ГРАД,

атмасферныя ападкі ў выглядзе сферычных часцінак шчыльнага лёду (градзін) памерамі ад 5 да 55 мм, зрэдку і больш. Утвараецца ў цёплую пару года ў магутных кучава-дажджавых хмарах з інтэнсіўным верт. рухам паветра, часам суправаджаецца ліўневымі ападкамі і навальніцай. Бывае рэдка, прыкладна 1 раз на 15 навальніц. На Беларусі адзначаецца з крас. да кастр., найчасцей у маі і чэрвені. Праходзіць звычайна вузкімі палосамі шыр. да 300—500 м, даўж. 2—5 км (бываюць выпадкі, калі шыр. паласы дасягае 2—3 км, даўж. 15 км). Працягласць выпадання ад некалькіх мінут да паўгадзіны, часцей 6—7 мін, можа ўтварыць покрыва таўшчынёй 20—30 см. У сярэднім штогод у кожным пункце град бывае 1—2, у асобныя гады да 5—7 сут.

т. 5, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)