ДЛУ́ГАШ ((Długosz) Ян) (1415, в. Бжазніца Пётркаўскага ваяв., Польшча — 19.5.1480),
польскі гісторык, дыпламат, царк. дзеяч. Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі (1428—31). Канонік кракаўскі (з 1436). У 1433—55 сакратар і канцлер Кардынала З.Алясніцкага. Пасля яго смерці прыбліжаны караля Казіміра IV Ягелончыка, падтрымліваў яго знешнюю палітыку, з 1467 выхавацель сыноў караля. У 1480 арцыбіскуп львоўскі. Гал. праца Д. «Гісторыя Польшчы» (інакш «Летапісы, або Хронікі слаўнага Каралеўства Польскага» ў 12 кн. на лац. мове, 1455—80) ахоплівае падзеі ад легендарных часоў да 1480, створана на падставе шматлікіх польск. і замежных крыніц: хронік, летапісаў (у т. л. беларускіх), статутаў, актаў польска-крыжацкіх, каралеўскай канцылярыі (многія з іх сёння ўжо не вядомы), а таксама асабістых назіранняў. Падрабязна апісана гісторыя ВКЛ, ёсць інфармацыя пра асобныя гарады і мястэчкі Беларусі, гаспадарку і звычаі стараж. ліцвінаў і інш.Аўтар прац «Banderia Prutenorum» (1448, апісанне з гіст. каментарыем 56 крыжацкіх харугваў, здабытых пераважна пад Грунвальдам), «Insignia seu clenodia Regni Poloniae» (пасля 1472, старэйшы польскі гербоўнік) і інш.
Тв.:
Rocznik czyli kroniki sławnego Królestwa Polskiego Ks. 1—11. Warszawa, 1961—85;
Рус.пер. — Грюнвальдская битва. М.; Л., 1962.
Літ.:
Długossiana: Studia historyczne w pięćsetlecie śmierci Jana Długosza. Cz. 1-2. Kraków, 1980—85;
Polska Jana Długosza. Warszawa, 1984;
Mitkowski J. Jan Długosz. Warszawa, 1988;
Plezia M. Jan Długosz // Pisarze staropolscy, sylwetki. Warszawa, 1991. T. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬСКІ (Аляксандр Карлавіч) (16.6.1834. в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 10.9.1916),
бел. гісторык, этнограф, краязнавец, пісьменнік, перакладчык, публіцыст. Чл. Акадэміі навук у Кракаве (1892). Брат М.К.Ельскага Скончыў Мінскую гімназію (1852). З 1860-х г. жыў у Замосці (Пухавіцкі р-н). дзе ў 1864 стварыў літ.-краязнаўчы музей. Сябра і першы біёграф В.Дуніна Марцінкевіча. Аўтар дыдактычных вершаваных і празаічных гутарак на бел. мове ў духу асветніцтва і хрысціянскай маралі. Гісторыі, этнаграфіі, фальклору, мове і л-ры Беларусі прысвечаны яго працы: «Пра беларускую гаворку» (1885), «Слоўца пра матэрыялы для вывучэння беларускай гаворкі, этнаграфіі і літаратуры» (1886), «Адам Міцкевіч на Беларусі» (1890), «Беларуская літаратура і бібліяграфія» (1892), «Нарыс гісторыі мясцовай гаспадаркі ў супастаўленні з народнымі звычаямі ад першабытных да апошніх часоў» (т. 1—2, 1893—97), «Гістарычныя звесткі пра радзівілаўскую ткальню паясоў у Слуцку» (1893), «Гістарычныя звесткі пра фабрыку шкла і аздобных люстэрак у радзівілаўскім Урэччы на Літве» (1899) і інш. Напісаў каля 10 тыс.гіст.-краязнаўчых артыкулаў для «Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў», «Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі», у якіх апісаў мясцовасці многіх бел. паветаў. На бел. мову перакладаў творы А.Міцкевіча, Ю.Супінскага, А.Мальчэўскага. Рукапісныя і кніжныя зборы Е. знаходзяцца ў Кракаве, Варшаве, часткова ў Мінску і Вільнюсе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЛКА (Уладзімір Адамавіч) (27.5.1900, в. Макашы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 1.3.1933),
