крываўка, эпідэмічная хвароба з групы кішачных. Узбуджальнік Д. ў чалавека — дызентэрыйныя бактэрыі (самы пашыраны від Флекснера і Зоне). Крыніца інфекцыі — хворыя на Д. і бактэрыяносьбіты. Пашырэнню Д. спрыяюць мухі, парушэнне асабістай гігіены і сан. стану ўстаноў водазабеспячэння і харч. прадпрыемстваў. З харч. прадуктамі і вадой бактэрыі трапляюць у страўнікава-кішачны тракт і выклікаюць спецыфічнае запаленне язваў на слізістай абалонцы тоўстага кішэчніка.
Інкубацыйны перыяд 2—3, часцей 3—7 дзён. Вострая Д. пачынаецца з павышэння т-ры (37—38 °C), агульнай млявасці, дрэннага апетыту, схваткападобнага болю ў ніжняй ч. жывата, вадкага (з крывёю і сліззю) і частага (5—10 разоў у суткі) надворку. У апошні час амаль у 80% хворых Д. бывае са слабымі клінічнымі прыкметамі. Цяжкая форма вострай Д.: высокая ліхаманка, ці гіпатэрмія, часты (30—40 разоў у суткі) надворак і інш. — трапляецца рэдка. Хранічная Д. перыядычна абвастраецца. Лячэнне: шпіталізацыя, лячэбнае харчаванне, антыбіётыкі, аральная дэгідратацыя салявымі растворамі.
Сярод с.-т. жывёл на Д. хварэюць ягняты і парасяты. Заражэнне адбываецца праз корм, пітную ваду і подсціл, забруджаныя выдзяленнямі хворых жывёл і бактэрыяносьбітаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЮЦЫНА́ЦЫІ (ад лац. hallucinatio трызненне, прывід),
стан уяўнага (несапраўднага) успрымання чалавекам чаго-небудзь як рэальна існуючага ў навакольным асяроддзі без уздзеяння знешніх раздражняльнікаў. Паводле І.П.Паўлава, у аснове галюцынацый ляжаць парушэнні функцый кары галаўнога мозга. Найчасцей галюцынацыі ўзнікаюць пры псіхічных захворваннях.
Адрозніваюць галюцынацыі: зрокавыя, слыхавыя, нюхальныя, тактыльныя і інш.; простыя (успышкі святла, шоргат, стук) і складаныя (вобразы людзей, гаворка); сапраўдныя галюцынацыі і псеўдагалюцынацыі (менш выразныя і ў меншай ступені звязаныя з пачуццём рэальнасці; адсутнічаюць у дзіцячым узросце). Да галюцынацый не адносяць ілюзіі. Зрокавыя галюцынацыі характэрныя для псіхозаў інфекц. і інтаксікацыйнага паходжання. Пры белай гарачцы, напр., хворыя бачаць дробных жывёл (мышэй, змей), адчуваюць поўзанне па скуры насякомых, уяўную прысутнасць пачвар, страшыдлаў, забойцаў. Слыхавыя галюцынацыі больш частыя пры шызафрэніі. Нярэдка яны тояць сац. небяспеку, таму што могуць мець імператыўны (загадвальны) змест і накіроўваць хворага на агрэсіўныя дзеянні. У хранічных алкаголікаў слыхавыя галюцынацыі часцей «каментарныя» («галасы» абмяркоўваюць стан ці дзеянні хворага). Нюхальныя і тактыльныя галюцынацыі ўвасабляюцца ў адчуванні несапраўдных пахаў (напр., гнілі, парфумы, газы і г.д.) і дотыкаў да скуры (насякомых, вільгаці, паветраных патокаў і інш.). Шэраг рэчываў (галюцынагены) здольныя выклікаць галюцынацыі штучна, што ўласціва наркаманіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕЯСЛО́Ў,
знамянальная часціна мовы, якая абазначае працэс, што адбываецца ў часе. Паняцце працэсу аб’ядноўвае прыватныя значэнні фіз. дзеяння, руху, перамяшчэння, стану, адносін, выяўлення ці змены прыкметы. У бел. мове Дз. мае формы стану, трывання, ладу, часу, асобы, ліку, зваротнасці і незваротнасці (гл. адпаведныя арт.). Дз. ўмоўнага ладу і прошлага часу абвеснага ладу маюць род — мужчынскі, жаночы, ніякі («ішоў», «ішла», «ішло»). Неспрагальныя формы Дз. — інфінітыў, дзеепрыметнік, дзеепрыслоўе. Асобную групу складаюць безасабовыя Дз. («світае», «пацяплела», «шанцуе»).
