Фрэйда і Л.Шапенгаўэра, «сапраўдным вынікам» і мэтай Ж. з’яўляецца дасягненне смерці, а сексуальныя схільнасці, якія ўзнаўляюць папярэднія станы праз зліццё дзвюх зародкавых клетак, ёсць увасабленне волі да Ж. Ідэі аб Ж. як рэдкай разнавіднасці смерці ляжаць у аснове канцэпцыі постструктуралізму, прадстаўнікі якога не проціпастаўляюць Ж. смерці, а ўводзяць іх у адносіны невырашальнай узаемаабарачальнасці. Гл. таксама Абіягенез, Гамеастаз, Дарвінізм, Філасофія жыцця.
Літ.:
Вернадский В.И. Живое вещество. М., 1978;
Фролов И.Т. О смысле жизни, о смерти и бессмертии человека. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСТАТУ́ТНЫЯ ЎЗАЕМААДНО́СІНЫ,
устойлівыя сацыяльна-негатыўныя адносіны суб’ектаў інстытуцыянальных структур, у т. л. ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў, звязаныя з глумленнем, здзекамі і насіллем адных людзей над інш.
Н.ў. вядомы з часоў стварэння армій, у якіх афіцыйна выкарыстоўвалася разгалінаваная сістэма статутных адносін. Напр., у ВКЛ нормы рыцарскага права былі ўзаконены пастановамі Навагрудскага (1502), Віленскага (1507) і інш. соймаў, потым сістэматызаваны ў Статутах ВКЛ і Артыкулах вайсковых (1754), але яны не заўсёды выконваліся. У выніку адбываліся канфлікты, у т. л. ўзброеныя, паміж вайскоўцамі. Н.ў. былі вял.сац. праблемай у арміі Рас. імперыі як сярод салдат, кадэтаў і юнкераў, так і ў дваранскім і афіцэрскім асяроддзі. Л.М.Талстой вылучаў у салдацкім асяродку 3 групы аб’ектаў і суб’ектаў Н.у.: прыгнечаныя, тыя, што прыгнятаюць, і адчайныя. Найб. небяспечная для арміі група «адчайных», прадстаўнікі якой здольны «начальніка забіць і таварыша абрабаваць».
Шмат правапарушэнняў у сферы міжасобасных адносін было ва Узбр. Сілах СССР і ў наш час існуюць у арміях шэрагу краін, у т. л. Беларусі. Прычыны Н.у. абумоўлены аб’ектыўнымі супярэчнасцямі гіст. развіцця грамадства і неадэкватнымі мерамі па спыненні крымінальных праяў, а таксама нізкай кампетэнцыяй службовых асоб і іх халатнасцю пры выкананні сваіх абавязкаў. Недахопы фармальнай (статутнай) сістэмы ўзаемаадносін у вайсковых калектывах кампенсуюцца ў нефармальных іерархічных структурах, якія складваюцца ў калектывах. Перадумовамі ўзнікнення і падставамі для з’яўлення Н.у. служаць т.зв. «дзедаўшчына» (падзел ваеннаслужачых па тэрмінах службы), «зямляцтва» (падзел па рэгіянальнай і нац. прыналежнасці), «культ сілы», а таксама крымінальныя, рэліг. і грамадска-паліт. фактары. Для Узбр. Сіл Беларусі дамінуючым фактарам з’яўляецца «дзедаўшчына». Суб’екты Н.у. (правапарушальнікі) часцей належаць да крымінальна-гвалтоўнага тыпу асобы, для якіх характэрны гіпертрафіраваны ўзровень матэрыяльных патрабаванняў, эгаістычныя тэндэнцыі, адсутнасць (прыгнечанасць) духоўных памкненняў і г.д. Для аб’ектаў Н.у. (пацярпелых) характэрны больш малады ўзрост і пазнейшы прызыў, а ў некаторых выпадках — псіхал. гатоўнасць да здзекаў (успрыняцце Н.у. як армейскай «традыцыі»), нізкі ўзровень фіз. і псіхічнай падрыхтаванасці да службы і г.д. У бел. войску выпрацавана сістэма метадаў і прыёмаў папярэджання дэвіянтных паводзін ваеннаслужачых, што спрыяла зніжэнню негатыўных наступстваў Н.у.
