ПЕЛЬГРЫМО́ЎСКІ (Гальяш) (сярэдзіна 16 ст. — пасля 17.8.1604),
грамадскі дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік. Вучыўся ў кальвінісцкай школе. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. У 1581 пад камандаваннем К.Радзівіла прымаў удзел разам з Ф.К.Чарнабыльскім і А.Рымшай у паходзе ў Расію. Сакратар польск. караля Стафана Баторыя, у 1583 па яго даручэнні ездзіў у Маскву да Івана IV Грознага. З 1586 пісар ВКЛ, з 1600 сакратар пасольства Рэчы Паспалітай у Маскве на чале з Л.Сапегам, з 1602 выконваў абавязкі маршалка Літоўскага трыбунала. Літ. дзейнасць пачаў у 1583. Пісаў на бел., лац. і польск. мовах. Аўтар паэт. і празаічных панегірыкаў на лац. мове, празаічнага дыярыуша на польскай мове «Пасольства Льва Сапегі ў 1600 годзе ў Маскву паводле дыярыуша Гальяша Пельгрымоўскага, сакратара пасольства, з рукапісу, выпадкова знойдзенага, Уладзіславам Трэмбіцкім апісанае» (надрук. ў 1846, Гродна). У дыярыушы былі тэксты і на бел. мове: праект дагавора паміж Польшчай і Маскоўскай Руссю, пералік падарункаў рус. цару і яго сыну, выступленні Л.Сапегі і П. ў прысутнасці цара. Гэтаму падарожжу П. прысвяціў і вершаваны твор на польскай мове. Ля вытокаў бел. паэзіі знаходзіцца яго паэма на бел. і польскай мовах «Гутарка аднаго Паляка з Маскалём на маскоўскім замку ў годзе 1601», у якой аўтар раскрывае сістэму поглядаў на міжнар. адносіны і становішча, справы рэлігіі, свабоды сумлення і інш. На сучасную бел. мову паэму П. пераклаў М.Танк.
Тв.:
Бел.пер. — Гутарка аднаго Паляка з Маскалём на маскоўскім замку ў годзе 1601 // Полымя. 1994. № 7.
Літ.:
Казбярук У. Мастацкі дакумент сярэднявечча // Спадчына. 1992. №4;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́НТА-ДАМІ́НГА (Santo Domingo),
горад, сталіца Дамініканскай Рэспублікі, на паўд. узбярэжжы в-ва Гаіці. 3599 тыс.ж. з прыгарадамі (2000). Вузел аўтадарог, порт на Карыбскім м.Міжнар. аэрапорт. Найважнейшы эканам. і культ. цэнтр, дае больш за палавіну прамысл. прадукцыі краіны. Прам-сць: харчасмакавая (цукр., ромавая, алейная, мылаварная, тытунёвая), тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, цэм., лесапільная, мэблевая. Акадэміі: мовы, гісторыі, музычная. 2 ун-ты. Горад перыядычна церпіць ад ураганаў. Цэнтр турызму.
Засн. ў 1496 Б.Калумбам (братам Х.Калумба) пад назвай Новая Ізабела, потым названы С.-Д. У 1538 у горадзе засн.ун-т. У 16 ст. тут знаходзілася рэзідэнцыя віцэ-караляісп. калоній у Амерыцы. З 1844 сталіца Дамініканскай Рэспублікі. У 1916—24 акупіраваны амер. войскамі. У 1930 горад знішчаны ўраганам. Пасля адбудовы ў 1936 атрымаў назву Сьюдад-Трухільё (з 1962 зноў С.-Д.). У 1965 горад — арэна баёў паміж урадавымі войскамі і сіламі хунты.