У старабел. мове закончанае і незакончанае трыванні не проціпастаўляліся, але было болей форм часу (перфект. аорыст. плюсквамперфект, будучы I, будучы II і інш.), якія паказвалі закончанасць ці працягласць дзеяння; часцей ужываліся дзеепрыметнікі. Словаўтварэнне Дз. у сучаснай бел. мове надзвычай багатае прэфіксацыяй («ехаць — аб’ехаць — выехаць — даехаць — з’ехаць — наехаць — недаехаць — паехаць — пераехаць — прыехаць — уз’ехаць» і г.д.). Асн. сінтаксічная роля Дз. — быць выказнікам. Інфінітыў, дзеепрыметнік і дзеепрыслоўе выступаюць і ў ролі інш. членаў сказа. У залежнасці ад адносін да аб’екта Дз. падзяляюцца на пераходныя, якія спалучаюцца з прамым дапаўненнем («будаваць дом», «выпіць квасу», «гандляваць агароднінай»), і непераходныя («ісці», «бялець», «сталярнічаць»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОЖДЖ,
від атмасферных ападкаў у выглядзе кропель вады дыяметрам 0,5—7 мм. Утвараецца ў выніку кандэнсацыі вадзяной пары ў паветры і зліцця дробных кропель у больш буйныя або раставання крышталёў, што выпадаюць з воблакаў.
Аблажныя Д. працяглыя. раўнамернай інтэнсіўнасці, выпадаюць са слаіста-дажджавых або высокаслаістых воблакаў на вял. плошчы; ліўневыя Д. кароткачасовыя, маюць хутказменлівую і часта вял. інтэнсіўнасць, выпадаюць з кучава-дажджавых воблакаў (гл.Лівень). Д. з дыяметрам кропель менш за 0,5 ммназ.імжой. Бывае ледзяны Д. у выглядзе дробных празрыстых ледзяных шарыкаў дыяметрам 1—3 мм, што ўтвараюцца пры замярзанні кропель Д. ў паветры з адмоўнай т-рай, і пераахалоджаны Д., кроплі якога застаюцца вадкімі пры адмоўнай т-ры і замярзаюць у выглядзе галалёду на паверхні Зямлі.
На Беларусі выпадзенне Д. часцей звязана з цыкланічнай дзейнасцю. Вадкія ападкі (пераважна Д.) даюць ад 75% на У да 80% на 3 гадавой сумы ападкаў. За год бывае каля 110 сут з Д. Летам пераважаюць ліўневыя Д., найб. дажджлівы месяц ліпень (13—16 сут з Д.). У халодны перыяд года акрамя снегу выпадаюць аблажныя Д. і імжа (да 8 сут з ападкамі за месяц). Гл. таксама Ападкі атмасферныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУ́ЖАЛІ (Carabidae),
сямейства насякомых атр. жукоў. Каля 25 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераным поясе Еўразіі. Жывуць у лясным подсціле і на яго паверхні, радзей на дрэвах, у мурашніках і інш. На Беларусі больш за 300 відаў, з іх 12 занесены ў Чырв. кнігу: рашэцісты (Carabus cancellatus), Менетрые (C. menetriesi), бліскучы, або нітэнс (C. nitens), фіялетавы (C. violaceus), шчыгрынавы (C. coriaceus), цудоўны (C. scheidleri), блытаны (інтрыкатус — C. intricatus), аблямаваны (C. marginalis), красацелы — бронзавы (малы — Calosoma inqisitor), пахучы (C. sycophanta), даследчык, або чорны (C. investigator), скакун пясчаны (арэнарыя — Cicindela arenaria).