Літ.:
Дедовщина в армии: (Сб. социол. док.). М., 1991;
Мацкевич Й.М., Эминов В.Е. Преступное насилие среди военнослужащих. М., 1994;
Сероштан В.А. Неуставные взаимоотношения в армии: социальные истоки и пробл. предупреждения // Армия. 1998. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САВАГА ГРАМА́ДСТВАканцэпцыі,
філасофска-гістарычныя і сацыялагічныя канцэпцыі, якія разглядаюць «масавасць» у якасці вызначальнай характарыстыкі ўсіх працэсаў у грамадстве і даюць вытлумачэнне яго спецыфікі. Паводле гэтых канцэпцый, аб’ектыўнымі перадумовамі станаўлення М.г. сталі індустрыялізацыя і урбанізацыя, стандартызацыя вытв-сці і масавае спажыванне, вял. пашырэнне масавай культуры, сродкаў масавай камунікацыі і інфармацыі. У гіст. аспекце вылучаюць некалькі канцэпцый М.г. Элітарная (Х.Артэга-і-Гасет, О.Шпенглер, Г.Лебон, Г.Тард і інш.), у якой маса разглядаецца як «натоўп», што імкнецца заняць месца эліты — прыроднага лідэра. Настойлівае жаданне аморфнай масы кіраваць грамадствам, навязваць яму свой густ і норавы параджае аўтарытарызм, беззаконне, прыводзіць да ўзнікнення дэструктыўных масавых рухаў (нацыянал-сацыялізм, фашызм і да т.п.). Антытаталітарная (Г.Арэнт, Э.Ледэрэр, К.Мангейм і інш.), у якой М.г. разглядаецца як неаднародная і дэкласаваная супольнасць, заснаваная на жорсткай дзярж.-манапалістычнай арганізацыі, безумоўным падпарадкаванні пануючай эліце, «моцнай асобе». Характэрныя для такога грамадства працэсы атамізацыі сацыяльнай, адчужэння і канфармізму з’яўляюцца вынікам арганізаванага маніпуліравання выгаднымі для эліты настроямі мас, падтрымцы на грамадскім і бытавым узроўнях розных ірацыянальных сац.-паліт. і нацыяналістычных дактрын і рухаў. Ліберальная (Г.Дж.Блумер, Ч.Р.Мілс, Д.Рысмэн, Э.Фром і інш.), у рамках якой на аснове крытыкі адмоўных бакоў індустрыялізму абгрунтоўваецца тэндэнцыя далейшага росту бюракратыі, грамадскай «машынерыі», уніфікацыі «масавага чалавека». Да своеасаблівасцей сучаснага М.г. прадстаўнікі гэтай канцэпцыі адносяць вял. канцэнтрацыю насельніцтва, існаванне велізарнага ўрадавага апарата, буйных эканам. арг-цый, рост дыстанцыі паміж апаратам кіравання і большасцю служачых, адносіны недаверу і нават варожасці паміж людзьмі. Дэмакратычная (Д.Бел, С.М.Ліпсет, Э.Шылс і інш), у якой працэс масавізацыі разглядаецца як разрыў сувязей, што скоўваюць масы ў традыц. грамадстве і робяць для яе даступным усё, што было раней прывілеяй эліты. Сутнасць М.г. выяўляецца ў цеснай інтэграцыі нар. мас у сістэме сац. ін-таў, засваенні масамі існуючых каштоўнасцей і рэальнага парадку, стварэнні адзінай культуры і сціранні класавых і прафес. адрозненняў.
