АДГО́Н,

абястлушчанае малако пасля аддзялення вяршкоў ад цэльнага малака. Састаў адгону залежыць ад зыходнага саставу цэльнага малака і ступені яго абястлушчвання. Мае ў сярэднім каля 3,2% бялкоў, 4,8% малочнага цукру, 0,05% тлушчу, 0,7% мінер. рэчываў. Выкарыстоўваецца як харч. дыетычны прадукт, на прыгатаванне сухога і згушчанага малака, сыраквашы, кефіру, кумысу, сыру і інш., выраб казеіну, як корм для маладняку жывёлы і птушак.

т. 1, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАКАМПЛЕ́КТНАЯ ШКО́ЛА, пачатковая школа,

у якой усе класы вядзе адзін настаўнік. Звычайна працуюць у невял. населеных пунктах пры наяўнасці 4 пач. класаў з агульнай колькасцю да 10 вучняў, якія аб’яднаны ў клас-камплект. Навучанне вядзецца па праграмах для пач. класаў агульнаадук. школы. У 1994/95 навуч. г. на Беларусі было 24 аднакамплектныя школы, колькасць іх паступова скарачаецца.

Л.​І.​Дурэйка.

т. 1, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АДУКА́ЦЫЯ»,

легальнае т-ва асветнага кірунку ў Віцебску ў студз.вер. 1913. Аб’ядноўвала 1268 чл. розных сац. груп і паліт. партый. Заснавальнікі і кіраўнікі: Р.​Н.​Шулепнікаў (старшыня), К.​В.​Пісарэнка (нам. старшыні), В.​А.​Прус. Мэта т-ва — падрыхтоўка да стварэння нар. ун-та. Сацыял-дэмакраты Віцебска выкарыстоўвалі «Адукацыю» як легальную трыбуну для рэв. прапаганды. Закрыта за антыўрадавую дзейнасць.

т. 1, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДУ́Р (Adour),

рака на ПдЗ Францыі. Даўж. 335 км, пл. бас. 22 тыс. км². Пачынаецца ў цэнтр. раёне Пірэнеяў, перасякае плато Арманьяк і Гаронскую ніз., упадае ў Біскайскі зал.

Разводдзе і паводкі вясной і восенню ад раставання снягоў і ліўняў у Пірэнеях. Сярэдні расход вады 360 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходства ў ніжнім цячэнні. ГЭС. На Адуры гарады Баёна, Тарб.

т. 1, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗАНА́ЛЬНАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ,

прыродная расліннасць, якая трапляецца ва ўсіх зонах як уключэнне ў занальную расліннасць на нехарактэрных для яе месцах росту. Найб. рэзка ўздзеянне азанальных фактараў праяўляецца ў гарах, на лугах у поймах рэк паўпустынь і пустынь. На Беларусі азанальная расліннасць трапляецца на заліўных лугах, часткова ў вадаёмах і інш. мясцінах. Тэрмін «азанальная расліннасць» увёў польскі біёлаг Ю.​Пачоскі (1915). Гл. таксама Інтразанальная расліннасць.

т. 1, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСІДАВА́ННЕ,

працэс утварэння на паверхні металічных вырабаў аксіднай плёнкі. Павышае каразійную ўстойлівасць, зносаўстойлівасць, электраізаляцыйныя ўласцівасці вырабаў, надае ім прывабны дэкар. выгляд (гл. Паціна). Аксідную плёнку атрымліваюць тэрмічным (гл. Вараненне), хімічным (з дапамогай раствораў кіслот, шчолачаў, спец. рэчываў) і электрахім. анодным (гл. Анадзіраванне) спосабам. Выкарыстоўваюць у прылада-, самалёта-, машынабудаванні, для аддзелкі буд. і арх. дэталяў, метал. вырабаў быт. прызначэння. Гл. таксама Акаліна, Акісленне металаў.

т. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСЦЫ́ЗАВАЯ КІСЛАТА́,

гармон раслін. Па хім. будове ізапрэноід. Рэгулюе працэсы завядання і ападання лісця (паскарае ўтварэнне аддзяляльнага слоя), тармозіць рост адрэзкаў сцяблоў і калеоптыляў. Біясінтэз абсцызавай кіслаты і гармонаў росту — гіберэлінаў — адбываецца ў раслінах з мевалонавай к-ты. Мяркуюць, што сістэма біясінтэзу абсцызавай кіслаты або гіберэлінаў рэгулюецца лішкам аднаго з гэтых прадуктаў. Прэпарат абсцызавая кіслата выкарыстоўваецца для вывучэння тармажэння працэсаў росту.

т. 1, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРО́ТАВАЯ КІСЛАТА́ (ад грэч. oros малодзіва),

вітамін B13, 2,4-дыоксіпірамідзіндыоксіпірымідзін-6-карбонавая кіслата. Прысутнічае ў тканках жывёл, раслін і мікраарганізмах; стымулюе рост. Папярэднік пірымідзінавых асноў, неабходных для біясінтэзу нуклеінавых кіслот, сінтэзуецца з аспарагінавай кіслаты і карбамілфасфату. Вылучана ў 1905 з каровінага малака, выяўлена ў малацэ інш. жывёл і жаночым, шмат у дражджах і печані. Каліевую соль аротавай кіслаты выкарыстоўваюць у медыцыне.

т. 1, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫЯБХА́ТА (476, Кусумапур, паблізу сучаснага горада Пата, Індыя — каля 550),

індыйскі астраном і матэматык. У творы «Арыябхатыям» выклаў некаторыя матэматычныя звесткі, неабходныя для астранамічных вылічэнняў: здабыванне квадратнага і кубічнага каранёў, найпрасцейшыя задачы на складанне і рашэнне ўраўненняў, правілы падсумавання радоў, табліцу сінусаў, прыбліжанае значэнне ліку π = 3,1416 і інш. Увёў запіс лікаў пры дапамозе літар санскрыту.

Літ.:

Володарский А.И. Ариабхата. М., 1977.

т. 2, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРЫЯ́Н»

(французскае Ariane),

серыя 3-ступеньчатых ракет-носьбітаў на вадкім паліве для запуску штучных спадарожнікаў Зямлі. Створаны Еўрапейскім касмічным агенцтвам пры вядучай ролі Францыі і ФРГ. У эксплуатацыі з 1979. Карысны груз больш за 1700 кг пры вывадзе на пераходную арбіту з вышынёй у апагеі 36 тысяч км. Стартавая маса каля 200 т, даўжыня 50 м (з карысным грузам), дыяметр 3,8 м.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)