ЛЮБІ́МАЎ (Юрый Пятровіч) (н. 30.9. 1917, г. Яраслаўль, Расія),
расійскі акцёр, рэжысёр. Нар.арт. Расіі (1992). Скончыў тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна пры Т-ры імя Я.Вахтангава (1939), з 1946 у трупе гэтага т-ра. У 1964—84 гал. рэжысёр, з 1989 маст. кіраўнік Маскоўскага т-ра на Таганцы. З 1953 выкладае ў тэатр. вучылішчы імя Шчукіна. У 1984—89 быў пазбаўлены сав. грамадзянства. Сярод роляў: Моцарт («Маленькія трагедыі» А.Пушкіна), Цяцін («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Крыс («Усе мае сыны» А.Мілера) і інш. Адзін з рэфарматараў сав.т-ра, стваральнік яркіх, палітычна і палемічна вострых спектакляў. У рэжысёрскай практыцы кіруецца ідэямі Вахтангава, У.Меерхольда і Б.Брэхта. Сярод пастановак «Добры чалавек з Сезуана» Брэхта (1963), «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева (1971), «Гамлет» У.Шэкспіра (1972), «Майстар і Маргарыта» паводле М.Булгакава (1977), «Дом на набярэжнай» паводле Ю.Трыфанава (1980), «Паэт Уладзімір Высоцкі» (1981, 1988), «Барыс Гадуноў» (1982, 1988) і «Маленькія трагедыі» Пушкіна (1989), «Доктар Жывага» паводле Б.Пастэрнака і твораў рус. паэзіі (1993) і інш. Здымаецца ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1952. Дзярж. прэмія Расіі 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТАШУ́К (Міхаіл Мікалаевіч) (н. 28.1.1943, в. Федзюкі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1982). Нар.арт. Беларусі (1990). Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна (1967), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы Дзярж.кіноСССР (1972, майстэрня Г.Данеліі). У 1967—70 працаваў рэжысёрам у т-рах Масквы і Казані. З 1974 на кінастудыі «Беларусьфільм». Першыя фільмы «Пра Віцю, пра Машу і марскую пяхоту» (1973; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Іспаніі), «Лясныя арэлі» (1975) адзначаны лірычнасцю вобраза дзяцінства. Зняў шэраг кінафільмаў паводле твораў бел. пісьменнікаў: «Вазьму твой боль» (паводле І.Шамякіна, 1982), «Чорны замак Альшанскі» (2 серыі, паводле У.Караткевіча, 1983), «Знак бяды» (паводле В.Быкава, 1986; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Югаславіі). Фарміраванне і выяўленне ў складаных жыццёвых і паліт. умовах тыпаў чалавечага характару адлюстраваны ў гіст.-псіхал. стужках «Наш браняпоезд» (1988), «Кааператыў «Палітбюро», або Будзе доўгім развітанне» (1992; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Стакгольме, 1993; прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, 1995). Сярод інш. фільмаў: «Нас выбраў час» (тэлевізійны, 5 серый, 1978), «Гульня ўяўленняў» (1995), фільм-спектакль Мінскага т-ра «Вольная сцэна» «Макбет» (1997), «У жніўні 1944» (2000). Дзярж. прэмія Беларусі 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЛЕ́НК, Пуланк (Poulenc) Франсіс (7.1.1899, Парыж — 30.1.1963), французскі кампазітар, піяніст. Вучыўся ў Р.Віньеса (фп.) і Ш.Кёклена (кампазіцыя). З 1920 чл.«Шасцёркі». Працаваў у розных жанрах (фп., вак., камерна-інстр. творы). Вял. ўвагу надаваў мелодыі (яго наз.франц. Шубертам). Абапіраўся на франц.нар. песеннасць, развіваў прынцыпы муз. прасодыі К.Дэбюсі, вак. дэкламацыйнасці М.Мусаргскага. Найб. дасягненні ў оперы: «Грудзі Тырэзія» (паводле Г.Апалінэра; паст. 1947), «Дыялогі кармелітак» (паводле Ж.Бернаноса; паст. 1957), манаопера «Чалавечы голас» (паводле Ж.Както; паст. 1959). Сярод інш. твораў: балеты «Лані» (са спевамі, паст. трупай «Рускі балет», 1924), «Ранішняя серэнада» (паст. 1930) і інш.; творы для салістаў, хор і арк.; канцэрты з арк.; камерна-інстр. ансамблі; творы для фп., хоры a cappella, у т. л.патрыят. кантата «Твар чалавечы» (на вершы П.Элюара, 1943); камерна-вак. творы, у т. л. больш за 160 песень на словы Апалінэра, Элюара, М.Жакоба, Както, рамансы; музыка да спектакляў, кіно і інш. Выступаў і як піяніст.
