КІ́НДЗІ, аль-Кіндзі Абу Юсуф Якуб ібн Ісхак (латынізаванае Аль-кіндус; Alchindus, канец 8 ст., Куфа, Ірак — паміж 860 і 879), арабскі вучоны, філосаф, першы прадстаўнік усх. арыстоцелізму. У сваіх працах спалучаў філас. думку араб. ўсходу з ант. філасофіяй, наблізіўся да неаплатанізму. Аўтар пераказу твораў шэрагу грэч. філосафаў і каментарыяў да «Катэгорый» і «Другой аналітыкі» Арыстоцеля, «Элементаў» Эўкліда і «Альмагесту» Пталамея. Пад уплывам поглядаў мутазілітаў імкнуўся пагадзіць ідэі і светапогляд грэч. філосафаў з асновамі ісламу, за што праследаваўся. Распрацаваў канцэпцыю аб 3 ступенях навук. пазнання: ад логікі і матэматыкі праз прыродазнаўчыя навукі да праблем філасофіі. Прапанаваў тэорыю пра 5 прасубстанцый (матэрыя, форма, рух, прастора і час). Абгрунтаваў канцэпцыю аб 4 відах розуму (актуальны, патэнцыяльны, набыты і які праяўляецца). Яго філас. погляды паўплывалі на развіццё сярэдневяковай араб. і еўрап. філасофіі. Напісаў каля 200 навук. прац (захавалася больш за 40 трактатаў).
Тв.:
Рус.пер. — Трактат о количестве книг Аристотеля и о том, что необходимо для усвоения философии;
О первой философии;
Книга о пяти сущностях;
Объяснение ближней действующей причины возникновения и уничтожения // Избр. произв. мыслителей стран Ближнего и Среднего Востока IX—XIV вв. М., 1961.
Літ.:
Григорьян С.Н. Средневековая философия народов Ближнего и Среднего Востока. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙМАН (Maimon) Саламон [сапр.Хейман (Heiman); 1753 або 1754, мяст. Мір, цяпер г.п. Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 22.11.1800], філосаф-асветнік. Вучыўся ў Івянецкай талмудычнай школе. З 1777 у Германіі, дзе самастойна вывучаў філасофію, медыцыну, фізіку, матэматыку. У 1784 скончыў гімназію ў Алтане. Пасля знаёмства ў Берліне з ням. філосафам М.Мендэльсанам пераклаў яго філас. працу «Ранішнія часы», напісаў «Дапаможнік да прыродазнаўства і пачаткаў Ньютана». У «Аўтабіяграфіі» (1791) адлюстраваў гаротнае і бяспраўнае становішча сялян-беларусаў, сваіх землякоў-яўрэяў, жорсткасць і пагардлівыя адносіны да людзей з боку магнатаў і князёў. Быў прыхільнікам філасофіі яўр. тэолага Майманіда (таму і змяніў сваё прозвішча). У працы «Спроба трансцэндэнтальнай філасофіі» (1790) паказаў немагчымасць існавання незалежнай ад свядомасці кантаўскай «рэчы ў сабе». Лічыў, што існуе толькі адзіны свет — свет свядомасці і, як дадзенае, ён не можа быць растлумачаны («Аб прагрэсе філасофіі», 1793). У сваёй гнасеалогіі вылучаў 3 віды пазнання: апастэрыёрнае, апрыёрнае і чыста апрыёрнае (філасофія). Даследаваў тэарэт. праблемы логікі, этыкі, эстэтыкі, выступаў за рэфармаванне існуючай сістэмы ўлады на прынцыпах гуманізму, свабоды і справядлівасці («Гісторыя жыцця», 1792; «Катэгорыі Арыстоцеля», 1794, і інш.).