У 1-й пал. 16 ст. горад набыў рэгулярную планіроўку. Забудоўваўся магутнымі каменнымі збудаваннямі ў стылі, пераходным ад готыкі да рэнесансу: манум. вежа Торэ дэль Аменахе (1503—07), замак-палац Каса дэль Альмірантэ (1510—14), сабор (1512—40) з грабніцай Х.Калумба, палац Каса дэ Энгомбе (1535), шпіталі, кляштары, 2-павярховыя жылыя дамы з унутр. дворыкамі. У 1543—1702 узведзены гар. сцены (захаваліся часткова). Пасля ўрагану 1930 узводзяцца жалезабетонныя будынкі. Сярод значных пабудоў 20 ст. — т-р (1913), атэль «Ярагуа» (1943) і інш. Музеі: нац., Нац.маст. галерэя і інш.Калан. цэнтр С.-Д. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРАГО́СА (Zaragoza),
горад на ПнУ Іспаніі, на р. Эбра. Адм. ц. аўтаномнай вобласці Арагон і прав. Сарагоса. Каля 650 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. прылада- і аўтамабілебудаўнічая, вытв-сць чыгуначнага, с.-г., эл.-тэхн. абсталявання; харч., хім., тэкст., дрэваапр., коркавая, цэм., гарбарна-абутковая. Канцавы пункт нафтаправода Рота — С. Ун-т. Штогадовыя прамысл. кірмашы.
Засн. ў 27 да н.э. на месцы іберыйскага паселішча як рым. калонія пад назвай Цэзарэя-Аўгуста. У 452 н.э. захоплена свевамі, у 476 — вестготамі. У 714—1118 пад уладай арабаў, у 11 — пач. 12 ст. цэнтр Сарагоскага эмірата. У 1118 горад адваяваны ў арабаў войскамі караля Арагона Альфонса 1, з 1119 сталіца Арагонскага каралеўства, атрымала права самакіравання і інш. прывілеі. У 14—16 ст. адзін з важнейшых эканам. (вытв-сць сукна) і культ. (у 1474 засн.ун-т) цэнтраў Арагона. У 17—18 ст. эканамічна заняпала. У 1-ю ісп. рэвалюцыю 1808—14 (гл. ў арт. Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя) двойчы ўзята ў аблогу франц. войскамі (1808, 1808—09). У Іспанскую рэвалюцыю 1931—39 месца баёў паміж рэсп. войскамі і франкістамі.
У структуры цэнтра горада захаваліся рысы рэгулярнай планіроўкі стараж.-рым. калоніі. Сярод помнікаў: рэшткі стараж.-рым. пабудоў, маўрытанскіх будынкаў (10—12 ст.) з узорыстай цаглянай муроўкай, дэкар. купаламі, абліцоўкай шматколернай кафляй, сабор Ла-Сеа (1119—1550; фасад канца 17 ст. ў стылі эрэрэска; вежа 1685), касцёлы ў стылі мудэхар (Санта-Марыя Магдалена і інш.), біржа («лонха», 1551, готыка і платэрэска), палацы 16 ст. ў стылі платэрэска. У С. — правінцыяльны музей прыгожых мастацтваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАПО́ЛК ЯРАПО́ЛЧЫЧ (у хрышчэнні Пётр, мянушка Акаянны; каля 980—1019),
князь тураўскі і вял. князь кіеўскі. Прыёмны сын вял.кн.Уладзіміра Святаславіча. Нарадзіўся ад шлюбу вял.кн. Яраполка Святаславіча з «грэкіняй», якую пасля забойства мужа яшчэ цяжарнай узяў за жонку Уладзімір (СЛ. называюць таксама Святаполк Уладзіміравіч). У 988 С.Я. атрымаў ад айчыма тураўскае княжанне. У пач. 11 ст. рыхтаваў змову супраць Уладзіміра, аднак яна была раскрыта. С.Я. разам з жонкай, дачкой польскага князя (пазней караля) Баляслава I Храбрага і яе духоўнікам, калобжагскім біскупам Рэйнбернам, апынуўся ў кіеўскай турме. Пагроза вайны з Баляславам прымусіла Уладзіміра выпусціць зняволеных, але ён не адпусціў іх у Тураў. Спачатку С.Я. жыў у Кіеве, потым у Вышгарадзе. Пасля смерці Уладзіміра (1015) С.Я. заняў кіеўскі трон. Паводле «Аповесці мінулых гадоў» ён рукамі наёмных забойцаў пазбавіўся сваіх канкурэнтаў на ўладу, сыноў Уладзіміра — Барыса, Глеба і Святаслава, за што атрымаў мянушку Акаянны. У адказ наўгародскі кн. Яраслаў Мудры выступіў з войскам у паход на Кіеў. У бітве каля Любеча (1015 або 1016) С.Я. пацярпеў паражэнне і ўцёк да цесця ў Польшчу. Ісландская «Сага аб Эймундзе» адказнасць за забойствы ўскладае на Яраслава Мудрага. У 1018 войскі С.Я. і Баляслава Храбрага ў бітве каля Бярэсця разбілі дружыну Яраслава. С.Я. зноў заняў кіеўскі трон, але ненадоўга. Наўгародскае войска Яраслава падышло да Кіева і прымусіла С.Я. ўцячы. У 1019 выгнанец вадзіў на Кіеў войска печанегаў. Вырашальная бітва адбылася на р. Альта. С.Я. у другі раз адправіўся ў Польшчу, але па дарозе памёр.