Літ. тв.: Рус.пер. — Письма. Л., 1970; Я и мои друзья. Л., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІВУ́Д, Халівуд (Hollywood),
прыгарад г.Лос-Анджэлес, на ПдЗ ЗША, штат Каліфорнія. Знаходзіцца за 30 км ад узбярэжжа Ціхага ак., у раёне з разнастайнымі ландшафтамі (горы, паўпустынныя раўнінныя ўчасткі, лясныя масівы).
Цэнтр амер. кінамастацтва. Першая студыя засн. ў 1911. Расшырэнне вытв-сці абумовіла фарміраванне ў Галівудзе на аснове паўсаматужных груп буйных кампаній, частка якіх існуе і цяпер. У 1920-я г. ў Галівудзе была створана самая перадавая на той час матэрыяльна-тэхн. база кінавытворчасці, якая пастаянна ўдасканальвалася, падрыхтаваны прафесійныя кадры. Тады зарадзілася сістэма «зорак» — акцёраў, адно імя якіх збірала ў кінатэатры натоўпы гледачоў. Была наладжана паточная вытв-сць сцэнарыяў і фільмаў у рамках устойлівай сістэмы жанраў. Галівуд як «фабрыка мрояў» прыцягваў да сябе пільную ўвагу масавай аўдыторыі не толькі фільмамі, але і самім ладам жыцця, які шырока рэкламаваўся сродкамі інфармацыі. У 1927 у Галівудзе засн.Амерыканская акадэмія кінематаграфічных мастацтваў і навук. У 2-й пал. 1930-х г. аб’ём кінавытворчасці 8 найб. фірмаў Галівуда («Метро-Голдвін-Маер», «20 стагоддзе-Фокс», «Уорнер бразерс», «РКО-Радыё», «Парамаўнт», «Юнайтэд артыстс», «Каламбія Пікчэрс», «Юніверсал інтэрнэшанал») складаў больш чым 500 фільмаў за год. У 1950—60-я г. Галівуд перажываў эканам. цяжкасці, але выстаяў у канкурэнцыі з тэлебачаннем і незалежнымі прадзюсерамі. Галівуд — своеасаблівы міф, сімвал амер.кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВО́НАК (Алесь) (Пётр Барысавіч; 14.2.1907, Мінск — 2.2.1996),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1931). Узначальваў Полацкую філію «Маладняка». Працаваў на Бел. радыё, у АН Беларусі, рэдакцыі газ. «Літаратура і мастацтва». У 1936 беспадстаўна арыштаваны, асуджаны на 10 гадоў. Пакаранне адбываў у Магаданскай вобл. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1925. Раннія зб-кі паэзіі «Буры ў граніце» (1929), «На лініі агню!» (1932), «Мая Радзіма» (1935), паэмы «Каршун» (1930) і «Загай» (1931) вызначаюцца рамантычнай узнёсласцю, квяцістасцю стылю, імкненнем да абагульненага паказу рэчаіснасці. Асн. матывы кніг «Табе адной» (1957), «Запаветнае» (1961), «Россып» (1967), «Прадчуванне» (1974), «Санеты» (1982), «Ружовая чайка» (1985), «Святлацені» (1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1992) — паэтызацыя працы і прыроды, філас. роздум пра жыццё, час, каханне і смерць. Выступаў у галіне крытыкі, драматургіі тэатра і кіно. Аўтар кн. артыкулаў і ўспамінаў «Неспакойныя сэрцы» (1973), п’есы «Навальніца будзе» (паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях», пастаўлена Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1959), сцэнарыяў навук.-папулярных фільмаў «Якуб Колас» (1962), «Вобразы і думы» (1965). Пераклаў на бел. мову «Дуэль. Іоныч» А.Чэхава (1931), «Апошні з Удэге» А.Фадзеева (з Хведаровічам, 1935), «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.Руставелі (з Хведаровічам, 1966) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ САМАДЗЕ́ЙНЫЯ КАЛЕКТЫ́ВЫ,
найвышэйшая форма развіцця аматарскага мастацтва Беларусі. Найменне «народны» надаецца самадз. калектывам, дзейнасць якіх накіравана на развіццё бел.нац. культуры, захаванне яе рэгіянальных асаблівасцей, засваенне і папулярызацыю ўзораў сусв.