КОНТРФО́РС (франц. contrefort ад contre-force процідзейная сіла) у архітэктуры, папярочная сценка, верт. выступ ці рабро для ўмацавання нясучай канструкцыі збудавання (пераважна сцяны). Прымае на сябе ціск бакавога распору ад скляпення, ціск грунту на падпорныя сценкі і г. д. Вядомы ў еўрап. архітэктуры стылю готыкі з 12 ст. (сабор у Рэймсе, Францыя; і інш.). 3 развіццём каркасна-апорнай канструкцыі збудаванняў, пры якой асн. нагрузка ад перакрыццяў перадавалася з дапамогай сістэмы падпружных арак, нервюр, аркбутанаў на калоны і апорныя часткі сцен, узніклі ўмацаваныя К. Гэта давала магчымасць патанчаць ненагружаныя часткі сцен, павялічыць пралёты і праёмы, прастору інтэр’ераў зрабіць больш свабоднай і дынамічнай. У бел. архітэктуры былі пашыраны ў 16—18 ст. Былі ступеньчатыя, трохвугольныя, пастаяннага ці пераменнага сячэння, вонкавыя ці ўнутраныя і г. д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ДЖЫЯ (італьян. loggia ад стараж.-верхненям. laubja альтанка),
памяшканне, адкрытае з аднаго ці некалькіх бакоў, дзе сцяну замяняюць каланада, аркада, парапет і інш. Можа быць асобным збудаваннем (Л. дэі Ланцы ў Фларэнцыі, Італія, каля 1376—80, арх. Бенчы ды Чоне, С.Таленці) або часткай будынка. Служыць крытым балконам ці ўваходам і пластычна ўзбагачае фасад будынка. Л. вядомы са старажытнасці (у архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма). У эпоху Адраджэння пашыраны ў выглядзе адкрытага з аднаго ці некалькіх бакоў будынка тыпу галерэі (Л. дэль Кансільё ў г. Верона, Італія, 1475—92, арх. Фра Джакондэ). Шырока выкарыстоўваецца ў сучаснай архітэктуры (у жылых будынках і будынках санаторна-курортных устаноў, інтэрнатах, гасцініцах і інш.). Бываюць радавыя (з адным адкрытым бокам), вуглавыя, часткова вынесеныя.
Лоджыя дэль Кансільё ў г. Верона (Італія). 1475—92. Арх. Фра Джаконуэ Джакондэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКІЯ́Н (Lukianōs; каля 125, г. Самсат, Турцыя — 180-я г.),
старажытнагрэчаскі пісьменнік-сатырык. Захаваліся 84 яго творы (аўтарства некаторых спрэчнае), што адлюстроўваюць крызіс ідэалогіі ант. грамадства. Развіваючы традыцыі ант. камедыі і меніпавай сатыры, стварыў жанр сатыр. дыялогу. Пісаў пародыі на сафістычную дэкламацыю («Пахвала мусе», «Настаўнік красамоўства»), высмейваў алімп. багоў («Размовы багоў», «Праметэй, ці Каўказ»), паказваў мізэрнасць жыццёвых даброт, марнасць усяго на свеце («Размовы ў царстве мёртвых», «Харон», «Меніп»), рабіў выпады супраць сац. несправядлівасці («Нігрын»), крытыкаваў ранняе хрысціянства, развенчваў веру ў забабоны, містычныя пераўтварэнні («Аляксандр, ці Лжэпрарок», «Пра смерць Перэгрына», «Аматар хлусні, ці Нявер»). Аўтар сатыр на тагачасныя гістарыяграфію «Як трэба пісаць гісторыю», на фантастыку папулярных раманаў «Праўдзівая гісторыя» і інш. Яго творчасць паўплывала на асветніцкую л-ру Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЯДЗВЕ́ДЗЬ»,
гульня-паказ і маска-персанаж у стараж.бел.нар. калядным абрадзе. Звязаны з традыцыяй земляробчых святкаванняў зімовага сонцавароту. Мяркуюць, што бярэ пачатак з часоў язычніцтва. Найб. пашыраны на Палессі, дзе захаваўся і ў наш час.