Літ.:
Филист Г.М. История «преступлений» Святополка Окаянного. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМЯО́Н ПО́ЛАЦКІ (сапр.Пятроўскі-Сітніяновіч Самуіл Емяльянавіч, паводле некат. звестак — Гаўрылавіч; 1629, г. Полацк Віцебскай вобл. —25.8.1680),
бел. і рус. паэт, драматург, перакладчык, педагог, рэліг. і грамадскі дзеяч. Скончыў Кіева-Магілянскі калегіум (каля 1650), вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі (да 1653). У 1654—64 настаўнік брацкай школы Полацкага Богаяўленскага манастыра. У 1656 прыняў манаства пад імем Сімяон. Прапагандаваў ідэю ўз’яднання хрысціян пад духоўнай эгідай рымскага папы і пад дзярж. патранатам маскоўскага цара. У полацкі перыяд творчасці пісаў на бел., польскай, лац. мовах, раннія вершы («Акафіст», «Канон», 1648) маюць рэліг., павучальны характар, вытрыманы ў духу тагачаснай панегірычнай паэзіі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 вітаў цара Аляксея Міхайлавіча ў Полацку дэкламацыяй «Метры», прысвяціў яму шэраг віншаванняў з выпадку ўзяцця пэўных гарадоў і інш.: «Вершы на шчаслівы зварот літасцівага цара з-пад Рыгі», «Віншаванне з выпадку ўзяцця Дэрпта», «Віншаванне з выпадку абрання на польскае каралеўства» і інш. Тады ж напісаў шэраг паліт.-сатырычных твораў, у якіх выкрываў захопніцкія войны швед.караля Карла X Густава: «Кароль шведскі шукае сваіх афіцэраў...», «Адчай шведскага караля...», а таксама іранічнае «Віншаванне... Амфінагену Крыжаноўскаму, вандруючаму псеўдаепіскапу». З 1664 жыў у Маскве. Арганізаваў «лацінскую» школу пры Заіконаспаскім манастыры, заснаваў незалежную ад патрыяршай цэнзуры Верхнюю друкарню, быў першым прыдворным паэтам рас. цароў, выхавацелем дзяцей Аляксея Міхайлавіча. Прыхільнік асветнага абсалютызму, быў у цэнтры дзярж. і рэліг. праблем Маскоўскай дзяржавы. Прапаведніцкая дзейнасць С.П. адлюстравана ў 2 зборніках яго пропаведзей: «Абед душэўны» (1675, выд. 1681) і «Вячэра душэўная» (1676, выд. 1683). Аснову яго літ. спадчыны складаюць 2 манументальныя зб-кі, падрыхтаваныя ў 1670-я г., але выдадзеныя пасмяротна: «Вертаград мнагацветны» і «Рыфмалагіён» (1678, выд. 1681). Яшчэ пры жыцці першы яго зборнік быў ацэнены як энцыклапедыя, з якой чэрпалі веды па хрысц. сімволіцы, гісторыі, ант. міфалогіі, тэалогіі. У другім зборніку змешчаны драм. творы «Камедыя прытчы пра блуднага сына...» і «Пра Навухаданосара цара...», якія ставіліся ў прыдворных тэатрах Крамля. Як перакладчык пазнаёміў чытачоў з многімі шырокавядомымі тагачаснымі творамі: «Казанне пра Магамета», «Тастамент, або Запавет Васіля, цара грэчаскага», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і інш. Значнае месца ў паэзіі С.П. займалі і сатыр. матывы, выкрыццё каставых заган, кар’ерызму, прыстасавальніцтва («Клятва», «Жонка», «Помста» і інш.). У многіх выказваннях С.П. прыкметны ўплыў натурфілас. поглядаў ант. аўтараў Арыстоцеля і Плінія, а таксама здабыткаў сярэдневяковай навукі. Панегірычны дух яго паэзіі выявіўся ў некат. структурных асаблівасцях сілабічных вершаў: ён звяртаўся да зрокава-графічных эфектаў і прыёмаў (каляровае пісьмо, новыя страфічныя формы і інш.), распрацоўваў чыста барочныя формы ўскладненых метафар, мудрагелістых алегорый, сімвалаў, гіпербал і інш. Паводле рашэння ЮНЕСКА імя С.П. было ўнесена ў каляндар памятных дат 1980.
