КІСЯЛЕ́ЎСКІ (Леанід Іванавіч) (12.4.1927, Мінск — 8.10.1991),
бел. фізік; заснавальнік даследаванняў па фізіцы і тэхніцы плазмы на Беларусі. Акад.АН Беларусі (1980; чл.-кар 1972), д-рфіз.-матэм.н. (1970), праф. (1971). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Брат А.І.Кісялеўскага. Скончыў БДУ (1952). З 1959 у Ін-це фізікі АН Беларусі (з 1970 нам. дырэктара). У 1978—83 гал. вучоны сакратар Прэзідыума, з 1990 акад.-сакратар Аддз. фізікі, матэматыкі і інфарматыкі АН Беларусі. У 1983—90 рэктар БДУ. Навук. працы па плазменна-лазерных сістэмах, тэхналогіі выкарыстання нізкатэмпературнай плазмы і лазераў, аўтаматызацыі спектраскапічных вымярэнняў. Пад яго кіраўніцтвам створаны спектральныя прыборы для вывучэння працэсаў уваходу касм. апаратаў у шчыльныя слаі атмасферы і даследавання прыродных покрываў Зямлі з борта арбітальных станцый «Салют» і «Мір». Дзярж. прэмія Беларусі 1974. Дзярж. прэмія СССР 1990.
Тв.:
Плазменная металлизация в вакууме. Мн., 1982 (у сааўт.);
О гидродинамических уравнениях для переходного слоя плазма—твердое тело. Мн., 1986 (разам з С.Л.Мазурэнкам).
Літ.:
Л.И.Киселевский // Журн. прикладной спектроскопии. 1997. Т. 64, № 2.
дзеяч бел. эміграцыі, амерыканскі вучоны. Д-р філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі (1982), акад.Міжнар. акадэміі астранаўтыкі ў Парыжы (1991). Скончыў Навагрудскую бел. гімназію (1928), Віленскі ун-т (1933). Працаваў настаўнікам, дырэктарам Віленскай і Навагрудскай бел. гімназій. За рэв. дзейнасць двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі. У 1939—41 выкладаў у Баранавіцкім настаўніцкім ін-це, працаваў інспектарам школ Баранавіцкай вобл. У 1943 з дазволу акупац. улад арганізаваў настаўніцкія семінарыі ў Маладзечне і Паставах, засн. Адм.-гандл ін-т у Маладзечне. З 1944 у Германіі, з 1948 у ЗША, дзе заснаваў бел. калонію ў Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі). Удзельнічаў у распрацоўцы амер.касм. праектаў, адначасова выкладаў у Мэрылендскім ун-це. З 1972 у Германіі, выкладаў у Гайдэльбергскім ун-це, філіяле Мэрылендскага ун-та ў г. Вісбадэн. Аўтар навук. прац па праблемах астранаўтыкі. Фундатар многіх эміграцыйных бел. выданняў, бел. радыё ў Аўстраліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТА́ЙСКА-ТЫБЕ́ЦКІЯ МО́ВЫ,
сіна-тыбецкія мовы, сям’я моў, адна з самых вял. у свеце. Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд.-Усх. Азіі. Уключаюць больш за 100 (паводле інш. звестак — некалькі сотняў) моў. Падзяляюць на 2 асн. галіны: кіт. (кітайская мова, дунганская, магчыма, мова бай, або мінцзя) і тыбецка-бірманскую (бірманская мова, тыбецкая мова, мовы карэнскія, хані, маніпуры, або мейтхей, бадо, або качары, гаро, цзінпо, або качын, лісу, таманг, неварская, гурунг). Існуюць 2 асн. тыпы іх пісьменнасцей: пікта-ідэаграфічныя (кіт. іерогліфіка, тангуцкае пісьмо, пісьмо насі і пісьмо i) і фанетычныя пісьменнасці інд. паходжання — тыбецкія і бірманскія алфавіты, пісьмо невары, ронг, або ленча, маніпуры, мёртвай мовы п’ю, і пісьменнасці, створаныя на аснове лац. ці рус. алфавіта — мовы падгрупы лоло. К.-т. м. коранескладовыя, ізалюючыя з тэндэнцыяй да аглюцінацыі. Марфема, як правіла, адпавядае складу; корань звычайна не змяняецца. Часціны мовы вылучаюцца па значэнні слоў, па іх здольнасці ўжывацца ў складзе пэўных сінтакс. канструкцый і па спалучальнасці са службовымі марфемамі.
