закрытыя навучальна-выхаваўчыя ўстановы для дзяцей і падлеткаў 11—14-гадовага ўзросту, якім патрабуюцца асаблівыя ўмовы выхавання. Прызначаны для выпраўлення, сац. рэабілітацыі, прадаўжэння агульнаадук. і прац. навучання непаўналетніх правапарушальнікаў. У С.ш. накіроўваюць падлеткаў паводле рашэння судоў у выпадку ўчынення імі небяспечных дзеянняў або сістэматычных парушэнняў правіл грамадскіх паводзін. Навуч.-выхаваўчая работа ў С.ш. грунтуецца на прынцыпах спалучэння агульнаадук. падрыхтоўкі з грамадска карыснай працай паводле вучэбных планаў і праграм, зацверджаных Мін-вам адукацыі. Ва ўстановах забяспечваецца строгі распарадак дня, кругласутачны нагляд і кантроль за паводзінамі выхаванцаў, які выключае магчымасць іх свабоднага выхаду за межы ўстановы. Мэтанакіраваная арганізацыя жыцця падлеткаў садзейнічае развіццю сацыяльна карысных інтарэсаў і схільнасцей асобы. Гуманныя адносіны да кожнага выхаванца спалучаюцца з высокай патрабавальнасцю і дысцыплінай. Падлеткаў выпускаюць са С.ш. паводле рашэння камісіі па справах непаўналетніх на падставе прапановы пед. савета. Навучэнцы, якія не выправілі сваіх паводзін, па дасягненні імі 15-гадовага ўзросту могуць быць пераведзены ў спецыяльныя прафесійна-тэхнічныя вучылішчы. На Беларусі дзейнічае Магілёўская С.ш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУМЕ́ЖНЫЯ ПРАВЫ́,
разнастайнасць выключных правоў, якія з’яўляюцца вытворчымі ад аўтарскага права, але цалкам з ім не супадаюць. Рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з выкананнем, пастаноўкай літ. і муз. твораў, у т. л. запісаных на фанаграму, перадачы арганізацый эфірнага і кабельнага вяшчання. Неабходнасць прававой аховы С.п. абумоўлена тым, што развіццё навук.тэхн. прагрэсу закранае не толькі ўладальнікаў аўтарскага права, але і тых асоб, чыя дзейнасць звязана з выкарыстаннем твораў, якія ахоўваюцца гэтым правам. У выніку таго, што магчымасць рэпрадуктавання дазволіла ствараць высакаякасныя копіі з існуючых запісаў, узнікла неабходнасць у ахове інтарэсаў суб’ектаў С.п.: выканаўцаў (адносна іх выканання), вытворцаў фанаграм (адносна іх гукавых праграм), вяшчальных арганізацый (адносна трансліруемых імі праграм). Асн. змест С.п. зводзіцца да таго, што выкарыстанне трэцімі асобамі фанаграм, радыё- і тэлепраграм, а таксама творчых вынікаў выканаўцаў патрабуе згоды або артыста, які ажыццяўляе выкананне, або арг-цый, якія зрабілі гуказапіс, або радыё- і тэлеарганізацый. Пытанні рэалізацыі С.п. і іх аховы ў Рэспубліцы Беларусь рэгулюецца цывільным заканадаўствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУПЕРГРАВІТА́ЦЫЯ,
лакальнае абагульненне суперсіметрыі. Уключае рэлятывісцкія пераўтварэнні каардынат і часу (гл.Адноснасці тэорыя) і пераўтварэнні сіметрыі паміж базонамі і ферміёнамі.
Дазваляе аб’яднаць прасторава-часавыя і ўнутраныя групы сіметрыі і на гэтай падставе апісаць усе вядомыя ўзаемадзеянні (гравітацыйнае, слабае, эл.-магн. і моцнае). С. патрабуе ўвядзення бязмасавай часціцы са спінам 3/2 (гравітына), партнёрам якой па супермультыплету з’яўляецца бязмасавая часціца са спінам 2, якая атаясамліваецца з квантам гравітацыйнага поля — гравітонам. Важная перавага С. — значнае скарачэнне ультрафіялетавых разбежнасцей (абарачэнне ў бясконцасць) фіз. велічынь, магчымасць рашыць праблему іерархій і пабудова на яе аснове тэорыі суперструн (аднамерных аб’ектаў у прасторы з 10 ці 26 вымярэннямі) — калібровачнай тэорыі вышэйшай сіметрыі, якая дазваляе апісаць усе элементарныя часціцы і іх узаемадзеянні на адзінай аснове.