Літ.:
Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии: Избр. произв. XVI — начала XIX в. Мн., 1962;
Беленький М.С. Иудаизм. 2 изд. М., 1974;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САРЫК (Masaryk) Томаш Гарыг (7.3.1850, г. Годанін, Чэхія — 14.9.1937),
чэшскі паліт. і дзярж. дзеяч, філосаф, сацыёлаг. Д-р філасофіі (1876). Вучыўся ў Венскім і Лейпцыгскім ун-тах. У 1882—1914 праф. філасофіі Пражскага ун-та. У сваіх філас. поглядах як «крытычны рэаліст» спалучаў ням. ідэалізм з зах.-еўрап. пазітывізмам, крытыкаваў чэш.паліт. рамантызм, марксізм, папства, прапагандаваў гуманізм. У 1891—93 дэп.аўстр. парламента (рэйхсрата) ад партыі младачэхаў, у 1907—14 — ад чэш. партыі рэалістаў. Выступаў супраць дынастыі Габсбургаў, панавання немцаў і венграў у Аўстра-Венгрыі. У 1914—18 у эміграцыі, арыентаваўся на дзяржавы Антанты. У 1916 разам з Э.Бенешам заснаваў у Парыжы чэхаславацкі Нац. савет і арганізаваў Чэш. легіён у Расіі. У 1918 заключыў са славацкімі арг-цыямі ў ЗША Пітсбургскі дагавор аб дзярж. аб’яднанні чэхаў і славакаў. У 1918—35 першы прэзідэнт Чэхаславакіі, садзейнічаў адраджэнню чэш.нац. культуры і мовы. Аўтар кніг «Сацыяльнае пытанне», «Самазабойства як масавая сацыяльная з’ява сучаснай цывілізацыі» (абедзве 1881), «Асновы канкрэтнай логікі» (1887), «Ідэалы гуманізму» (1901), «Аб рускай гістарычнай і рэлігійнай філасофіі» (т. 1—2, 1913), «Новая Еўропа» (1918), «Сусветная рэвалюцыя ў час вайны і на вайне 1914—1918» (1925). Выступаў у друку і як літ. крытык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЬ (Mill) Джон Сцюарт (20.5.1806, Лондан — 8.5.1873),
англійскі філосаф, логік, эканаміст, грамадскі дзеяч ліберальна-дэмакр. кірунку. Яго філас., эканам. погляды сфарміраваліся пад уплывам ідэй Дж.Берклі, Д.Юма, А.Конта, Д.Рыкарда, І.Бентама. У «Аглядзе філасофіі сэра Вільяма Гамільтона...» (1865) М. з пазіцый фенаменалістычнага пазітывізму рабіў спробу пераадолець «метафізічныя» крайнасці матэрыялізму і ідэалізму шляхам абвяшчэння вопыту чалавека крыніцай ведаў, а іх прадметам — пачуцці. Матэрыя ў М. атаясамлівалася са сталай магчымасцю перажывання пачуццяў; сцвярджалася існаванне рэчаў у працэсе іх успрымання суб’ектам пазнавальнай дзейнасці і даступнасць пазнанню выключна «з’яў», межы якіх яно не ў стане пераадолець. Навук. ўклад М. — індуктывісцкая трактоўка логікі як агульнай метадалогіі навук і распрацоўка метадаў індуктыўнага даследавання прычыннай сувязі. Этычныя погляды М. абапіраліся на утылізатарысцкую этыку Бентама і служылі яе развіццём у кірунку прызнання грамадскай каштоўнасці бескарыслівых імкненняў асобы, неабходнасці ўлічваць разнастайныя інтарэсы, што стрымліваюць эгаізм («Утылітарызм», 1863). У паліт. эканоміі выступаў супраць класічнай эканам. тэорыі А.Сміта, абгрунтоўваў канцэпцыю вытв. затрат, абараняў тэорыю народанасельніцтва Мальтуса («Падставы палітычнай эканоміі...», т. 1—2, 1848).