Літ.:
Яхонтов С.Е. Глоттохронология и китайско-тибетская семья языков. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ШКІ, Кішкі-Цеханавецкія,
магнацкі род герба «Дамброва» («Дуброва») у ВКЛ. Заснавальнік роду Павел Струміла (пач. 15 ст.). Яго сын Мацей (Мацька) родапачынальнік Цеханавецкіх. Найб. вядомыя К.: Станіслаў Пятрашкавіч (?—1513, або 1514),
падстолі ВКЛ (1487—88), маршалак гаспадарскі і намеснік лідскі (1493), маршалак земскі ВКЛ (каля 1512); Пётр Станіслававіч (?—1534), староста драгічынскі, дзяржаўца ожскі і пераломскі, з 1521 ваявода полацкі, з 1532 кашталян трокскі і староста жмудскі, адзін з буйных магнатаў ВКЛ; Станіслаў Пятровіч (?—1.11.1544), староста брацлаўскі (1522), дзяржаўца ўсвяцкі і азярышчанскі, з 1544 ваявода віцебскі; Ян Станіслававіч, гл.Кішка Ян С.; Януш Станіслававіч, гл.Кішка Януш С.; Мікалай Станіслававіч (?—31.5.1644), з 1617 ваявода дэрпцкі, з 1627 — мсціслаўскі, з 1636 кашталян трокскі, з 1640 падскарбі ВКЛ, бяздзетны; Крыштоф Станіслававіч, з 1632 чашнік ВКЛ, з 1636 ваявода мсціслаўскі, з 1639 — віцебскі. Яго дачка Альжбета — апошняя ў родзе К. Большая частка багацця згаслага роду перайшла да пародненых з ім Радзівілаў.
Літ.:
Jakubczak S. Jerzy Strumiłło — przywódca konfederacji lwowskiej 1464 // Społeczeństwo Polski średniowiecznej. Warszawa, 1992. T. 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́СТЭРЫ (англ. cluster літар. пучок, рой, вялікая колькасць),
групоўкі хімічна злучаных атамаў (ад 3—4 да некалькіх дзесяткаў і нават соцень) аднаго ці розных элементаў. Устойлівыя толькі ў саставе хім. кластэрных злучэнняў і кластэрных матэрыялаў (К. размеркаваны ў сярэдзіне матрыцы, напр., графіту).
У метал. К. атамы металаў (пераважна пераходных) злучаны шматцэнтравымі сувязямі, якія ў К. з некалькі дзесяткаў атамаў трансфармуюцца ў металічную сувязь. Звычайна маюць форму шматграннікаў (тэтраэдрычных, актаэдрычных). Кластэрныя злучэнні маюць кластэрныя іоны, напр., [Fe4(CO)13]2-, [Os6(CO)18]2−, [Mo3NiS4]4+, [Au55(PR3)12]6+. У гэтых іонах метал. К., які мае зарад, злучаны з лігандамі: асобнымі атамамі (напр., галагены, сера, кісларод) ці малекуламі (напр., аксід вугляроду СО, фасфіны PR3, дзе R — арган. радыкал). Кластэрныя злучэнні тыпу Fe4S4 уваходзяць у склад ферментаў і адыгрываюць значную ролю ў біял. працэсах акіслення, фіксацыі атм. азоту і інш. Перспектыўнае выкарыстанне кластэрных злучэнняў як каталізатараў для хім. прам-сці.
Літ.:
Петров Ю.И. Кластеры и малые частицы. М., 1986;
Губин С.П. Химия кластеров: Основы классификации и строение. М., 1987.
В.В.Свірыдаў.