Літ.:
Ашин Г.К. Доктрина «массового общества». М., 1971;
Яго ж. Современные теории элиты: Критич. очерк. М., 1985;
Ортега-и-Гассет Х. Восстание масс // Ортега-и-Гассет Х. Эстетика. Философия культуры: Пер. с исп. М., 1991;
Лебон Г. Психология народов и масс: Пер. с фр. СПб., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЙЛО́ЎСКІ (Мікалай Канстанцінавіч) (27.11.1842, г. Мяшчоўск Калужскай вобл., Расія — 10.2.1904),
расійскі сацыёлаг, публіцыст і літ. крытык; ідэолаг ліберальнага народніцтва, адзін з заснавальнікаў суб’ектыўнай сацыялогіі. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це корпуса горных інжынераў (1856—63). З 1868 супрацоўнік, пазней адзін з рэдактараў час.«Отечественные записки». У 1870-я г. зблізіўся з народнікамі. З 1892 сарэдактар час. «Русское богатство». Прадметам сацыялогіі лічыў адносіны розных форм супольнага жыцця (кааперацыі) да асобы. Пошук законаў гэтых адносін прывёў М. да стварэння канцэпцыі двухадзінай праўды, у рамках якой ён імкнуўся аб’яднаць «праўду-ісціну», атрыманую шляхам аб’ектыўнага назірання, з «праўдай-справядлівасцю», якая адпавядала маральным ідэалам вучонага. Імкненне М. асэнсаваць ўзаемадзеянне пазнавальнай і духоўна-маральнай патрэб прывяло яго да стварэння суб’ектыўнага метаду ў сацыялогіі. Паводле М., гісторыяй кіруюць стабільныя законы, што рэгулююць парадак і змену фаз гіст. руху, аднак у межах гэтых законаў асоба ставіць свае мэты ў гісторыі і «рухае да іх падзеі». Таму сацыёлаг павінен стварыць сац. ідэал і на гэтай аснове вызначыць, якія грамадскія элементы пажаданы, а якія не пажаданы ў будучыні. Лічыў асобу вышэйшым крытэрыем каштоўнасці грамадства і адмаўляў магчымасць прынясення яе ў ахвяру. Распрацоўваў тэорыю «герояў і натоўпу», гіст. прагрэс трактаваў як паступовае набліжэнне «да магчыма больш поўнага і ўсебаковага падзелу працы паміж органамі і магчыма меншага падзелу працы паміж людзьмі». Спадзяваўся, што многія праблемы грамадства будуць вырашаны пры сацыялізме, які вызначаў як «перамогу асабістага пачатку пры дапамозе пачатку грамадскага», што рас.сял. абшчына бліжэй, чым капіталіст. Захад, стаіць да сацыялізму як ідэалу будучыні. Як літ. крытык выступаў супраць утылітарных і нігілістычных літ.-крытычных поглядаў, выразнікам якіх быў Дз.І.Пісараў. Асн. творы: «Што такое прагрэс?» (1869), «Тэорыя Дарвіна і грамадская навука» (1870—73), «Барацьба за індывідуальнасць» (1875—76), «Героі і натоўп» (1882) і інш.
Тв.:
Литературная критика: Статьи о рус. лит. XIX — начала XX в. Л., 1989;
Герои и толпа: Изб. тр. по социологии. Т. 1—2. СПб., 1998.
Літ.:
Виленская Э.С. Н.К.Михайловский и его идейная роль в народническом движении 70-х — начала 80-х гг. XIX в. М., 1979;
Слинько А.А. Н.К.Михайловский и русское общественно-литературное движение второй половины XIX — начала XX в. 2 изд. Воронеж, 1982;
Володин АИ. Выдающийся деятель русской культуры // Отеч. история. 1993. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАРДА́НІЯ, Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства (Аль-Мамляка аль-Урдунія аль-Хашымія),
дзяржава ў Заходняй Азіі. На З мяжуе з Ізраілем і тэрыторыяй арабскай аўтаноміі на зах. беразе р. Іардан, на Пн — з Сірыяй, на ПнУ — з Іракам, на У і Пд — з Саудаўскай Аравіяй; на Пд мае выхад да зал. Акаба Чырвонага м. Падзяляецца на 10 губернатарстваў (мухафаз). Пл. 89,4 тыс.км². Нас. 4212 тыс.чал. (1995). Сталіца — г.Аман. Афіц. мова арабская. Нац. святы — Дзень незалежнасці (25 мая) і Дзень нараджэння караля Хусейна I (14 лістапада).
Дзяржаўны лад. І. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1952 (мадыфікаваная). Кіраўнік дзяржавы — кароль, які валодае шырокімі паўнамоцтвамі: назначае і змяшчае прэм’ер-міністра і міністраў, зацвярджае законы, з’яўляецца галоўнакамандуючым узбр. сіламі, мае права роспуску палаты дэпутатаў і інш. Вышэйшы орган заканад. улады — двухпалатны Нац. сход, які складаецца з сената (30 членаў, назначаюцца каралём на 4 гады) і палаты дэпутатаў (60 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам. На чале правінцый стаяць губернатары, акруг і раёнаў — начальнікі. Суд. сістэма складаецца з 3 відаў судоў: свецкія, рэлігійныя (шарыяцкія) і асобыя (племянныя, ваен. трыбуналы і суды дзярж. бяспекі). Члены свецкіх судоў назначаюцца каралём.
