біялагічныя падраздзяленні адзінага віду сучаснага чалавека (Homo sapiens), якія склаліся гістарычна на пэўных тэрыторыях (арэалах) і характарызуюцца сукупнасцю пэўных спадчынных прыкмет будовы цела. Чалавечыя Р. не маюць тэндэнцыі да відаўтварэння і не з’яўляюцца ступенямі эвалюцыі. Паміж Р. не існуе жыццёва важных марфал., фізіял., псіхічных адрозненняў; неабмежаванае змешванне чалавечых Р. сведчыць пра адзінства іх паходжання і прыналежнасць да адзінага віду. Расавыя асаблівасці не ўплываюць на развіццё грамадства. Расавы склад народаў — вынік гіст. развіцця.
Першыя спробы класіфікацыі Р. адносяцца да 17—18 ст. (Г.Лейбніц, К.Ліней, Ж.Бюфон, І.Кант, Ж.Кюўе і інш.). Шырокае прызнанне атрымала класіфікацыя франц. вучонага Ж.Дэнікера (1889), якая лягла ў аснову большасці сучасных сістэм. Значны ўклад у распрацоўку класіфікацыі Р. сав. антраполагаў (В.В.Бунак, Г.Ф.Дэбец, М.М.Чабаксараў, А.І.Ярхо і інш.). У сучаснай антрапалогіі існуюць 2 кірункі ў класіфікацыі чалавечых Р. — тыпалагічны і папуляцыйны. Паводле першага рабілася спроба вызначыць «расавую прыналежнасць» кожнага індывіда, што часта немагчыма, бо расавыя прыкметы наследуюцца не комплексам, а незалежна адна ад адной і часта значна вар’іруюць нават у малой групе насельніцтва, звязанай кроўнай роднасцю; падобныя прыкметы могуць узнікаць самастойна і нават ад дзеяння розных генаў. У 2-йпал. 20 ст. найбольшае прызнанне ў класіфікацыі Р. атрымаў папуляцыйны кірунак, які ўлічвае, што характарыстыка Р. заснавана на стат. крытэрыях, сярэдніх велічынях прыкмет і іх працэнтным размеркаванні, гэта асабліва важна пры вызначэнні Р. 2-га парадку, якія адрозніваюцца паміж сабой па 2—3 прыкметах. Папуляцыяністы вывучаюць адрозненні паміж групамі людзей, звязаных шлюбнымі сувязямі, па характары спадчыннасці вонкава падобных прыкмет (колер скуры і інш.), размеркаванні груп крыві і інш. Пры выяўленні роднасці Р. усё большае значэнне надаецца прыкметам з устаноўленай формай спадчыннасці. Пры гэтым, аднак, улічваецца, што канцэнтрацыя гэтых прыкмет можа значна зменьвацца пад уплывам адбору і т.зв. геннага дрэйфу, г.зн. выпадковай страты або назапашвання генаў у малых ізаляваных папуляцыях. Неабмежаванае змешванне Р. дае магчымасць прадбачыць, што ў будучым Р. перастануць існаваць, а фіз. адрозненні паміж людзьмі набудуць індывідуальны характар.
Чалавецтва падзяляецца на 3 вял. Р. 1-га парадку: аўстрала-негроідную (экватарыяльную), якая ўключае аўстралоідную, ведоідную, меланезійскую, негрскую, бушменскую Р. 2-га парадку (гл.Негроідная раса); еўрапеоідную (еўразійскую), якая ўключае атланта-балтыйскую, беламорска-балтыйскую, сярэднееўрапейскую, індаміжземнаморскую, балкана-каўказскую Р. 2-га парадку (гл.Еўрапеоідная раса); мангалоідную (азіяцка-амерыканскую), якая ўключае паўночна-азіяцкую, арктычную (эскімоскую), далёкаўсходнюю, паўднёваазіяцкую, амерыканоідную Р. 2-га парадку (гл.Мангалоідная раса). Становішча некат. груп, фізічны тып якіх не ўкладваецца ў гэты падзел, дыскусійнае. Аўстралійцы формаю валасоў падобны да еўрапеоіднай Р., іншымі прыкметамі — да экватарыяльнай (гл.Аўстралоідная раса). Айны фізічнымі прыкметамі больш падобны да еўрапейцаў, а паходжаннем бліжэй да аўстралійцаў. Гатэнтоты і бушмены падобныя да мангалоідаў жоўтым колерам скуры, інш. прыкметамі — да экватарыяльнай Р. Амер. індзейцы некат. прыкметамі набліжаюцца да еўрапеоіднай Р., іншымі яны бліжэйшыя да мангалоідаў (гл.Амерыканоідная раса). Складаным з’яўляецца пытанне пра паходжанне палінезійцаў, у якіх выяўляецца падабенства да ўсіх трох вял. Р. Ёсць меркаванне, што яны ўтварыліся ад расавых змяшэнняў. Прамежкавае становішча займаюць эфіопская (паміж еўрапеоіднай і аўстрала-негроіднай Р.), паўднёваіндыйская (паміж ведоіднай і індаміжземнаморскай Р.), уральская (паміж беламорска-балтыйскай і паўночнаазіяцкай), паўднёва-сібірская (паміж мангалоіднай і еўрапеоіднай) Р. Нейтральнае становішча займае курыльская Р.
Паводле даследаванняў Р.Я.Дзянісавай, В.В.Бунака і В.Дз.Дзячэнкі на тэр. Беларусі вылучаны 2 антрапал. тыпы. Беларусы паўн.-зах., паўн. і паўн.-ўсх. раёнаў маюць сярэдні рост, светлы колер скуры, вачэй і валасоў, сярэднешырокі нізкі твар з прамой або ўвагнутай спінкай носа, сярэднегустой барадой і належаць да беламорска-балтыйскай Р. 2-га парадку еўрапеоіднай вял. Р. Беларусы Палесся маюць больш цёмны колер вачэй і валасоў, больш прамую спінку носа і належаць да сярэднееўрапейскай Р. 2-га парадку еўрапеоіднай вял. Р.
Фарміраванне сучасных Р., магчыма, адбылося ў эпоху позняга палеаліту, калі ўжо можна прасачыць прадстаўнікоў асн. Р.: еўрапеоідам адпавядаюць краманьёнцы, аўстрала-негроіднай Р. — познапалеалітычнае насельніцтва Паўд. і Цэнтр. Афрыкі і Інданезіі, мангалоідам — стараж. насельніцтва Сібіры і Кітая. У канцы позняга палеаліту і ў мезаліце з Пд і У людзі засялілі вобласць Паўн. Еўразіі, што суправаджалася змяшэннем прадстаўнікоў еўрапеоіднай і мангалоіднай Р. і ўтварэннем прамежкавых тыпаў. У познім палеаліце засяляецца Аўстралія з Паўд.-Усх. Азіі і Амерыка з Паўн. Азіі праз вобласць Берынгава праліва. І пазней на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва адбываюцца пастаянныя міграцыі насельніцтва. Найб. з іх, т.зв. Вялікае перасяленне народаў, адбылося на мяжы н.э. з Цэнтр. Азіі праз Зах. Сібір, Казахстан, Сярэднюю Азію ў стэпы Прычарнамор’я. З 10 ст. нарманы праніклі ў Грэнландыю і Паўн. Амерыку, з 16 ст. іспанцы, партугальцы, пазней галандцы і англічане засялялі Амерыку, рускія — Сібір, галандцы і англічане каланізавалі Паўд. Афрыку. У 19 ст. ўзмацнілася эміграцыя з розных краін Еўропы ў Амерыку, англічане каланізавалі Аўстралію і Новую Зеландыю, кітайцы і японцы рассяліліся на астравах Ціхага акіяна.
Літ.:
Тегако Л.И. Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-МАРЫ́НА (San Marino), Рэспубліка Сан-Марына (Repubblica di San Marino),
дзяржава ў Еўропе, на Апенінскім п-ве, за 13 км ад Адрыятычнага мора. Абкружана тэр. Італіі. Пл. 60 км². Нас. 26,9 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова італьянская. Сталіца — г.Сан-Марына. Падзяляецца на 9 адм. адзінак (замкаў). Нац. свята — гадавіна заснавання рэспублікі (3 вер.).
Дзяржаўны лад. С.-М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя (Статут) 1600 (са зменамі). Вышэйшы заканад. орган — Вялікі ген. савет (аднапалатны парламент), які складаецца з 60 дэпутатаў (выбіраюцца насельніцтвам па прапарцыянальным прадстаўніцтве на 5 гадоў). Функцыі кіраўніка дзяржавы і выканаўчай улады выконваюць 2 капітаны-рэгенты, якія выбіраюцца Вял.ген. саветам са сваіх членаў на 6 месяцаў.
Прырода. Усю краіну займаюць адгор’і Апенінаўвыш. да 739 м (г. Тытана). Клімат міжземнаморскі. Т-ра паветра ў студз. 4 °C, у ліп. 23 °C. За год выпадае 800—900 мм ападкаў, найб. у зімовы час. Невял. ўчасткі маквісу, дубовыя гаі.