Тв.:
Избр. соч. М.; Л., 1953;
У кн.: Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии: Избр. произв. XVI — начала XIX в. Мн., 1962;
У кн.: Русская силлабическая поэзия XVII—XVIII вв. Л., 1970;
Вирши. Мн., 1990.
Літ.:
Татарский И. Симеон Полоцкий: (Его жизнь и деятельность). М., 1886;
Майков Л.Н. Симеон Полоцкий // Майков Л.Н. Очерки из истории русской литературы XVII и XVIII столетий. СПб., 1889;
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн., 1968;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;
Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд.Мн., 1985;
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;
Панченко А.М. Русская стихотворная культура XVII в. Л., 1973;
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Симеон Полоцкий и его книгоиздательская деятельность. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВА́ЗІЛЕНД (свазі Swatini, англ. Swaziland),
Каралеўства Свазіленд (свазі Umbuso we Swatini, англ. Kingdom of Swaziland), дзяржава ва ўнутр. частцы Паўд. Афрыкі. Мяжуе на Пн, З і Пд з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР), на У — з Мазамбікам. Пл. 17,4 тыс.км². Нас. 1083,3 тыс.чал. (2000). Дзярж. мовы свазі і англійская. Сталіца — г.Мбабане, рэзідэнцыя караля і парламента — г. Лобамба. Краіна падзяляецца на 4 раёны. Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 вер.).
Дзяржаўны лад. С. — канстытуцыйная манархія. Чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1978. Кіраўнік дзяржавы — кароль, які ўзначальвае заканад. і выканаўчую ўлады. Вышэйшы заканад. орган краіны — двухпалатны парламент (лібандла), які складаецца з Нац. сходу (65 месц) і Сената (30 месц). Тэрмін дзейнасці парламента 5 гадоў. Выбары ў Нац. сход — двухступенныя (у 2-м туры 55 дэпутатаў выбіраюцца выбаршчыкамі, 10 назначаюцца каралём). 10 сенатараў выбіраюцца палатай сходу, 20 — назначаюцца каралём. Урад фарміруецца каралём.