маст. культуры; рыхтуюць самаст. канцэртныя праграмы, пастаянна ўдзельнічаюць у канцэртнай, выставачнай дзейнасці, маюць высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства, актыўна ўдзельнічаюць у культ. жыцці горада, раёна, абл. і рэсп. аглядах, святах, выстаўках, фестывалях і конкурсах. Дзейнічаюць у рамках існуючага ў Рэспубліцы Беларусь заканадаўства, парадак работы вызначаецца Палажэннем аб нар. (узорным) самадз. калектыве маст. творчасці ў Рэспубліцы Беларусь, прынятым у 1999 Мін-вам культуры Беларусі. Існуюць на базе дзярж., прафсаюзных, ведамасных устаноў культуры, вышэйшых, сярэдніх спец. і навуч. устаноў, устаноў пазашкольнай адукацыі і выхавання, прадпрыемстваў розных форм уласнасці, грамадскіх аб’яднанняў, творчых саюзаў і інш. пад кіраўніцтвам кваліфікаваных спецыялістаў. Найменне «народны» надаецца тэатр. калектывам з 1959, муз. і харэаграфічным з 1960, аматарскім кінастудыям з 1975. Калектывам выяўл. і дэкар.-прыкладнога, кіна-, відэа-, фотамастацтва незалежна ад узросту ўдзельнікаў надаецца найменне «народная самадзейная студыя». Інш. калектывам, узрост удзельнікаў якіх да 16 гадоў, прысвойваецца найменне «ўзорны» (з 1978). На Беларусі 947 нар.самадз. калектываў (2000). Гл. таксама Аматарскае кіно, Народныя студыі і клубы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, Народныя тэатры, Народныя хары, ансамблі, аркестры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКУ́ЛІН (Юрый Уладзіміравіч) (18.12.1921, г. Дзямідаў Смаленскай вобл., Расія — 21.8.1997),
расійскі артыст цырка і кіно. Нар.арт.СССР (1973). Герой Сац. Працы (1990). Скончыў Студыю размоўных жанраў і клаунады пры Маскоўскім цырку (1950) і працаваў у гэтым цырку як клоун-дывановы пад кіраўніцтвам Карандаша, з 1951 у дуэце з М.Шуйдзіным. З 1983 маст. кіраўнік, дырэктар Маскоўскага цырка на Цвятным бульвары. У масцы клоуна прадстаўляў флегматычнага, знешне праставатага, але хітрага чалавека. З гэтай маскай у вобразе Балбеса зняўся ў эксцэнтрычных кінакамедыях «Пёс Барбос і незвычайны крос» (1961), «Самагоншчыкі» (1962), «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка» (1965), «Каўказская палонніца» (1967). У фільмах «Калі дрэвы былі вялікімі» (1962), «Ка мне, Мухтар!» (1965) праявіліся драм. дараванне артыста, уменне раскрыць у ролі складаную гаму псіхал. станаў. Прастатой і стрыманасцю манеры вылучаюцца ролі ў фільмах «Дваццаць дзён без вайны» (1977), «Пудзіла» (1984), лірычнай і чалавечай непасрэднасцю — знешне камедыйна-гратэскныя ролі ў фільмах «Брыльянтавая рука» (1969), «Старыя-разбойнікі» (1972). Зняўся таксама ў фільмах «Андрэй Рублёў» (1971), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975), «Цырк для маіх унукаў» (1990). Дзярж. прэмія Расіі 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛО́СІН (Яўген Максімавіч) (6.1.1912, в. Урыўкі Ялецкага р-на Ліпецкай вобл., Расія — 25.5.1981),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1956). Нар.арт.СССР (1969). Скончыў Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве (1939). З 1939 у Гомельскім, з 1945 у Магілёўскім, з 1948 у Брэсцкім абл.драм. тэатрах. У 1949—76 у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі. Акцёр яркага камед. таленту. У творчасці арганічна спалучаў знешнія сродкі выразнасці з псіхал. верагоднасцю і духоўнасцю вобразаў. Лепшыя ролі сыграў у Рус.драм. т-ры: Кукушкін і Сямён Кныш («Брэсцкая крэпасць» і «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), дзед Шчукар («Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава), Грыша Радазубаў, Печанегаў, Пярчыхін («Варвары», «Ворагі», «Мяшчане» М.Горкага), Кучумаў і Рабінзон («Шалёныя грошы» і «Беспасажніца» А.Астроўскага), Акім («Улада цемры» Л.Талстога), Вартаўнік («Макбет» У.Шэкспіра) і інш. Сярод інш. роляў: у Гомельскім т-ры — Нічыпар («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), Ляпкін-Цяпкін («Рэвізор» М.Гогаля), Дармедонт («Позняе каханне» Астроўскага); у Магілёўскім т-ры — Кропля («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), Бальзамінаў («Жаніцьба Бальзамінава» Астроўскага), Скапэн («Хітрыкі Скапэна» Мальера). Здымаўся ў кіно: «Несцерка», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Анюціна дарога», «Каханнем трэба даражыць», «Не плач, Алёнка» і інш.