Тв.:
Рус.пер. — Обзор философии сэра Вильяма Гамильтона и главных философских вопросов... СПб., 1869;
Основания политической экономии. СПб., 1909;
Система логики силлогистической и индуктивной. 2 изд. М., 1914.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРМЕНІ́Д (Parmenidēs) з Элеі
(каля 540 да н.э., Элея, Італія — каля 470 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, прадстаўнік элейскай школы. Аўтар філас.-дыдактычнай паэмы «Аб прыродзе», якая складаецца з 2 частак: «Шлях ісціны» і «Шлях поглядаў» (захавалася каля 160 вершаў). Абгрунтаваў адрозненне паміж мысленнем і пачуццёвасцю, сфармуляваў ідэю тоеснасці быцця і мыслення. У сваім разуменні свету трымаўся думкі пра існаванне апошняй мяжы, усебаковай замкнёнасці быцця, якое прымае форму аднароднага шара з правільным цэнтрам унутры. Праўдзівае быццё лічыў адзіным, вечным, непадзельным, нязменным і нерухомым; непраўдзівае — рухомымі, дзялімымі рэчамі з пустотай паміж імі. Яго вучэнне пра размежаванне быцця і небыцця, ісціны і меркавання было накіравана супраць дыялект. падыходаў да тлумачэння свету, якія назіраліся ў стараж. філасофіі; гэта дае падставу лічыць П. пачынальнікам метафізікі ў якасці пазнавальнай альтэрнатывы дыялектыкі. Паводле П., крыніцай праўдзівых ведаў аб свеце можа быць толькі розум; пачуцці прыводзяць да непраўдзівых і супярэчлівых меркаванняў (гэта ўносіла ў яго вучэнне элементы рацыяналізму). Сцвярджаў, што ў аснове светабудовы ляжыць супрацьстаянне 2 пачаткаў: актыўнага — святла-агню і інертнага — цемры. У 20 ст. працы П. даследаваліся экзістэнцыяльнай фенаменалогіяй (М.Хайдэгер) і англа-амер. аналітычнай філасофіяй.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Маковельский А. Досократики. Казань, 1915. Ч. 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНГО́Р (Senghor) Леапольд Седар (н. 9.10.1906, г. Жааль, Сенегал),
дзяржаўны дзеяч Сенегала, філосаф і паэт; піша на франц. мове. Чл. Французскай акадэміі (1983). Скончыў філал.ф-т Сарбоны. У 1935—39 і 1942—58 выкладаў у розных навуч. установах Францыі. У 2-ю сусв. вайну ў франц. арміі, у 1940 трапіў у ням. палон, адкуль уцёк у 1942. У 1936—48 чл.Франц.сацыяліст. партыі.
У 1948 заснаваў Дэмакр. блок Сенегала (з 1959 — Прагрэсіўны саюз Сенегала), яго ген. сакратар. З 1945 дэпутат Устаноўчага сходу Францыі, у 1946—58 — Нац. сходу Францыі ад Сенегала. Актыўны дзеяч руху панафрыканізму, прапанаваў ідэю негрыцюду — своеасаблівасці афр. культуры. У 1959—60 старшыня Федэральнай асамблеі Федэрацыі Малі. З вер. 1960 прэзідэнт незалежнага Сенегала. Распрацаваў канцэпцыю «афр. сацыялізму», блізкую да ідэй еўрап. сацыял.-дэмакратыі. Ажыццяўляў палітыку супрацоўніцтва з краінамі Захаду і курс на пабудову рыначнай эканомікі. 31.12.1980 падаў у адстаўку з усіх дзярж. пасад. Аўтар шматлікіх паэтычных твораў, філас. прац.
Тв.:
Рус.пер. — Песнь ночи и солнца: Избр. стихи. М., 1965;
Избр. лирика. М., 1969.
