фізічная велічыня, якая характарызуе магн. ўласцівасці часцінак рэчыва і макраскапічных цел. М.м. плоскага замкнутага контуру з эл. токам — вектар
, дзе I — сіла току; S — плошча, абмежаваная контурам; — адзінкавы вектар нармалі, накіраваны перпендыкулярна да плоскасці контуру ў адпаведнасці з правілам правага вінта. Адзінка М.м. ў СІ — ампер-квадратны метр (А∙м²).
М.м. атамаў і малекул абумоўлены прасторавым рухам электронаў (арбітальны М.м.), спінавымі М.м. электронаў (гл.Спін), вярчальным рухам малекул (вярчальны М.м.), а таксама М.м. атамных ядраў (гл.Магнетон). М.м. макраскапічнага цела роўны вектарнай суме М.м. мікрачасціц, з якіх гэтае цела складаецца, і вызначае яго намагнічанасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРО́ІД, палярызацыйны святлафільтр,
адзін з асн. відаў лінейных палярызатараў.
Уяўляе сабой тонкую палярызацыйную плёнку, якая мае вял. колькасць аднолькава арыентаваных мікракрышталікаў рэчыва і заклеена для аховы ад мех. пашкоджанняў і ўздзеяння вільгаці паміж 2 празрыстымі пласцінкамі. Плёнка раскладае светлавы прамень, што падае на яе, на 2 прамяні (гл.Падвойнае праменепераламленне) і адзін з іх паглынае. Натуральнае святло пры праходжанні праз яе палярызуецца (гл.Палярызацыя святла). Выкарыстоўваецца ў палярызацыйных прыладах у розных дыяпазонах аптычнага выпрамянення, а таксама для розных тэхн. мэт, напр., П. на фарах і ветравым шкле аўтамабіля ахоўваюць вадзіцеля ад асляплення святлом сустрэчных машын, акуляры з П. засцерагаюць вочы ад яркага святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕК (ад галанд. pek смала),
рэшткі пасля перагонкі дзёгцю, а таксама нафтавай смалы. Паводле зыходнай сыравіны адрозніваюць П. каменнавугальны (найб. пашыраны), тарфяны, драўняны, нафтавы.
Каменнавугальны П. — цвёрдае тэрмапластычнае рэчыва чорнага колеру. Асн. кампаненты: шмат’ядз. кандэнсаваныя араматычныя і гетэрацыклічныя злучэнні (бензаантрацэн, бензапірэны, перылен, нафтацэн і інш.). Перагонкай каменнавугальнай смалы атрымліваюць сярэднетэмпературны (т-ра размякчэння 65—90 °C), а яго перагонкай з вадзяной парай — высокатэмпературны П. (135—150 °C). Выкарыстоўваюць для атрымання пекавага коксу, як сувязнае аноднай масы ў вытв-сці алюмінію, пры брыкетаванні цвёрдага паліва, у вытв-сці толю, руберойду і інш. Таксічны: атручэнні і скурныя пашкоджанні магчымыя пры ўздзеянні пылу, кантакце з вугальнымі брыкетамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭГЛЬ ((Pregl) Фрыц) (3.9.1869, г. Любляна, Славенія — 13.7.1930),
аўстрыйскі хімік і фізіёлаг, стваральнік арган. мікрааналізу. Скончыў мед.ф-т ун-та ў г. Грац (1894), дзе і працаваў да 1910 і з 1913 (праф.). Навук. працы па колькасным элементным мікрааналізе арган. злучэнняў. Распрацаваў метады вызначэння элементаў (вугляроду, азоту, серы і інш.) і функцыян. груп пры аналізе малой колькасці (2—10 мг) рэчыва (1911—17). Сканструяваў спец. апаратуру, у т. л. мікрахім. вагі з адчувальнасцю ~10−6г. Прапанаваў прынцыпова новыя спосабы раскладання арган. рэчываў для элементнага аналізу. Нобелеўская прэмія 1923.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСТАВА́ЛАЎ (Леанід Васілевіч) (8.8.1902, Масква —15.9.1970),