Да арт.Кластэры. Структура кластэрнага дыаніёна [Os6(CO)18]2−.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ЧНАЯ ФО́РМА,
асобная словаформа назоўніка, якая служыць для выражэння звароту, закліку і выконвае эмацыянальна-валявую функцыю маўлення. Захавалася ва ўкр. мове, у рус. мове сустракаецца толькі ў асобных гаворках. З інш.слав. моў захавалася ў польскай, чэш., балг., сербскахарвацкай, бел. і некат. інш.
У сучаснай бел. мове ў залежнасці ад значэння назоўніка і характару яго асновы можа заканчвацца на галосныя «-е» («браце»), «-у» («ве́тру»), «-о» («дзяўчо»), «-а» («дружа»), «-ю» («чаю») і інш. Выкарыстанне абмежавана пераважна эмацыянальна-валявой сферай. Ужываецца ў размоўным стылі («пап», «Мань»), часткова ў публіцыстычным стылі, у эпісталярным жанры і найб. шырока ў маст. л-ры («Смялей, беларусе-араты!»). К.ф. распаўсюджана таксама ў бел. фальклоры і бел. дыялектах («мамо», «Галё»). У маўленні характарызуецца спецыфічнай інтанацыяй звароту, закліку часта ў спалучэнні з часціцамі («Гэй, хлебаробе мазольны!»). Пры выкарыстанні з залежнымі словамі ўтвараюцца клічныя словазлучэнні («Краю мой родны, як выкляты богам!»). Пры інтанацыйнай і сэнсавай завершанасці К.ф. і клічныя словазлучэнні ўтвараюць клічныя сказы.
Літ.:
Наркевіч А.І. Назоўнік: Граматычныя катэгорыі і формы. Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯ́ЗЬНІН ((Kniaźnin) Францішак Дыянізы) (4.10.1749 або 1750, г. Віцебск — 25.8.1807),
польскі паэт, драматург, перакладчык; прадстаўнік сентыменталізму. Скончыў Віцебскі езуіцкі калегіум (1764). У 1764—70 вучыўся ў Полацку, Нясвіжы, Слуцку. З 1770 у Варшаве. З 1775 сакратар кн. А.К.Чартарыйскага, з 1783 прыдворны паэт Чартарыйскіх у Пулавах (Люблінскае ваяв.). У зб. «Carmina» (1781) пераклады Гарацыя, «Трэнаў» Я.Каханоўскага, оды і элегіі на лац. мове. Аўтар зб. «Байкі» (1776) на ўзор Ж.Лафантэна, «Эротыкі» (т. 1—2, 1779) у духу анакрэантычнай паэзіі, «Вершы» (1783) з элементамі стылю ракако. У зб. «Паэзія» (т. 1—3, 1787—89) любоўна-ідылічная, паліт. (у т. л. вершы «Да Тадэвуша Касцюшкі»), рэліг. лірыка. Сярод драм. твораў — пастаралі з рысамі бел. фальклору, гераічна-патрыят. п’есы («Гектар»). Опера «Цыганы» на лібрэта К. ставілася ў Слонімскім т-ры Агінскага (1786). У некаторых вершах услаўляў край маленства — Віцебшчыну. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі А.Жлутка, Н.Мерашчак, Л.Семянюк.
Tв.: Wiersze wybrane. Warszawa, 1981; Бел.пер. — у кн. Віцебскі сшытак. 1995. № 1.
Літ.:
Kostkiewiczowa T. Kniaźnin jako poeta liryczny. Wrocław, 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БАЛЬТ (лац. Cobaltum),
Co, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 27, ат. м. 58,9332. Прыродны складаецца з 2 стабільных ізатопаў: 59Co (99,83%) і 57Co (0,17%). У зямной кары 410−3% па масе. Неабходны для жыцця раслін і жывёл; уваходзіць у састаў вітаміну B12. Атрыманы ў 1735 швед. хімікам Г.Брантам. Назва ад ням. Kobold — дамавік, гном.