Насельніцтва. Каля 80% складаюць санмарынцы, народ блізкі да італьянцаў. Жывуць таксама італьянцы. Каля 95% вернікаў — католікі. Сярэднегадавы прырост каля 0,6%. Сярэдняя шчыльн. каля 450 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва больш за 91%. Гарады невялікія, ад 4 тыс. да 1 тыс.ж. Каля 55% насельніцтва занята ў сферы паслуг, каля 43% — у прам-сці, каля 2% — у сельскай гаспадарцы. Значная эміграцыя, каля 20 тыс. санмарынцаў жывуць за мяжой (найб. у Італіі).
Гісторыя. С.-М. — найстаражытнейшая з дзяржаў Еўропы. Яе ўзнікненне паданне адносіць да 301, легендарным заснавальнікам лічыцца хрысціянін каменячос Марына, які ўцёк сюды з Далмацыі ад рэліг. праследаванняў і пазней быў прылічаны да святых. Назва «Рэспубліка С.-М.» сустракаецца ў дакументах з 10 ст. У 11—13 і 15 ст.тэр. рэспублікі павялічылася за кошт суседніх зямель. У 19 ст. С.-М. неаднаразова была прыстанкам для італьян. рэвалюцыянераў — удзельнікаў рысарджымента (карбанарыяў, Дж.Гарыбальдзі і інш.). Пасля ўтварэння адзінай італьян. дзяржавы С.-М. ў 1862 заключыла з Італіяй дагавор пра сяброўства і добрасуседства (узнаўляўся ў 1872, 1897, 1953), паводле якога С.-М. фактычна апынулася пад італьян. пратэктаратам. У 1-йсусв. вайне рэспубліка ўдзельнічала на баку Антанты (выставіла 15 салдат). У 1923 да ўлады ў С.-М. прыйшлі фашысты. У 2-ю сусв. вайну рэспубліка абвясціла нейтралітэт, але ў вер. 1944 акупіравана ням. фашыстамі. У 1945—57 большасць у парламенце належала кааліцыі левых партый на чале з камуністамі і сацыялістамі. Да 1974 краінай кіравалі кааліцыйныя ўрады на чале з Хрысц.-дэмакр. партыяй, потым — кааліцыйны ўрад хрысц. дэмакратаў і сацыялістаў, з 1978 — кааліцыя левых партый, з 1986 — камуністаў і хрысц. дэмакратаў, з 1998 — сацыялістаў і хрысц. дэмакратаў.
У знешняй палітыцы С.-М. прытрымліваецца прынцыпаў нейтралітэту і недалучэння. С.-М. — чл. Савета Еўропы (з 1988) і ААН (з 1992). Асн.паліт. партыі і грамадскія арг-цыі, прадстаўленыя ў парламенце: Хрысц.-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя, Прагрэсіўна-дэмакр. партыя (з 1990, б. камуністы), Партыя камуніст. пераўтварэння, Нар. саюз дэмакратаў, Дэмакр. рух. Асн. прафсаюзы: сан-марынскія канфедэрацыя працы і дэмакр. канфедэрацыя працоўных.
Гаспадарка. Краіна высокага ўзроўню жыцця. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. складае каля 20 тыс.дол. за год. Аснова эканомікі — абслугоўванне замежных турыстаў, дае каля 60% даходу краіны. Штогод С.-М. наведвае да 3,5—4 млн.чал. Турыстаў прываблівае стараж. гісторыя дзяржавы, шматлікія гіст. і арх. помнікі, маляўнічая прырода, узровень абслугоўвання. Значны міжнар. цэнтр банкаўскіх паслуг. Прам-сць прадстаўлена невял. прадпрыемствамі. Электраэнергія імпартуецца з Італіі. На тэр. С.-М. філіялы італьян.маш.-буд. і інш. фірм. Прадпрыемствы электроннай, харч. (малочная і сыраварная, мясная, вінаробчая), тэкст. (шарсцяныя і трыкат. вырабы), металаапр., хім., мэблевай, цэм., гарбарнай, керамічнай, папяровай прам-сці. Здабыча цэм. сыравіны, буд. каменю, серы, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Саматужны і рамесніцкі выраб сувеніраў, у т. л. з металаў, шкла, маёлікі; ювелірных упрыгожанняў. Важная крыніца даходаў — выпуск паштовых марак і манет для нумізматаў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 1,2 тыс.га зямлі. Пераважаюць дробныя гаспадаркі да 1 га. Сеюць пшаніцу, кукурузу, агародніну. Вінаградарства і вырошчванне аліўкавых дрэў. Гадоўля буйн. раг. жывёлы, авечак і свіней. Транспарт пераважна аўтамабільны. У С.-М. 220 км аўтадарог. Знешнія сувязі праз італьян. порт Рыміні. Краіна з 1954 у мытным і паштовым саюзе з Італіяй, якая штогод выплачвае С.-М. кампенсацыю за адмову ад даходаў, звязаных з мытнымі пошлінамі, радыё- і тэлецэнтрамі, ігральнымі дамамі і інш. Экспарт; віно, тэкст. вырабы, скуры, мэбля, кераміка, буд. камень; імпарт: спажывецкія і прамысл. тавары, паліва. Гандаль пераважна з Італіяй. Грашовая адзінка — італьян. ліра.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Сан-Марына.Да арт.Сан-Марына. Ландшафтная панарама каля падножжа г. Тытана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛІ́ЗМ (франц. socialisme ад лац. socialis грамадскі),
1) сукупнасць ідэй, поглядаў, вучэнняў аб дасканалым грамадстве.
2) Кірунак ідэйна-паліт. і тэарэт. думкі, а таксама адпаведны ёй грамадскі рух.
3) Сацыяльны лад грамадства, які прадугледжвае пабудову і функцыянаванне ўсёй сістэмы грамадскіх адносін, грамадскай структуры і ін-таў, у т. л. дзяржавы, у адпаведнасці з сацыяліст. ідэямі. Тэрмін «С.» увёў у пач. 1830-х г.франц. сацыяліст-утапіст П.Леру. Прадстаўнікі утапічнага сацыялізму пад С. разумелі грамадскі лад без эксплуатацыі чалавека чалавекам, які заснаваны на прынцыпе грамадскай справядлівасці. У стараж. Грэцыі былі спробы філас. асэнсавання грамадскага і дзярж. ладу з пункту гледжання яго адпаведнасці патрэбам грамадзян. Лічылася, што чалавек павінен паважаць волю вышэйшых сіл, падпарадкоўвацца аб’ектыўным законам і ўплываць на прыродныя і грамадскія ўмовы ў інтарэсах свайго развіцця, а мэта дзяржавы — забеспячэнне самаст. і шчаслівага жыцця грамадзян. Ідэя справядлівасці і справядлівага грамадскага ладу складала аснову звычаёвага права. Сакрат абгрунтоўваў тоеснасць разумнага, справядлівага і законнага пачаткаў. Платон у дыялогу «Дзяржава» выклаў свой праект ідэальнай дзяржавы, выказваўся супраць прыватнай уласнасці і расколу грамадства на багатых і бедных, нераўнапраўя жанчын, захопніцкіх і грабежніцкіх войнаў. Арыстоцель вылучаў 2 віды справядлівасці: ураўняльную, якая грунтавалася б на «арыфметычнай роўнасці» людзей і выступала б у галіне грамадзянскага і крымінальнага права; і размеркавальную, заснаваную на «геаметрычнай роўнасці», на падзеле агульных даброт па заслугах, прапарцыянальна асабістаму ўкладу кожнага. Развіццё сацыяліст. ідэй прадаўжалі прадстаўнікі утапічнага С. — Т.Мор, Т.Кампанела, Г.Маблі, Ж.Мелье, Ф.Бабёф, А.Сен-Сімон, Ш.Фур’е, Р.Оўэн і інш. З 16 ст. па 1830—40-я г. рабіліся спробы тэарэтычна абгрунтаваць шэраг асн. ідэй і палажэнняў: аб неабходнасці ўстанаўлення грамадскай уласнасці на прылады і сродкі вытв-сці, аб прынцыпе размеркавання грамадскіх даброт паводле здольнасцей, стварэнні буйной грамадскай вытв-сці з выкарыстаннем дасягненняў навукі і тэхнікі. Сфарміраваўся пэўны ідэал грамадскага ладу, дзе забяспечваюцца матэрыяльныя і духоўныя патрэбы грамадзян і ствараюцца ўмовы для ўсебаковага развіцця чалавечай асобы. Абвастрэнне класавых супярэчнасцей у капіталіст. грамадстве і паяўленне першых форм арганізаванага сац. пратэсту рабочых супраць эксплуатацыі, у прыватнасці чартысцкага руху ў Вялікабрытаніі, спрыялі ператварэнню С. ў 1830—40-я г. ў адзін з гал. кірункаў еўрап. грамадска-паліт. і навук. думкі, які звязваў сябе з абаронай інтарэсаў рабочага класа. Аднак сацыяліст. ідэі былі неаднародныя і супярэчлівыя ў разуменні будучага сацыяліст. ладу і шляхоў да яго ўсталявання. З цягам часу склаліся 2 гал. падыходы: марксісцкі і сацыял-дэмакратычны. Згодна з матэрыялістычным тлумачэннем гіст. працэсу (К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін і інш.), С. — заканамерны вынік гісторыі і з’яўляецца ніжэйшай ступенню камуніст. грамадска-эканам. фармацыі, якая прыходзіць на змену капіталізму. Асн. шляхам для дасягнення гэтай мэты лічыліся сацыяліст. рэвалюцыя, экспрапрыяцыя капіталу і буйной прыватнай уласнасці, пазбаўленне буржуазіі паліт. улады, уздым вытв. сіл грамадства на базе грамадскай уласнасці, удзел працоўных у кіраванні дзяржавай, развіццё асветы, навукі і культуры. Гэтыя прынцыпы ўвайшлі ў праграмы сацыяліст. арг-цый і партый марксісцкай арыентацыі. Сацыял-дэмакратычны падыход да С. ставіў задачы паступовага рэфармавання грамадства ў кірунку паляпшэння сац. становішча працоўных, пашырэння дэмакр. свабод і правоў грамадзян (гл.