ЗІГФРЫ́ДАН Іван (Зігфрыд Іаган),
бел. архітэктар. З 1772 губернскі архітэктар Полацкай, з 1796 Віцебскай, з 1799 Беларускай губерняў. Яго творчасць была пераходнай ад барока да класіцызму. Асн. работы: палац віцэ-губернатара і дом каменданта ў Віцебску (абодва 1780; не захаваліся); у Полацку — комплекс жылых і адм. будынкаў на гал. плошчы (1783—86) і план-чарцёж горада (1793). Яго тыпавыя праекты казённых дамоў (суд, магістрат, магазіны) у 1780—95 сфарміравалі ансамблі цэнтраў Дрысы (цяпер г. Верхнядзвінск), Рэжыцы (цяпер г. Рэзекне, Латвія), Гарадка і інш. Пабудовы, створаныя ім, вылучаюцца манументальнасцю і рацыянальнасцю планіровачных вырашэнняў.
т. 7, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў Канстанцін Канстанцінавіч (21.5.1907, г. Яфрэмаў Тульскай вобл., Расія — 15.4.1984),
рускі дырыжор. Нар. арт. СССР (1958). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1937, клас Л.Гінзбурга). З 1941 дырыжор Вял. сімф. аркестра Усесаюзнага радыё, у 1946—65 гал. дырыжор Дзярж. сімф. аркестра Расіі. Цэнтральнае месца ў яго рэпертуары займалі сімф. творы рус. і зарубежнай класікі, творы сучасных айч. і зарубежных кампазітараў. Яго мастацтву былі ўласцівы яркая эмацыянальнасць, імкненне да манументальнасці, буйных форм. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу дырыжораў (1938). Аўтар сімфоніі, сімф. паэмы, канцэрта для кантрабаса з арк., вак. твораў, кн. «Чарадзейства музыкі» (1983). Дзярж. прэмія СССР 1949.
т. 7, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБРО́ЗА (Lombroso) Чэзарэ (6.11.1835, г. Верона, Італія — 9.10.1909),
італьянскі судовы псіхіятр і крыміналіст, заснавальнік антрапалагічнай школы права. Скончыў Павійскі ун-т (1858). З 1862 праф. Павійскага, з 1896 Турынскага ун-таў. Л. сцвярджаў, што злачынства звычайная з’ява, што існуе асобы тып «прыроджанага злачынцы», які не можа не рабіць злачынства; ён валодае асобымі фіз. прыкметамі («стыгматамі»), напр., у яго нізкі лоб, сплюшчаны нос, рэдкая барада і да т. п. Пазней Л. прызнаваў значэнне сац. прычын злачыннасці, што дало падставу лічыць яго тэорыю біясацыялагічнай. Паводле сваіх паліт. поглядаў Л. — прыхільнік расавай тэорыі.
Тв.:
Рус. пер. — Гениальность и помешательство: [Сб. работ]. М., 1995.
т. 9, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПТУ́ШКА»,
бел. нар. гульня. Для яе неабходна мець адну «П.» (невял. прадмет). Гульцы (10 і болей чал.) выбіраюць вядучага — «раздатчыка», становяцца ў круг плячо ў плячо, спінай унутр круга, і трымаюць за спінай складзеныя кубачкам далоні. «Раздатчык» ходзіць у крузе, непрыкметна ўкладвае каму-небудзь у далоні «П.», становіцца ў цэнтры і гаворыць: «Дзверцы адчынены!» Той, у каго знаходзіцца «П.», бяжыць да «раздатчыка» і аддае яму «П.» (дакранаецца). Гульцы, што стаяць побач, павінны затрымаць яго. Хто першы яго схопіць, становіцца «раздатчыкам», калі не атрымаецца, то «раздатчыкам» становіцца той, хто аддаў «П.».
Я.Р.Вількін.
т. 13, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРВА́Ж (франц. servage ад лац. servus раб),
від феад. залежнасці сялянства ў Зах. Еўропе ў сярэднія вякі; адна з найб. крайніх форм абмежавання грамадз. і гасп. правоў сялян (серваў). Сервы працавалі на зямлі феадала, былі ў асабістай ад яго залежнасці, падсудныя яго суду, але ў адрозненне ад прыгоннага права ў Расіі юрыдычна не былі прымацаваныя да зямлі. С. характэрны для перыяду феад. раздробленасці. Рост таварнай вытв-сці ў 13—14 ст., адкрытае супраціўленне сялян (нар. паўстанні 14—15 ст.) зменшылі значэнне С. У 16—18 ст. С. захаваўся толькі ў асобных адсталых рэгіёнах.
т. 14, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́МАШАК (Tomášek) Вацлаў Ян (17.4.1774, Скуцеч, Чэхія — 3.4.1850),
чэшскі кампазітар, піяніст, педагог. Яго творчасць вызначыла пераход ад класіцызму да рамантызму ў чэш. музыцы. Стваральнік новых фп. жанраў: лірычных эклог, рапсодый, дыфірамбаў, якія паўплывалі на развіццё лірычнай фп. мініяцюры Ф.Мендэльсона, Ф.Шуберта, Р.Шумана. У яго творчасці вылучаюцца вак. творы (на сл. І.В.Гётэ, Ф.Шылера, Г.Гейнэ), месы і рэквіемы. Сярод інш. твораў: 2 оперы, у т. л. «Серафіна» (паст. 1811); 3 сімф. уверцюры для арк.; 2 канцэрты для фп. з арк., камерна-інстр. ансамблі. творы для фп., аргана, шклянога гармоніка і інш.