бел.паэт. Вучыўся ў Пражскім ун-це (1923—26). Як рэдактар час. «Новы прамень» (Прага) запрошаны ў 1926 у Мінск для ўдзелу ў навук., канферэнцыі па рэформе правапісу; застаўся тут. Працаваў у газ. «Звязда» і муз. тэхнікуме. У 1930 беспадстаўна арыштаваны, высланы ў г. Уржум (Кіраўская вобл.). Там і памёр. Рэабілітаваны ў 1960. Друкаваўся з 1920 у мінскіх выданнях, з 1921 у зах.-бел. прэсе, з 1923 у часопісах бел. студэнцтва ў Чэхаславакіі, пражскім зб. «Славянская книга». Паэт рамант. складу. Аўтар лірычнай паэмы «Уяўленне» (Вільня, 1923), зб-каў вершаў «На ростані» (Вільня, 1924), «З палёў Заходняй Беларусі» (Мн., 1927). Творча пераносіў традыцыі еўрап. рамантызму на глебу зах.-бел. л-ры. У вершах «Віхор», «Меч», «Хто смелы» і інш. у сімвалічных вобразах паэтызаваў ахвярнае служэнне Радзіме, свабодзе. Выяўляў ідэю паяднання чалавека з сацыяліст. явай, сцвярджаў хараство новых узаемаадносін асобы і грамадства («Млынар паставіў застаўкі», «Раніцою», паэма «Тэстамент»). Творчасці Ж. ўласцівы інтэлектуальная, гуманіст. і эстэт. культура, высокае паэт. майстэрства. Пераклаў на бел. мову асобныя творы М.Лермантава, А.Міцкевіча, Г.Ібсена, Ш.Бадлера, І.Волькера, Б.Ясенскага.
Тв.:
Вершы. Мн., 1970;
Пожні. Мн., 1986;
Творы. Мн., 1996;
Творы. Мн., 1998.
Літ.:
Калеснік У. Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў бел. паэзіі. Мн., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЙЦАЎ (Мар’ян Міхайлавіч) (літ.псеўд.Мар’ян Віж; 23.2.1949, Мінск),
бел. пісьменнік, гісторык. Скончыў БДУ (1971). Працаваў у Бел. т-ве аховы помнікаў гісторыі і культуры (1974—76), у БелСЭ (1976—79), у навук. і культ.-асв. установах Мінска, у штотыднёвіку «Наша слова» (1993—95), з 1995 у Ін-це сучасных ведаў. Друкуецца з 1974. У гіст. аповесці «Лабірынт» (1991), заснаванай на архіўных дакументах, паказаны падзеі на Беларусі ў час паўстання 1863—64. У аповесці «Гарадскія кветкі» (1995) спроба расказаць пра лёс адзінокага чалавека ў вял. горадзе (падзеі ў Мінску на мяжы 1970—80-х г.) У апавяданнях і навелах паглыбленая ўвага да набалелых праблем сучаснасці, іх повязей з айч. мінуўшчынай. Аўтаркн.гіст.-публіцыстычных нарысаў «Чары даўніны» (1989). У 1990 апублікаваў пралог гіст.-прыгодніцкага рамана «Здарэнне на Віленскім тракце». На бел. мову пераклаў кн. З.В. і С.Ф.Шыбекаў «Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада» (1994). Адшукаў у архіве і ў 1997 апублікаваў нар. драму М.Чарота «На Купалле», якая лічылася страчанай.