Даўж. 1,2—90 мм. Цела звычайна прадаўгаватае, вусікі пераважна ніткападобныя, ногі доўгія, бегальныя. Галава круглая. Надкрылы часта зрастаюцца, крылы бываюць недаразвітыя. Афарбоўка часцей чорная, бурая, з метал. бляскам розных адценняў, радзей стракатая. У многіх відаў развіты анальныя залозы, якія выдзяляюць едкую вадкасць. Жывуць і акукліваюцца ў глебе. Лічынкі прадаўгаватыя, рухомыя. Большасць Ж. — мнагаедныя драпежнікі, кормяцца глебавымі беспазваночнымі — насякомымі, іх лічынкамі, малюскамі, дажджавымі чарвямі. Многія кормяцца жывёльным і раслінным кормам, радзей — расліннаедныя (збожжавая, прасяная і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭМЛЬ,
цэнтральная ўмацаваная частка стараж.-рус. гарадоў. Упершыню згадваецца ў летапісе як «крэмнік» каля 1331. Да 14 ст. К. называлі дзядзінцам, у 16—17 — горад, град. Звычайна размяшчаўся на высокім месцы, часцей на беразе ракі ці возера. Спачатку ўзводзіліся земляныя і драўляныя ўмацаванні, з 11 ст. — мураваныя (з каменю ці цэглы, напр., у Ноўгарадзе з 1044, у Старой Ладазе з 1116, Пскове з 13 ст.), часта абкружаліся ровам з вадой. Плошча К. мела значныя памеры, тут звычайна знаходзіліся палац князя, гал. сабор, двары баяр і царк. знаці. Падкрэслены рэльефам, К. дамінаваў у забудове, быў градаўтваральным ядром стараж.-рус. горада, вызначаў яго сілуэт. Горад рос за кошт пасадаў і звязваўся з К. радыяльнымі вуліцамі. Шырокае буд-ва мураваных К. вялося ў 16—17 ст. Вядомы К. ў Пскове, Каломне, Туле, Ніжнім Ноўгарадзе, Казані, Смаленску, Растове, Суздалі, Ноўгарадзе, Табольску, Крэмль Маскоўскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ДЗІ «НЕПАХО́ЖЫЯ»,
феадальна-залежныя сяляне ў ВКЛ, пазбаўленыя права на пераход ад аднаго феадала да другога. Юрыдычнае афармленне прыгоннага становішча Л.«н.» пачалося з прывілея 1447. Складалі асн. катэгорыю сельскага насельніцтва. У залежнасці ад павіннасцей падзяляліся на цяглых, чыншавых і інш. У некат. дакументах ВКЛ называліся отчычамі. У 15 ст. складалі ўжо значную частку сельскага насельніцтва, але яшчэ не большасць яго. Некат. дакументы 15 ст. разглядаюць Л.«н.» як прыналежнасць феад. маёнткаў. Гэта катэгорыя залежнага сялянства папаўнялася рознымі шляхамі найперш за кошт неаплатных даўжнікоў, якія не маглі разлічыцца з панам. Яшчэ адной крыніцай папаўнення Л.«н.» было закладніцтва. Паступова ў 16 ст. феадалы пашыралі права 10-гадовай земскай даўнасці на людзей«пахожых», якія, «засядзеўшы земскую даўнасць», пазбаўляліся права пераходу ў інш. мясцовасць. Так, катэгорыя Л.«н.» пашыралася за кошт скарачэння «пахожых» людзей. Калі паншчына стала асн. павіннасцю прыгоннага сялянства, Л.«н.» ўсё часцей у дакументах называюцца «людзьмі цяглымі», «людзьмі прыгоннымі». У канцы 16—1-й пал. 17 ст. пасля правядзення агр. рэформы вял.кн. Жыгімонта II Аўгуста і аналагічнага правядзення валочнай памеры ў прыватнаўласніцкіх маёнтках Л.«н.» і людзі «пахожыя» зліліся ў адну групу прыгоннага сялянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРФАНАЛО́ГІЯ,
