АТРЫГА́НЬЕЎ Мікалай Аляксеевіч (1823, Чарнігаўская вобласць — 14.6.1892),
рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це інжынераў шляхоў зносін. У 1845—48 служыў на Каўказе. Удзельнік «Т-ва выставак маст. твораў». З 1860-х г. наведваў Беларусь, з пач. 1880-х г. да канца жыцця жыў у Магілёўскай губ., там і памёр. Пісаў пейзажы: «Краявід у Магілёўскай губерні» (Пецярбургская АМ за гэты пейзаж прысвоіла Атрыганьеву званне «Ганаровы вольны супольнік»), «Восень», «Вечар» (усе ў 1886), «Перад заходам сонца» (1889), «Дубовы гай» і «Пасля дажджу» (1890) і інш. У Нац.маст. музеі Беларусі карціны «Вечар у Мінскай губерні (Пейзаж з капліцай)» (1854), «Расшчэплены дуб» (1889).
М.Атрыганьеў. Вечар у Мінскай губерні (Пейзаж э капліцай). 1854.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́ЎСКІ (Orłowski) Аляксандр Восіпавіч (9.3.1777, Варшава — 13.3.1832),
польскі і рускі жывапісец і графік. Прадстаўнік рамантызму. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1809). Каля 1793—1802 вучыўся і працаваў у Варшаве ў Я.П.Норбліна. З 1802 у Пецярбургу. Аўтар жанравых («Сцэна ў карчме», 1795—96) і батальных («Бітва пад Рацлавіцамі», 1798 або каля 1801) твораў, партрэтаў герояў вайны 1812 (М.І.Платава, Д.Давыдава), «Аўтапартрэта», пейзажаў, малюнкаў. Арлоўскі — адзін з заснавальнікаў шаржа («Ш.Л.Дзідро», каля 1810) і паліт. карыкатуры («Французскі эмігрант Дзю-Селон», 1806) у рус. графіцы. Адзін з першых пачаў працаваць у тэхніцы літаграфіі («Рамізніцкая біржа», 1820).
Літ.:
Ацаркина Э.Н. А.О.Орловский, 1777—1832. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСА́НА (Bassano; сапр.да Понтэ; da Ponte) Якопа
(каля 1517/18, г. Басана-дэль-Грапа, Італія — 13.2.1592),
італьянскі жывапісецвенецыянскай школы жывапісу эпохі Адраджэння. Паходзіць з сям’і мастакоў Басана. Яго манум. шматфігурныя кампазіцыі адметныя сакавітасцю і кантрастнасцю колераў («Алтар Святой Ганны», 1541, размалёўкі капліцы дэль Разарыо, 1575). У рэліг. сюжэты ўводзіў простанародныя персанажы, сцэны з сял. побыту, выявы жывёл, сцвярджаючы значнасць паўсядзённага працоўнага быцця: «Уцёкі ў Егіпет» (1534), «Хрыстос і блудніца» (1535), «Адпачынак на шляху ў Егіпет» (1550), «Пакланенне пастухоў» (1568), «Хрышчэнне Святой Люцылы» (1574), «Святы Рох і зачумленыя» (1576), «Актэон і Німфы» (1585) і інш.
Літ.:
Смирнова И.А. Якопо Бассано и Позднее Возрождение в Венеции. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАЛЬЁНАК Ягор Ягоравіч (н. 19.9.1946, в. Труханавічы Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел.жывапісец. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1968). Працуе пераважна ў жанры пейзажа. Творы вызначаюцца тонкім лірызмам і глыбінёй пачуццяў, у іх вобразы роднай Віцебшчыны, гіст. мінулае Беларусі. Адметнасць яго жывапісных палотнаў у тонкай, празрыстай акварэльнасці. Асн. работы: «Цвіце стары сад» (1974), «Лета на Віцебшчыне» (1977), «Ажыны» (1980), «Дзяцінства светлы дзень» (1981), «Дзе сон-трава» (1986), «Адыходзіць дзень» (1988), «Бабіна лета» (1989), «Май», «Адвечная цішыня», «Раніца» (усе 1990), «Восеньскі світанак», «Напрадвесні», «Прысутнасць» (усе 1993), «Успамін», «Прыйшоў Ілля», «Сціш» (усе 1994), «Да спакою», «Марыва» (абодва 1995), нізка пастэляў «Родны край» (1993—94) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЮЯ́Р (Vuillard) Жан Эдуар (11.11.1868, г. Кюізо, Францыя — 21.6.1940),
французскі жывапісец, графік і дэкаратар. З 1886 вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў і ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы. Удзельнік групы «Набі» (1892). Зведаў уплыў П.Гагена, А.Тулуз-Латрэка, яп. гравюры. У партрэтах, пейзажах, бытавых карцінах, дэкар. пано спалучаў сімвалізм з падкрэсленай дэкаратыўнасцю формаў, плоскаснай трактоўкай прасторы, вытанчанай эмацыянальнасцю і гармоніяй фарбаў, імкненнем да інтымнасці вобразаў. Асн. творы: аўтапартрэт (тры пано, 1809), «У ложку» (1891), «У пакоі» (1893), «Сады Парыжа» (тры пано, 1894), «На канапе», «У садзе», партрэт мадам Бенар (1930).