Прырода. Асн. частка І. занята пустынным пласкагор’ем (800—1300 м). Над ім узвышаюцца асобныя горы да 1764 м (г. Рам на Пд). На З цягнецца з Пн на Пд глыбокая тэктанічная ўпадзіна Гхор з далінай р. Іардан і Мёртвым м. (на 400 м ніжэй узр. акіяна). Карысныя выкапні: фасфарыты (запасы каля 1,5 млрд.т), калійныя солі (у Мёртвым м.), медныя і марганцавыя руды. Клімат субтрапічны з сухім і гарачым летам. Т-ра паветра 7—12 °C у студз., 23—28 °C у ліпені. Ападкаў каля 700—500 мм на 3, каля 100 мм і менш на У і Пд. Расліннасць паўпустынная і пустынная, разрэджаная, пераважаюць хмызнякі і травы, якія вегетуюць у перыяд выпадзення ападкаў. Ёсць аазісы з фінікавымі пальмамі. Пад лесам каля 1% тэрыторыі. Нац. парк Азрак.
Насельніцтва. Каля 98% арабы, у т. л. палесцінскія бежанцы; жывуць таксама армяне, чэркесы, чэчэнцы, туркі, курды і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-суніты (92%), астатнія пераважна хрысціяне. Сярэдняя шчыльнасць 47,1 чал. на 1 км², на З, асабліва ў даліне р. Іардан, больш за 100 чал. на 1 км². На У і Пд насельніцтва рэдкае, ёсць качэўнікі і паўкачэўнікі-бедуіны, у якіх захаваўся падзел на плямёны. У гарадах жыве 78% насельніцтва (1994). Найбольшыя гарады (тыс.ж., 1994): Аман — 963,5 (з прыгарадамі больш за 1,5 млн.ж.), Эз-Зарка — 344,5, Ірбід — 208,2. У прам-сці і буд-ве заняты 21% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 7%, у гандлі і абслуговых галінах — 63%. Некалькі соцень тысяч іарданцаў працуюць за мяжой, пераважна ў араб. краінах Персідскага заліва.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. І. насялялі семіцкія плямёны хананеяў. У 3—2-м тыс. да н.э. на іх нападалі фінікійцы, хеты і інш. У 2-й пал. 2-га тыс. да н.э.тэр. І. ў складзе Ізраільска-Іудзейскага царства. У канцы 1-га тыс. да н.э. — цэнтр араб.Набатэйскай дзяржавы. З 4 ст.тэр. І. ў складзе Візантыі, у 7 ст. заваявана арабамі і стала ч. Арабскага халіфата. На тэр. І. пашырыліся іслам і араб. мова, развіваліся феад.адносіны. У 11—15 ст. пад уладай крыжаносцаў, сельджукаў, егіп. мамлюкаў. З пач. 16 ст. да 1918 у складзе Асманскай імперыі. У 1918 акупіравана англ. войскамі, у 1920 уключана ў брыт. мандат на Палесціну. У 1921 тэр. 1. вылучана ў асобную адм. адзінку — эмірат Трансіарданія на чале з эмірам. У 1923 англічане абвясцілі незалежнасць эмірата, хоць фактычна ўладу трымалі ў сваіх руках. Англа-трансіарданскі дагавор 1928 (гл.Англа-трансіарданскія дагаворы 1928, 1946, 1948) фармальна пакідаў пэўную ўладу эмірам, але замацоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць на тэр. Трансіарданіі ўзбр. сілы, кантраляваць мясц.ваен. фарміраванні, знешнюю палітыку, фінансы і ўзбр. сілы. Знешняя палітыка краіны магла весціся толькі праз брыт.вярх. камісара ў Іерусаліме і яго рэзідэнта ў Амане. Пасля 2-й сусв. вайны Вялікабрытанія вымушана была пайсці на некат. ўступкі. Дагавор 1946 аб дружбе і саюзе, падпісаны ў Лондане на 25 гадоў, фармальна адмяняў брыт. мандат на Трансіарданію (эмірат абвяшчаўся незалежным каралеўствам), аднак захоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць войскі, саветнікаў і экспертаў. 25.5.1946 краіна стала наз. І. (Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства), эмір Абдалах — каралём І. Прынятая ў 1947 канстытуцыя замацоўвала вярх. ўладу караля і абмяжоўвала паўнамоцтвы парламента. Дагавор 1948 крыху пашыраў кампетэнцыю ўлад І. і прадугледжваў паступовы вывад брыт. войск з краіны, але Вялікабрытанія захоўвала права ўводзіць свае войскі ў выпадку вайны, трымаць ваен. базы ў Амане і Мафраку. У выніку араба-ізраільскай вайны 1948—49 войскі І. занялі цэнтр. раёны Палесціны (т. зв. Заходні бераг ракі Іардан) і ўсх.ч. Іерусаліма, якія ў 1950 афіцыйна ўключаны ў яе склад. Фактычная анексія ч.Усх. Палесціны пагоршыла адносіны І. з інш.