Рэфармізм). Гэтыя ідэі выкладзены ў праграмах адпаведных паліт. партый, якія ўваходзяць у Сацыялістычны інтэрнацыянал. Распад каланіяльнай сістэмы, утварэнне новых дзяржаў і пошук шляхоў самаст. развіцця выклікалі паяўленне своеасаблівых канцэпцый С., дзе знайшлі свой адбітак нац. традыцыі і культура пэўных народаў. Пераломнай для сацыяліст. ідэалу гіст. падзеяй стала Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917, дзякуючы якой С. пачаў набываць контуры рэальна існуючага грамадства ў Расіі, а пасля 2-йсусв. вайны — у некаторых краінах Усх. і Цэнтр. Еўропы, Кітаі, на Кубе. У СССР узнікла спецыфічная форма С. — дзяржаўны С., які спалучыў у сабе марксісцка-ленінскія ідэі з традыцыямі і культ.-цывілізацыйнымі асаблівасцямі рускага і іншых народаў краіны і характэрнымі рысамі якога былі: манаполія дзярж. уласнасці, адчужэнне непасрэдных вытворцаў ад сродкаў вытв-сці, прысваенне прыбавачнай вартасці і эксплуатацыя працоўных, дырэктыўнае цэнтралізаванае планаванне, нецярпімасць да іншадумства. Адначасова змест гэтай сістэмы выражаўся ў пэўнай сац. арыентацыі: грамадскія фонды, бясплатныя адукацыя і мед. абслугоўванне, датацыі, ільготы, бясплатнае атрыманне жылля і нізкая кватэрная плата, матэрыяльная падтрымка дзяржавай права на адпачынак і інш. Форма дзяржаўнага С. шмат у чым тлумачыцца складанымі ўнутр. і знешнімі ўмовамі (войны, пагрозы вайной і інш.), аднак былі забяспечаны цэласнасць шматнацыянальнай дзяржавы і яе ўсебаковае развіццё.
Літ.:
Маркс К., Энгельс Ф. Маніфест камуністычнай партыі: Пер. з рус.Мн., 1968;
Энгельс Ф. Развіццё сацыялізму ад утопіі да навукі: Пер. з рус.Мн., 1970;
Утопический социализм: Хрестоматия. М., 1982;
Бердяев Н.А. Истоки и смысл русского коммунизма. М., 1990;
Бернштейн Э. Возможен ли научный социализм?: «Ответ Г.Плеханова»: Пер. с нем. М., 1991;
Фроянов И.Я. Октябрь семнадцатого (глядя из настоящего). СПб., 1997;
Жибуль И.Я. Гуманизм советского образа жизни. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛІ́СТЫ-РЭВАЛЮЦЫЯНЕ́РЫ, эсэры,
палітычная партыя ў Расіі ў 1901—23. Узнікла ў канцы 1901—пач. 1902 у выніку аб’яднання шэрагу народніцкіх груп і гурткоў. Кіраўнікі ў розны час: Р.А.Гершуні, В.М.Чарноў, Е.Ф.Азеф, Б.В.Савінкаў, А.Р.Гоц, М.В.Аўксенцьеў, У.М.Зензінаў. Друкаваныя органы: газ. «Революционная Россия», «Знамя труда», час. «Вестник русской революции» і інш.Асн. мэта — экспрапрыяцыя капіталіст. уласнасці, рэарганізацыя вытв-сці і ўсяго грамадскага ладу на сацыяліст. прынцыпах. Партыя прапаведавала тэорыю «адзінага працоўнага народа» (сяляне, рабочыя, рэв. інтэлігенцыя), якому павінна належаць улада і ўласнасць. Праграма (прынята на 1-м з’ездзе ў 1906) змяшчала патрабаванні дэмакр. рэспублікі, усеагульнага выбарчага права, свабоды слова, друку, сходаў, адукацыі за кошт дзяржавы, скасавання пастаяннай арміі. С.-р. лічылі сялянства гал. сілай рэвалюцыі, выступалі за сацыялізацыю зямлі (выключэнне яе з тавараабароту і ператварэнне з прыватнай уласнасці ва ўсенар. набытак), яе ўраўняльнае размеркаванне без выкупу, шырокае развіццё с.-г. кааперацыі. У нац. пытанні адстойвалі ідэю федэратыўных адносін паміж нацыянальнасцямі, прызнання за імі безумоўнага права на самавызначэнне. У рэвалюцыю 1905—07 С.-р. ўдзельнічалі ва ўзбр. выступленнях у Маскве (снеж. 1905), Кранштаце і Свеаборгу (лета 1906), кіравалі шматлікімі сял. паўстаннямі, мелі прадстаўнікоў у Дзярж. думе, Саветах рабочых дэпутатаў, ва Усерас.сял. саюзе. Але асн. сродкам барацьбы супраць самадзяржаўя яны лічылі індывід. тэрор. У 1901—12 эсэры ажыццявілі 200 тэрарыст. актаў, забілі 12 міністраў і 450 дзярж. служачых. У 1906 з партыі С.-р. вылучыліся групы, з якіх утварыліся партыі максімалістаў і народных сацыялістаў. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 эсэры легалізаваліся. Разам з меншавікамі яны падтрымлівалі палітыку Часовага ўрада (ад эсэраў у яго увайшлі А.Ф.Керанскі, Аўксенцьеў, Чарноў, С.Л.Маслаў). Іх прадстаўнікі фактычна панавалі ў Саветах сялянскіх дэпутатаў, разам з меншавікамі мелі большасць у Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў, гар. думах, зямельных і харчовых к-тах. Летам 1917 з партыі С.-р. вылучылася фракцыя (са снеж. 1917 — самаст. партыя) левых эсэраў. С.-р. варожа сустрэлі Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 (высунулі лозунг «Ўся ўлада Устаноўчаму сходу!»). У час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—22 яны ўваходзілі ў склад Камітэта членаў Устаноўчага сходу і інш. антыбальшавіцкіх урадаў, арганізавалі шматлікія антыбальшавіцкія паўстанні, у т. л.Антонава паўстанне 1920—21. Да 1922 большасць арг-цый эсэраў разгромлены ВЧК (на эміграцыі яны праіснавалі да канца 1930-х г.), у чэрв. 1922 у Маскве адбыўся суд. працэс над 47 кіраўнікамі партыі. Ў сак. 1923 «Усерас. з’езд былых радавых членаў партыі эсэраў» прыняў рашэнне аб яе самароспуску.
На Беларусі гурткі С.-р. дзейнічалі з 1901. Вясной 1904 для каардынацыі іх працы на тэр.бел. губерняў, а таксама Смаленшчыны і Браншчыны ўтвораны Паўн.-Зах.абл.к-т (гл.Паўночна-Заходняя абласная арганізацыя партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў). Паводле звестак 2-га з’езда эсэраў Паўн.-Зах. вобласці (кастр. 1906), у бел. губернях налічвалася 8863 чл. партыі. У 1905—07 С.-р. арганізавалі шэраг тэрарыст. актаў супраць мясц. царскіх чыноўнікаў. Найб. актыўнымі іх дзеячамі ў бел. губернях былі В.С.Балай, А.В.Бонч-Асмалоўскі, Е.М.Закрэўскі, А.А.Ізмайловіч, С.П.Кавалік, С.М.Малашчыцкі і інш. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 С.-р. сумесна з меншавікамі, бундаўцамі і польскімі сацыялістамі мелі большасць у мясц. Саветах і інш. установах. Паводле няпоўных звестак, на Беларусі летам 1917 дзейнічалі 22 эсэраўскія арг-цыі. У жн. 1917 на Зах. фронце налічвалася 32—33 тыс. членаў партыі. Восенню 1917 у сувязі з пераходам большасці членаў нізавых арг-цый С.-р. на бок бальшавікоў колькасць эсэраў на Зах. фронце скарацілася да 12 тыс. На выбарах ва Устаноўчы сход у бел. губернях і на Зах. фронце за партыю С.-р. прагаласавала 32,2% ад тых, хто галасаваў. Эсэры ўдзельнічалі ў рабоце Усебеларускага з’езда 1917, уваходзілі ў склад Нар. сакратарыята Беларусі і Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак пры галасаванні 25.3.1918 3-й Устаўнай граматы, якая абвяшчала незалежнасць БНР, яны ўстрымаліся, а пасля падтрымкі часткай членаў Рады БНР вітальнай тэлеграмы герм. кайзеру Вільгельму II (25.4.1918) выйшлі з яе складу. Як і ў Расіі, эсэры ў Беларусі выступілі супраць Брэсцкага міру 1918 і камбедаўскай палітыкі бальшавікоў, вялі ўзбр. барацьбу супраць сав. улады. У 1918 частка С.-р. перайшла тут у Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (вылучылася з Беларускай сацыялістычнай грамады, самараспусцілася ў 1924).
