ВЫСО́ЦКІ (Міхаіл Сцяпанавіч) (н. 10.2.1928, в. Семежава Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Акад. АН Беларусі (1989, чл.-кар. 1984), д-р тэхн. н. (1976), праф. (1978). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1976). Засл. работнік прам-сці СССР (1991). Скончыў Усесаюзны завочны маш.-буд. ін-т (1955). З 1949 на Мінскім аўтамаб. з-дзе, з 1961 гал. канструктар, з 1975 гал. канструктар ВА «БелаўтаМАЗ». Адначасова з 1992 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, з 1993 дырэктар навук. цэнтра праблем механікі машын АН Беларусі. Працы па праблемах развіцця асноў тэорыі, праектавання і выпрабаванняў аўтамабіляў агульнага прызначэння. Распрацаваў канцэпцыю модульнага пабудавання магістральных аўтапаяздоў і тэорыю комплекснага падыходу да надзейнасці, трываласці, дынамікі і ўстойлівасці аўтамабіляў. Дзярж. прэмія СССР 1970, Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Основы проектирования автомобилей и автопоездов большой грузоподъемности. Мн., 1980;

Грузовые автомобили: Проектирование и основы конструирования. 2 изд. М., 1995 (разам з Л.​Х.​Гілелесам, С.​Р.​Херсонскім).

М.С.Высоцкі.

т. 4, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРНААБНАЎЛЕ́НЦЫ,

«Партыя мірнага абнаўлення», партыя ў Рас. імперыі ў 1906—12. Займала месца на правым флангу ліберальнага лагера. Гал. яе ядро складалі дэпутаты-прагрэсісты 1-й Дзярж. думы (1906); заснавальнік і гал. ідэолаг П.​А.​Гейдэн. Выступала за стварэнне канстытуцыйна-манархічнай дзяржавы, за паліт. і грамадз. роўнасць для ўсіх народаў Рас. імперыі. Па многіх пунктах праграма М. супадала з кадэцкай (гл. Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя). У час выбараў у 2-ю Дзярж. думу ў ліст. 1906 у Вільні і Мінску былі створаны к-ты М., але сваіх прадстаўнікоў у Думу яны не правялі. У 3-й Дзярж. думе адзіным прадстаўніком М. ад Беларусі быў ляснічы Пружанскага пав. В.А.БІЧ, выбраны ад Гродзенскай губ. У сваіх выступленнях у Думе Біч прапаноўваў рэарганізаваць усё мясц. кіраванне Паўн.-Зах. краю, увесці земскае самакіраванне. У студз. 1912 узнік к-т прагрэсістаў у Вільні, у які пазней увайшлі і М. Пасля 1912 М. як самастойная паліт. сіла не выступалі.

М.​М.​Забаўскі.

т. 10, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́СКІЯ ЧЫГУ́НКІ,

назва ў 1882—1921 сеткі чыг. ліній, якія звязвалі паўд. раёны Беларусі з Украінай, Літвой і цэнтр. раёнамі Расіі. Пабудаваны казной паводле ўказа цара Аляксандра III. Мелі вял. стратэг. і гасп. значэнне. Агульная іх даўжыня на Беларусі 1005 вёрст (на 1.1.1910). Падзяляліся на ўчасткі: Жабінка—Пінск, Вільня—Лунінец—Пінск, Лунінец—Роўна, Лунінец—Гомель, Баранавічы—Беласток, Гомель—Бранск. Гал. грузы —лясныя. Капіталаўкладанні на 1.1.1913 склалі 140,1 млн. руб., колькасць абслуговага персаналу 16,1 тыс. чал., паравозаў 419, вагонаў 510 пасажырскіх і 9127 таварных. Гал. майстэрні ў Пінску. Найб. чыг. станцыі: Гомель, Лунінец, Пінск, Баранавічы, Беласток. У 1880-я г. Пецярбургскі (паводле інш. звестак Маскоўскі) манетны двор адчаканіў медаль «У памяць будаўніцтва Палескіх чыгунак. З 1883 па 1887 год». Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 нацыяналізаваны і падпарадкаваны Наркамату шляхоў зносін РСФСР. У 1919 усх. участкі П.ч. былі ўключаны ў Зах. чыгункі, у 1921—39 зах. лініі П.ч. уваходзілі ў склад Польшчы.

т. 11, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЛА́ЎСКІ (Станіслаў Гіляравіч) (224.1902, с. Вендзічаны Магілёў-Падольскага р-на Вінніцкай вобл., Украіна — 9.8.1973),

савецкі і польскі ваен. дзеяч. Ген. арміі (1955), Герой Сав. Саюза (1945). У арміі з 1923. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1938). З ліп. 1940 нач. аператыўнага аддзялення штаба 162-й стралк. дывізіі БВА. У Вял. Айч. вайну на Зах., Калінінскім, 1-м і 3-м Бел. франтах: камандзір палка, дывізіі, корпуса. У 1944 адкамандзіраваны ў Войска Польскае, у якім камандаваў 2-й (вер.снеж. 1944) і 1-й (са снеж. 1944) арміямі. Удзельнік Маскоўскай бітвы 1941—42, Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944, Вісла-Одэрскай, Берлінскай (1945) і інш. аперацый. Пасля вайны працягваў службу ў Войску Польскім, камандуючы войскамі ваен. акругі (1945—47), галоўнакаманд. сухапутнымі войскамі (1947—50), гал. інспектар баявога абучэння (1950—53), нам. міністра нац. абароны Польшчы (1949—56). З канца 1956 у СССР: 1-ы нам. гал. інспектара Мін-ва абароны СССР (1956—58).