араб. краінамі. У 1952 каралём І. стаў Хусейн ібн Талал, які выкарыстоўваў для ўзмацнення і развіцця дзяржавы замежную фін. дапамогу (складала больш як 2/5 бюджэту краіны). На парламенцкіх выбарах 1956 перамаглі нац.-патрыят. сілы І., што сарвала спробы Вялікабрытаніі і ЗША уцягнуць краіну ў агрэсіўныя ваен.-паліт. блокі. 14.3.1957 урад ануляваў англа-іарданскі дагавор 1948, а 2.11.1958 брыт. войскі выведзены з тэр. І. У пач. 1960-х г. правячыя колы краіны пайшлі на частковую дэмакратызацыю грамадскага жыцця і правядзенне знешняй палітыкі, незалежнай ад зах. дзяржаў. У 1963—64 1. ўстанавіла дыпламат. і гандл.адносіны з СССР і краінамі Усх. Еўропы. У ізраільска-арабскую вайну 1967 І. пацярпела паражэнне, Ізраіль акупіраваў зах. бераг р. Іардан і Усх. Іерусалім, краіна страціла чвэрць апрацаваных зямель, амаль палавіну прамысл. прадпрыемстваў (каля 4 тыс.), скараціліся даходы ад турызму, колькасць палесцінскіх бежанцаў павялічылася да 800 тыс.чал. Ліквідацыя наступстваў ізраільскай агрэсіі заняла вядучае месца ва ўнутр. і знешняй палітыцы краіны. У 1988 І. прызнала Палесціну і адмовілася ад прэтэнзій на зах. бераг р. Іардан (паводле ізраільска-палесцінскага пагаднення 1993 ён атрымаў частковую аўтаномію). З 1991 удзельнічае ў перагаворах па ўрэгуляванні блізкаўсх. канфлікту. У кастр. 1994 І. і Ізраіль падпісалі мірны дагавор. І. — член ААН (з 1955), Лігі араб. дзяржаў (з 1945). Дыпламат.адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў кастр. 1996.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. У 1993 легалізаваны паліт. партыі, якія пазней прынялі ўдзел у парламенцкіх выбарах. Асн. партыі: Іарданскі нац. саюз, Партыя ісламскага дзеяння (звязана з Асацыяцыяй братоў-мусульман), Нар. саюз, Нар.дэмакр. партыя (крыло Дэмакр. фронту вызвалення Палесціны), іарданскае аддзяленне Партыі араб.сацыяліст. адраджэння (з 1957 нелегальнае). Прафс. аб’яднанне — Усеагульная федэрацыя рабочых прафсаюзаў І.
Гаспадарка. І. — краіна са слабаразвітай шматукладнай эканомікай, слабай індустр. базай. Краіна залежыць ад знешняй дапамогі і пазык (каля 1 млрд.дол. за год), валютных паступленняў ад іарданцаў, што працуюць за мяжой. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 1200 долараў. 26% нац. даходу дае прам-сць, 8% — сельская гаспадарка, 66% — абслуговыя галіны. Асн. галіны прам-сці — горназдабыўная, цэментная, нафтаперапрацоўчая. Здабыча высакаякасных фасфарытаў вядзецца пераважна адкрытым спосабам на радовішчах Эр-Русейфа (каля Амана) і Хаса (на Пд); гадавая здабыча 5925 тыс.т (1994). З расолаў Мёртвага м. здабываюць калійныя солі — 1,4 млн.т (1994). Каля Амана на мясц. сыравіне працуе цэментны з-д (каля 1 млн.т цэменту за год). У г. Эз-Зарка нафтаперапр. (атрымлівае нафту з Ірака па адгалінаванні нафтаправода Кіркук—Сайда) і акумулятарны з-ды, суконная ф-ка. Электрастанцыі працуюць на імпартнай нафце, вытв-сць электраэнергіі 4,2 млрд.кВт∙гадз (1993). Ёсць прадпрыемствы харч., тэкст., вінаробчай, тытунёвай, папяровай, буд. матэрыялаў (у т. л. па апрацоўцы мармуру) прам-сці. Развіты саматужныя промыслы, выраб прадметаў хатняга ўжытку, сувеніраў, ювелірных упрыгожанняў, керамічных і скураных вырабаў. Больш за 70% прамысл. прадукцыі выпускаецца ў Амане і яго наваколлі. Сельская гаспадарка задавальняе толькі 1/4 патрэб насельніцтва ў харч. прадуктах. Характэрна памешчыцкае землеўладанне, сяляне — пераважна арандатары. Пустыні і паўпустыні, якія займаюць 94,1% тэрыторыі, выкарыстоўваюцца пад экстэнсіўную малапрадукц. жывёлагадоўлю. Апрацоўваецца каля 400 тыс.га, у т. л. арашаецца каля 100 тыс.