Літ.:
Гусев К.В. Партия эсеров: от мелкобуржуазного революционаризма к контрреволюции: Ист. очерк. М., 1975;
Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;
Бригадин П.И. Эсеры в Беларуси (конец XIX в.—февр. 1917 г.). Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКУЛЯРЫЗА́ЦЫЯ (франц. sécularisation ад позналац. saecularis свецкі),
1) адчужэнне царкоўнай маёмасці на карысць дзяржавы. Праводзілася ў розных краінах свету з мэтай паслаблення эканам. магутнасці і паліт. ролі царквы ў дзяржаве.
На Беларусі ажыццяўлялася ў 18 — пач. 20 ст. У Рас. імперыі ўрад Кацярыны II адабраў у правасл. царквы населеныя маёнткі ў 1760-я г. Аднак на землях Беларусі, далучаных у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай, царызм не рашаўся ісці на абвастрэнне адносін з моцным і ўплывовым каталіцкім клірам, таму тут канфіскацыя маёнткаў у духавенства абмежавалася толькі агульнымі мерамі, што ўжываліся да ўладальнікаў, якія заставаліся за мяжой ці выступілі супраць рас. улады. Канфіскацыі ў 1770—90-я г. закранулі частку царк. маёнткаў (больш за 40 тыс. рэвізскіх душ), што належалі пераважна Віленскаму біскупству. У Рэчы Паспалітай у 1773 быў скасаваны ордэн езуітаў, а яго маёнткі перададзены Адукацыйнай камісіі, якая распрадала іх шляхце. На 1790 у паезуіцкіх маёнтках на тэр.зах. і цэнтр. Беларусі знаходзіліся 644 гарадскія і 7179 сельскіх дымоў. Ва ўсх. Беларусі езуіты захаваліся да высылкі іх з Рас. імперыі паводле ўказа 1820. Палажэннем К-та міністраў і ўказам Сената ад 13.4.1822 35 маёнткаў (9830 рэвізскіх душ), што належалі езуітам, канфіскаваны і замацаваны за казной. Карэнны пералом у адносінах царызму да.царк. маёмасці ў зах. губернях настаў пасля паўстання 1830—31 з мэтай нейтралізацыі шляхецка-каталіцкай апазіцыі. Указам ад 19.7.1832 ад ліквідацыі некамплектных (што не мелі поўнага складу манахаў) рымска-каталіцкіх кляштараў іх маёнткі перададзены ў склад казны. У 1837 на Беларусі былі 93 паманастырскія маёнткі з 10 183 рэвізскімі душамі. У час хваляванняў у Віцебскай і Магілёўскай губ. з-за пераводу уніятаў у праваслаўе (1833 і 1834) у рымска-каталіцкага і уніяцкага духавенства канфіскавана 5 маёнткаў і ўстаноўлена казённае кіраванне яшчэ адным. Паводле 8-й рэвізіі (1834) у пауніяцкіх вёсках налічваліся 2894 рэвізскія душы. 25.12.1841 падпісаны шэраг указаў аб прыёме ў дзярж. маёмасць усіх населеных маёнткаў вышэйшага правасл. і іншавернага духавенства зах. губерняў; 10.5.1843 — аб перадачы ў казну населеных маёнткаў прыходскіх цэркваў; 28.2.1844 — вылучаных па «эксдывізіях» (па рашэнні суда) на ўласнасць каталіцкага духавенства. Такіх падухоўных маёнткаў у 1847 у 5 бел. губернях было 546 і 87 269 рэвізскіх душ сялян; трэцяя частка з іх прыпадала на Віленскую губ.Асн. маса зямельных уладанняў была адабрана ў каталіцкага духавенства, бо правасл. царква мела параўнальна невял. колькасць сялян. Вышэйшае духавенства, незадаволенае пазбаўленнем матэрыяльных сродкаў, рабіла ўсё, каб пакінуць у сваім распараджэнні найб. колькасць зямлі і зацягвала перадачу ў казну асобных маёнткаў. Рэшткі царк. уладанняў секулярызаваны ў выніку Кастр. рэвалюцыі 1917.
2) Працэс выхаду з-пад уплыву рэлігіі і царквы розных сфер грамадскага жыцця (палітыкі, права, культуры, асветы, нац. і сямейна-быт. адносін); адзін з аспектаў агульнага працэсу мадэрнізацыі, звязанага з развіццём навукі і вытв-сці, урбанізацыяй. Адбываецца на ўзроўні індывідуальнай свядомасці, сац. ін-таў і прыводзіць да аслаблення б. грамадскіх сувязей і традыцый. Характарызуецца стратай рэлігіяй ролі адзінай крыніцы каштоўнасцей, ідэалаў і норм, манаполіі на тлумачэнне аб’ектыўнай рэальнасці, аслабленнем уплыву царквы на асобу і дзяржаву. Рысы С. выявіліся ў сярэдневякоўі, асабліва праявіліся ў эпоху Адраджэння, Рэфармацыі, бурж. рэвалюцый. У СССР працэс С. найб. інтэнсіўна працякаў у 1920—30-я г. і звязаны з палітыкай дзяржавы, накіраванай на адлучэнне царквы ад жыцця грамадства. У адпаведнасці з дэкрэтам СНК РСФСР (1918) і пастановай СНКБССР (1922) «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы» былі адменены ўсе ранейшыя прывілеі царквы, маёмасць царквы і рэліг. т-ваў абвешчана агульнанароднай, рэліг. арг-цыям забаронена адкрываць ці мець агульнаадук. школы, выкладаць у школах рэліг. вучэнні. З боку дзяржавы вялася актыўная барацьба з рэлігіяй: храмы зачынялі і разбуралі, духавенства цярпела ганенні, царква і рэлігія абвяшчаліся «перажыткам старога». Пэўнае ажыўленне рэліг. жыцця назіралася ў перыяд Вял.Айч. вайны ў сувязі з падтрымкай з боку правасл. і рымска-каталіцкага духавенства барацьбы сав. народа супраць ням.-фаш. акупантаў. У 1990-я г. ў постсав. краінах тэмпы С. істотна знізіліся: рэлігія стала адным з элементаў духоўнай культуры, павялічылася колькасць храмаў, рэліг. арг-цыі сталі ўдзельнікамі міратворчай і дабрачыннай грамадскай дзейнасці. У канцы 20 — пач. 21 ст. працэс С. развіваецца адначасова з працэсам сакралізацыі розных сфер грамадскага жыцця і захоўваннем рэлігіі і царквы як сродкаў падтрымання духоўнасці і захавання традыц. грамадскіх структур.
