МА́САРЫК ((Masaryk) Томаш Гарыг) (7.3.1850, г. Годанін, Чэхія — 14.9.1937),

чэшскі паліт. і дзярж. дзеяч, філосаф, сацыёлаг. Д-р філасофіі (1876). Вучыўся ў Венскім і Лейпцыгскім ун-тах. У 1882—1914 праф. філасофіі Пражскага ун-та. У сваіх філас. поглядах як «крытычны рэаліст» спалучаў ням. ідэалізм з зах.-еўрап. пазітывізмам, крытыкаваў чэш. паліт. рамантызм, марксізм, папства, прапагандаваў гуманізм. У 1891—93 дэп. аўстр. парламента (рэйхсрата) ад партыі младачэхаў, у 1907—14 — ад чэш. партыі рэалістаў. Выступаў супраць дынастыі Габсбургаў, панавання немцаў і венграў у Аўстра-Венгрыі. У 1914—18 у эміграцыі, арыентаваўся на дзяржавы Антанты. У 1916 разам з Э.Бенешам заснаваў у Парыжы чэхаславацкі Нац. савет і арганізаваў Чэш. легіён у Расіі. У 1918 заключыў са славацкімі арг-цыямі ў ЗША Пітсбургскі дагавор аб дзярж. аб’яднанні чэхаў і славакаў. У 1918—35 першы прэзідэнт Чэхаславакіі, садзейнічаў адраджэнню чэш. нац. культуры і мовы. Аўтар кніг «Сацыяльнае пытанне», «Самазабойства як масавая сацыяльная з’ява сучаснай цывілізацыі» (абедзве 1881), «Асновы канкрэтнай логікі» (1887), «Ідэалы гуманізму» (1901), «Аб рускай гістарычнай і рэлігійнай філасофіі» (т. 1—2, 1913), «Новая Еўропа» (1918), «Сусветная рэвалюцыя ў час вайны і на вайне 1914—1918» (1925). Выступаў у друку і як літ. крытык.

І.​В.​Шаблоўская.

Т.Г.Масарык.

т. 10, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)