т. 12, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІ́ЛАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 14.5.1955, г. Віцебск),

бел. сацыёлаг. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1996). Д-р сацыялаг. н. (1994), праф. (1997). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1980). З 1978 працаваў у ЦК ЛКСМБ, СМ Беларусі. З 1994 у Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: заг. сектара, нам. нач. Гал. ўпраўлення грамадска-паліт. інфармацыі. Адначасова з 1991 выкладае ў БДУ. Нам. акадэміка-сакратара Аддзялення гуманіт. навук і мастацтваў Нац. АН Беларусі, гал. рэдактар час. «Социология». Даследуе асн. кірункі і перспектывы сістэмнай трансфармацыі сучаснага грамадства, праблемы каштоўнасных арыентацый моладзі, методыкі аператыўнага вывучэння грамадскай думкі. Адзін з аўтараў навуч. дапаможнікаў па сацыялогіі, методыцы сацыялагічных даследаванняў, гісторыі сацыялогіі.

Тв.:

Семья и молодежь: Профилактика отклоняющегося поведения. Мн., 1989 (у сааўт.);

Молодежь и демократизация советского общества. Мн., 1990 (у сааўт.);

Переходный процесс и молодежь. Мн., 1993;

Переходное общество: Пробл. системной трансформации. Мн., 1997.

А.М.Данілаў.

т. 6, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКІ МАЛОЧНАКАНСЕ́РВАВЫ КАМБІНА́Т ДЗІЦЯ́ЧЫХ ПРАДУ́КТАЎ, «Беллакт». Створаны ў 1970 у г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл. У 1986—90 рэканструяваны. З 1991 арэнднае, потым нар. прадпрыемства «Беллакт». Гал. цэхі з высокай ступенню механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці: кансервавы, заменніку неразведзенага малака, натуральнамалочны. Асн. прадукцыя (1995): сухія малочныя прадукты дзіцячага, дыетычнага і спецыялізаванага харчавання, масла сметанковае, сухое неразведзенае і абястлушчанае малако, натуральнамалочная і нятлустая прадукцыя, сыры, марожанае, маянэз, безалкагольныя напіткі.

т. 4, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВИ́ТЕБСКИЙ ЛИСТО́К»,

грамадска-эканам. і с.-г. газета ліберальнага кірунку. Выдавалася з 3(15).1.1898 да 21.3(2.4). 1899 у Віцебску на рус. мове 2 разы на тыдзень Віцебскім т-вам сельскіх гаспадароў. Закранала гал. чынам праблемы памешчыцкай гаспадаркі і гандлю с.-г. прадуктамі, будаўніцтва дарог. Друкавала звесткі пра кан’юнктуру мясц. рынку. Асвятляла тэатр. і муз. жыццё горада, дзейнасць мясц. культ. устаноў і інш.

т. 4, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАГА ДУХО́ЎНАГА ВУЧЫ́ЛІШЧА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры неакласіцызму. Пабудаваны ў Віцебску ў 1890 (арх. А.​Кляменцьеў). Мураваны 3-павярховы Г-падобны ў плане будынак. Гал. і бакавыя фасады вылучаны 3 рызалітамі з трохвугольнымі франтонамі ў завяршэнні; іх паверхні багата дэкарыраваны рустыкай, паўцыркульнымі нішамі, канелюраванымі калонкамі і інш. Цяпер у будынку маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ун-та і інш. ўстановы.

Т.​І.​Чарняўская.

Віцебскага духоўнага вучылішча будынак.

т. 4, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАРДА́Н (Jordanes, Jordanis),

остгоцкі гісторык 6 ст. Служыў у аланскага военачальніка, пазней, як мяркуюць, стаў епіскапам. Гал. праца І. «Пра паходжанне і дзеянні гетаў» (даведзена да 551) — важная крыніца па гісторыі готаў, Паўн. Прычарнамор’я і перыяду Вялікага перасялення народаў. Пераказаў падзеі, апісаныя гоцкім гісторыкам Касіядорам, выкарыстаў таксама эпас готаў, асабістыя назіранні. Праца мае каштоўныя звесткі з гісторыі інш. народаў і плямён, у т. л. стараж. славян.

т. 7, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НТАР (ад лац. cantor спявак),

першапачаткова пеўчы ў касцёле, пазней — спявак у прыдворнай капэле, настаўнік музыкі ў каталіцкіх і пратэстанцкіх духоўных навуч. установах, гар. школах. У пратэстантаў К. ствараў таксама музыку для царк. службаў і гар. урачыстасцей і кіраваў муз. выкананнем. Часам К. узначальваў усё муз. жыццё горада (да канца 18 ст.; напр., І.​С.​Бах). У яўр. сінагозе — гал. спявак хору (наз. таксама хазан).

т. 7, с. 603

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)