Тв.:
Сялянскія хваляванні на Іўеўшчыне // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 2;
Сялянскі рух у сярэдзіне XIX ст. // Тамсама. 1981. № 1;
«Чтоб люд пробуждался...» // Нёман. 1988. № 3;
Наш Менск, наш Минск // Тамсама. 1995. № 1;
3 пячаткай «Зямлі і волі» // Маладосць. 1989. № 3;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ВЕРС (Анатоль) (сапр.Міско Іван Дарафеевіч; н. 15.5.1912, в. Чамяры Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел.паэт. За рэв. дзейнасць у Зах. Беларусі выключаўся з Віленскай, Клецкай, Навагрудскай бел. гімназій. З вер. 1939 да чэрв. 1941 літработнік слонімскай раённай газ. «Вольная праца». У Вял.Айч. вайну падпольшчык, партызан, у крас.—ліст. 1943 сакратар Слонімскага міжраённага антыфаш. к-та. Выпускаў падп.газ. «Барацьба», лістоўкі. У 1949—66 працаваў на смалакурні, лесахімзаводзе. З 1966 на журналісцкай рабоце ў Слоніме. У 1976—84 адказны сакратар слонімскага раённага аддзялення Т-ва аховы помнікаў гісторыі і культуры. Друкуецца з 1934. У першым зб. «Песні на загонах» (1939) шчыры лірызм, рамант. матывы свабодалюбства, вернасці роднаму краю. У пасляваен. творах памяць пра суровыя дні перажытага, тэмы адданасці Бацькаўшчыне, красы бел. прыроды. Аўтар «Паэмы пра камсамольца Валодзю Бялько» (1964), успамінаў пра В.Таўлая («Пасылка Валянціна Таўлая», 1976), Г.Леўчыка («Далёкі ўспамін», 1980), Я.Купалу («Ён адкрыў мне Беларусь», 1981), І.Дварчаніна, пра часы змагання ў Зах. Беларусі, падп. антыфаш. дзейнасць у вайну.
Тв.:
З пройдзеных дарог. Мн., 1970;
Жыву ў бацькоўскім краі. Мн., 1982;
Я пайшоў бы ўслед за летам... Мн., 1987;
Прыдарожныя сосны. Слонім, 1995.
Літ.:
Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982. С. 262—268;
Арочка М. Балючая памяць зямлі // Полымя. 1984. № 7;
Лойка А. «Хачу не проста жыць...» // Лойка А. Выбр.тв.Мн., 1992. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГНА́ЦЬЕЎ (Руф Гаўрылавіч) (19.9.1829, Масква — 14.1.1886),
гісторык, археолаг, музыказнавец, харавы дырыжор. Скончыў Лазараўскі ін-т усходніх моў у Маскве, кансерваторыю ў Парыжы. З 1877 у Мінску. Чл. Мінскага стат. к-та і рэдактар неафіц. часткі газ. «Минские губернские ведомости» (1877—80). Выкладаў спевы ў мінскіх жаночай школе і гімназіі. Даследаваў гісторыю і культуру Беларусі: раскопваў курганы на Міншчыне, склаў карту археал. помнікаў Мінскага пав., збіраў бел. песенны фальклор. У 1879 на Антрапал. выстаўцы ў Маскве прадставіў матэрыялы раскопак, 100 нотных запісаў песень Мінскай губ., апісанне бел.нар.муз. інструментаў, рэдкі экзэмпляр упершыню выяўленай ім альтовай скрыпкі. Выступіў там з дакладамі пра помнікі нар. творчасці і помнікі старажытнасцей у Мінскай губ. Публікаваў бел.муз. фальклор, выступаў як муз. крытык. У Мінскім Петрапаўлаўскім кафедральным саборы выявіў стараж. кірыліцкія надпісы. Аўтар артыкулаў па гісторыі і археалогіі Наўгародскай і Арэнбургскай губ.
