СТРЫ́МЕР (ад англ. streamer вузкая доўгая стужка) у вылічальнай тэхніцы, адзін з накапляльнікаў інфармацыі на магн. стужцы для персанальных ЭВМ ці мікра-ЭВМ; таксама запамінальнае прыстасаванне з паслядоўным зваротам. Прызначаны для аператыўнага запісу, архіўнага захоўвання і рэзервовага капіравання вял. аб’ёмаў важнай інфармацыі (праграм, дакументаў і інш.).
С. адрозніваюцца тыпам картрыджа (касеты), дзе змяшчаецца магн. стужка, даўжынёй і шырынёй магн. стужкі, відам магн. галовак запісу-счытвання, колькасцю дарожак запісу і стандартам сціскання даных. Картрыджы бываюць 1- ці 2-бабінныя з аб’ёмам інфармацыі да 100 Гбайт, могуць выкарыстоўвацца і касеты для быт. магнітафонаў (у С. мікра-ЭВМ). Скорасць запісу-счытвання інфармацыі да 300 Мбайт/мін. Да С. могуць далучацца аўтазагрузчыкі ці бібліятэкары картрыджаў (прылады для аўтам. змены картрыджаў), што дазваляе павялічыць аб’ём запісанай інфармацыі да некалькіх тэрабайт.
Л.В.Сільноў, М.П.Савік.
т. 15, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)