Літ.:
Ерасов Б.С. Леопольд Сенгор и его концепция культуры // Народы Азии и Африки. 1967. №2;
Петрова Т.М. Поэзия Л.С.Сенгора как отражение его идейных исканий // Там жа. 1973. №4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЕПТЫЦЫ́ЗМ (франц. scepticisme ад грэч. skeptikos які разглядае, даследуе),
філасофская пазіцыя, якая характарызуецца сумненнем у існаванні якога н. надзейнага крытэрыя ісціны. Заснавальнікам С. як філас. дактрыны лічыцца стараж.-грэч.філосаф Пірон (каля 365—275 да н.э.), сістэматызаваў такія погляды Секст Эмпірык. У сярэдневякоўі С. выступаў як сінонім вальнадумства, форма крытыкі царк. догматаў (напр., твор П.Абеляра «Так і не так»). У 16—18 ст. ідэі С. былі накіраваны супраць сярэдневяковай схаластыкі (М. дэ Мантэнь, П.Шарон, П.Бейль і інш.). У філасофіі Д.Юма, І.Канта ён прымаў такую форму, якая прыводзіла да агнастыцызму. С. грунтуецца на розных тэарэт. перадумовах. Імі могуць быць або сумненне ў надзейнасці пачуццёвага пазнання, або перабольшванне значэння факта адноснасці (незавершанасці, зменлівасці) чалавечых ведаў. У апошнім выпадку С. з’яўляецца рэакцыяй на дагматызм абстрактных філас. пабудоў, што праявілася ў філасофіі Юма, Канта, пазітывістаў (А.Конта, Г.Спенсера). У звычайным сэнсе С. — гэта настрой, псіхічны стан няўпэўненасці, якія арыентуюць на ўстрыманне выказваць якія-н. катэгарычныя меркаванні.
Літ.:
Рихтер Р. Скептицизм в философии: Пер. с нем. Т. 1. СПб., 1910;
Лосев А.Ф. Культурно-историческое значение античного скептицизма и деятельность Секста Эмпирика // Секст Эмпирик. Соч.М., 1975. Т. 1;
Рассел Б. История западной философии...: Пер. с англ. 3 изд. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ЦЫН, Сацыні (Socyn, Socinus Sozzini) Фауст (5.12.1539, г. Сіена, Італія — 3.3.1604), італьянскі тэолаг-антытрынітарый, філосаф, заснавальнік сацыніянства. Скончыў ф-т права ў г. Ліён. Служыў сакратаром пры двары фларэнційскага князя Казіма I Медычы. З 1574 займаўся рэфарматарскай дзейнасцю (гл. Рэфармацыя) у тагачасным цэнтры рэліг. вальнадумства г. Базель. З 1579 у Кракаве, актыўна ўключыўся ў радыкальна-рэфармацыйны рух Польшчы і ВКЛ. З 1588, калі на сінодзе ў Брэсце прыхільнікі С. атрымалі ідэйную перамогу, ён стаў ідэолагам польскага і бел. антытрынітарызму. У ідэйнай спрэчцы правага і левага крыла антытрынітарыяў займаў цэнтрысцкія пазіцыі. Успрыняў і развіў некат. сац. і рэліг.-філас. ідэі С.Буднага, але асуджаў яго вучэнне пра натуральнае паходжанне Ісуса Хрыста і выступаў супраць атэіст. тэндэнцый у антытрынітарызме. Вырашальным крытэрыем у ацэнцы Бібліі лічыў індывідуальны чалавечы розум. Сцвярджаў, што чалавек валодае свабоднай воляй, якая кіруе розумам і мараллю. Таму ва ўратаванні чалавека вызначальную ролю адыгрываюць не царк. прадпісанні, а свабодны выбар. Антрапалагічнаму песімізму кальвінізму проціпаставіў гуманістычны аптымізм, заснаваны на веры, што кожны чалавек здольны заслужыць уратаванне пры дапамозе індывідуальных духоўна-маральных намаганняў.