расійскі геолаг. Чл.-кар.АНСССР (з 1953). Скончыў Маскоўскі ун-т (1924). У 1934—62 праф. Маск. ін-та нафтахім. і газавай прам-сці, адначасова ў 1943—53 у Ін-це геал. навук АНСССР. У 1953—60 нам. старшыні Савета па вывучэнні вытв. сіл АНСССР і кіраўнік шэрагу комплексных экспедыцый. Навук. працы па петраграфіі і геахіміі асадкавых утварэнняў. Прапанаваў класіфікацыю асадкавых парод. Распрацаваў вучэнне аб геахім. фацыях асадкавай тоўшчы. Абгрунтаваў палажэнне аб дыферэнцыяцыі рэчыва ў зоне асадканамнажэння і палажэнне аб перыядычнасці ва ўтварэнні асадкавых парод і карысных выкапняў асадкавага паходжання. Дзярж. прэмія СССР 1941.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАКТЫ́ЎНЫЯ ПРЭПАРА́ТЫў медыцыне,
хімічныя злучэнні, якія ўтрымліваюць у сваіх малекулах радыеактыўныя нукліды. Уласцівасці Р.п. вызначаюцца ўтрыманнем у іх радыенуклідаў, здольнасцю самаадвольна распадацца з выпусканнем іанізавальнага выпрамянення. Радыенукліды выпраменьваюць у вызначаным спектры, абумоўліваюць мінім. прамянёвую нагрузку, адлюстроўваюць стан органа, што даследуецца. Р.п. выбіраюць з улікам іх фармакадынамічных і ядзерна-фіз. уласцівасцей. Фармакадынаміку прэпарата вызначае хім. злучэнне, на аснове якога ён сінтэзаваны. Магчымасці рэгістрацыі радыеактыўнасці рэчыва залежаць ад тыпу распаду радыенукліда. У мед. радыялогіі і анкалогіі Р.п. выкарыстоўваюцца для дыягностыкі і лячэння розных захворванняў, найб. часта — Р.п. тэхнецый 99mTc-альбумін, 99mTc-мечаныя эрытрацыты, 99mTc-калоід (тэхніфіт), ксенон 133Xe, самарый, 18Sm-самарын-оксабіфор і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РА САМАРО́ДНАЯ,
мінерал класа самародных элементаў, S. Часам мае ізаморфныя прымесі селену, тэлуру, мыш’яку і мех. прымесі гліністага або арган.рэчыва. Крышталізуецца ў рамбічнай і манакліннай сінганіях. Утварае дыпірамідальныя, дысфенаідальныя і таблітчастыя крышталі, крышт. агрэгаты, суцэльныя і зямлістыя масы, нацёчныя, ныркападобныя формы і налёты. Колер жоўты, розных адценняў. Бляск алмазны да тлустага. Цв. 1—2. Шчыльн. 2,05—2,08 г/см³. Крохкая. Паходжанне вулканагеннае, гіпергеннае (пры выветрыванні сульфідаў і разлажэнні гіпсаносных асадкавых тоўшчаў) і арганагеннае. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці сернай кіслаты, фарбавальнікаў, штучнага валакна, у папяровай і гумавай прам-сці, сельскай гаспадарцы. Радовішчы ў ЗША, Італіі, Іспаніі, Чылі, Японіі, Расіі, на Украіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІХАТЭ́-АЛІ́НСКІ МЕТЭАРЫ́Т,
жалезны метэарыт, які ўпаў 12.2.1947 у заходніх адгор’ях Сіхатэ-Алінскага хрыбта.
Выпаў у выглядзе метэарытнага дажджу, які ўтварыўся ад драбнення асн. масы на выш. 4—5 км над Зямлёй. Падзенне суправаджалася ўспышкамі святла і выбухамі. Найбольшыя яго экзэмпляры ўтварылі кратэры дыяметрам ад 4 м да 28 м, дробныя рассеяліся на плошчы каля 3 км². Агульная маса метэарытнага рэчыва прыкладна 70 т, маса асколкаў і асобных экзэмпляраў, знойдзеных на плошчы падзення, 37 т, найбольшы з іх 1745 кг. Складаўся з жалеза (93%), нікелю (6%) і невял. колькасці фосфару, кобальту, серы і медзі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ДКІЯ КРЫШТАЛІ́,
стан рэчыва, прамежкавы паміж цвёрдым крышталічным і ізатропным вадкім. Характарызуецца цякучасцю і поўнай ці частковай адсутнасцю трансляцыйнага парадку ў структуры пры захаванні арыентацыйнага парадку ў размяшчэнні малекул (гл.Далёкі і блізкі парадак). Вадкія крышталі маюць пэўны тэмпературны інтэрвал існавання.