га. Галоўны земляробчы раён — даліна р. Іардан (разнастайныя фрукты, пшаніца, ячмень, кукуруза, сачавіца, бабовыя, памідоры, баклажаны, капуста, агуркі, кавуны, дыні). Ранняя гародніна і фрукты экспартуюцца. На непаліўных землях вырошчваюць збожжавыя культуры. Ураджайнасць вагаецца ў залежнасці ад колькасці ападкаў. Гадуюць (1994): буйн. раг. жывёлу — 50 тыс. галоў, вярблюдаў — 70 тыс. галоў, авечак і коз — каля 1,5 млн. галоў. Развіта бройлерная птушкагадоўля. Порт Акаба — цэнтр рыбалоўства і марскіх промыслаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог каля 9 тыс.км, з іх 3 тыс.км асфальтаваных. У краіне 162 тыс. легкавых аўтамабіляў, 92 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1994). Гал. аўтадарогі звязваюць Аман з портам Акаба, Сірыяй, Іракам, Саудаўскай Аравіяй. Даўж. адзінай чыгункі, якая перасякае краіну з Пн на Пд, каля 600 км. Грузаабарот порта Акаба — 20 млн.т штогод. Праз І. праходзяць нафтаправоды Кіркук (Ірак) — Хайфа (Ізраіль, не дзейнічае) і Дахран (Саудаўская Аравія) — Сайда (Ліван). У краіне 2 міжнар. аэрапорты (Аман, Акаба). І. наведваюць штогод каля 4 млн. турыстаў. Даход ад замежнага турызму складае 0,5 млрд.дол. (1994). І. экспартуе фасфарыты (каля 50% кошту), цэмент, раннія гародніну і фрукты; імпартуе разнастайныя прамысл. тавары і харч. прадукты.
У 1994 экспартавана тавараў на 1,4 млрд.дол., імпартавана на 3,5 млрд. долараў. Асн.гандл. партнёры — Саудаўская Аравія, Ірак, інш. арабскія краіны, ЗША, Германія, Вялікабрытанія, Японія. Знешні доўг каля 9 млрд.дол. (1995). Грашовая адзінка — іарданскі дынар.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. У аснове ваен. дактрыны канцэпцыя «кругавой абароны». Ва ўзбр. сілах 98,5 тыс.чал. (1997). Сухап. войскі (90 тыс.чал.), каля 900 танкаў, 480 гармат, 450 мінамётаў. У ВПС (8 тыс.чал.) каля 100 баявых самалётаў, 24 верталёты. У ВМС (0,5 тыс.чал.) 10 катэраў. З 1991 узбр. сілы камплектуюцца на кантрактнай аснове. З 1996 баявая падрыхтоўка вядзецца сумесна з ЗША, інш. членамі НАТО.
І.І.Пірожнік, Ф.С.Фешчанка (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы).
Герб і сцяг Іарданіі.Да арт.Іарданія. Агульны выгляд г. Аман.Да арт.Іарданія. Тыповы ландшафт на поўдні краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНА́МА (Panamá),
Рэспубліка Панама (República de Panamá), краіна ў Цэнтр. Амерыцы, на Панамскім перашыйку. Мяжуе на У і ПдУ з Калумбіяй, на З з Коста-Рыкай; на Пн абмываецца водамі Карыбскага м., на Пд — Ціхага ак.Пл. 78,2 тыс.км². Нас. 2778,5 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Панама. Краіна падзяляецца на 9 правінцый і 2 тэрыторыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 ліст.).
Дзяржаўны лад П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1972, дапоўненая ў 1983. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Заканад. сходу, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў, выканаўчая ўлада — ураду, які назначаецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.
Прырода. Каля палавіны паверхні займаюць нізінныя раўніны. Праз усю тэр. П. цягнуцца горныя хрыбты: на З Кардыльера-дэ-Верагуа (выш. да 3475 м, дзеючы вулкан Бару), на Пн і У Кардыльера-дэ-Сан-Блас, Серанія-дэль-Дар’ен, на Пд горы п-ва Асуэра. Бываюць землетрасенні. У недрах П. ёсць руды медзі, малібдэну, жалеза, марганцу, золата, серабра. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра на раўнінах 25—28 °C. Ападкаў на падветраных схілах на Пн 2500—3700 мм, на Пд 1200—2000 мм за год. Шмат кароткіх рэк. Найб. значная р. Чагрэс, яе падпёртыя воды ўтвараюць азёры Гатун і Мадэн, якія жывяць шлюзы Панамскага канала. Пад лесам і хмызнякамі каля 44% тэрыторыі. Пашыраны вечназялёныя лясы, на ПдЗ — саванна і лістападныя лясы, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. У складзе фауны шмат відаў малпаў, тапіры, пума, ягуар, мурашкаеды; птушкі (асабліва папугаі), паўзуны. Прыбярэжныя воды, рэкі і азёры багатыя рыбай. Нац. парк Дар’ен (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны).