Літ.:
Крючкова В.А. Символизм в изобразительном искусстве: Франция и Бельгия, 1870—1900. М., 1994. С. 190—219.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДМАХО́ЎСКІ Фадзей Уладзіслававіч (1858, каля г. Пінск — ?),
бел.жывапісец і графік. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1873—77), у Кракаве ў Я.Матэйкі. У 1907 выкладаў арнаментыку ў Вышэйшай школе заахвочвання мастацтваў у Пецярбургу. Пісаў кампазіцыі на гіст. тэмы і пейзажы («Прысяга князя», «Лясная глуш»). Аўтар серыі малюнкаў гербаў бел. гарадоў для «Гербоўніка літоўскага», які публікаваўся ў пач. 20 ст. ў віленскіх час. «Kwartalnik Litewski» («Квартальнік літоўскі») і «Litwa i Rus» («Літва і Русь»). Вядома яго графічная серыя партрэтаў польскіх каралёў (Леха, Крака, Мешкі II, Пяста і інш.), гіст. асоб (Т.Касцюшкі, Напалеона) і дзеячаў культуры (А.Міцкевіча і інш.).
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭРА́Р (Gérard) Франсуа Паскаль Сімон (4.5.1770, Рым — 11.1.1837),
французскі жывапісец і літограф, прадстаўнік рамантызму. Каля 1782—83 вучыўся ў парыжскім «Каралеўскім пансіёне», у 1786—89 вучань Ж.Л.Давіда. Быў адным з афіц. партрэтыстаў Напалеона, потым Бурбонаў. Сярод твораў: партрэты Ж.Б.Ізабэ з дачкой (1795), Напалеона I у каранацыйным адзенні, імператрыцы Жазефіны (1801), мадам Рэкам’е (1802), мадам Талейран (1805), В.П.Качубея (1809) і інш., карціны «Псіхея і Амур» (1797), «Бітва пры Аўстэрліцы» (1810), «Уваход Генрыха IV у Парыж» (1817), «Каранаванне Карла X» (1829); дэкар. размалёўкі ў парыжскім Пантэоне (1810-я г.). Па малюнках Ж. гравіраваны ілюстрацыі да твораў Вергілія, Ж.Расіна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ЎСКІ Аляксандр Сцяпанавіч (н. 27.1.1923, в.Вял. Труханавічы Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел.жывапісец. Засл. работнік культуры Беларусі (1975). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1956). Стыпендыят ЮНЕСКА (1961). З 1956 выкладае ў Бел.АМ. Працуе ў жанрах тэматычнай карціны і пейзажа. Творы вылучаюцца рэаліст. вобразнай мовай, дасканалай маст. формай, прыўзнята-рамант. ладам: «На работу ў вёску» (1956), «Блакітная песня» (1972), «Красавіцкі вечар» (1975), «Над возерам» (1977), «9 мая» (1978), «Снегіры» (1982), «Аўтапартрэт. Год 1941» (1984), «Размова» (1985), «Маладзік нарадзіўся» (1987), «Вестка аб Перамозе» (1990), «Час восеньскіх туманаў», «Адліга» (абедзве 1991), «Зварот да вытокаў» (1992), «Туманная раніца» (1993), «У родным краі» (1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ВІН Сяргей Аляксеевіч (19.8.1858, Масква — 26.10.1908),
рускі жывапісец-жанрыст. Брат К.А.Каровіна. Вучыўся ў Маск. вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1876—86, у В.Пярова), выкладаў у ім з 1888. Блізкі да перасоўнікаў. У творчасці развіваў традыцыі дэмакр.рэаліст. мастацтва. Творы пераважна сялянскай тэматыкі, вызначаліся псіхалагізмам і вастрынёй характарыстык вобразаў, адлюстроўвалі сац. працэсы парэформеннай вёскі («Перад пакараннем», 1884; «На людзях», 1893, і інш.). Звяртаўся да тэм жыцця рус. арміі («На манеўрах», 1885; «Кавалерысты ля калодзежа», 1887; «Манеўры Сумскага палка», 1880-я г.), вандроўнікаў-багамольцаў (творы 1890-х г.). Ілюстраваў творы А.Пушкіна, М.Гогаля і інш. Вучнямі К. былі В.Бялыніцкі-Біруля, С.Жукоўскі.