САН-МАРЫ́НА (San Marino),

Рэспубліка Сан-Марына (Repubblica di San Marino), дзяржава ў Еўропе, на Апенінскім п-ве, за 13 км ад Адрыятычнага мора. Абкружана тэр. Італіі. Пл. 60 км². Нас. 26,9 тыс. чал. (2000). Дзярж. мова італьянская. Сталіца — г. Сан-Марына. Падзяляецца на 9 адм. адзінак (замкаў). Нац. свята — гадавіна заснавання рэспублікі (3 вер.).

Дзяржаўны лад. С.-М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя (Статут) 1600 (са зменамі). Вышэйшы заканад. орган — Вялікі ген. савет (аднапалатны парламент), які складаецца з 60 дэпутатаў (выбіраюцца насельніцтвам па прапарцыянальным прадстаўніцтве на 5 гадоў). Функцыі кіраўніка дзяржавы і выканаўчай улады выконваюць 2 капітаны-рэгенты, якія выбіраюцца Вял. ген. саветам са сваіх членаў на 6 месяцаў.

Прырода. Усю краіну займаюць адгор’і Апенінаў выш. да 739 м (г. Тытана). Клімат міжземнаморскі. Т-ра паветра ў студз. 4 °C, у ліп. 23 °C. За год выпадае 800—900 мм ападкаў, найб. у зімовы час. Невял. ўчасткі маквісу, дубовыя гаі.

Насельніцтва. Каля 80% складаюць санмарынцы, народ блізкі да італьянцаў. Жывуць таксама італьянцы. Каля 95% вернікаў — католікі. Сярэднегадавы прырост каля 0,6%. Сярэдняя шчыльн. каля 450 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва больш за 91%. Гарады невялікія, ад 4 тыс. да 1 тыс. ж. Каля 55% насельніцтва занята ў сферы паслуг, каля 43% — у прам-сці, каля 2% — у сельскай гаспадарцы. Значная эміграцыя, каля 20 тыс. санмарынцаў жывуць за мяжой (найб. у Італіі).

Гісторыя. С.-М. — найстаражытнейшая з дзяржаў Еўропы. Яе ўзнікненне паданне адносіць да 301, легендарным заснавальнікам лічыцца хрысціянін каменячос Марына, які ўцёк сюды з Далмацыі ад рэліг. праследаванняў і пазней быў прылічаны да святых. Назва «Рэспубліка С.-М.» сустракаецца ў дакументах з 10 ст. У 11—13 і 15 ст. тэр. рэспублікі павялічылася за кошт суседніх зямель. У 19 ст. С.-М. неаднаразова была прыстанкам для італьян. рэвалюцыянераў — удзельнікаў рысарджымента (карбанарыяў, Дж.​Гарыбальдзі і інш.). Пасля ўтварэння адзінай італьян. дзяржавы С.-М. ў 1862 заключыла з Італіяй дагавор пра сяброўства і добрасуседства (узнаўляўся ў 1872, 1897, 1953), паводле якога С.-М. фактычна апынулася пад італьян. пратэктаратам. У 1-й сусв. вайне рэспубліка ўдзельнічала на баку Антанты (выставіла 15 салдат). У 1923 да ўлады ў С.-М. прыйшлі фашысты. У 2-ю сусв. вайну рэспубліка абвясціла нейтралітэт, але ў вер. 1944 акупіравана ням. фашыстамі. У 1945—57 большасць у парламенце належала кааліцыі левых партый на чале з камуністамі і сацыялістамі. Да 1974 краінай кіравалі кааліцыйныя ўрады на чале з Хрысц.-дэмакр. партыяй, потым — кааліцыйны ўрад хрысц. дэмакратаў і сацыялістаў, з 1978 — кааліцыя левых партый, з 1986 — камуністаў і хрысц. дэмакратаў, з 1998 — сацыялістаў і хрысц. дэмакратаў.

У знешняй палітыцы С.-М. прытрымліваецца прынцыпаў нейтралітэту і недалучэння. С.-М. — чл. Савета Еўропы (з 1988) і ААН (з 1992). Асн. паліт. партыі і грамадскія арг-цыі, прадстаўленыя ў парламенце: Хрысц.-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя, Прагрэсіўна-дэмакр. партыя (з 1990, б. камуністы), Партыя камуніст. пераўтварэння, Нар. саюз дэмакратаў, Дэмакр. рух. Асн. прафсаюзы: сан-марынскія канфедэрацыя працы і дэмакр. канфедэрацыя працоўных.

Гаспадарка. Краіна высокага ўзроўню жыцця. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. складае каля 20 тыс. дол. за год. Аснова эканомікі — абслугоўванне замежных турыстаў, дае каля 60% даходу краіны. Штогод С.-М. наведвае да 3,5—4 млн. чал. Турыстаў прываблівае стараж. гісторыя дзяржавы, шматлікія гіст. і арх. помнікі, маляўнічая прырода, узровень абслугоўвання. Значны міжнар. цэнтр банкаўскіх паслуг. Прам-сць прадстаўлена невял. прадпрыемствамі. Электраэнергія імпартуецца з Італіі. На тэр. С.-М. філіялы італьян. маш.-буд. і інш. фірм. Прадпрыемствы электроннай, харч. (малочная і сыраварная, мясная, вінаробчая), тэкст. (шарсцяныя і трыкат. вырабы), металаапр., хім., мэблевай, цэм., гарбарнай, керамічнай, папяровай прам-сці. Здабыча цэм. сыравіны, буд. каменю, серы, вытв-сць буд. матэрыялаў. Саматужны і рамесніцкі выраб сувеніраў, у т. л. з металаў, шкла, маёлікі; ювелірных упрыгожанняў. Важная крыніца даходаў — выпуск паштовых марак і манет для нумізматаў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 1,2 тыс. га зямлі. Пераважаюць дробныя гаспадаркі да 1 га. Сеюць пшаніцу, кукурузу, агародніну. Вінаградарства і вырошчванне аліўкавых дрэў. Гадоўля буйн. раг. жывёлы, авечак і свіней. Транспарт пераважна аўтамабільны. У С.-М. 220 км аўтадарог. Знешнія сувязі праз італьян. порт Рыміні. Краіна з 1954 у мытным і паштовым саюзе з Італіяй, якая штогод выплачвае С.-М. кампенсацыю за адмову ад даходаў, звязаных з мытнымі пошлінамі, радыё- і тэлецэнтрамі, ігральнымі дамамі і інш. Экспарт; віно, тэкст. вырабы, скуры, мэбля, кераміка, буд. камень; імпарт: спажывецкія і прамысл. тавары, паліва. Гандаль пераважна з Італіяй. Грашовая адзінка — італьян. ліра.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Сан-Марына.
Да арт. Сан-Марына. Ландшафтная панарама каля падножжа г. Тытана.

т. 14, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)