СІНЕРГІ́ЗМ, сінергія (ад грэч. synergeia супрацоўніцтва, садружнасць),
камбінаванае ўздзеянне 2 або некалькіх рэчываў на арганізм (сістэму), агульны эфект якога большы за сумарны эфект уздзеяння кожнага з кампанентаў паасобку.
Рэчывы, што праяўляюць С., наз. сінергістамі, напр., лек. рэчывы — адрэналін і атрапін, якія выклікаюць расшырэнне зрэнак, праяўляльныя рэчывы ў фатаграфіі — метол і гідрахінон. У некат. выпадках С. назіраецца пры дзеянні сумесі актыўнага рэчыва з практычна неактыўным, напр., неактыўная аскарбінавая кіслата ўзмацняе антыакісляльнае дзеянне многіх фармацэўтычных антыаксідантаў, у хіміі яе сумесь з аксідам жалеза Fe2O3 выкарыстоўваюць для стабілізацыі палімераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНКЛІНА́ЛЬ (ад грэч. synclinō нахіляюся),
сінклінальная складка, увагнутая складка пластоў горных парод, з нахілам слаёў да восі (замка), з больш маладымі пародамі ў цэнтр.ч. (ядры). Адрозніваюць С. сіметрычныя і асіметрычныя, каробчатыя (з плоскім дном), кілепадобныя і інш. Авальныя С. наз.брахісінкліналяміабомульдамі, акруглыя — чашамі. С. звычайна спалучаюцца з выпуклымі выгінамі слаёў — антыкліналямі. На Беларусі С. вядомы ў розных гарызонтах, найлепш вывучаны ў дэвонскай саляноснай тоўшчы Прыпяцкага прагіну, дзе прадстаўлены складкамі даўж. 4—25 км, шыр. 1,5—8 км. Гл. таксама Складкі горных парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАНІ́РАВАННЕў тэхніцы,
кіравальнае прасторавае перамяшчэнне (паводле пэўнага закону) светлавога пучка, пучка электронаў, напрамку максімуму выпрамянення (прыёму) антэны і інш., пры якім паслядоўна «праглядаецца» зададзеная зона прасторы ці паверхні назіранага аб’екта.
Ажыццяўляецца мех. (напр., вуглавым перамяшчэннем выпрамяняльнай сістэмы) ці немех. метадамі — эл. кіраваннем элементамі выпрамяняльніка ці ўласцівасцямі асяроддзя, дзе распаўсюджваецца прамень (пучок). С. пучка зараджаных часціц выконваецца ўздзеяннем на яго пераменным эл.абомагн. полем. С. плоскіх відарысаў (тэксту, чарцяжоў, рысункаў і інш.) выконваецца з дапамогай сканера. Выкарыстоўваецца ў электронна-прамянёвых прыладах, растравых мікраскопах, сістэмах аптычнай апрацоўкі інфармацыі, радыёлакацыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАПА́НІЯ (Scapania),
род пячоначных імхоў сям. скапаніевых. Каля 50 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 5 відаў С.: балаталюбная (S. paludicola), дуброўная (S. nemorosa), завостраная (S. apiculata), занесеная ў Чырв. кнігу; заліўная (S. irrigua), кароткая (S. curta). Трапляюцца на вільготнай глініста-пясчанай і тарфяной глебе.
Двух-, часам аднадомныя лістасцябловыя расліны выш. да 10 см, утвараюць дзярнінкі.
Сцёблы ляжачыя або прыўзнятыя, разгалінаваныя. Лісце кіляватае, двухлопасцевае, шчыльна размешчанае па сцябле. Архегоніі на верхавінцы сцябла, антэрыдыі па некалькі ў пазухах покрыўнага лісця. Каробачка прадаўгавата-акруглая.
рускі гравёр і мініяцюрыст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1764—73). У 1773—82 пенсіянер АМ у Лондане, дзе працаваў пад кіраўніцтвам Ф.Барталоцы, пазней самастойна. Пачынальнік у Расіі гравюры каляровай, а таксама выкананай у пункцірнай манеры. Гравюры вызначаюцца вытанчанасцю тэхн. прыёмаў, часам падобныя да малюнкаў сангінай або бістрам (партрэты І.І.Скарадумава, пач. 1790-х г.; К.Р.Дашкавай, 1777). Аўтар партрэтных мініяцюрных акварэляў, малюнкаў пяром.
Літ.:
Некрасова Е.А. Г.И.Скородумов. М., 1954.