раздзел мовазнаўства, які вывучае фаналагічную структуру марфем рознага тыпу і выкарыстанне фаналагічных адрозненняў у марфал. мэтах. Займае прамежкавае становішча паміж фаналогіяй і марфалогіяй. Даследуе фанемную структуру марфем, напр., каранёвыя марфемы назоўнікаў пераважна закрытыя («дом» — ∅, «сад» — ∅, «вад-а» і інш.), у той час як каранёвыя марфемы дзеясловаў могуць быць і закрытымі («слух-а-ць») і адкрытымі («лі-ць»); чаргаванне гукаў у розных морфах адной і той жа марфемы, напр., марфанемы ц’ — ч у морфах «кац’-» — «кач-» («каціць» — «качу»); правілы і заканамернасці спалучэння марфем у слове. На месцы спалучэння марфем узнікаюць марфемныя стыкі («марфемнае шво»), на якіх часта наглядаюцца гукавыя спалучэнні, якія не могуць сустракацца ўнутры марфемы. Напр., у бел. мове звычайна не бывае ў складзе марфемы спалучэнняў аднолькавых гукаў, аднак на марфемным стыку такія спалучэнні лёгка ўтвараюцца («па-абед-а-ць», «ад-да-ць»). На стыку марфем часцей за ўсё наглядаюцца і разнастайныя чаргаванні. Тэрмін «М.» ўвёў рас. вучоны М.С.Трубяцкой (1931).
Літ.:
Трубецкой Н.С. Некоторые соображения относительно морфонологии: Пер. с нем. // Пражский лингвистический кружок. М., 1967;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-САХАЛІ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
наступальная аперацыя сав. войск па вызваленні паўд.ч. в-ва Сахалін у час 2-й сусв. вайны 1939—45. Праведзена 11—25.8.1945 войскамі 16-й арміі 2-га Далёкаўсх. фронту ва ўзаемадзеянні з караблямі і часцямі марской пяхоты Паўн.-Ціхаакіянскай флатыліі. У наступленні ўдзельнічалі 56-ы стралк. корпус і інш. злучэнні і часці, да 30 караблёў, суднаў і катэраў, 186 самалётаў. Яп. войскі ў складзе 88-й пях. дывізіі, інш.часцей і рэзервістаў (каля 30 тыс.чал.) займалі доўгачасовыя абарончыя збудаванні, цэнтрам якіх быў Катонскі ўмацаваны раён. У ноч перад наступленнем марская авіяцыя нанесла бомбавыя ўдары па апорных пунктах праціўніка Наступленне пачалося 11 жн. пры падтрымцы 2 авіяц. дывізій. 16 жн. на зах. ўзбярэжжы ў раёне Тора (цяпер Шахцёрск) высадзіўся марскі дэсант. Да 18 жн.сав. войскі авалодалі ўсімі ўмацаванымі пунктамі ў прыгранічнай паласе. 19—25 жн. сумесным ударам з фронту і высадкай дэсантаў у портах Маока (цяпер Холмск), Атамары (цяпер Карсакаў) яп. групоўка войск была ліквідавана (пасля капітуляцыі больш за 18 тыс.чал. трапіла ў палон). Паўд. Сахалін, які з 1905 належаў Японіі (гл.Руска-японская вайна 1904—05), зноў стаў састаўной ч.СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1944,