Бледна-жоўты метал з ружовым ці сіняватым адценнем, tпл 1494 °C, шчыльн. 8900 кг/м³; ферамагнетык (пункт Кюры 1121 °C). Кампактны пры звычайнай т-ры ўстойлівы ў паветры, тонкадысперсны — пірафорны. Узаемадзейнічае з разбаўленымі мінер. к-тамі (пасівіруецца канцэнтраванай азотнай), галагенамі (акрамя фтору), пры сплаўленні — з вугляродам, серай, селенам. Атрымліваюць пры перапрацоўцы нікелевых руд. Выкарыстоўваюць для атрымання кобальтавых сплаваў (гарачатрывалых, магнітных, каразійнаўстойлівых і інш.); злучэнні К. — як каталізатары, пігменты, мікраўгнаенні (гл.Кобальтавыя ўгнаенні), кампаненты фарбаў, шкла, керамікі; радыеактыўны ізатоп 60Co — як крыніцу γ-выпрамянення ў медыцыне і тэхніцы.
Літ.:
Перельман Ф.М., Зворыкин А.Я. Кобальт и никель. М., 1975;
Большаков К.А. Химия и технология кобальта. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ СЯЛЯ́Н 1933у Заходняй Беларусі,
узброенае выступленне сялян Кобрынскага пав. 3—4 жн. супраць сац. і нац. прыгнёту. Паводле рашэння Брэсцкага акр.к-таКПЗБ на 4 жн. быў прызначаны паход сялян Кобрынскага пав. ў маёнтак паноў Малачэўскіх з патрабаваннем выдаць плату за палявыя работы. З жн. па дарозе да месца збору (в. Булькова) сяляне разграмілі некалькі сядзіб асаднікаў у в.Вял. Радванічы, забралі зброю; больш за 100 узбр. сялян некалькі гадзін трымалі ў асадзе паліцэйскі ўчастак у Навасёлках. Раніцай 4 жн. паліцыя з падмацаваннем з Брэста разагнала сялян, павет быў абвешчаны на асадным становішчы, пачаліся аблавы, вобыскі, арышты. Арганізатары выступлення былі аддадзены пад ваенна-палявы суд. На абарону арыштаваных выступілі працоўныя Зах. Беларусі, таму смяротны прыгавор 8 чал. быў заменены пажыццёвай катаргай, астатнія прыгавораны да розных тэрмінаў зняволення. У в. Навасёлкі Кобрынскага р-на ў памяць пра выступленне сялян пастаўлены помнік.
Літ.:
Курковіч М. За што судзілі рэвалюцыйных сялян у Кобрыне? Вільня, 1933;
Ласковіч В.П. Узброенае выступленне сялян у вёсцы Навасёлкі // У суровыя гады падполля. Мн., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́ТБУС»
(«Cottbus»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў у Вял.Айч. вайну. Праводзілася супраць партызан і мясц. насельніцтва ў Бягомльскім, Плешчаніцкім, Халопеніцкім р-нах Мінскай і Лепельскім р-не Віцебскай абл. 20.5—21.6.1943 спец. карнымі часцямі СС, жандармерыяй, ахоўнымі войскамі, паліцыяй з падтрымкай рэгулярных войск з танкамі, артылерыяй і авіяцыяй (усяго больш за 80 тыс.чал.). Карнікі з мэтай знішчэння акружылі ў раёне Домжарыцкіх і Паліцкіх балот партыз. брыгады «Дзядзькі Колі», «Жалязняк», імя Кірава, але ў ноч на 19 чэрв. партызаны выйшлі з блакады, і ням. камандаванне спыніла аперацыю. У ходзе аперацыі карнікі загубілі каля 10 тыс.мясц. жыхароў, спалілі дзесяткі вёсак, у т. л. Ганцавічы (загубілі 145 чал.), Іканы (550 чал.), Новае Сяло (148 чал.) Бягомльскага р-на, Засоўе (235 чал.), Літвічы (118 чал.) Плешчаніцкага р-на, у г.п. Бягомль забілі 300 чал.; вывезлі ў Германію 6053 чал., захапілі 6500 галоў жывёлы, 684 т збожжа, 24 т бульбы і інш.с.-г. прадуктаў.
Літ.:
Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944). Мн., 1995. С. 369—370.