Здольнага да імітацыі хлопца прыбіралі ў 2 чорныя вывернутыя поўсцю наверх кажухі (рукавы аднаго надзявалі на ногі, другога па крыссі сшывалі ці падвязвалі вяроўкай), на галаву надзявалі шапку з аўчыны, твар вымазвалі сажай ці закрывалі маскай. Часам выканаўцу ролі «М.» спавівалі сухімі сцяблінкамі гароху. Гульня пераважна паўтарала паказы скамарохаў-мядзведнікаў (гл.«Мядзведжыя пацехі», сцэна з вучоным «М.» уваходзіла ў рэпертуар батлейкі). Паводле загадаў павадыра «М.» скакаў, імітаваў паводзіны чалавека ў розных жыццёвых абставінах. Разам з «М.» вадзілі «жураўля» ці«казу», часам у паказах удзельнічаў музы́ка з бубнам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКРО́Зу раслін,
амярцвенне ўчасткаў тканак, органаў ці частак раслін. Адбываецца пад уплывам фітапатагенных арганізмаў (інфекц. Н.) або інш. патагенных фактараў (неінфекц. Н., гл.Неінфекцыйныя хваробы раслін), у выніку лакальнага (мясц. Н.) ці агульнага (сістэмнага) іх уздзеяння. Як правіла, з’яўляецца вынікам ахоўнай рэакцыі расліны (затрымлівае пашырэнне патагену). Праяўляецца ў выглядзе плям розных форм і памераў і анамальнага колеру, цэнтр.ч. якіх потым можа разбурацца (на лістах утвараюцца дзіркі) ці загніваць, пры апёках — таксама сеткаватасцю і трэшчынамі на пладах, пабурэннем (пачарненнем) і засыханнем цэлых лістоў, кветак (суквеццяў), завязей, маладых парасткаў; пры Н. сасудзіста-валакністых пучкоў назіраецца завяданне, скручванне, кучаравасць лісця. У клетках адбываецца каагуляцыя або разрэджванне калоідаў цытаплазмы, разбурэнне арганоідаў. Н. ствалоў і галін дрэў, парэнхімных тканак часта суправаджаецца камедзе- і слізецячэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́НГХА (санскр.літар. грамадства),
будыйская абшчына, членамі якой з’яўляюцца манахі (біккху) ці манашкі (біккхуні; гл.Будызм). С. ўзніклі ў 5—4 ст. да н.э. ў Стараж. Індыі. Існуюць мужчынскія (найб. пашыраны) і жаночыя. Членам С. можа стаць кожная асоба па дасягненні 20-гадовага ўзросту незалежна ад расы, нацыянальнасці, касты, сац. становішча; выключэнне складаюць ваеннаслужачыя, даўжнікі, заразныя ці псіхічна хворыя. Тэрмін знаходжання ў С. вызначаецца асобай, якая жадае манастваваць (звычайна не менш як месяц). Манахі С. не з’яўляюцца свяшчэннаслужыцелямі; свой час прысвячаюць чытанню і літар. запамінанню свяшчэнных тэкстаў, вывучэнню санскрыту, медытацыі, размовам з вернікамі. Члены С. падпарадкоўваюцца адзіным правілам (Віная-пітакі), але кожнаму будыйскаму рэгіёну ўласцівы асаблівасці ў практыцы і ладзе жыцця С. Тэрмінам «С.» таксама абазначаюць усіх будыйскіх манахаў свету ці пэўнай будыйскай школы, краіны, манастыра, храма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПРА́ЎДНЫЯ ВО́СЫ, грамадскія восы,
складкаватакрылыя восы (Vespoidea ці Vespidae),
надсямейства цісям. насякомых атр. перапончатакрылых. Пашыраны паўсюдна, пераважна ў тропіках. На Беларусі больш за 25 відаў адзіночных, грамадскіх. восаў і шэршняў. Апыляльнікі раслін, знішчаюць шкодных насякомых, шэршні шкодзяць пчалярству.