т. 15, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛЭМБРЫЯГЕНЕ́З (ад грэч. phylē племя, род, від + эмбрыягенез),
эвалюцыйная змена ходу індывід. развіцця (эмбрыягенезу) арганізмаў. Тэрмін увёў А.М.Северцаў (1910).
Асн. палажэнне Ф. — уяўленне аб першаснасці антагенет. змен у адносінах да філагенет. (эвалюцыйных). Дзякуючы Ф. можа мяняцца ход антагенезу арганізма, асобных яго органаў, тканак і клетак. Шляхам Ф. адбываюцца філагенет. змены дарослага арганізма і прамежкавых стадый яго развіцця. Адрозніваюць модусы (спосабы) Ф.: анабалію, архалаксіс, дэвіяцыю. Праз модусы Ф. можа адбывацца развіццё прагрэсіўнае (шляхам ускладнення будовы і функцый арганізма) і рэгрэсіўнае (шляхам спрашчэння будовы і функцый). Карысныя арганізму змены застаюцца ў нашчадкаў дзякуючы натуральнаму адбору.
т. 16, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІЯ, Лугвенавічы,
княжацкі род у ВКЛ, адгалінаванне Альгердавічаў. Паходзяць ад сына Альгерда Лугвена, які атрымаў Мсціслаўскае княства. З яго нашчадкаў: Юрый (1395?—1458?),
сын Лугвена. Князь мсціслаўскі. Уваходзіў у раду вял. князёў Вітаўта і Свідрыгайлы. З 1432 некалькі разоў быў запрошаны служылым князем у Ноўгарад. Удзельнічаў у феад. войнах у ВКЛ, у выніку паражэнняў неаднаразова пазбаўляўся Мсціслаўскага княства. Яраслаў Фёдар (1411—1.9.1435), сын Лугвена. Загінуў у бітве пад Вількамірам, дзе змагаўся на баку Свідрыгайлы супраць Жыгімонта Кейстутавіча. Іван (? — да 1489), сын Юрыя. Валодаў Мсціславам, Цяцерынам, Княжыцамі, Паповай Гарой, Дрокавам і інш., магчыма, Магілёвам. Яго дачка Ульяна выйшла замуж за кн. М.І.Заслаўскага (гл. ў арт. Заслаўскія), якому адышла частка Мсціслаўскага княства і які разам з нашчадкамі пачаў наз. князем М. Яго сын Фёдар у 1526 з’ехаў у Маскву, дзе род М. згас у 1622.
В.Л.Насевіч.
т. 10, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЮ́З РУ́СКІХ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРА́ТАЎ ЗА МЯЖО́Й»,
арганізацыя расійскіх паліт. эмігрантаў-марксістаў у 1894—1903. Засн. ў канцы 1894 у г. Жэнева (Швейцарыя) па ініцыятыве групы «Вызваленне працы» на ўмове прызнання ўсімі яго членамі праграмы групы. Выдаваў л-ру для Расіі, працаваў пад кіраўніцтвам групы «Вызваленне працы», якая ўваходзіла ў яго склад і рэдагавала (да канца 1898) усе яго выданні. У 1896—99 меў друкарню, выдаваў неперыяд. зб-кі «Работнік» і «Лісток «Работніка», працы У.І.Леніна, Г.В.Пляханава і інш., з 1899 — час. «Рабочее дело». Першы з’езд РСДРП (Мінск, 1898) прызнаў саюз замежным прадстаўніком партыі. З канца 1898 у саюзе пераважалі прыхільнікі плыні «эканамізму», т. зв. маладыя. На 2-м з’ездзе арг-цыі (Жэнева, крас. 1900) адбыўся раскол: «Вызваленне працы» выйшла з саюза, які фактычна стаў арг-цыяй «эканамістаў». Распушчаны 2-м з’ездам РСДРП (1903).
т. 14, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАСО́ЎСКІ-ГРОТ (Spasowski-Grot),
Грот-Спасоўскі Аляксандр (1808? — 1847?), польскі паэт-рамантык. У 1828—29 жыў у Магілёве. Друкаваўся ў час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»). Выдаў у Вільні зб. «Паэзія» (т. 1—2, 1840). У прадмове да яго пісаў, што рамант. «мода» патрабуе «простанародных песенек», створаных на ўзор «уяўна літоўскіх (г.зн. беларускіх) дудароў і ўкраінскіх лірнікаў», заклікаў пісаць «сваім, народным стылем у прыватнасцях, а прама нацыянальным у цэлым». Большасць балад і вершаваных апавяданняў зборніка («Апошняе паляванне», «Святое возера», «Панцырны», «Скруха») мае падзагаловак «З беларускіх паданняў» і канкрэтна ўказанае месца, дзе іх расказалі аўтару (Магілёў, яго ваколіцы). Некат. яго творы (балада «Апошняе паляванне») антыпрыгонніцкай накіраванасці. Адначасова ідэалізаваў жыццё бел. сялян, іх адносіны з панам («Песня жнеек»). У зборніку адчуваецца ўплыў А.Міцкевіча, ёсць творы з укр., рус., літ. і лат. тэматыкай.
А.В.Мальдзіс.
т. 15, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)