словы і спалучэнні слоў, якія граматычна не звязаны з членамі сказа і выражаюць адносіны асобы, што гаворыць, да выказанай думкі. Выражаюцца мадальнымі словамі і інш. часцінамі мовы («сапраўды», «праўда», «галоўнае», «між іншым», «па-мойму», «аднак»). Могуць выкарыстоўвацца для выражэння верагоднасці выказанай думкі («вядома»), звычайнасці — незвычайнасці фактаў («бывае»), спосабу перадачы думкі («дакладней», «іншымі словамі»), эмацыянальнай ацэнкі («на шчасце»), звароту да субяседніка («бачыш»), крыніц паведамлення («па чутках», «на мой погляд»), адносін паміж часткамі выказвання («затым»), Не з’яўляюцца членамі сказа, не дапасуюцца, не кіруюцца і не прымыкаюць да членаў сказа, а ўводзяцца ў сказ суадноснай (пераважна бяззлучнікавай) сувяззю. Вызначаюцца спецыфічнай інтанацыяй (паўзамі, нізкім тонам, хуткім тэмпам маўлення), на пісьме выдзяляюцца коскамі або працяжнікамі.
Літ.:
Базыленка А.М. Пабочныя і ўстаўныя словы, словазлучэнні і сказы ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Мн., 1964;
Аўласевіч М. Пабочныя кампаненты сказа ў беларускай літаратурнай мове. Мн., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАТЫ́ПЫ (ад палеа... +грэч. typos адбітак, форма, узор),
друкаваныя еўрап. выданні 1-й пал. 16 ст. Сярод П. выданні А.Мануцыя, Эцьенаў, Э.Дале, братоў Трэксель і інш. Па змесце і афармленні разнастайныя. Вядома каля 70 слав. П., надрукаваных кірыліцай, у т. л. кнігі Ф.Скарыны. Служаць прадметам спец. збірання і каталагізацыі. Улік П. вядзецца ў выглядзе каталогаў асобных калекцый: «Каталог палеатыпаў б. Румянцаўскай публічнай, цяпер Ленінскай Маскоўскай бібліятэкі» М.Кісялёва (1927—29), «Каталог палеатыпаў: Са збору навук. бібліятэкі імя М.Горкага Ленінградскага ун-та» (1977).
На Беларусі ў 16—19 ст. П. зберагаліся ў царк. і манастырскіх б-ках, б-ках навуч. устаноў Віцебска, Гродна, Мінска, Магілёва, у буйных прыватных зборах. Значная колькасць П. захоўваецца ў Нац. б-цы Беларусі і Цэнтр.навук. б-цы імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі.
Літ.:
Немировский Е.Л. Славянские инкунабулы и палеотипы кирилловского шрифта в книгохранилищах Советского Союза // Сов. славяноведение. 1968. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛІЦА,
1) від прасцейшай стараж. халоднай зброі ўдарнага або кідальнага дзеяння. Вядома з эпохі палеаліту. Выраблялася з цвёрдых парод дрэў у выглядзе дубіны даўжынёй да 1,2 м, масай да 12 кг. Мела з патоўшчанага канца каменныя, потым метал. (бронза, жалеза) навершы; больш тонкі канец служыў дзяржаннем. П. былі на ўзбраенні стараж. пешых і конных воінаў. Пазней разнавіднасцямі П. сталі булава, пярнач, шастапёр і да т.п., якія служылі таксама сімваламі ўлады начальніцкіх асоб у шэрагу краін (ВКЛ, Польшча, Расія, Турцыя, Украіна і інш.). Разнавіднасцю П. з’яўляюцца некат. ўзоры халоднай зброі ў абарыгенаў Паўд. Амерыкі, Аўстраліі, Афрыкі і Акіяніі (захавалася да сярэдзіны 20 ст.). З кідальных П. развіўся бумеранг — баявая і паляўнічая зброя ў Стараж. Егіпце, Паўд. Індыі, Паўд.-Усх. Азіі, Мексіцы, у многіх аўстралійскіх плямён.
2) Ромбападобная парчовая хустка, што носяць на грудзях, частка адзення архімандрытаў і заслужаных святароў.
Драўляная кідальная паліца карэнных жыхароў раёна Дэгрэй-Рывер у Паўночна-Заходняй Аўстраліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАХО́ДНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ, пераходныя металы, хімічныя элементы пабочных (B) падгруп 4—7-га перыядаў перыядычнай сістэмы элементаў Мендзялеева; d- і f-элементы. Вядома 65 П.э. (з улікам 106—109-га элементаў). У перыядах займаюць пераходнае становішча паміж металамі і неметаламі (адсюль назва).
