КОНТРФО́РС (франц. contrefort ад contre-force процідзейная сіла) у архітэктуры, папярочная сценка, верт. выступ ці рабро для ўмацавання нясучай канструкцыі збудавання (пераважна сцяны). Прымае на сябе ціск бакавога распору ад скляпення, ціск грунту на падпорныя сценкі і г. д. Вядомы ў еўрап. архітэктуры стылю готыкі з 12 ст. (сабор у Рэймсе, Францыя; і інш.). 3 развіццём каркасна-апорнай канструкцыі збудаванняў, пры якой асн. нагрузка ад перакрыццяў перадавалася з дапамогай сістэмы падпружных арак, нервюр, аркбутанаў на калоны і апорныя часткі сцен, узніклі ўмацаваныя К. Гэта давала магчымасць патанчаць ненагружаныя часткі сцен, павялічыць пралёты і праёмы, прастору інтэр’ераў зрабіць больш свабоднай і дынамічнай. У бел. архітэктуры былі пашыраны ў 16—18 ст. Былі ступеньчатыя, трохвугольныя, пастаяннага ці пераменнага сячэння, вонкавыя ці ўнутраныя і г. д.

Ю.А.Якімовіч.

Контрфорс.

т. 8, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)