Літ.:
Кулакоў К. Акцёр сучаснай тэмы (Я.М.Палосін) // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛС ((Pauls) Раймандс) (н. 12.1.1936, Рыга),
латышскі кампазітар, піяніст, дырыжор, дзярж. дзеяч. Нар.арт. Латвіі (1976). Нар.арг.СССР (1985). Ганаровы чл.Латв.АН. Скончыў Латв. кансерваторыю па класе фп. (1958; кампазіцыі вучыўся ў Я.Іванова, 1962—65), у 1979—83 выкладаў у гэтай кансерваторыі. З 1964 маст. кіраўнік Рыжскага эстр. аркестра, з 1972 вак.-інстр. ансамбляў «Мода», «Рэмікс», дзіцячага «Зязюлька». З 1982 гал. рэдактар муз. перадач і кіраўнік джаз-аркестра Латв. радыё, старшыня Дзярж.к-та Латвіі па культуры. З 1988 міністр культуры Латвіі, з 1993 саветнік прэзідэнта Латвіі па пытаннях культуры і мастацтва. У 1998—2000 старшыня Новай партыі. Прэзідэнт акц.т-ва «Музычны цэнтр «Вернісаж». Аўтар 6 мюзіклаў, у т. л. «Сястра Кэры» «Шэрлак Холмс» (паст. абодва 1979), «Лясны лебедзь» (1995), зінгшпіля «Вялікая ўдача» (паст. 1977), 4 балетаў, у т. л. «Кубінскія мелодыі» (паст. 1963), балетных мініяцюр, эстр. музыкі і папулярных песень (больш як 350), джазавых кампазіцый, адметных пераўтварэннем інтанацый лат. фальклору, музыкі для т-ра і кіно, апрацовак нар. песень і інш. Лаўрэат 1-га Усесаюзнага конкурсу маладых кампазітараў (1961). Дзярж. прэмія Латвіі 1977.
Літ.:
Петерс Я. Р.Паулс: Версии. Видения. Док. Рига, 1986;
Исаковская Т.И. Р.Паулс: Творч. портрет. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КАСЦЁЛ СЫМО́НА І АЛЕ́НЫ, Мінскі Чырвоны касцёл,
помнік архітэктуры неаготыкі з элементамі мадэрну ў Мінску на пл. Незалежнасці. Пабудаваны ў 1908—10 (арх. Т.Пайздэрскі, пры ўдзеле У.Марконі і Г.Гая) па фундацыі памешчыка са Случчыны Э.Вайніловіча і яго жонкі Алімпіі, якія ахвяравалі грошы на касцёл у гонар святых Сымона і Алены як помнік у памяць пра сваіх памерлых дзяцей. 3-нефавы 3-вежавы храм асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі з развітой паўцыліндрычнай апсідай. Цэнтр. неф і трансепт накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі 2-схільнымі дахамі. Ядро кампазіцыі — высокая прамавугольная 4-ярусная вежа. Абапал алтарнай ч.гал. вежу дапаўняюць 2 невял. шатровыя вежы. З паўд.-зах. боку да гал. фасада прыбудавана 1-павярховая галерэя. Уваходы аформлены тамбурамі. Высокія шчыты фасадаў будынка аздоблены дэкарыраванымі арх. паясамі, машыкулямі і інш. Плоскасці сцен прарэзаны паўцыркульнымі высокімі рознавял. аконнымі праёмамі. Над уваходамі вокны-ружы. У маст. аздабленні памяшканняў вітражы (маст. Ф.Бруздовіч), люстры з медзі (маст. Г.Вашчанка). Над гал. парталам касцёла герб Вайніловічаў. У комплексе плябанія — мураваны 2-павярховы будынак і мураваная агароджа з брамай. З 1946 у будынку размяшчаліся кінастудыя «Беларусьфільм», з 1975 Дом кіно. З 1990 дзеючы касцёл. З 1999 пры касцёле працуе малая тэатр. зала бел.паэт.т-ра «Зніч».