Літ.:
Фридман Д., Ньювенхейзен П. ван. Супергравитация и унификация законов физики: Пер. с англ. // Успехи физ. наук. 1979. Т. 128, вып. 1;
Окунь Л.Б. Физика элементарных частиц. 2 изд. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМАМАГНІ́ТНЫЯ З’Я́ВЫ,
з’явы, што ўзнікаюць у праводзячых асяроддзях пры адначасовым дзеянні магн. поля і градыента т-ры. Абумоўлены ўздзеяннем магн. поля на накіраваны рух носьбітаў зараду (электронаў праводнасці і дзірак) пад дзеяннем градыента т-ры.
Магн. поле адхіляе звязаныя з. пераносам часціц эл. ток і паток цеплаты ад першапачатковага напрамку (гл.Лорэнца сіла). У выніку паяўляюцца складальныя эл. току і цеплавога патоку ў напрамку, перпендыкулярным магн. полю. Адрозніваюць Т.з. папярочныя і падоўжныя ў залежнасці ад таго, у якім напрамку — перпендыкулярным ці паралельным першапачатковаму градыенту т-ры адпаведна — яны вымяраюцца. Да Т.з. належаць: Нернста—Этынгсгаўзена эфект, Рыгі—Ледзюка эфект (папярочны — узнікненне тэмпературнага градыента, падоўжны — змена цеплаправоднасці з-за ўзнікнення дадатковага цеплавога патоку) і інш. Вывучэнне Т.з. дае магчымасць атрымаць важную інфармацыю аб носьбітах зараду ў паўправадніках; на ім заснавана дзеянне пераўтваральнікаў цеплавой энергіі ў электрычную.
Літ.:
Аскеров Б.М. Электронные явления переноса в полупроводниках. М., 1985;
Бонч-Бруевич В.Л., Калашников С.Г. Физика полупроводников. 2 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАХЛО́Ў Рэм Віктаравіч (15.7.1926, г. Ліўны Арлоўскай вобл., Расія — 8.8.1977),
савецкі фізік, адзін з заснавальнікаў нелінейнай оптыкі. Акад.АНСССР (1974, чл.-кар. 1966). Скончыў Маскоўскі ун-т (1948), дзе і працаваў (з 1973 рэктар). Навук. працы па нелінейнай оптыцы, радыёфізіцы, акустыцы, квантавай электроніцы. Распрацаваў матэм. апарат нелінейнай оптыкі і нелінейнай акустыкі. Прапанаваў параметрычны генератар і ўзмацняльнік святла (1962, з С.А.Ахманавым), стварыў параметрычны лазер з пераналаджвальнай частатой (1965), лазеры ультрафіялетавага дыяпазону на сцынтылятарах (1969, разам з інш.). Пабудаваў класічную тэорыю вымушанага камбінацыйнага рассеяння святла (1963—64). Устанавіў магчымасць стымулявання хім. рэакцый з дапамогай лазернага выпрамянення (1967), чым заклаў асновы селектыўнай лазернай фотахіміі. Ленінская прэмія 1970. Дзярж. прэмія СССР 1985. Яго імем названа вяршыня на Паміры.
Тв.:
Проблемы нелинейной оптики: (Электромагнитные волны в нелинейных диспергирующих средах). М., 1965 (разам з С.А.Ахманавым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯРЭ́НЦЬЕЎ Авянір Апанасавіч (н. 5.12.1938, г. Вялікія Лукі, Расія),
бел. вучоны ў галіне фізікахіміі торфу. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1996), д-ртэхн.н. (1990), праф. (1991). Скончыў Маскоўскі тарфяны ін-т (1961). З 1974 у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац.АН Беларусі (у 1990—2001 нам. дырэктара). Навук. працы па фіз.-хім. механіцы прыродных дысперсных сістэм і горных парод. Распрацаваў тэарэт. асновы і спосабы накіраванага структураўтварэння ў тарфах і сапрапелях, тарфяна-балотных глебах, бурых вуглях, кампазіцыях на аснове торфу для атрымання розных матэрыялаў і паліва. Выявіў механізм рэзкага памяншэння вільгацеправоднасці і рухомасці катыёнаў у тарфяных сістэмах пры ўвядзенні аніённых паверхнева-актыўных рэчываў. Абгрунтаваў магчымасць павелічэння адгезійных сувязей у тарфавугальнай кампазіцыі за кошт убудоўвання гумінавых рэчываў торфу ў структуру паверхневых слаёў вугалю пры яго механаактывацыі.