Прырода. Паверхня — плато, якое паніжаецца на У да ўзбярэжжа Індыйскага ак. З прыступкамі шырынёй ад 20 да 80 км: Высокі Велд (выш. 1500—1000 м), Сярэдні Велд (800—400 м) і Нізкі Велд (300—150 м). Найвыш. пункт — г. Эмлембе (1862 м). На крайнім У горы Лебомба (выш. да 770 м). Ёсць радовішчы азбесту, жал. руды, каменнага вугалю і інш. Клімат субтрапічны. Сярэднія т-ры ліп. ад 12 °C на Высокім Велдзе да 15 °C на Нізкім, лют. ад 23 да 25 °C. Ападкаў за год ад 500—700 мм на Нізкім Велдзе да 1400 мм на Высокім; выпадаюць пераважна летам. Рэкі горныя. Пераважае саванная расліннасць з акацыямі і баабабамі, на У — ксерафітныя хмызнякі. Пад лесам менш за 7% тэр., на схілах узгоркаў на Высокім Велдзе — хваёвыя лясы. Праводзяцца лесапасадкі. Жывёльны свет тыповы для саваннаў. З млекакормячых сустракаюцца буйвалы, антылопы, зебры, бегемоты. На У распаўсюджана муха цэцэ. Ёсць некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Афрыканцы складаюць 97% насельніцтва, у т. л. народы свазі — больш за 80% і зулу — каля 13%; 3% — англічане, афрыканеры, выхадцы з Індыі і Пакістана. Сярод вернікаў 60% хрысціян (пераважна католікі), 40% захоўваюць мясц.традыц. вераванні. Сярэднегадавы прырост 1,9% (1999). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 62 чал. на 1 км², больш шчыльна (да 200 чал. на 1 км²) заселены Сярэдні Велд. Гар. насельніцтва 26%. У г. Мбабане 47 тыс.ж. (2000), у астатніх гарадах каля 10 тыс.ж. У сельскай гаспадарцы занята 60% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці —10%, у абслуговых галінах — 30%. Значная ч. (да 30%) мужчынскага насельніцтва працуе ў ПАР (сезонна або пастаянна).
Гісторыя. Плямёны свазі засялілі тэр. С. ў канцы 18 ст. У 1820—30-я г. іх правадыр Сабхуза I стварыў цэнтралізаваную дзяржаву свазі, якая ў сярэдзіне 19 ст. дасягнула пэўнага росквіту пры яго пераемніку Мсваці I. У 1894 яна далучана да Трансвааля. Пасля англа-бурскай вайны 1899—1902 у 1903 створаны асобны брыт. пратэктарат С. з 1964 краіна атрымала самакіраванне, 6.9.1968 абвешчана незалежнасць Каралеўства С. Паводле канстытуцыі 1968 усталяваны рэжым парламенцкай манархіі. Пасля парламенцкіх выбараў 1973, на якіх поспех мела апазіцыя, кароль Сабхуза II [1921—82] скасаваў канстытуцыю, распусціў парламент і забараніў паліт. партыі. Новая канстытуцыя 1979 сканцэнтравала дзярж. ўладу ў руках караля, абмежавала паўнамоцтвы парламента і забараніла дзейнасць партый.
У 1990-я г. актывізавалася дзейнасць дэмакр. апазіцыі, арганізаваныя ёю нар. выступленні прымусілі караля Мсваці III [з 1982] ажыццявіць пэўную дэмакратызацыю паліт. жыцця. С. — чл.ААН (з 1968), Арг-цыі афр. адзінства.
Гаспадарка. С. — эканамічна слабаразвітая агр. краіна з вял. уплывам замежнага (пераважна паўд.-афр.) капіталу. Кіраўніцтва краіны праводзіць курс на стварэнне спрыяльных умоў для прыцягнення замежных інвестыцый. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) — 4 млрд.дол. (1998), па 4,2 тыс.дол. на 1 чал. У прам-сці ствараецца 42% ВУП, у сельскай гаспадарцы 10%, у абслуговых галінах — 48%. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 200 тыс.га, пад пашай каля 1,1 млн.га. Арашаецца каля 70 тыс.га зямлі. Вылучаюцца афр. і еўрап. сектары. Афрыканцы пераважна вядуць паўнатуральнае матычнае земляробства, памер іх гаспадарак каля 1 га, вырошчваюць кукурузу, сорга, пшаніцу, бабовыя, агародніну. Таварная экспартная прадукцыя вырошчваецца на плантацыях і буйных фермах: цукр. трыснёг (каля 500 тыс.т цукру штогод), бавоўнік, тытунь, рыс, цытрусавыя і ананасы. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая. Пагалоўе (тыс. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы 652, коз 439. Асн. раёны жывёлагадоўлі Высокі і Сярэдні Велд. Птушкагадоўля (у 1997—980 тыс. курэй). У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (цукр., безалкагольных напіткаў, малочныя, мясныя, мукамольныя, алейныя і інш.), дрэваапрацоўчыя, тэкст., швейныя, хімічныя. У г. Мбабане — металаапр. прадпрыемствы, у г. Манзіні — зборка тэлевізараў з імпартаваных частак. Лесанарыхтоўкі. Пашыраны саматужная і паўсаматужная апрацоўка скур, вытв-сць тканін, адзення і абутку, ганчарных вырабаў, драўляных прадметаў хатняга побыту, сувеніраў. Вытв-сць электраэнергіі 420 млн.кВт∙гадз (1998), у т. л. 50,6% на ГЭС, 49,4% на цеплавых электрастанцыях, імпартавана з ПАР 571 млн.кВт∙гадз. Здабыча азбесту (у асобныя гады 4-е месца ў свеце), жал. руды, каменнага вугалю. Транспарт пераважна аўтамабільны і чыгуначны. У С. 3,8 тыс.км аўтадарог, 297 км чыгункі. Для знешнегандл. зносін вял. значэнне маюць парты Дурбан (ПАР) і Мапуту (Мазамбік). У краіне 18 аэрапортаў і пасадачных пляцовак, у т. л.міжнар. аэрапорт каля г. Манзіні. У 1998 экспарт склаў 972 млн.дол., імпарт — 1,2 млрд.дол. У экспарце пераважаюць цукар (40% па кошце), азбест, канцэнтраты безалкагольных напіткаў, драўніна, бавоўна, фрукты; у імпарце — прамысл. і спажывецкія тавары, збожжа, паліва, хімікаты. Асн.гандл. партнёры: ПАР (58% экспарту, 96% імпарту), краіны Еўропы, Японія. Турызм (каля 250 тыс.чал. штогод пераважна з ПАР, даход каля 40 млн.дол.). Важнае эканам. значэнне маюць грашовыя пераводы грамадзян С. з-за мяжы. С. атрымлівае эканам. дапамогу ад ПАР і Вялікабрытаніі. Грашовая адзінка — лілангені.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,
ваенна-паліт. аб’яднанне часткі шляхты і некаторых магнатаў Рэчы Паспалітай супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і Рас. імперыі ў 1768—72. Засн. 29.2.1768 у г. Бар (зараз Вінніцкая вобл., Украіна) па ініцыятыве Ю.Пуласкага, А. і М.Красінскіх і інш. Канфедэраты выступілі з кансерватыўнай праграмай адмовы ад паліт. рэформаў, на якія пайшоў кароль і яго аднадумцы, патрабавалі скасавання закону 1768 пра ўраўнаванне ў правах з католікамі шляхты правасл. і лютэранскага веравызнання, захавання шляхецкіх вольнасцяў і прывілеяў каталіцкай царквы. Разам з тым яны дамагаліся спынення ваен. інтэрвенцыі Расіі, умяшання яе ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай, аднаўлення незалежнасці краіны. Патрыят. заклікі далі шырокі прыток у рады канфедэратаў шляхты, мяшчан, сялян. Масавай з’явай стала партыз. барацьба, якая ахапіла польскія, бел. і літ. землі (на Украіне Барская канфедэрацыя стрымлівалася паўстаннем «калііўшчына»). Увосень 1769 створана Гал. рада Барскай канфедэрацыі («Генеральнасць») з рэзідэнцыяй у г. Прэшаў (Славакія). Дзейнасць канфедэратаў на тэр. Беларусі і Літвы каардынавалі чл.Гал. рады маршалак канфедэрацыі М.Пац і камандуючы войскамі Ю.Сапега. У чэрв. 1770 атрад Ш.Касакоўскага перайшоў з Літвы на Беларусь, дзе папоўніўся дробнай шляхтай, сялянамі і інш. Дзейнічаў у раёне Мядзела, Радашковіч і Мінска, разбіты пад Навагрудкам. У 1771 рух канфедэратаў на Беларусі ўзмацніўся ў сувязі з далучэннем да іх вял. гетмана літ. М.К.Агінскага. 12.9.1771 яго невял. войска разбіта А.В.Суворавым пад в. Сталовічы. Пасля гэтага барацьба пайшла на спад. Тысячы канфедэратаў, 70% з якіх складалі мяшчане і сяляне, былі сасланы ў Сібір. Разгром Барскай канфедэрацыі садзейнічаў першаму падзелу Рэчы Паспалітай у 1772.