Г.Скарадумаў. Партрэт І.І.Скарадумава. Пач. 1790-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАІ́СТА-ДАЖДЖАВЫ́Я ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Nimbostratus (Ns)],
шэрае воблачнае покрыва змрочнага выгляду са значным верт. развіццём (да выш. 8 км). Здаецца размытым у выніку выпадзення ападкаў. Займае ўсё неба без прасветаў. Складзена з кропель (пры адмоўных т-рах пераахалоджаных) у сумесі са сняжынкамі, у цёплы час года ў ніжняй ч. воблака — буйныя кроплі дажджу. Узнікаюць пераважна пры ўзыходным руху паветра, як найб. магутныя па вертыкалі ч. франтальных воблачных сістэм. З іх выпадае аблажны дождж або снег, зрэдку — ледзяны дождж. Гл. таксама Воблакі, Воблачнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЭЛЕКТРЫ́ЧНЫЯ ПАТЭНЦЫЯ́ЛЫ, біяпатэнцыялы,
электрычныя патэнцыялы, якія ўзнікаюць у жывых тканках і асобных клетках чалавека, жывёл і раслін; паказчык біяэл. актыўнасці; важнейшыя кампаненты працэсаў узбуджэння і тармажэння. Вызначаюцца іх рознасцю паміж двума пунктамі жывой тканкі. Асн. віды: мембранныя, або біяэлектрычныя патэнцыялы спакою, дзеяння, постсінаптычныя. Інш. віды біяэлектрычных патэнцыялаў розных органаў і тканак — аналагі або вытворныя асноўных.
Мембранны патэнцыял — рознасць патэнцыялаў паміж вонкавым і ўнутр. бакамі мембраны жывой клеткі. Абумоўлены нераўнамерным размеркаваннем іонаў (у першую чаргу іонаў натрыю і калію) паміж унутр. саставам клеткі і асяроддзем вакол клеткі. Унутр. частка мембраны ў спакоі зараджана адмоўна, вонкавая — дадатна. Патэнцыял дзеяння характэрны для спецыялізаваных узбуджальных утварэнняў, паказчык развіцця працэсу ўзбуджэння. Забяспечвае, напр., распаўсюджванне ўзбуджэння ад рэцэптараў да нерв. клетак і далей ад клетак да мышцаў, залоз, тканак У мышачным валакне садзейнічае сувязі фіз.-хім. і ферментатыўных рэакцый, якія закладзены ў аснову скарачэння мышцаў. Постсінаптычныя патэнцыялы (узбуджальны і тармазны) узнікаюць на невял. участках клетачнай мембраны. Месцы ўзнікнення градыентаў — мембраны, якія адрозніваюцца структурай і іонаабменнай уласцівасцю. Асноўная крыніца энергіі — адэназінтрыфосфарная кіслата (АТФ). Біяэлектрычныя патэнцыялы інфармуюць аб стане і дзейнасці розных органаў. Іх рэгіструюць і вымяраюць пры даследаванні функцый арганізма, тканак і асобных клетак. У мед. практыцы ў дыягнастычных мэтах рэгіструюць біяэлектрычныя патэнцыялы сэрца (электракардыяграфія), мозга (эл.-энцэфалаграфія), мышцаў (эл. міяграфія) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕНАРЭ́Я (ад а... + грэч. mēn месяц + rheō цяку),
адсутнасць менструацый на працягу 6 і больш месяцаў у палаваспелых жанчын (ад 15—16 да 45 гадоў). Абумоўлена недастатковасцю гармонаў, якія дзейнічаюць на палавыя органы жанчыны, або неўспрымальнасцю палавых органаў да гармонаў. Фізіялагічная аменарэя назіраецца да палавой спеласці, у перыяд цяжарнасці, лактацыі і ў клімактэрычны перыяд. Пры несапраўднай аменарэі менструальны цыкл нармальны, але кроў не выходзіць вонкі з прычыны заган развіцця палавых органаў (адсутнасць похвы або шыйкі маткі, адтуліны ў дзявоцкай пляве і інш.). Пры сапраўднай паталагічнай аменарэі адсутнічаюць цыклічныя змены ў палавых органах, фізіял. працэсы выспявання фалікулаў і яйцаклеткі, што выклікае бясплоднасць; парушана функц. сістэма рэгуляцыі менструальнай і ў цэлым генератыўнай функцыі жанчыны (гіпаталамус—гіпофіз—перыферычныя залозы—палавыя органы). Адрозніваюць аменарэю паталагічную першасную (менструацыі не было ні разу ў жыцці), абумоўленую паталогіяй выспявання яечнікаў, наднырачнікаў, шчытападобнай залозы, маткі, а таксама гіпаталама-гіпафізарнай вобласці і вышэйшых аддзелаў ц. н. с. Развіваецца пры ўздзеянні неспрыяльных фактараў на арганізм жанчыны ў перыяд унутрывантробнага развіцця і адразу пасля родаў. Аменарэя паталагічная другасная (менструацыя была хоць адзін раз) звязана таксама з захворваннямі органаў — звёнаў рэгуляцыі менструальнай функцыі ў выніку запаленчых, функцыян., арган. (пухліны) пашкоджанняў, нервова-псіхічных стрэсаў і інш. у перыяд палавой сталасці. Папярэднічае хваробе гіпаменструальны сіндром: менструацыі (пасля нармальных) рэдкія, кароткія, з мізэрным крывацёкам. Для лячэння неабходна спец. абследаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ,
від метрычнага вершаскладання, заснаваны на раўнамерным чаргаванні доўгіх і кароткіх складоў у радках. Узнікла ў 8 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі, у 3 ст. да н.э. перайшло ў Рым.Асн. рытмічная адзінка антычнага верша — стапа з пэўным чаргаваннем доўгіх (-) і кароткіх (◡) складоў. Адзінка часу, неабходная для вымаўлення аднаго кароткага склада, наз. морай (у доўгім складзе былі 2 моры). Раўнамернае чаргаванне пэўных стоп стварала выразны метрычны малюнак, абометр; паўтарэнне той ці іншай колькасці аднолькавых стоп утварала памер вершаваны. Часам у вершаваных радках у строгай паслядоўнасці чаргаваліся розныя стопы (такія вершы наз.лагаэдамі).