Тв.:
Физико-химические основы технологии торфяного производства. Мн., 1983 (у сааўт.);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫРВО́НАЯ КНІ́ГА БЕЛАРУ́СІ,
афіцыйны дакумент, які змяшчае сістэматызаваныя звесткі пра пэўныя віды жывёл і раслін на тэр. Беларусі, што з’яўляюцца рэдкімі або знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Засн. ў 1979. Выдае кнігу Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У першае выданне (1981) было ўключана 80 відаў ахоўных жывёл і 85 — ахоўных раслін. У 2-е выданне (1993) уключаны 182 віды жывёл, у т. л. млекакормячых 14 відаў, птушак 75, паўзуноў 2, земнаводных 1, рыб 5, насякомых 79, ракападобных 5, двухстворкавых малюскаў 1 від; раслін 180, грыбоў 17, лішайнікаў 17 відаў. Для кожнага віду прыведзены бел., рус. і лац. назвы, статус аховы, пашырэнне, месцы пражывання (росту), колькасць (трапляльнасць) у прыродзе, звесткі пра размнажэнне і феналогію, прычыны змены колькасці, магчымасць развядзення (вырошчвання) у няволі (у культуры), прынятыя і неабходныя меры аховы, крыніцы інфармацыі. Рыхтуецца 3-е выданне Ч.К.Б. ў 2 тамах, у якое плануецца ўключыць каля 330 відаў раслін і 200 — жывёл.
Літ.:
Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь. 2 выд.Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТА́ЙНА—ГА́РДЭНБЕРГА РЭФО́РМЫ,
буржуазныя пераўтварэнні ў 1807—14 у Прусіі, здзейсненыя ўрадамі Г.Ф.К.Штайна і К.А.Гардэнберга. У 1807—11 скасавана асабістая залежнасць сялян ад землеўладальнікаў пры захаванні феад. павіннасцей за карыстанне зямлёй; дазволены продаж зямлі ўласнікамі, што дало магчымасць купляць яе замежным сялянам і гараджанам; уведзены выкуп сялянамі іх павіннасцей пры ўмове ўступкі землеўладальніку ад трэці да паловы замацаванага за селянінам зямельнага ўчастка або выплаты 25-кратнага памеру гадавых плацяжоў за яго. Гэтыя рэформы спрыялі развіццю рыначных адносін (капіталізму) у сельскай гаспадарцы пры захаванні буйнога дваранскага (юнкерскага) землеўладання і інш.феад. перажыткаў. У 1808 уведзена абмежаванае самакіраванне ў гарадах, створаны мін-вы ваен., унутр., замежных спраў, юстыцыі і фінансаў; у кожнай правінцыі ўведзена пасада обер-прэзідэнта — вышэйшага кіраўніка, што ўзмацніла бюракратычную цэнтралізацыю краіны. У 1810—11 уведзена свабода вытв. дзейнасці, якую раней стрымлівала цэхавая сістэма. Паводле ваен. рэформы 1807—14 скасаваны прывілеі дваранства на заняцце афіцэрскіх пасад, рэзка абмежаваны цялесныя пакаранні салдат, уведзена ўсеагульная воінская павіннасць (1814), створана нац. міліцыя — ландвер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЭЛЕКТРО́Н»,
серыя сав. навукова-даследчых ШСЗ для адначасовага працяглага вывучэння знешняй і ўнутр. зон радыяцыйнага пояса Зямлі і звязаных з імі фіз. з’яў. Маса 350—445 кг. Запускаліся парамі (адзін па траекторыі ніжэй, а другі — вышэй радыяцыйных паясоў) пры дапамозе адной ракеты-носьбіта «Саюз»: «Э.-1» і «Э.-2» — 30.1.1964, «Э.-З» і «Э.-4» — 11.7.1964. Вынікі даследаванняў (рэгістрацыя электронаў і пратонаў, вывучэнне карпускулярнага выпрамянення Сонца, іоннага саставу атмасферы Зямлі і інш.) далі магчымасць атрымаць важныя звесткі аб радыяцыйным поясе і магн. полі Зямлі, неабходныя для стварэння бяспечных умоў для палётаў касм. караблёў, адкрыць шэраг новых фіз. з’яў у каляземнай касм. прасторы.
У.С.Ларыёнаў.