Усе П.э. мала пашыраны ў зямной кары (акрамя жалеза і тытану), з’яўляюцца металамі (на знешнім электронным слоі маюць 1—2 электроны). У П.э. электронамі запаўняюцца ўнутр. (n−1)d-абалонкі (n — гал. квантавы лік) у d-элементаў і (n−2)f-абалонкі ў f-элементаў — лантаноідаў і актыноідаў. У выглядзе простых рэчываў d-элементы вызначаюцца унікальнымі магн. ўласцівасцямі, высокай каталітычнай актыўнасцю (асабліва плаціна, паладый). Асаблівасці хім. уласцівасцей d-элементаў абумоўлены вялікім (параўнальна з усімі інш., у т. л. і f-элементамі) наборам магчымых валентных станаў і ступеняў акіслення (напр., рутэній праяўляе ўсе ступені акіслення ад 0 да +8). Для d-элементаў характэрна ўтварэнне комплексных злучэнняў, кластэраў, а таксама нестэхіяметрычных злучэнняў (гл.Металіды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДЗЕ́ННЕ,
сукупнасць тэхнал. працэсаў, з дапамогай якіх валакністы матэрыял перапрацоўваюць у пражу.
Асн. працэсы П.: разрыхленне, змешванне, трапанне, корда- і грэбенечасанне, выцягванне, скручванне і намотванне. Валакністы матэрыял расскубаюць на шматкі, каб зменшыць яго шчыльнасць, зрабіць масу аднароднай, ачысціць ад дамешкаў. Змешванне ідзе амаль на ўсіх стадыях П. Найб. важныя працэсы П. — корда- і грэбенечасанне (гл.Часанне). У выніку грэбенечасання на грэбенечасальных машынах і дадатковай апрацоўкі стужка ператвараецца ў роўніцу. Складанне (злучэнне прадуктаў П. аднаго віду для сумеснай апрацоўкі) суправаджаецца выцягваннем — падаўжэннем валокнаў на выцяжных прыладах. Кручэнне і намотванне пражы выконваюцца на верацёнах прадзільных машын. Існуе таксама ручное П.: рукамі (вядома з неаліту ў большасці народаў), на верацяне, калаўротам. Да 19 ст.найб. пашырана П. на верацяне. На Беларусі з 19 ст. верацяно выцеснена калаўротам, у якім нітка намотваецца на шпулю, што прыводзіцца ў рух колам. Ручная пража выкарыстоўваецца пры вырабе тканін мастацкіх. Адрозніваюць бавоўна-, ільно- і воўнапрадзенне (гл.Баваўняная прамысловасць, Ільняная прамысловасць, Шарсцяная прамысловасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРША́І,
вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Валожын — Івянец. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдУ ад горада і 31 км ад чыг. ст. Валожын, 63 км ад Мінска. 678 ж., 270 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Цэнтр рэабілітацыі насельніцтва, якое пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АС. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — касцёл св. Юрыя і Маці Божай (1933).
Вядома з 1492 як сяло, уласнасць касцёла. У 1539 мястэчка, цэнтр воласці. У 1800 уласнасць І.Ражэрсона, у-1858 — В.Тышкевіча. У 1897 сяло, цэнтр воласці Мінскага пав., 391 ж., 59 двароў, царква, нар. вучылішча, аптэка, крама, хлебазапасны магазін, карчма, маёнтак. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Стаўбцоўскага, з 1926 — Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР. З 12.10.1940 цэнтр сельсавета Валожынскага р-на.
М.Б.Батвіннік.
Вёска Пяршаі. Касцёл святога Юрыя і Маці Божай. 1933. Фота 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕГЕАХІ́МІЯ (ад радые... + геахімія),
раздзел геахіміі, які вывучае гісторыю радыеактыўных атамаў. Вядома больш за 1350 радыеізатопаў (прыродных і тэхнагенных), якія адносяцца да ўсіх хім. элементаў табліцы Дз.І.Мендзялеева. Р. даследуе іх размеркаванне і міграцыю ў зямной кары, зямных абалонках і ландшафтах, формы знаходжання і ўдзел у геал., геахім. і інш. працэсах. З дапамогай Р. вырашаюцца праблемы: эвалюцыі хім. саставу Зямлі, петра- і літагенезу, жыцця на Зямлі, генезісу карысных выкапняў, палеагеаграфічных і палеагеахімічных рэканструкцый, экалогіі, радыяцыйнага тэхнагенезу. Выкарыстоўваецца пры пошуках карысных выкапняў, у сельскай гаспадарцы, для аховы здароўя, у рацыянальным прыродакарыстанні, ахове навакольнага асяроддзя. Р. цесна звязана з радыегеалогіяй, ядзернай геафізікай, радыеэкалогіяй. На Беларусі рэгіянальны кірунак Р. сфарміраваўся ў 1970-я г. Значны яго ўклад у даследаванне ландшафтаў і зямной кары рэгіёна, высвятленне геахім. і экалагічных наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́БА,
гарадскі пасёлак у Віцебскім р-не, на р.Зах. Дзвіна, на аўтадарозе Віцебск—Сураж. За 15 км ад Віцебска. 7,7 тыс.ж. (2000).