Літ.:
Яблоков И.Н. Социология религии. М., 1979;
Зинченко А.Л. Реформа государственной деревни и секуляризация церковного землевладения в западных губерниях Российской империи // Исторические записки. М., 1985. Т. 112;
Кублицкая Е.А. Методологические аспекты изучения особенностей секуляризации в условиях перестройки // Проблемы перестройки: социал. аспект. М., 1989;
Сосно В.А. Конфискации церковных имений на Беларуси при включении ее в состав Российской империи // Наш радавод. Гродна, 1992. Кн. 4, ч. 3;
Яго ж. Секуляризация церковных крестьян на Беларуси в 30—40-е гг. XIX в. // Церковь в истории славянских народов. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНК Максім (сапр.Скурко Яўген Іванавіч; 17.9.1912, в. Пількаўшчына Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 7.8.1995),
бел. паэт, грамадскі дзеяч. Нар. паэт Беларусі (1968). Акад.АН Беларусі (1972). Герой Сац. Працы (1974). У 1916—21 з бацькамі-бежанцамі апынуўся ў Маскве. У 1922 сям’я вярнулася ў Пількаўшчыну. Вучыўся ў Вілейскай, Радашковіцкай, Віленскай бел. гімназіях. У 1932 за ўдзел у падп. камсамольскай рабоце арыштаваны і зняволены ў Лукішскую турму (праз месяц вызвалены). Працаваў інструктарам ЦК КСМЗБ (1932—33), вёў рэв. дзейнасць на Віленшчыне і Навагрудчыне. Неаднойчы быў арыштаваны, прасядзеў у турмах каля 2 гадоў. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (1939) працаваў у сельскім к-це, у газ. «Віленская праўда», вілейскай абл. «Сялянскай газеце». У пач.Вял.Айч. вайны эвакуіраваўся ў г. Саратаў, уступіў у нар. апалчэнне. Пасля накіраваны на Бранскі фронт, супрацоўнічаў у газ. «За Савецкую Беларусь», якую рэдагаваў М.Лынькоў. Працаваў у рэдакцыі газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». У 1948—67 гал. рэдактар час. «Полымя». У 1967—90 старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Свае першыя вершы змясціў у 1931 у рукапісным час. «Пралом» пад псеўд. А.Граніт. Псеўданім Максім Танк з’явіўся 7.4.1932 у львоўскай газеце-аднадзёнцы «Беларускае жыццё». У канцы 1933 у турме пры падтрымцы палітвязняў выдаваў рукапісны час. «Краты» (выйшла 6 нумароў). З 2-йпал. 1930-х г. на рабоце ў легальных выданнях, што выяўлялі ідэі антыфаш. Нар. фронту: газ. «Наша воля», «Беларускі летапіс», што выдаваў Р.Шырма, час. «Калоссе». Тут друкаваў вершы, апавяданні, літ.-крытычныя і публіцыст. артыкулы, у якіх адстойваў ідэі супраціўлення фашызму, нац. вызвалення. На сродкі Шырмы і КПЗБ у Вільні выйшаў першы яго зб. «На этапах» (1936, канфіскаваны). Кнігі «Журавінавы цвет» і паэма «Нарач» (абедзве 1937) таксама канфіскаваны польскімі ўладамі. Ранняя ідэйна-паліт. сталасць, шырыня светапогляду абумовілі хуткае яго станаўленне як мастака слова. Грунтоўнае веданне фальклору, творчая вучоба ў класікаў бел., рус., укр. і польск. л-р, шырокае знаёмства з еўрап. культурай паскорылі фарміраванне ўласнага паэт. стылю Т. Ад вучнёўскага пераймання, вобразнай ускладненасці, моўнай каструбаватасці паасобных вершаў паэт даволі хутка перайшоў да самаст.маст. мыслення. Лёс і духоўны свет зах.-бел. працоўных выяўлены ім у грамадзянскай, філасофскай, пейзажнай і інтымнай лірыцы, гумарыст. і сатыр. вершах, баладах, песнях, казках, героіка-рамант. паэмах («Нарач», «Каліноўскі», «Журавінавы цвет», «Сказ пра Вяля»). У час Вял.Айч. вайны ў яго творчасці пераважалі сатыр.-выкрывальныя і публіцыст.-пафасныя жанры. Заклікі змагацца супраць фашызму, нічога не шкадаваць дзеля перамогі, паэтызацыя подзвігу воіна, услаўленне неўміручасці роднага краю, народа, культуры і мовы — асн. матывы яго ваен. лірыкі («Падымайся, Беларусь», «Не шкадуйце, хлопцы, пораху», «Родная мова»). У паэме «Янук Сяліба» (1943) імкнуўся паказаць героіку партыз. руху на Беларусі. Патрыят. творы ваен. гадоў склалі кн. «Вастрыце зброю» і «Праз вогненны небасхіл» (абедзве 1945). Гордасць народа-пераможцы, радасць працы, сум па цяжкіх стратах у зб-ках «Каб ведалі» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1948), «На камні, жалезе і золаце» (1951), «У дарозе» (1954), «След бліскавіцы» (1957, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1959). У пасляваен. творчасці паэт звярнуўся да гісторыі Беларусі, фальклорных сюжэтаў, славіў працу рабочых і хлебаробаў. Паглыбленне гуманіст. пачатку, узмацненне філасафічнасці лірыкі, пашырэнне і ўдасканаленне сродкаў паэт. выяўлення сталі вядучымі стылёвымі дамінантамі творчасці Т. 1960—1980-х г.: зб-кі «Мой хлеб надзённы» (1962. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1966), «Хай будзе святло» (1972), «Нарачанскія сосны» (1972, Ленінская прэмія 1978), «Прайсці праз вернасць» (1979, Літ. прэмія імя А.Фадзеева 1980), «За маім сталом» (1984). Паэзія Т. глыбока народная і нацыянальная, разуменне ім маралі, дабра і зла, прыгожага і агіднага грунтуецца на этычных і эстэт. поглядах бел. хлебароба. Яго паэзіі ўласцівы інтэлектуалізм; шырокамаштабнасць. найноўшыя маст. формы і сродкі, багацце вобразнай, рытміка-меладычнай (верш сілаба-танічны, танічны, дольнік, верлібр), страфічнай (тэрцэт, катрэн, санет і інш.) арганізацыі верша. З канца 1950-х г. у яго паэзіі адрадзіўся сатыр. жанр (зб. «Селядцы з вершамі», 1966). Сувязь з фальклорам выявілася ў вершах для дзяцей (зб-кі «Галінка і верабей», 1946; «Казкі лірніка», 1948; «Ехаў казачнік Бай», 1955; «Светлячок». 1970; «Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні», 1979; «Лемантар», 1993). Выступаў і як празаік-дакументаліст (кніга-дзённік «Лісткі календара», 1970). Многія творы паэта пакладзены на музыку. Пераклаў на бел. мову асобныя творы А.Пушкіна, А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, У.Маякоўскага, У.Бранеўскага і інш. Ганаровы грамадзянін г. Мінск (1987), г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на (1992). Сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР (1966—86).
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1966—67;
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1978—81.
Літ.:
Бугаёў Дз. Паэзія Максіма Танка. Мн., 1964;
Рагойша В. Паэтыка Максіма Танка. Мн., 1968;
Калеснік У.А. Максім Танк: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1981;
Верабей А. Максім Танк і польская літаратура. Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУТБО́Л (англ. football ад foot ступня + ball мяч), футбол еўрапейскі, сокер,
спартыўная камандная гульня з мячом. Удзельнічаюць 2 каманды па 11 чал. — варатар (галкіпер), абаронцы (бекі), паўабаронцы (хаўбекі) і нападаючыя (форварды). Працягласць гульні 90 мін (2 таймы па 45 мін) з 10—15-мінутным перапынкам. Гульні праводзяцца на футбольным полі (звычайна з травяным пакрыццём), афіц. — на полі памерам 100—110 × 69—75 м з адпаведнай разметкай. Вароты памерамі 7,32 × 2,44 м. Мяч скураны надзіманы, акружнасцю каля 70 см, масай каля 450 г. Гульцы не маюць права дакранацца да мяча рукамі. Тэхн. прыёмы: вядзенне (дрыблінг), удары, спыненне мяча выконваюцца нагамі, галавой, корпусам. Варатар мае права лавіць і адбіваць мяч рукамі ў межах штрафной пляцоўкі. Парушэнні правіл караюцца штрафнымі ўдарамі па свабодна ляжачым мячы. Мэта гульні — забіць як мага больш мячоў (галоў) у вароты саперніка. Рэгламент некат. спаборніцтваў прадугледжвае пры нічыйным выніку матча дадатковы час гульні ці серыю пенальці для выяўлення пераможцы.
Вытокі Ф. — гульні з мячом у краінах Стараж. Усходу, Стараж. Грэцыі і Рыма. індзейскіх народаў Амерыкі. У блізкім да сучаснага выглядзе вылучыўся ў сярэдзіне 19 ст. ў Англіі з 2 разнавіднасцей гульні з мячом (футбол-рэгбі). 1-ы футбольны клуб («Шэфілд Юнайтэд») засн. ў 1855. 1-я нац. асацыяцыя Ф. ўзнікла ў 1863 у Англіі, тады ж у Кембрыджы вызначаны блізкія да сучасных правілы гульні. 1-я прафес. футбольная ліга створана ў 1888 у Англіі. У канцы 19 — пач. 20 ст. арганізаваны нац. футбольныя саюзы. Міжнар. федэрацыя футбольных асацыяцый (ФІФА) засн. ў Парыжы ў 1904 (аб’ядноўвае 204 краіны; 2003). У 1916 створана Канфедэрацыя Ф. Паўд. Амерыкі; у 1954 (Вена) — Саюз Еўрап. футбольных асацыяцый (УЕФА, аб’ядноўвае 52 краіны, 2003), а таксама Азіяцкая канфедэрацыя; у 1957 — Афрыканская; у 1961 — Канфедэрацыі Паўн. і Цэнтр. Амерыкі і Карыбскага бас.; у 1966 — Аўстраліі і Акіяніі. Першыя міжнар. матчы па Ф. адбыліся ў 1902 (Аўстрыя—Венгрыя, Аргенціна—Уругвай). Міжнар. асацыяцыя прафес. футбалістаў існуе з 1995 (Парыж). У праграме Алімп. гульняў з 1900 (акрамя 1932). Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1930 раз у 4 гады (1-ы чэмпіён — зборная каманда Уругвая), чэмпіянаты Паўд. Амерыкі — з 1916, чэмпіянаты Еўропы — з 1960. Кубак еўрап. чэмпіёнаў разыгрываецца з 1955; Кубак Азіі — з 1956; Кубак Афрыкі — з 1957; Кубак уладальнікаў кубкаў еўрап. краін і Кубак уладальнікаў кубкаў Амерыкі (Кубак Лібертадорэс) — з 1960; Кубак УЕФА — з 1971; Суперкубак Еўропы (паміж уладальнікамі Кубка чэмпіёнаў і Кубка уладальнікаў кубкаў) — з 1972; Міжкантынентальны кубак — з 1960. Чэмпіянаты СССР праводзіліся з 1936. Існуюць таксама нац. віды Ф.: амер. Ф., аўстрал. Ф. і інш. У шэрагу краін набыў прызнанне жаночы Ф., праводзяцца нац. чэмпіянаты і міжнар. спаборніцтвы сярод жан.каманд. 1-ы чэмпіянат свету па жан. Ф. адбыўся ў 1992 у Кітаі; перамагла зборная каманда ЗША З’явіліся разнавіднасці Ф.: міні-Ф., пляжны Ф., футзал.