Насельніцтва. Асн. насельніцтва панамцы — нашчадкі ісп. каланістаў, індзейцаў і неграў. Каля 70% панамцаў складаюць метысы, ёсць негры і мулаты (каля 14%), белыя (10%), індзейцы (6%). 85% вернікаў католікі, 15% пратэстанты. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,53%. Сярэдняя шчыльн. каля 35 чал. на 1 км². Большая ч. насельніцтва жыве на ціхаакіянскіх схілах гор, паміж каналам і зах. мяжой. У гарадах 56% насельніцтва. Найб. гарады — Панама (465 тыс.чал.), Калон (141 тыс.чал., 1997). У сельскай гаспадарцы занята 27% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і буд-ве — 13%, у абслуговых галінах — 60%.
ГісторыяТэр. П. заселена чалавекам каля 10 тыс.г. назад. Карэннае насельніцтва — індзейцы плямён карыбаў і чыбча. У пач. 16 ст. заваявана ісп.канкістадорамі. У 1519 заснаваны г. Панама, які даў назву ўсёй краіне. З 1542 у складзе віцэ-каралеўства Перу, з 1560 ген.-капітанства Гватэмала, у 1718—23 і 1740—1810 віцэ-каралеўства Новая Гранада. У ходзе вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 П. 28.11.1821 абвясціла незалежнасць ад Іспаніі і ўвайшла ў склад федэратыўнай рэспублікі Вялікая Калумбія. З 1831 П. — дэпартамент Новай Гранады (з 1886 Калумбія). У 2-й пал. 19 ст. панамцы неаднаразова (1885, 1895, 1899, 1900) узнімалі антыкалумбійскія паўстанні. 3.11.1903 пры ваен. дапамозе ЗША абвешчана незалежная Панамская Рэспубліка, яе першым прэзідэнтам (1904—08) стаў А.Герэра. Далейшыя адносіны з ЗША вызначаліся амерыкана-панамскімі дагаворамі 1903, 1936, 1955, 1977. Паводле дагавора 1903 ЗША атрымалі ў бестэрміновую арэнду паласу тэр. краіны ад Атлантычнага да Ціхага ак. (гл.Панамскага канала зона) для буд-ва і наступнай эксплуатацыі Панамскага канала (у 1879—1902 яго будавала Францыя, дабудаваны ЗША у 1904—14). Паводле канстытуцыі 1904 ЗША мелі права высаджваць войскі ў любой частцы П.
У 2-ю сусв. вайну 1939—45 П. фармальна абвясціла вайну Японіі, Германіі і Італіі. З канца 1950-х г. пад уплывам рэвалюцыі на Кубе і нацыяналізацыі Суэцкага канала (1956) адносіны П. з ЗША пагоршыліся, узмацніліся патрабаванні перадачы П. канала і яго зоны. У 1968 ваен. пераварот прывёў да ўлады патрыят. хунту на чале з ген. А.Тарыхасам Эрэрам, які нацыяналізаваў уласнасць кампаній ЗША і мясц. буйных уласнікаў. Амер.-панамскія дагаворы 1977 прадугледжвалі паэтапную перадачу П. Панамскага канала і яго зоны, ліквідацыю амер.ваен. баз. Пасля гібелі ў 1981 Тарыхаса Эрэры ўлада сканцэнтравалася ў руках ген. М.Нар’егі Марэны. У снеж. 1989 ЗША шляхам узбр. інтэрвенцыі скінулі рэжым Нар’егі, абвінаваціўшы яго ў сувязях з наркамафіяй і узурпацыі ўлады. У 1994 прэзідэнтам П. абраны Э.Перэс Бальядарэс, які пачаў ліберальныя рэформы. У маі 1999 прэзідэнтам абрана М.Маскоса. Напярэдадні 1.1.2000 пад кантроль П. канчаткова перайшоў Панамскі канал з яго зонай. П. — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1948), Руху недалучэння і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат.адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 28.10.1998.