Найб. пашыраныя вершаваныя памеры антычнага вершаскладання — гекзаметр і пентаметр. Антычныя аўтары не ведалі рыфмы, аднак строга вытрымлівалі ў радках чаргаванне аднатыпных клаўзул. Асобныя радкі ядналіся ў строфы (алкеева страфа, сапфічная страфа, элегічны двуверш). Антычнае вершаскладанне зрабіла вял. ўплыў на ўсю еўрап. паэзію. У сілаба-танічным вершаскладанні захаваліся асн. прынцыпы метрычнай арганізацыі стапы, радка і страфы (толькі замест доўгіх складоў — націскныя, а замест кароткіх — ненаціскныя). У бел. сярэдневяковай паэзіі на лац. мове сістэмай антычнага вершаскладання карысталіся Я.Вісліцкі, І.Іяўлевіч, антычным вершам напісана паэма М.Гусоўскага «Песня пра зубра».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГО́Н (франц. wagon ад англ. waggon павозка),
транспартны сродак для перавозкі пасажыраў або грузаў па рэйкавых пуцях. Бываюць несамаходныя (перамяшчаюцца лакаматывамі) і самаходныя (аўтаматрысы, маторавагонныя секцыі, вагоны метро, трамвая); шырокакалейныя (1525 мм) і вузкакалейныя (750, 900 і 1060 мм); двух-, чатырох-, шасці- і шматвосевыя. З вагонаў фарміруюцца чыг. саставы.
Асноўныя тыпы пасажырскіх вагонаў: агульнага прызначэння (для перавозкі пасажыраў, паштовыя, багажныя, вагоны-рэстараны) і спецыяльныя (санітарныя, лабараторныя, службовыя, клубы); далёкага накіравання, міжабласных зносін і прыгарадныя; купэйныя і некупэйныя. Асноўныя тыпы грузавых вагонаў: універсальныя (крытыя, паўвагоны, платформы, цыстэрны, вагоны ізатэрмічныя) і спец. прызначэння (для перавозкі жывёлы, бітуму, мукі, цэменту, шматвосевыя платформы-транспарцёры для перавозкі грувасткіх і цяжкавагавых грузаў, бункерныя паўвагоны, вагоны-майстэрні, пажарныя і інш.), магістральныя (агульнапуцявыя) і прамысл. транспарту (думпкары, ваганеткі, шлакавозы і інш.). Складаюцца звычайна з хадавой часткі (колавыя пары, буксы, рысорныя падвескі), рамы, кузава ці платформы, тармазных і ўдарна-цягавых прыстасаванняў. У краінах СНД найчасцей выкарыстоўваюцца чатырохвосевыя вагоны грузападымальнасцю 50—65 т. Вагоны ізатэрмічныя прызначаны для перавозкі скорапсавальных грузаў. Маюць цеплаізаляваныя кузавы і халадзільныя ўстаноўкі. Бываюць універсальныя для грузаў усіх відаў і спец. для транспарціроўкі жывой рыбы, віна і інш. З вагонаў ізатэрмічных фарміруюць цягнікі для маршрутных перавозак або секцыі па 5 і 12 вагонаў. Выкарыстоўваюць і адзіночныя (аўтаномныя) вагоны-рэфрыжэратары.
Тыпы грузавых вагонаў: 1 — суцэльнаметалічны з павялічаным праёмам дзвярэй; 2 — хопер-дазатар для перавозкі сыпкіх грузаў; 3 — з перакульным кузавам; 4 — ізатэрмічны (вагон-халадзільнік).