На Беларусі Ф. развіваецца з пач. 20 ст. Першыя каманды аматараў з’явіліся ў 1910 (г. Гомель). Правілы гульні выдадзены ў 1911 (г. Магілёў). У 1912 адбыліся першыя міжгароднія сустрэчы з футбалістамі гарадоў Добруш, Злынка, Клянцы. Кіеў, Навазыбкаў. У 1913—14 узніклі футбольныя каманды ў Мінску (1-ы матч 29.6.1913), Барысаве, Баранавічах, Жлобіне, Пінску, Слуцку. 1-ы чэмпіянат Беларусі адбыўся ў 1922 (удзельнічалі каманды Барысава, Віцебска, Мінска і Оршы). У 1928 створана 1-я зборная каманда Беларусі па Ф. і адбылася 1-я міжнар. сустрэча з камандай Швейцарыі. У турніры каманд саюзных рэспублік на Усесаюзнай спартакіядзе (1928) зборная каманда Беларусі заняла 4-е месца. У чэмпіянатах СССРбел. футбалісты ўдзельнічалі з 1937. З 1992 Беларусь — член ФІФА, з 1993 — УЕФА. Каманда «Дынама» (Мінск) — чэмпіён СССР (1982). Сталічныя каманды «Спартак» (1954) і «Дынама» (1963, 1983) — бронз. прызёры чэмпіянатаў СССР. У 1965 каманда «Дынама» (Мінск) — фіналіст Кубка СССР; уваходзіла (1970—73, 1976. 1979—90) у вышэйшую лігу каманд-удзельніц чэмпіянатаў СССР; каманды Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна, Магілёва і інш. гулялі ў 2-й лізе. Бел. футбалістаў неаднаразова ўключалі ў зборныя каманды СССР. Сярод найб. вядомых спецыялістаў па Ф. на Беларусі: засл. трэнеры СССР і Беларусі Г.Б.Абрамовіч, В.У.Арзамасцаў, М.А.Базяненкаў, А.М.Байдачны, С.У.Бароўскі. Я.К.Глямбоцкі, В.А.Касянюк, Л.А.Лапуноў, Э.В.Малафееў, Дз.П.Мацвееў, П.С.Мімрык, У.М.Радзішэўскі, А.А.Сявідаў, Я.Ф.Шунтаў, Я.С.Юркевіч, А.М.Ягораў і інш. Сярод бел. футбалістаў найб. вызначыліся: Л.Адамаў, С.Алейнікаў, В.Бялькевіч, П.Васілеўскі, М.Вяргеенка, С.Гоцманаў, І.Гурыновіч, Э.Зарэмба, А.Зыгмантовіч, Г.Кандрацьеў, Ю.Курбыка, Ю.Курненін, М.Мустыгін, Ю.Пагальнікаў, А.Пракапенка, Ю.Пудышаў, Л.Румбуціс, І.Рэмін, І.Савосцікаў, В.Сокал, Ю.Трухан, Х.Усаторэ, А.Хацкевіч, В.Шышкін, В.Янушэўскі, В.Яромка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ГІСТО́РЫЯ,
навука, якая вывучае развіццё гасп. дзейнасці людзей, вынікі і фактары, што ўплываюць на гэту дзейнасць. Узнікла на сумежжы эканомікі і гісторыі. Прадмет Э.г. — паходжанне і развіццё розных тыпаў гаспадаркі і эканам. трансфармацый, што адбываюцца ў канкрэтных сац.-гіст. умовах.
Напачатку гіст.-эканам. апісанні вяліся ў межах эканам. даследаванняў, якія з канца 18 ст. хутка развіваліся ў краінах Зах. Еўропы. Са з’яўленнем у 2-йпал. 19 ст.дзярж.статыстыкіэканам. сюжэты сталі пашырацца ў рамках гіст. даследаванняў. Інтэграцыя іх у Э.г. як асобную навуку адбылася ў пач. 20 ст.: у еўрап. ун-тах ствараліся кафедры Э.г., узнік шэраг навук.гіст.-эканам. часопісаў (ням. «Квартальнік па сацыяльнай і эканамічнай гісторыі» з 1903, франц. «Агляд сацыяльнай і эканамічнай гісторыі» з 1913, галандскі «Гісторыка-эканамічны штогоднік» з 1915, англ. «Агляд эканамічнай гісторыі» з 1927, амер. «Часопіс эканамічнай і дзелавой гісторыі» з 1927 і інш.). Ля вытокаў Э.г. стаялі Н.Д.Фюстэль дэ Куланж, М.Блок (Францыя), К.Маркс, К.Бюхер, В.Зомбарт, М.Вебер (Германія), А.Дж.Тойнбі (Англія), І.Шумпетэр (ЗША), В.П.Варанцоў, М.Ф.Даніэльсон, А.Лапа-Данілеўскі, М.І.Туган-Бараноўскі. П.Б.Струвэ (Расія) і інш. Э.г. карыстаецца матэм.-статыст. і пераважна гіст. метадамі даследавання, таму ўваходзіць у сістэму гіст.навук. З 1960 дзейнічае міжнар. асацыяцыя гісторыкаў-эканамістаў, рэгулярна праводзяцца міжнар. кангрэсы і канферэнцыі, ствараюцца спец. даследчыя цэнтры (напр., Еўрап. асацыяцыя па банкаўскай гісторыі, Еўрап. асацыяцыя гісторыі бізнесу). Э.г. выкладаецца ва ўсіх эканам. ун-тах свету. Шырокую вядомасць набылі даследаванні прадстаўніка франц. школы «Аналаў» Ф.Брадэля, прыхільніка выкарыстання матэм. метадаў Р.Фогеля, аўтара тэорыі стадый эканам. росту У.У.Ростаў (ЗША).