У П. дзейнічаюць паліт. партыі: Арнульфісцкая, Сапраўдная ліберальная, Рэв.-дэмакр., Ліберальна-рэсп., Лейбарысцкая і інш.Асн. прафцэнтры: Канфедэрацыя працоўных Рэспублікі Панама, Нац. савет працоўных П., Прафцэнтр працоўных Панамскага перашыйка.
Гаспадарка. П. — аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва 7300 дол. ЗША. Доля ў ВУП сельскай гаспадаркі 8%, прам-сці 18%, абслуговых галін 74%. П. — адзін з найб.фін.-гандл. і трансп. цэнтраў Лац. Амерыкі, каля 80% яе эканам. дзейнасці прыпадае на знешні гандаль і паслугі. Вял. значэнне ў эканоміцы П. належыць Панамскаму каналу; даходы ад яго складаюць больш за 70% ВУП. У П. дзейнічаюць каля 140 замежных банкаў. Існуе Свабодная зона Калон (гандл. абарот 11 млрд. долараў, 1997). Вял. ролю ў эканоміцы П. адыгрывае амер. капітал, прамыя ўкладанні складаюць больш за 6 млрд. долараў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці трапічных культур. Апрацоўваецца каля 7% тэр. краіны, пастаянна засяваецца 2%, пад пашай 20%. Пераважная форма землекарыстання — латыфундыі. Гал. экспартная культура — бананы. Асн. раён бананавых плантацый на ціхаакіянскім узбярэжжы, штогадовы збор больш за 1 млн.т (адно з вядучых месцаў у свеце па экспарце). На экспарт вырошчваюць таксама каву, какаву, сізаль, цукр. трыснёг, ананасы, цытрусавыя, тытунь. Гал.харч. культуры: рыс, кукуруза, бабовыя. Развіта жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (1,44 млн. галоў, 1997), свіней (245 тыс. галоў), птушку (10 млн. галоў). Рыбалоўства, лоўля крэветак, пераважна на экспарт у ЗША. У лясах нарыхтоўка каштоўнай драўніны (махагоні). Прам-сць прадстаўлена пераважна дробнымі прадпрыемствамі. Невял. здабыча медзі, золата, серабра. У г. Лас-Мінас нафтаперапр.з-д (на нафце з Эквадора). Вытв-сць электраэнергіі 4,7 млрд.кВт∙гадз (1997), пераважна на ГЭС (70%). Перапрацоўка і кансерваванне малака, фруктаў, агародніны, рыбы, вытв-сць цукру, спіртных напіткаў, тытунёвых вырабаў у гарадах Панама, Калон, Кансепсьён і інш.Вытв-сць абутку, швейных вырабаў (Панама, Давід), мэблі, фанеры, паперы, кардону (Альмірантэ, Давід). Выраб навігацыйнага абсталявання, электратэхнікі, фармацэўтычных і паліграф. тавараў (Калон), суднарамонт (Панама, Калон, Бальбоа), буд. матэрыялы (цэмент, кераміка і інш.). Пашыраны саматужныя промыслы. Развіты турызм (даход — 376 млн. долараў). Даўж. аўтадарог 11,1 тыс.км, у т. л. 3,7 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Гал. аўтадарога — Панамерыканская шаша. Даўж. чыгунак 355 км, водных шляхоў 800 км. Пад флагам П. з прычыны нізкіх падаткаў і выгаднага прац. заканадаўства плаваюць 4,6 тыс. суднаў агульнай грузападымальнасцю 98,4 млн. брута-рэг. т (1998) з 71 краіны. Гад. парты — Панама, Бальбоа, Калон, Крыстобаль. У краіне 43 аэрапорты, у т. л.міжнар. Такумен. У 1997 экспарт склаў 6,8 млрд. долараў, імпарт 7,38 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць бананы (43%), крэветкі (11%), цукар, адзенне, абутак, кава, у імпарце — прамысл. тавары, абсталяванне (21%), нафта (11%), харч. прадукты, хімікаты. Гал.гандл. партнёры — ЗША, краіны Цэнтр. Амерыкі, Японія. Грашовая адзінка — бальбоа.
Літ.:
Панама, 1903—1970 гг.: Нация — империализм. Нар. силы — олигархия. Кризис и рев. путь: Пер. с исп. М., 1974;
Леонов Н.С. Омар Торрихос: «Я не хочу войти в историю, я хочу войти в зону канала». М., 1990.
Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя).
Герб і сцяг Панамы.Да арт.Панама. Цэнтральная частка г. Панама — сталіцы дзяржавы.Да арт.Панама. Панамскі канал.