Да арт.«Электрон». ШСЗ «Электрон-1»: 1 — герметычны корпус; 2 — жалюзі сістэмы тэрмарэгулявання; 3 — панэлі сонечных батарэй; 4 — антэна; 5 — мас-спектрометр; 6 — прылада для рэгістрацыі карпускулярнага выпрамянення; 7 — дэтэктары мікраметэораў; 8 — дэтэктары пратонаў; 9 — прылада для даследавання энергетычнага спектра электронаў радыяцыйнага пояса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСТРА́КЦЫЯ (ад лац. abstractio адцягненне),
метад навук. даследавання, заснаваны на мысленным вылучэнні істотных уласцівасцяў і сувязяў, агульнай адзнакі, якая характарызуе пэўны клас прадметаў і адцягненні ад інш. прыватных яго ўласцівасцяў і сувязяў; вынік працэсу абстрагавання, сінонім «мысленнага», «паняційнага». За кошт такога звужэння (спрашчэння) мадэлі аб’екта адкрываецца магчымасць пазнання фундаментальных бакоў і сувязяў у параўнанні з зыходнай мадэллю. Ступень абстрактнасці паняцця расце адпаведна павелічэнню яго аб’ёму і звужэнню зместу, што забяспечвае больш глыбокае пранікненне думкі ў аб’ект. Даволі абстрактныя паняцці, зведзеныя ў лагічна ўпарадкаваныя сістэмы, з’яўляюцца не толькі адлюстраваннем фундаментальнага парадку свету, але і лагічнымі, універсальнымі формамі думкі (напр., філасофія). На розных ступенях пазнання і культуры абстракцыя не заўсёды існуе ў сваёй уласнай форме; нават у народаў з развітой культурай у паўсядзённай свядомасці пераважаюць паняцці наглядна-эмпірычнага характару. Павышэнне ўзроўню абстрактнасці паняццяў, з якіх фарміруецца сістэма ведаў, — паказчык развітасці і тэарэтычнага ўзроўню навукі, яе практычнай эфектыўнасці. Часам тэрмін «абстракцыя» выкарыстоўваюць для абазначэння адарванасці навукі ад практыкі і рэчаіснасці (уласцівы абстрактна-лагічнаму «вобразу» свету). Аднак мера абстракцыі змяншаецца разам з дэталізацыяй і ростам сістэмнасці «вобраза». Паслядоўна разгортваючыся ў абстрактна-лагічных сістэмах, пазнанне праходзіць свой асаблівы шлях, накіраваны да канкрэтнага, да свету законаў, якія кіруюць бясконцай разнастайнасцю прадметаў і з’яў. На веданні такіх законаў аб’ектыўнай рэальнасці трымаецца ў канчатковым выніку ўвесь прагрэс чалавецтва.
У залежнасці ад мэтавай характарыстыкі вылучаюць, некалькі відаў абстракцыі: абстракцыя атаясамлівання (абстрагаванне ад уласцівасцяў рэчаў, якія адрозніваюцца паміж сабой, і вылучэнне аднолькавых, падобных, агульных, тоесных уласцівасцяў); ізалявальная абстракцыя (вычляненне з’явы, якая даследуецца з пэўнай цэласнасці); абагульняльная абстракцыя (дае абагульненую карціну з’явы); абстракцыя актуальнай бесканечнасці (абумоўлівае магчымасць абстрагавання ад незавершанасці і незавяршальнасці працэсу ўтварэння бясконцых мностваў і аперыравання імі на аснове законаў і правілаў матэматыкі і логікі); абстракцыя патэнцыяльнай ажыццявімасці (абстрагаванне ад канструктыўных магчымасцяў чалавека і прыняцце рэальнай ажыццявімасці пэўных крокаў). Сучасны наміналізм пазітывісцкага кірунку адмаўляе неабходнасць для навукі абстракцый высокіх узроўняў, чым пазбаўляе яе важнейшых сродкаў адлюстравання рэчаіснасці і патэнцыяльных магчымасцяў. У дыялектычнай логіцы слова «абстракцыя» ўжываецца таксама як паняцце «аднабаковае», «неразвітое», у адрозненне ад канкрэтнага (гл.Абстрактнае і канкрэтнае).
Літ.:
Лазарев Ф.В. О природе научных абстракций. М., 1971;
Новосёлов М.М. Абстракция и научный метод // Логика научного познания. М., 1987;
Зуев Ю., Широканов Д. Генезис логических форм «единично-общее» и процедура обобщения // Принципы единства и развития в научном познании. Мн., 1988.