На Беларусі асновы Э.г. закладзены ў працах М.В.Доўнар-Запольскага. Выкладанне Э.г. пачалося ў 1921 на ф-це грамадскіх навук БДУ, дзе рыхтаваліся кадры эканамістаў вышэйшай кваліфікацыі. Адначасова з заснаваннем у 1933 Бел. ін-та нар. гаспадаркі ўведзены і курс Э.г. У 1968—88 там існавала адпаведная кафедра, дзе выкладаўся курс гісторыі нар. гаспадаркі СССР, краін сацыялізму і капіталізму; у якасці л-ры рэкамендаваліся «Эканамічная гісторыя БССР» пад рэдакцыяй А.І.Сідарэнкі (1966), «Эканамічная гісторыя БССР» пад рэдакцыяй К.І.Шабуні і С.М.Малініна (1969). Праблемы сац.-эканам. развіцця Беларусі даследавалі В.Р.Гняўко, В.А.Мілаванаў, Б.Ф.Нікановіч. У 1988 Э.г. вылучана ў самаст.навуч. дысцыпліну, у складзе кафедры Э.г. створана секцыя размяшчэння прадукц. сіл, чыталіся спецкурсы «Гісторыя народнай гаспадаркі СССР і замежных краін» і «Гісторыя народнай гаспадаркі Беларусі». Даследаванні па Э.г. праводзіліся і ў Інстытуце эканомікіАН Беларусі, дзе ў 1959—81 існаваў сектар Э.г. У 1937 выйшла першая на Беларусі спецыялізаваная навук. праца ў галіне Э.г. «Асноўныя этапы развіцця прамысловасці БССР» М.Р.Матусевіча і Малініна, у 1963 — «Эканоміка Беларусі ў эпоху імперыялізму: 1900—1917», пазней — некалькі манаграфій па гісторыі эканам. развіцця Беларусі за гады сав. улады (М.Ф.Болбас, З.І.Геаргідзе, Мілаванаў, Л.М.Міхневіч, В.І.Дрыц і інш.). У 1992 выдадзена «Эканамічная гісторыя Беларусі 1917—1992 гг.», у 1993 — «Эканамічная гісторыя Беларусі» (дапрацаваная і дапоўненая перавыдадзена ў 1996, 1999 і 2001). У 1991 адноўлена кафедра Э.г. ў Бел.дзярж.эканам. ун-це, супрацоўнікі якой выдалі «Эканамічную гісторыю замежных краін» (1995; 2-е выд. 1998), распрацавалі праграму параўнальнага вывучэння Э.г. Беларусі і замежных краін, стварылі шэраг дапаможнікаў, у т. л. «Эканамічны стан, побыт і гандаль старажытнай Беларусі (IX—XIII стст.)» В.І.Галубовіча (1997), «Гісторыя турызму» Г.Ф.Шапавала (1999), «Прамысловасць Беларусі ў XX стагоддзі» А.М.Сасіма (2001), «Гісторыя развіцця грашова-крэдытнай сістэмы Беларусі» Ю.Л.Грузіцкага (2002); навук.-метадычныя зб-кі «З гісторыі эканамічных рэформ на Беларусі» (вып. 1, 1994; вып. 2, 1998). Уклад у станаўленне Э.г. зрабілі гісторыкі: З.Е.Абезгаўз, Л.В.Аляксееў, Х.Ю.Бейлькін, А.П.Белязо, М.А.Бяспалая, В.І.Галубовіч, В.Ф.Голубеў, А.П.Грыцкевіч, П.Р.Казлоўскі, З.Ю.Капыскі, Л.П.Ліпінскі, П.Ф.Лысенка, Л.М.Лыч, А.М.Люты, І.Я.Марчанка, В.І.Мялешка, І.В.Палуян, В.П.Панюціч, У.І.Пічэта, М.Т.Раманоўскі, Э.М.Савіцкі, А.М.Сарокін, У.А.Сосна, М.Ф.Спірыдонаў, М.М.Улашчык, Шабуня, Г.В.Штыхаў, З.В.Шыбека і інш. У 2000 у Ін-це эканомікі Нац.АН Беларусі створаны сектар гісторыі эканам. вучэнняў (кіраўнік В.М.Бусько). Даследаванні ў галіне Э.г. ўключаюць праблемы рыначнай эканомікі, узаемасувязі эканомікі і палітыкі, міжнар. вопыту эканам. развіцця, ролі і месца Беларусі ў сусв. эканоміцы, выбару канкрэтных мер павышэння эфектыўнасці эканомікі, экалагічнай бяспекі і інш.
Літ.:
З гісторыі эканамічных рэформаў на Беларусі. Мн., 1997. Экономическая история зарубежных стран. 3 изд. Мн., 1999;
Эканамічная гісторыя Беларусі. 3 выд.Мн., 1999;
Институт экономики Национальной академии наук Беларуси: (к 70-летию основания), 1931—2001. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКРАНІЗА́ЦЫЯ,
інтэрпрэтацыя сродкамі кіно твораў інш. роду або віду мастацтва — прозы, драмы, паэзіі, тэатра, оперы, балета. Э. складае вял.ч. вытворчасці кіна- і тэлефільмаў.
Да Э. кінематограф звярнуўся з першых гадоў існавання. Спачатку гэта былі кінаілюстрацыі, «жывыя. карціны» («Фауст і Мефістофель», 1896, рэж. Ж.Мельес; «Панізовая вольніца». 1908, рэж. В.Ганчароў). У 1900 экранізавана трагедыя У.Шэкспіра «Гамлет». Паводле твораў А.Пушкіна ў першы год кінавытворчасці ў Расіі знята каля 50 фільмаў. Пазней адносіны паміж кіно і л-рай становяцца больш глыбокімі і сур’ёзнымі. Паступова склаліся 2 падыходы да Э.: інтэрпрэтацыя вобразаў л-ры (нароўні з вобразамі фальклору, сюжэтамі гісторыі) нават з перанясеннем месца і часу дзеяння («Ідыёт», 1951, рэж. А.Курасава; «Белыя ночы», 1957, рэж. Л.Вісконці; «Пакорлівая», 1969, рэж. Р.Брэсон — усе паводле твораў Ф.Дастаеўскага; «Імя Кармэн», 1983, рэж. Ж.Л.Гадар, паводле П.Мерымэ; «Чэхаўскія матывы», 2002, рэж. К.Муратава, паводле А.Чэхава, і інш.) і амаль «парадковае» прачытанне (найперш у шматсерыйных тэлеэкранізацыях: «Гордасць і забабоны», 1995, рэж. С.Лэнгтан, паводле Дж.Осцін; «Ідыёт», 2003, рэж. У.Бортка, паводле Дастаеўскага, і інш.). Кінематаграфісты розных краін звярталіся да Э. нац. класікі: «Адвержаныя» паводле В.Гюго (1925, рэж. А.Фекур), «Маці» паводле М.Горкага (1926, рэж. У.Пудоўкін), «Генрых V» паводле Шэкспіра (1944, рэж. Л.Аліўе), «Вайна і мір» паводле Л.Талстога (1966—67, рэж. С.Бандарчук), «Дэкамерон» паводле Дж.Бакачыо (1970, рэж. П.П.Пазаліні), «Няскончаная п’еса для механічнага піяніна» паводле твораў Чэхава (1977, рэж. М.Міхалкоў), «Каралева Марго» паводле А.Дзюма (1994, рэж. П.Шэро) і інш. Інтэрпрэтаваліся і замежныя творы: «Гамлет» (1964, рэж. Р.Козінцаў), «Салярыс» паводле С.Лема (1972, рэж. А.Таркоўскі), «Чатыры ночы летуценніка» паводле аповесці Дастаеўскага «Белыя ночы» (1972, рэж. Брэсон), «Кветка тысячы і адной ночы» паводле казак з «Тысячы і адной ночы» (1973, рэж. Пазаліні), «Дэрсу Узала» паводле У.Арсеньева (1976, рэж. Курасава) і інш. Сярод лепшых кінафільмаў таксама Э. твораў: «Макціг» Ф.Норыса («Прагнасць», 1924, рэж. Э.Штрогейм), «Чапаеў» Дз.Фурманава (1934, рэж. Г. і С. Васільевы), «Браты Карамазавы» Дастаеўскага (1969, рэж. І.Пыр’еў), «Сотнікаў» В.Быкава («Узыходжанне», 1977, рэж. Л.Шапіцька) і інш.
Э. адыгралі значную ролю ў станаўленні і развіцці бел. кіно. Першы бел. ігравы фільм «Лясная быль» (1926, рэж. Ю.Тарыч) быў Э. аповесці М.Чарота «Свінапас». У 1920—30-я г. на кінастудыі «Савецкая Беларусь» экранізаваліся творы З.Бядулі, А.Вольнага, Я.Коласа, Я.Маўра, Ю.Тынянава, Чэхава і інш. У першыя пасляваен. гады экранізавалі пераважна п’есы, т.зв. фільмы-спектаклі: «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона (1949, рэж. У.Корш-Саблін і А.Файнцымер), «Паўлінка» Я.Купалы (1952, рэж. А.Зархі), «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы (1954, рэж. Корш-Саблін) і інш. З 2-йпал. 1950-х г. са станаўленнем «празаічнага» кіно створаны кіна- і тэлефільмы паводле твораў М.Лынькова «Міколка-паравоз» (1957, рэж. Л.Голуб), Я.Коласа «На ростанях» («Першыя выпрабаванні», 1960—61, рэж. Корш-Саблін), Быкава «Трэцяя ракета» (1963, рэж. Р.Віктараў), «Альпійская балада» (1966, рэж. Б.Сцяпанаў), «Доўгія вёрсты вайны» (1975, рэж. А.Карпаў), «Фруза» (1981, рэж. В.Нікіфараў), «Знак бяды» (1986, рэж. М.Пташук), «Пайсці і не вярнуцца» (1992, рэж. М.Князеў), А.Адамовіча «Вайна пад стрэхамі», «Сыны ідуць у бой» (абодва 1970, рэж. В.Тураў), «Хатынская аповесць» і «Карнікі» («Ідзі і глядзі», 1985, рэж. Э.Клімаў; з «Масфільмам»), У.Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» (1980, рэж. В.Рубінчык), «Маці Урагану» (1990, рэж. Ю.Марухін), І.Шамякіна «Шлюбная ноч» (1980, рэж. Карпаў), «Вазьму твой боль» (1981, рэж. Пташук), Я.Купалы «Раскіданае гняздо» (1982, рэж. Б.Луцэнка), «Тутэйшыя» (1993, рэж. В.Панамароў), І.Мележа «Людзі на балоце» (1982), «Подых навальніцы» (1983, рэж. абодвух Тураў), В.Адамчыка «Чужая бацькаўшчына» (1983, рэж. В.Рыбараў), «Ятрынская ведзьма» (1991, Б.Шадурскі), В.Казько «Суд у слабадзе» («Сведка», 1985, рэж. Рыбараў), «Чорны бусел» (1993, рэж. Тураў), Я.Баршчэўскага «Шляхціц Завальня» (1994, рэж. Тураў), а таксама П.Броўкі, Я.Брыля, С.Грахоўскага, А.Дударава, М.Зарэцкага, А.Кулакоўскага, А.Макаёнка, Г.Марчука, М.Матукоўскага, А.Петрашкевіча, І.Чыгрынава і інш. На кінастудыі «Беларусьфільм» экранізаваны многія творы рус. і замежнай класікі, у т. л. А.Астроўскага, І.Буніна, Дастаеўскага, І.Тургенева, Х.К.Андэрсена, Дж.Лондана, О.Уайльда і інш. Ставіліся фільмы паводле твораў сучасных рус. і замежных пісьменнікаў: У.Багамолава («У жніўні 44-га», 2000, рэж. Пташук), В.Бялова, М.Варфаламеева, Т.Габэ, В.Драгунскага, А.Ліханава, В.Шукшына, Э.С.Гарднера, Ж.Сіменона, Р.Уорэна і інш.
