САРАГО́СА (Zaragoza),
горад на ПнУ Іспаніі, на р. Эбра. Адм. ц. аўтаномнай вобласці Арагон і прав. Сарагоса. Каля 650 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. прылада- і аўтамабілебудаўнічая, вытв-сць чыгуначнага, с.-г., эл.-тэхн. абсталявання; харч., хім., тэкст., дрэваапр., коркавая, цэм., гарбарна-абутковая. Канцавы пункт нафтаправода Рота — С. Ун-т. Штогадовыя прамысл. кірмашы.
Засн. ў 27 да н.э. на месцы іберыйскага паселішча як рым. калонія пад назвай Цэзарэя-Аўгуста. У 452 н.э. захоплена свевамі, у 476 — вестготамі. У 714—1118 пад уладай арабаў, у 11 — пач. 12 ст. цэнтр Сарагоскага эмірата. У 1118 горад адваяваны ў арабаў войскамі караля Арагона Альфонса 1, з 1119 сталіца Арагонскага каралеўства, атрымала права самакіравання і інш. прывілеі. У 14—16 ст. адзін з важнейшых эканам. (вытв-сць сукна) і культ. (у 1474 засн. ун-т) цэнтраў Арагона. У 17—18 ст. эканамічна заняпала. У 1-ю ісп. рэвалюцыю 1808—14 (гл. ў арт. Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя) двойчы ўзята ў аблогу франц. войскамі (1808, 1808—09). У Іспанскую рэвалюцыю 1931—39 месца баёў паміж рэсп. войскамі і франкістамі.
У структуры цэнтра горада захаваліся рысы рэгулярнай планіроўкі стараж.-рым. калоніі. Сярод помнікаў: рэшткі стараж.-рым. пабудоў, маўрытанскіх будынкаў (10—12 ст.) з узорыстай цаглянай муроўкай, дэкар. купаламі, абліцоўкай шматколернай кафляй, сабор Ла-Сеа (1119—1550; фасад канца 17 ст. ў стылі эрэрэска; вежа 1685), касцёлы ў стылі мудэхар (Санта-Марыя Магдалена і інш.), біржа («лонха», 1551, готыка і платэрэска), палацы 16 ст. ў стылі платэрэска. У С. — правінцыяльны музей прыгожых мастацтваў.
т. 14, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)