Тв.:
Местечко Заславль или Изяслав, город потомков Рогнеды // Мин. губ. ведомости. 1878. № 1—2;
Курганы и городища в Минской губернии // Там жа. № 51—52;
1879. № 1—8, 10—11, 14, 17—18;
О памятниках древности Минской губернии // Изв. О-ва любителей естествознания, антропологии и этнографии. Т. 35. Антропол. выставка 1879 г.М., 1880. Т. 3, ч. 1;
О памятниках народного творчества в Минской губернии // Там жа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́СНІК (Уладзімір Андрэевіч) (17.9.1922, в. Сіняўская Слабада Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 15.12.1994),
бел. крытык, літ.-знавец, празаік. Канд.філал.н. (1958), праф. (1983). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1979). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1949). Працаваў у Бабруйскім настаўніцкім ін-це (1952—54), Брэсцкім пед. ін-це (з 1954, у 1988—94 праф.). Літ. дзейнасць пачаў з 1952 як крытык. Выдаў кнігі «Паэзія змагання Максім Танк і заходнебеларуская літаратура» (1959), «Час і песні» (1962), «Зорны спеў» (1975), «Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977), «Максім Танк» (1981), «Лёсам пазнанае» (1982), «Тварэнне легенды» (1987), «Янка Брыль» (1990), «Усё чалавечае» (1993, Ліг. прэмія імя І.Мележа 1994). Даследаваў зах.-бел. л-ру, адкрываючы яе як грамадскі і эстэтычны феномен у бел. л-ры 1920-х г. Працы К. вылучаюцца высокай творчай культурай, глыбінёй даследчыцкай думкі, імкненнем да аб’ектыўнасці і шматбаковасці даследавання, уменнем стварыць жывыя творчыя партрэты грамадскіх і літ. дзеячаў. Аўтар дакументальна-маст. твораў пра В.Таўлая («Аповесць пра Таўлая», 1964—65), зах.-бел. рэвалюцыянера і публіцыста А.Альшэўскага («Пасланец Праметэя», 1979). Адзін з аўтараў дакументальнай кн. «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з А.Адамовічам і Я.Брылем). За ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове) Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПАНЕ́ЛА ((Campanella) Джавані Дамініка) (манаскае Тамаза; 5.9.1568, г. Стыла, Італія — 21.5.1639),
італьянскі філосаф, паліт. дзеяч. У сваёй першай кн. «Філасофія, даказаная адчуваннямі» (1591) адмаўляў схаластычную традыцыю, перыпатэтычную артадоксію і абараняў натурфіласофію Б.Тэлезіо. Быў абвінавачаны ў ерасі, зняволены. У 1599 за вальнадумства і арганізацыю змовы супраць ісп. панавання засуджаны да пажыццёвага зняволення. У 1629 апраўданы, пераехаў у Францыю.
К. — аўтар мноства твораў па філасофіі, палітыцы, астраноміі, медыцыне, у т. л.камуніст. утопіі «Горад Сонца» (1602, апубл. ў 1623). Распрацаваў вучэнне пра «дзве кнігі»: прырода, якую пазнае навука і філасофія; св. пісанне (спасцігаецца свядомасцю чалавека), сугучнае з канцэпцыяй «дзвюх ісцін» Ібн Рушда. Сцвярджаў, што паміж гэтымі кнігамі не існуе супярэчнасцей і такім чынам пацвярджаў незалежнасць навукі і філасофіі ад рэлігіі. Прызнаваў рэальнае існаванне матэрыі; асновай быцця лічыў не ідэальную форму, а матэрыю. Гал. атрыбут быцця — моц, мудрасць і любоў. Адстойваў прынцып самаруху ў прыродзе, выказаў ідэю пра ўсеагульную адушаўлёнасць прыроды і пра здольнасць усякай рэчы да адчування. Адначасова прызнаваў першую Мудрасць і першы Розум, г. зн. сыходзіў на пазіцыі тэалогіі. К. — праціўнік абстрактнага тэарэтызавання, выступаў за доследнае пазнанне і за падпарадкаванне пазнання чалавечай практыцы. Пісаў канцоны, мадрыгалы, санеты.
Тв.:
Рус.пер. — Город Солнца. М., 1954.