Літ.:
Konopczyński W. konfederacja Barska. Т. 1—2. Warszawa, 1936—38.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАНА́СІЙ БРЭ́СЦКІ (Афанасій Філіповіч; каля 1595, Брэстчына — 15.9.1648),
святы бел.правасл. царквы, пісьменнік-публіцыст, паліт. і царк. дзеяч. З сям’і незаможнага шляхціца. Меў даволі добрую адукацыю. У 1622 канцлер ВКЛ Леў Сапега прызначыў яго выхавацелем Я.Лубы, якога польскія прыдворныя выдавалі за рус. царэвіча, прэтэндэнта на маскоўскі трон. У 1627 пастрыгся ў манахі пры віленскім Святадухаўскім манастыры. Жыў у манастырах Куцеінскім (пад Оршай), Міжгорскім (пад Кіевам), Дубайскім, Купяціцкім (каля Пінска); у 1640—41 ігумен Сімяонаўскага манастыра ў Брэсце. У 1637—38 ездзіў да рус. цара, у спец. рэляцыі «Гісторыя падарожжа ў Маскву» расказаў пра цяжкае становішча правасл. насельніцтва Беларусі і Украіны ў складзе Рэчы Паспалітай. За супрацьдзеянне Брэсцкай уніі 1596, рэзкія выпады ў адрас караля ў 1643 сасланы ў Кіеў, у 1644 арыштаваны як «дзяржаўны злачынца» па справе Я.Лубы. З варшаўскай турмы накіраваў каралю шэраг артыкулаў з крытыкай палітыкі Рэчы Паспалітай, царк. іерархаў і свецкіх магнатаў. Выступаў за адраджэнне правасл. царквы і саюз з Рус. дзяржавай. Праз год пасля выхаду на волю (1648) зноў арыштаваны і абвінавачаны ў аказанні дапамогі казакам Б.Хмяльніцкага. Пасля здзекаў і жорсткіх катаванняў па прыгаворы суда быў расстраляны. Аўтар «Дыярыуша» (1646), які змяшчае ўсю яго публіцыстыку і напеў (запісаны кіеўскай 5-лінейнай натацыяй) гімнападобнага канта — аднаго з найб. ранніх нотных запісаў у бел. музыцы. Кананізаваны царквой паміж 1658 і 1666. Мошчы Афанасія Брэсцкага знаходзяцца ў Брэсце. У яго памяць пабудаваны капліца ў в. Гершоны Брэсцкага р-на, а ў Гродзенскім Барысаглебскім манастыры — царква (не захавалася).
Літ.:
Коршунов А.Ф. Афанасий Филипович: Жизнь и творчество. Мн., 1965;
Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НСКАЯ СПА́ДЧЫНАвайна за Іспанскую спадчыну 1701—14,
вайна за права наследавання ісп. трона пасля згасання ў 1700 ісп. лініі Габсбургаў. Паводле завяшчання апошняга ісп. Габсбурга Карла II ісп. трон павінен быў заняць Філіп V Бурбон (унук франц.караля Людовіка XIV), жанаты з сястрой Карла II. Свае прэтэнзіі на ісп. трон прад’явілі таксама аўстр. Габсбургі, вылучыўшы прэтэндэнтам эрцгерцага Карла (будучы імператар Карл V). Аўстрыю падтрымалі Англія, Галандыя, Партугалія, Савоя і большасць герм. княстваў. Ваен. дзеянні вяліся адначасова ў Ісп. Нідэрландах, Іспаніі, Італіі, Зах. Германіі і на морах; у Іспаніі, дзе супраць панавання Філіпа V выступіла Каталонія, яны набылі характар грамадз. вайны. Англа-галандскія войскі ўзначальваў герцаг Мальбара, імперскія войскі — Яўгеній Савойскі. Франц. войскі (на чале маршалы Л.Вілар, Н.Каціна, Л.