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;
Яго ж. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУМЛЕ́ННЕ,
катэгорыя этыкі, якая ахоплівае праблемы маральнага самакантролю асобы; здольнасць чалавека фармуляваць для сябе маральныя абавязкі, патрабаваць ад сябе іх выканання і ажыццяўляць самаацэнку сваіх учынкаў; форма маральнай самасвядомасці. Можа выяўляцца і ў рацыянальнай форме ўсведамлення асобай маральнага значэння сваіх дзеянняў, і ў форме эмацыянальных перажыванняў.
У стараж.-грэч. міфалогіі С. адлюстравана ў выглядзе эрыній — божастваў помсты і пакарання, якія праследуюць злачынцаў. У этыцы праблему С. ўпершыню паставіў Сакрат, які лічыў самапазнанне крыніцай маральнасці чалавека. У хрысц. этыцы С. разглядалася як унутр. ўсведамленне Божай волі. Філосафы-матэрыялісты 17—18 ст. (Дж.Лок, Б.Спіноза, Т.Гобс), звязвалі С. з грамадскім выхаваннем і адмаўлялі прыроджаны характар С. Індывідуалістычную трактоўку С. прапанавалі Ж.Ж.Русо, І.Кант, І.Фіхтэ, якія лічылі С. прыроджанай уласцівасцю кожнага чалавека. Л.Феербах наз. С. «другім Я» чалавека, а вытокі С. бачыў у грамадскіх маральных нормах. Прадстаўнікі марксізму сцвярджалі, што С. дэтэрмінуецца ўмовамі жыццядзейнасці чалавека і яго грамадскай пазіцыяй. У экзістэнцыялізме С. разглядалася як адзіны крытэрый маральнасці, стымул да ажыццяўлення абсалютна свабоднага выбару без уліку аб’ектыўных фактараў (М.Хайдэгер, Ж.П.Сартр). Ням.філосаф В.Віндэльбанд акрамя этычнага вылучаў С. лагічнае і эстэт. як формы самакантролю не толькі ўчынкаў, але і мыслення і пачуццяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУБЯЦКО́Й Сяргей Мікалаевіч (4.8.1862, маёнтак Ахтырка пад Масквой — 12.10.1905),
расійскі філосаф і грамадскі дзеяч. Брат Я.М.Трубяцкога, бацька М.С.Трубяцкога. Д-р філасофіі (1900). Скончыў Маскоўскі ун-т (1885), дзе з 1900 працаваў праф., з 1905 рэктарам. У 1900—05 супрацоўнічаў у час. «Вопросы философии и психологии». Адстойваў ідэю універсітэцкай аўтаноміі, актыўна ўдзельнічаў у земскім руху. Для яго філас. поглядаў характэрна спалучэнне ідэй платанізму і хрысціянства, асновай якіх ён лічыў вучэнне пра Логас. Філас. вучэнне Т. — ’«канкрэтны ідэалізм» — выкладзена ў яго працы «Асновы ідэалізму» (1896), дзе ў якасці зыходнага пункта выступае не абстрактная ідэя «чыстага быцця», а канкрэтнае існае. Прызнаваў духоўную прыроду рэальнасці; лічыў, што існае грунтуецца на разумных законах касмічнага Логаса, які ўпарадкоўвае развіццё прыроды і чалавечага грамадства; што існае папярэднічае мысленню, таму што вечная актуальная свядомасць (свядомасць Бога) папярэднічае канечнай свядомасці чалавека, якая знаходзіцца ў працэсе станаўлення. Сродкамі пазнання побач з розумам абвяшчаў вопыт і веру, якую трактаваў у адпаведнасці з правасл. традыцыяй: лічыў, што яна не супрацьстаіць розуму, а ўтварае з ім пэўнае адзінства. Аб’ектыўнасць свядомасці звязваў з ідэяй саборнасці. Саборнасць у разуменні Т. — пэўны агульначалавечы ідэал дасканалага грамадства, дзе пануе любоў як агульны найвышэйшы сінтэз сац., маральных і рэліг. прынцыпаў праваслаўя.