Літ.:
Львов С.Л. Гражданин Города Солнца: Повесть о Томмазо Кампанелле. 2 изд. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАПНІ́ЦКАЯ ((Konopnicka) Марыя) (23.5.1842, г. Сувалкі, Польшча — 8.10.1910),
польская пісьменніца, буйнейшы майстар польск. рэаліст. л-ры. З 1890 жыла за мяжой. Літ. дзейнасць пачала ў 1875, першы цыкл вершаў «У гарах» (1876—78). Вядомасць прынёс цыкл лірыка-эпічных вершаў «Карцінкі» (1879—80). Асн. матывы яе творчасці — сялянская нядоля, жыццё гарадской беднаты, любоў да радзімы, вера ў народ, у надыход справядлівасці (зб-кі «Паэзія», т. 1—4, 1881—96: «Лініі і гукі», 1897; «Італія», 1901; «Людзям і часу», 1904). Паэзіі К. уласцівы дэмакратызм, спалучэнне лірычнасці і публіцыстычнасці, блізкасць да фальклору. У эпічнай паэме «Пан Бальцэр у Бразіліі» (1892—1906, поўнае выд. 1910) праз трагічны лёс польскіх сялян-эмігрантаў паказаны веліч народа, яго патрыятызм. Аўтар зб-каў апавяданняў «Чатыры навелы» (1888), «Мае знаёмыя» (1890), «На Нарманскім беразе» (1904), апавядання «З узломам» (1892), кн. «Міцкевіч, яго жыццё і душа» (1899). Неаднаразова наведвала Беларусь, перапісвалася з Я.Лучынам. На бел. мову вершы К. пераклалі А.Абуховіч, Г.Леўчык, Я.Купала, Т.Гардзялкоўская, З.Верас, Я.Дыла, А.Вялюгін, С.Дзяргай і інш., прозу — Я.Брыль, В.Каваль.
Тв.:
Бел.пер. — Дым. Вільня, 1908;
Мэндэль Гданскі... Мн., 1930;
Пра гномаў і сіротку Марысю. Мн., 1984;
Рус.пер. — Соч.Т. 1-4 Мн., 1959.
Літ.:
Пиотровская АГ. Творческий путь М.Конопницкой. М., 1962;
Śladami życia i twórczości Marii Konopnickiei. Warszawa, 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІ́СКІ (Георгій) (у свеце Рыгор; 20.11.1717 1.12.1717, г. Нежын Чарнігаўскай вобл., Украіна — 13.2.1795 24.2.1795),
украінскі і бел. царкоўны і грамадскі дзеяч, пісьменнік. Скончыў Кіева-Магілянскую акадэмію (1743), у 1745—55 яе выкладчык, прафесар, рэктар. З 1755 епіскап магілёўскі (беларускі). Змагаўся за захаванне і адраджэнне праваслаўя на Беларусі. У 1757 адкрыў у Магілёве пры архірэйскім доме друкарню, дзе перавыдаў скарочаны тэкст «Катэхізіса» Ф.Пракаповіча ў сваім перакладзе на «рускі дыялект». Ініцыятар адкрыцця Магілёўскай духоўнай семінарыі. У 1765 дамогся ад караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага абяцання вярнуць праваслаўным іх правы, манастыры, храмы, але кароль не стрымаў слова. Звяртаўся за дапамогай да рас. імператрыц Лізаветы і Кацярыны П. Пасля трох замахаў на яго жыццё ў 1768 уцёк у Расію (Смаленск), дзе заставаўся магілёўскім епіскапам у выгнанні. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) вярнуўся ў Магілёў. З 1793 архіепіскап, чл. Сінода. Садзейнічаў вяртанню уніятаў у праваслаўе. Збіраў дакументы па гісторыі правасл. царквы (карлеўскія граматы і інш.). Аўтар твораў: «Мемарыял аб крыўдах праваслаўным», «Правы і вольнасці жыхароў грэчаскага веравызнання», «Трактат вечнай дружбы», «Збор павучальных слоў», духоўны дзённік «Думкі», драма «Уваскрэсенне мёртвых» і інш. На доме ў Магілёве, дзе ён жыў, мемар. дошка. Ў 1993 кананізаваны.