Вандом) пацярпелі шэраг паражэнняў пры Гохштэце (1704), Раміі і Турыне (1706), Аўдэнардэ (1708); англ. флот захапіў Гібралтар (1704), в-аў Менорка (1708). Эрцгерцаг Карл высадзіўся ў Іспаніі, абвясціў сябе ісп. каралём і захапіў Каталонію і Арагон. У 1709 франц. войскі разгромлены каля Мальплаке. Уступленне на імператарскі прастол Карла V (1711) прывяло да выхаду з кааліцыі Англіі і Галандыі, якія апасаліся аб’яднання ісп. і аўстр. уладанняў і ўзнікнення ў Еўропе магутнай імперыі Габсбургаў. Паводле Утрэхцкага міру 1713 і Раштацкага міру 1714 ва ўладанні Філіпа V засталася Іспанія з калоніямі пры ўмове яго адмовы ад правоў на франц. прастол. Аўстр. Габсбургі атрымалі паўд. Нідэрланды, Сардзінію, Міланскае герцагства і Неапалітанскае каралеўства, Савоя — Сіцылію, Вялікабрытанія — Гібралтар, Менорку, прывілеі ў гандлі з ісп. калоніямі і частку франц. уладанняў у Паўн. Амерыцы. Вайна пацвердзіла рост магутнасці Вялікабрытаніі на морах і ў каланіяльным саперніцтве, прыпыніла тэр. экспансію Францыі ў Еўропе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКІ ФІЛЬМ,
1) фільм, які ствараецца сродкамі ігравога кіно (сцэнарны сюжэт, акцёрскае выкананне, рэжысёрская і выяўл. трактоўка і інш. 2) Твор кінамастацтва — фільм, што мае маст. каштоўнасць, вобразныя творчыя вырашэнні і выступае ў маст. функцыі. Ствараецца ў формах ігравога (мастацкага кіно), а таксама дакументальнага кіно, анімацыйнага кіно і навукова-папулярнага кіно.
М.ф. з’явіўся адначасова з узнікненнем кінематографа (гл.Нямое кіно). Пэўны ўклад у стварэнне першых ігравых фільмаў зрабілі Ж.Мельес (Францыя), У.Пол (Англія), Э.Портэр (ЗША). Вял. роля ў развіцці выразных сродкаў М.ф. (драматургіі. акцёрскай творчасці, мантажу) належыць амер. рэжысёру Д.У.Грыфіту. Сярод класікаў сусв.маст. кіно Ч.Чаплін, Р.Клер, Ф.Феліні, М.Антаніёні, І.Бергман. У Расіі у 1907 створаны першы М.ф. «Сценька Разін і княжна» («Панізовая вольніца», рэж. А.Дранкоў). Да класічных кінатвораў, якія ў значнай ступені абумовілі ўзровень далейшага развіцця ігравога кінематографа, належаць М.ф. сав. кіно 1920-х г.: «Браняносец Пацёмкін» С.Эйзенштэйна, «Маці» У.Пудоўкіна, «Зямля» А.Даўжэнкі. Сярод майстроў сав.маст. кіно браты Васільевы, Р.Аляксандраў, І.Пыр’еў, С.Герасімаў, М.Ром, М.Хуцыеў, А.Таркоўскі, М.Міхалкоў.
На Беларусі ў 1926 першы М.ф. «Лясная быль» пастаўлены рэж. Ю.Тарычам паводле аповесці М.Чарота «Свінапас». У фільмах Тарыча «Лясная быль» і «Да заўтра», У.Корш-Сабліна «Першы ўзвод», Э.Аршанскага «Двойчы народжаны» закладзены асновы бел.маст. кіно. Створана мноства кінастужак высокага маст. ўзроўню, сярод іх «Канстанцін Заслонаў» Корш-Сабліна і А.Файнцымера, «Праз могілкі» (паводле П.Ніліна) і «Людзі на балоце» (паводле І.Мележа) В.Турава, «Альпійская балада» Б.Сцяпанава (паводле В.Быкава), «Дзікае паляванне караля Стаха» В.Рубінчыка (паводле У.Караткевіча), «Ідзі і глядзі» Э.Клімава (паводле А.Адамовіча), «Знак бяды» М.Пташука (паводле Быкава), «Сведка» В.Рыбарава (паводле В.Казько).