антыфашысцкае ўзброенае выступленне ў акупіраванай Варшаве 1.8—2.10.1944 у 2-ю сусв. вайну. Арганізавана і ўзначалена падпольнай Арміяй Краёвай (АК), звязанай з польскім эмігранцкім урадам у Лондане. Кіраўнікі паўстання на чале з ген. Т.Камароўскім разлічвалі, што паўстанцы здолеюць авалодаць сталіцай Польшчы непасрэдна перад наступленнем на Варшаву сав. войск, якія праводзілі ў той час Беларускую аперацыю 1944, і забяспечыць уладу прыхільнікам эмігранцкага ўрада. На выбар часу паўстання паўплывалі знешнія падзеі: змова супраць Гітлера 20.7.1944, адступленне ням.-фаш. войск да лініі Віслы, заклікі да палякаў падняць агульнае паўстанне супраць акупантаў, атрыманае камандаваннем АК у Варшаве 31.7.1944 неправеранае паведамленне аб уступленні сав. танкаў ва ўсх. прадмесце Варшавы. У першыя дні паўстання каля 25 тыс. паўстанцаў (з іх 1,5—2,5 тыс. дастаткова ўзброеных) разгарнулі вулічныя баі і занялі амаль палову цэнтр.ч. горада на левым беразе Віслы, аднак з-за недахопу боепрыпасаў былі вымушаны перайсці да абароны. Пасля далучэння цывільнага насельніцтва (найперш моладзі) і часцей Арміі Людовай паўстанне стала масавым (усяго каля 50 тыс. дрэнна ўзброеных людзей). У гэты ж час ням.-фаш. войскам удалося прыпыніць наступленне часцейЧырв. Арміі на Варшаву (1 жн.), сав. авіяцыя спыніла бамбардзіроўкі ням. пазіцый у польск. сталіцы (2 жн.). 4 жн. гітлераўцы перайшлі ў наступленне на паўстанцаў і да 9 вер. расчлянілі раёны, якія ўтрымлівалі польск. патрыёты, на ізаляваныя сектары. Ва ўмовах крызісу паўстання 14 вер.сав. часці авалодалі Прагай — прадмесцем Варшавы на правым беразе Віслы. Ноччу 16 вер.сав. войскі і 1-я Польская армія фарсіравалі Віслу, але не ўтрымаліся на яе зах. беразе. Сав. і амер.-англ. авіяцыя скідвала паўстанцам зброю, харчаванне, амуніцыю. Выкарыстоўваючы танкі, артылерыю, авіяцыю, ням.-фаш. войскі (амаль 50 тыс.чал.) на чале з ген. Э. фон дэн Бах-Зелеўскі канчаткова адрэзалі паўстанцаў ад Віслы і паступова задушылі цэнтры супраціўлення. 2 кастр. кіраўніцтва АК падпісала акт аб капітуляцыі, паводле якога паўстанцы атрымалі права камбатантаў, а цывільнае насельніцтва эвакуіравалася з горада. У палон трапіла каля 16 тыс. паўстанцаў, 22—25 тыс.чал. былі забіты ці прапалі без вестак. Цывільнае насельніцтва страціла 150—200 тыс.чал.Ням. 9-я армія, якая душыла паўстанне, страціла забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак каля 26 тыс.чал. Паводле загаду Гітлера пасля эвакуацыі каля 500 тыс. ацалелых жыхароў Варшавы пачалося яе сістэм. разбурэнне.
Літ.:
Назаревич Р. Варшавское восстание, 1944 год: Полит. аспекты: Пер. с пол. М., 1989;
Черчилль У. Вторая мировая война: Пер. с англ.М., 1991. Кн. 3, т. 5—6. С. 398—407;
Kunert A.K. Rzeczpospolita Walcząca: Powstanie Warszawskie, 1944: Kalendarium. Warszawa, 1994.
У.Я.Калаткоў.
Да арт.Варшаўскае паўстанне 1944. Помнік паўстанцам у Варшаве. Аўтар В.Куцма. 1989.