Вядома з пач. 19 ст. як цэнтр фальварка, у які ў 1834 уваходзілі 4 вёскі Вярхоўскай вол. Віцебскага пав. 144 ж. У 1909 вёска (31 ж., 4 двары) і фальварак (уласнасць Піскунова). З 20.8.1924 вёска ў Бабінавіцкім с/с Віцебскага р-на. У 1926—57 ж., 10 двароў. У 1932 у Р. заснаваны вапнавы з-д, вакол якога вырас заводскі пасёлак. У Вял.Айч. вайну 13.6.1942 ням.-фаш. карны атрад расстраляў у Р. 75 жыхароў. З 31.7.1970 Р. — гар. пасёлак.
Працуюць акц.т-ва «Даламіт» (распрацоўвае радовішча даламітаў Руба), аўтатрансп. прадпрыемства, 2 сярэднія школы, 2 дашкольныя ўстановы, Палац культуры, б-ка, паліклініка, аддз. сувязі, дом быту, царква. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі: невядомаму салдату, у гонар партыз. брыгад 1-й Віцебскай і імя ВЛКСМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СТЫКА (ад лац. rusticus грубы, неапрацаваны) у архітэктуры, рэльефная муроўка ці дэкар. абліцоўка сцен будынка каменем з груба абколатай ці выпуклай вонкавай паверхняй (гл.Руст). Выпукласць каменю можа мець розную форму (найб. пашырана пірамідальная). Р. ажыўляе сцяну багатым зіхаценнем святлаценю, стварае ўражанне моцы, масіўнасці будынка. Пры аддзелцы фасада тынкоўкай Р. імітуецца разбіўкай сцяны на прамавугольнікі або палосы. Вядома са старажытнасці (Стараж. Грэцыя і Рым). Асабліва пашырана ў аддзелцы італьян. палацаў эпохі Адраджэння. Найчасцей Р. ўжывалася ў грамадз. і палацава-сядзібнай архітэктуры стылю класіцызму і ампіру. Ёю афармлялі цокаль ці 1-ы паверх будынка, вуглавыя пілястры, лапаткі, рызаліты. Часта выкарыстоўвалася і тынкоўка «пад руст». Пашырана ў афармленні фасадаў будынкаў (аконных і дзвярных праёмаў, архівольтаў і інш.) у архітэктуры канца 19—пач. 20 ст. У драўляным культавым і сядзібным буд-ве выкарыстоўвалася тэхніка разьбы, якая імітавала каменную муроўку, былі пашыраны шалёўка сцен і афармленне вуглоў «пад руст».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАКІРАВА́ННЕ,
самастойнасць якой-н. сац. супольнасці ў кіраванні ўласнымі справамі. С. адм.-тэр. адзінкамі (мясц. С.) ажыццяўляецца насельніцтвам праз прадстаўнічыя органы кіравання (муніцыпальныя сходы, саветы, камітэты і г.д), адпаведныя органы кіравання (мясц. адміністрацыю), сходы грамадзян, мясц. рэферэндумы, інш.тэр. формы непасрэднай дэмакратыі, а таксама органы тэр. грамадскага С. насельніцтва. Органы мясц. С. звычайна не ўваходзяць у сістэму органаў дзярж. улады, але могуць надзяляцца законам асобнымі дзярж. паўнамоцтвамі, рэалізацыя якіх падкантрольная дзяржаве.
Узнікла разам з дзяржавай. Вядома ў рабаўладальніцкім і феад. грамадстве. На Беларусі пашырылася ў гарадах з увядзеннем магдэбургскага права. У дарэв. Расіі органамі С. былі гарадскія думы і земствы. Асаблівае значэнне С. набыло ў сувязі з бурж. рэвалюцыямі 17 ст. ў Англіі і 18 ст. ў Францыі, калі буржуазія ў барацьбе з абсалютызмам побач з інш.дэмакр. патрабаваннямі дамаглася ўдзелу народа ў мясц. кіраванні і права кантролю над ім. Гл. таксама Веча, Муніцыпалітэт, Мясцовае кіраванне і самакіраванне, Мясцовыя Саветы дэпутатаў.