Літ.:
Погожева Л. Из книги в фильм. М., 1961;
Маневич И. Кино и литература. М., 1966;
Гуральник У. Фильмы, рожденные книгой. М., 1973;
Экран и книга за рубежом. М., 1988;
Классическое наследие и современный кинематограф. Л., 1988.
Л.М.Зайцава.
Да арт.Экранізацыя. Кадр з кінафільма «Трэцяя ракета».Да арт.Экранізацыя. Кадр з кінафільма «Дэрсу Узала».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАШКОЛЬНАЯ АДУКАЦЫЯ І ВЫХАВАННЕ.
У 1919 у БССР існавала 26 дашкольных устаноў (сіроцкія дамы, прытулкі, яслі-сады). У 1920 пры Наркамаце асветы БССР арганізаваны дашкольны аддзел. У 1922 было 88 дашкольных устаноў (каля 4 тыс. дзяцей); у 1932—543 (больш за 26 тыс. дзяцей); у 1940—1316 (64 тыс. дзяцей). У гады Вял.Айч. вайны сістэма дашкольнага выхавання цалкам знішчана. У 1945 працавала 586 дашкольных устаноў (24 тыс. дзяцей). З 1959 дзейнічаюць дзіцячыя яслі-сады, з 2-йпал. 1980-х г. — разнастайныя віды і тыпы дашкольных устаноў, якія адпавядаюць запатрабаванням і інтарэсам дзяцей і бацькоў: дзярж., грамадскія, прыватныя, змешаныя, дзіцячыя сады з гібкім рэжымам работы, з паглыбленым кірункам у пэўным відзе адукацыі і выхавання (замежныя мовы, асновы выяўл. мастацтва і інш.), сямейныя, санаторныя, для дзяцей з недахопамі разумовага і фіз. развіцця, дашкольныя цэнтры развіцця дзіцяці, «школа—дзіцячы сад», «дзіцячы дом—школа—дзіцячы сад» і інш. З 1989 з улікам асаблівасцей развіцця мовы дзяцей удасканалены праграмы выхавання ў дашкольных установах. Дзеці разам з бацькамі сталі актыўна авалодваць бел. мовай, далучацца да культуры і традыцый бел. народа Аднак з 1994—95 колькасць дзіцячых садоў скарацілася на 295 (колькасць дзяцей у іх зменшылася на 6,4 тыс.). З 5-дзённым рэжымам працавалі 75,8% дашкольных устаноў, з 6-дзённым 24,2%. На аднаго педагога прыпадала ад 8 да 10 дзяцей.
У пач. 21 ст. дашкольная адукацыя (тэрмін уведзены ў 1997 г. паводле рашэння ЮНЕСКА) з’яўляецца састаўной часткай сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь. У 1999 прынята Канцэпцыя дашкольнай адукацыі Рэспублікі Беларусь, якая зыходзіць з палажэнняў Канстытуцыі і законаў «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб правах дзіцяці». Дашкольная сістэма адукацыі забяспечвае рознабаковае развіццё дзіцяці ад нараджэння да 6(7) гадоў у адпаведнасці з яго індывід. і ўзроставымі асаблівасцямі, своечасовы і паўнацэнны пераход на наступную ступень адукац. сістэмы. Яе мэта — ствараць спрыяльныя ўмовы для развіцця варыятыўных відаў, тыпаў, профіляў дашкольных устаноў з арыентацыяй на бацькоў як іх гал. заказчыкаў і спажыўцоў. Асн. задачы дашкольнай адукацыі: захаваць дзярж. сістэму бюджэтных і ведамасных устаноў; вызначыць стандарт адукацыі; змяніць арганізац. структуру ўстаноў на аснове прынцыпаў варыятыўнасці, адкрытасці, даступнасці, супрацоўніцтва з сям’ёй, узаемадзеяння са школай і інш. суб’ектамі навучання і выхавання ў соцыуме; удасканальваць навук.-метадычную і функцыянальную падрыхтоўку дашкольных работнікаў. Гал. прынцыпы дашкольнай адукацыі: гуманізацыя накіраванасці пед. работы, дэмакратызацыя, прадастаўленне роўных адукац. магчымасцей для ўсіх дзяцей, дынамізм і варыятыўнасць. Функцыі дашкольнай ступені (узроўню) адукацыі: ахова жыцця і ўмацаванне здароўя дзяцей, фарміраванне асноў здаровага ладу жыцця; забеспячэнне дзецям магчымасці арыентавацца і адэкватна дзейнічаць у навакольным свеце; выяўленне і развіццё ўсяго комплексу індывід. схільнасцей і задаткаў, фарміраванне асобы; забеспячэнне пераходу на наступны ўзровень адукац. сістэмы.
На Беларусі функцыянуе сістэма разнастайных дашкольных устаноў. Яны адрозніваюцца па відах — дзярж. (бюджэтныя і ведамасныя), прыватныя, змешаныя (дзяржкаап., дзярж.-грамадскія, калект. — арэндных прадпрыемстваў, кааператываў, акц. т-ваў і інш.); па тыпах — яслі, дзіцячы сад, яслі-сад, школа-сад, цэнтр развіцця; па профілях — агульнага прызначэння, з паглыбленай накіраванасцю, па догляду і нагляду, аздараўленчай і кампенсуючай накіраванасці. Ідзе перагляд напаўняльнасці дзяцей у групах у залежнасці ад іх характару: інтэграваныя групы — ад 6 да 12 дзяцей з улікам іх узросту і ступені парушэнняў; рознаўзроставыя — 10—12 дзяцей; групы дзяцей ранняга ўзросту — 6—8 дзяцей; з 3 да 5 гадоў — 8—10 дзяцей, з 5 да 6 гадоў — 10—12 дзяцей. Укараняюцца псіхал. і спец. службы. Дзіцячы псіхолаг праводзіць псіхал. асвету, кансультаванне, дыягностыку, развівальную і карэкцыйную дзейнасць. Спецыялісты сац. службы ствараюць умовы для паўнацэннай сацыялізацыі, развіцця і выхавання асобы дзіцяці ў бліжэйшым акружэнні: адукац. установе, сям’і, па месцы жыхарства, у дзіцячых аб’яднаннях. Ажыццяўляецца дашкольная адукацыя дзяцей з асаблівасцямі псіхафіз. развіцця. Яе кірункі: ранняе выяўленне парушэнняў псіхафіз. развіцця ў дзяцей; своечасовае выпраўленне і папярэджанне адхіленняў у псіхафіз. развіцці дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту; рознабаковае развіццё дзяцей у працэсе фарміравання жыццёва важнага вопыту і зніжэнне залежнасці ад чужой дапамогі пры адаптацыі ў прыродным і сац. асяроддзі.
У 2004 на Беларусі функцыянавала 28 дашкольных цэнтраў развіцця дзіцяці, 561 вучэбна-пед. комплекс «дзіцячы сад — школа», 46 спец. дашкольных устаноў для дзяцей з асаблівасцямі псіхафіз. развіцця, 62 інтэграваныя і 5 дыягнастычных груп для гэтай катэгорыі дзяцей, 402 пункты карэкцыйна-пед. дапамогі. Развіццё творчых здольнасцей дзяцей ажыццяўляецца ў 858 гуртках выяўленчага мастацтва (15 тыс. дзяцей), 366 харэаграфічных (8,9 тыс.), 648 музыкі і спеваў (9,6 тыс.), 811 спарт. (14,3 тыс.), 77 плавання (2,2 тыс.), 563 моўнай падрыхтоўкі (13,6 тыс.), 3046 гуртках іншай накіраванасці. Для ўмацавання здароўя дзяцей дзейнічаюць 49 санаторных дашкольных устаноў (4,5 тыс. дзяцей) і 635 санаторных груп (10 тыс. дзяцей).