Цела даўж. 8—30 мм, прадаўгаватае, голае або ўкрыта валаскамі. На брушку чорныя і жоўтыя палосы. Пярэднія крылы складваюцца ўдоўж. Вусікі ніткападобныя, у самцоў 13-, у самак 12-членікавыя. Пярэднягрудзі маюць дугападобную выразку, якая дасягае асновы крылаў. Жывуць у гнёздах (паўсфера з ячэйкамі ў адзін паверх, сфера з шматпавярховымі ячэйкамі ціінш.). Соты будуюць з «паперы», якую атрымліваюць з перажаваных і апрацаваных ферментамі расл. рэшткаў. Лічынак кормяць інш. насякомымі, пераважна вусенямі. Развіццё з поўным ператварэннем. Зімуюць аплодненыя маткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАЯВІ́НА, талом,
вегетатыўнае цела водарасцей, слізевікоў, грыбоў, лішайнікаў, некат. мохападобных, якое не дыферэнцыравана на органы (сцябло, лісце, корань) і не мае сапраўдных тканак. У ніжэйшых раслін (водарасці) бывае ў выглядзе рухомай або нерухомай клеткі ў абалонцы. Калоніі з 4 і болей (да 60 тыс.) клетак фарміруюць скопішча простых ці разгалінаваных нітак, пласцінак або складаных і марфалагічна дыферэнцыраваных утварэнняў, якія нагадваюць вышэйшыя расліны (бурыя, чырвоныя, харавыя водарасці). У слізевікоў С. маюць выгляд слізістай, без абалонкі, масы ці адзінкавых міксамёб. У грыбоў вар’іруюць ад аднаклетачнага да добра развітога септаванага міцэлію, у лішайнікаў — ад мала развітых коркавых да ліставатых і кусцістых форм. У вышэйшых споравых раслін у выглядзе тыпавых С. развіваюцца зарасткі. Эвалюцыя С. ішла ад простых форм — аднаклетачных жгуцікавых ці амёбаідальных клетак — праз ніткаватыя або пласціністыя формы і да складана дыферэнцыраваных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАКА́ТЫ ВЕРШ,
верш, напісаны на дзвюх ці больш мовах. У адрозненне ад макаранічнага верша, у якім словы з розных моў знаходзяцца побач у адным вершаваным радку, для С.в. характэрна пэўная сістэмнасць ва ўжыванні іншамоўнай лексікі. Вытокі бел. С.в. ў сярэдневяковых бел. інтэрмедыях, дзе паны, багі і чэрці звычайна гаварылі па-польску, а сяляне — па-беларуску. У асобных двухмоўных творах В.Дуніна-Марцінкевіча (напр., у «Ідыліі») таксама існавала моўнае размежаванне паміж прадстаўнікамі пануючых класаў і працоўных (мова першых польская, другіх — беларуская). У С.в. ўжыванне той ціінш. мовы строга вытрымана ў межах пэўных частак ці асобных строф твора. Напр., у вершы П.Бузука «Як хазяін, чи гість, я не знаю» першыя 8 і апошнія 12 радкоў напісаны па-ўкраінску, сярэднія 17 —па-беларуску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРЫ́МЕР (ад англ. streamer вузкая доўгая стужка) у вылічальнай тэхніцы, адзін з накапляльнікаў інфармацыі на магн. стужцы для персанальных ЭВМці мікра-ЭВМ; таксама запамінальнае прыстасаванне з паслядоўным зваротам. Прызначаны для аператыўнага запісу, архіўнага захоўвання і рэзервовага капіравання вял. аб’ёмаў важнай інфармацыі (праграм, дакументаў і інш.).
С. адрозніваюцца тыпам картрыджа (касеты), дзе змяшчаецца магн. стужка, даўжынёй і шырынёй магн. стужкі, відам магн. галовак запісу-счытвання, колькасцю дарожак запісу і стандартам сціскання даных. Картрыджы бываюць 1- ці 2-бабінныя з аб’ёмам інфармацыі да 100 Гбайт, могуць выкарыстоўвацца і касеты для быт. магнітафонаў (у С. мікра-ЭВМ). Скорасць запісу-счытвання інфармацыі да 300 Мбайт/мін. Да С. могуць далучацца аўтазагрузчыкі ці бібліятэкары картрыджаў (прылады для аўтам. змены картрыджаў), што дазваляе павялічыць аб’ём запісанай інфармацыі да некалькіх тэрабайт.