Пераходы цвёрдага крышталічнага рэчыва ў вадкі крышталь і далей у ізатропную вадкасць і адваротныя працэсы з’яўляюцца фазавымі пераходамі. Паводле спосабу атрымання вадкія крышталі падзяляюцца на ліятропныя (утвараюцца пры растварэнні шэрагу злучэнняў у ізатропных вадкасцях; напр., сістэма мыла — вада) і тэрматропныя (узнікаюць пры плаўленні некаторых рэчываў). Па арганізацыі малекулярнай структуры адрозніваюць вадкія крышталі нематычныя (з вылучаным напрамкам арыентацыі малекул — дырэктарам і адсутнасцю трансляцыйнага парадку), смектычныя (з пэўнай ступенню трансляцыйнага парадку — слаістасцю) і халестэрычныя (нематычныя, у якіх дырэктары сумежных слаёў утвараюць паміж сабою вугал, з-за чаго ўзнікае вінтавая структура). Узаемная арыентаванасць малекул абумоўлівае анізатрапіюфіз. уласцівасцей вадкіх крышталёў: пругкасці, электраправоднасці, магн. успрымальнасці, дыэлектрычнай пранікальнасці і інш., што выкарыстоўваецца для выяўлення і рэгістрацыі фіз. уздзеянняў (эл. і магн. палёў, змены т-ры і інш.). Многія арган. рэчывы чалавечага арганізма (эфіры халестэрыну, міэлін, біямембраны) знаходзяцца ў стане вадкіх крышталёў.
Вадкія крышталі выкарыстоўваюцца ў інфарм. дысплеях (калькулятары, электронныя гадзіннікі, вымяральныя прылады і інш.), пераўтваральніках відарысаў, прыладах цеплабачання, мед. тэрмаіндыкатарах і інш. На Беларусі даследаванні вадкіх крышталёў праводзяцца ў БДУ, Мінскім і Віцебскім мед. ін-тах, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, навук.-вытв. аб’яднанні «Інтэграл» і інш.
Літ.:
Чандрасекар С. Жидкие кристаллы: Пер. с англ.М., 1980;
Текстурообразование и структурная упорядоченность в жидких кристаллах. Мн., 1987.
В.І.Навуменка.
Тыпы вадкіх крышталёў: а — нематычны; б — смектычны; в — халестэрычны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЗЫ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,
колькасныя характарыстыкі ўздзеяння энергіі выпрамянення на рэчыва. Гал. велічынёй, якая характарызуе ўздзеянне выпрамянення на арганізм, з’яўляецца паглынутая доза — энергія іанізавальнага выпрамянення, паглынутая адзінкай масы апрамененага рэчыва. У сістэме СІ за адзінку паглынутай дозы прыняты грэй, пазасістэмная адзінка — рад. Пры аднолькавай паглынутай дозе біял. эфект уздзеяння розных відаў апрамянення адрозніваецца, таму карыстаюцца эквівалентнай дозай, якая вызначаецца пры памнажэнні паглынутай дозы на каэфіцыент якасці (К) дадзенага выпрамянення. У сістэме СІ адзінка эквівалентнай дозы — зіверт, пазасістэмная — бэр. Для вымярэння рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення служыць экспазіцыйная доза — колькасць утвораных зарадаў пры іанізацыі паветра пад уздзеяннем гэтых выпрамяненняў. У сістэме СІ адзінка вымярэння экспазіцыйнай дозы — кулон на кілаграм (Кл/кг), пазасістэмная — рэнтген. Прынята параўноўваць біял. эфекты, што выклікаюць любыя іанізавальныя выпрамяненні, з біял. эфектамі, што выклікаюць рэнтгенаўскія і гама-выпрамяненні. У радыебіял. даследаваннях пры параўнанні радыяцыйных эфектаў карыстаюцца адноснай біялагічнай эфектыўнасцю выпрамяненняў. Натуральныя крыніцы іанізавальнага выпрамянення (касм. прамяні, прыродная радыеактыўнасць глебы, вады, паветра, радыеактыўнасць, што ёсць у целе чалавека і жывёл і інш.) складаюць каля 125 мбэр за год. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986) у навакольнае асяроддзе выкінута радыеактыўных рэчываў агульнай актыўнасці каля 50 млн.Кі (3,5% агульнай колькасці радыенуклідаў). На Беларусі зацверджаны крытэрыі ўзроўню радыяцыйнай забруджанасці (А і Б). Узровень А — доза знешняга гама-апрамянення цела не перавышае 0,25 Гр (няма неабходнасці ў экстранных мерах). Пры ўзроўні Б (да 0,75 Гр) меры залежаць ад канкрэтных абставін. Экстранныя меры для забеспячэння радыяцыйнай аховы прымаюцца ў выпадках дасягнення дозы знешняга апрамянення ўсяго цела больш за 0,75 Гр. Вымяраюць Д.в. дазіметрамі (гл.Дазіметрычныя прылады).