ЗЯЗЮ́ЛЯ звычайная

(Cuculus canorus),

птушка сям. зязюлевых атр. зязюлепадобных. Пашырана ўсюды, акрамя п-авоў Аравійскага і Індастан, паўд. ч. Індакітая, Арктыкі і Антарктыды. Жыве ў лясах, зарасніках па берагах вадаёмаў, у парках і садах, у гарах, па ўскраінах пустынь. Трымаецца па адной, радзей парамі. На Беларусі звычайны гнездавальны і пралётны від.

Даўж. да 40 см, маса да 370 г. У дарослых самцоў спіна і хвост цёмна-шэрыя, горла, валляк і грудзі светла-шэрыя, ніз белы з цёмнымі папярочнымі палосамі. Самкі бураватыя зверху, з вохрыстым налётам на валляку або спіна і верх галавы ржаўчата-рыжыя з чорнымі і белымі папярочнымі палосамі. Маладыя птушкі шараватыя або рыжаватыя, з больш цёмнай папярочнай паласатасцю. Кукуе самец. Самка нясе да 25 яец, якія па адным падкладвае ў гнёзды (гнездавы паразітызм) пераважна вераб’інападобных птушак. Птушаняты З. праз 10—16 гадз пасля нараджэння выкідваюць з гнёздаў яйцы і птушанят прыёмных бацькоў. Корміцца насякомымі і іх лічынкамі. Зімуе ў Афрыцы і на Пд Азіі.

Зязюля звычайная (самец).

т. 7, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫЯДЫ́ЧНЫ ДРОБ,

бясконцы дзесятковы дроб, у якім, пачынаючы з некаторага месца, перыядычна паўтараецца пэўная група лічбаў (перыяд). Перыяд запісваюць у дужках, напр., замест 5,6666... пішуць 5,(6) і чытаюць «5 цэлых і 6 у перыядзе».

Дроб наз. чыстым, калі перыяд пачынаецца адразу пасля дзесятковай коскі, і змешаным, калі паміж коскай і перыядам ёсць інш. лічбы. Напр., 8,(3) — чысты П.д., а 2,3(41) — змешаны. Усякі П.д. — рацыянальны лік. Усякі рацыянальны лік пераўтвараецца у канечны дзесятковы дроб ці бясконцы П.д. Кожны П.д. можна пераўтварыць у звычайны дроб, дзе лічнік — рознасць паміж лікам, які стаіць паміж коскай і другім паўтарэннем перыяду, і лікам паміж коскай і перыядам; назоўнік мае лічбу 9 столькі разоў, колькі лічбаў у перыядзе, і справа ад яе дапісваецца столькі нулёў, колькі лічбаў стаіць паміж коскай і перыядам. Напр., 0,(45) = 45/99 = 5/11; 0,58(3) = (583 − 58)/900 = 525/900 = 7/12.

А.​А.​Гусак.

т. 12, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАФІ́ЛЫ [ад грэч. rheos цячэнне, паток + ...філ(ы)],

арганізмы, прыстасаваныя да жыцця ў цякучых водах рэк, ручаёў, прыліўна-адліўных зонах мораў і акіянаў. Здольныя супрацьстаяць цячэнню, існуюць у патоку вады ўсе жыццё (напр., прахадныя рыбы) або ў пэўныя перыяды жыццёвага цыкла (напр., лічынкі аўсянікаў, шыцікі). На Беларусі сярод раслін да Р. належаць ніткаватыя зялёныя водарасці, сіне-зялёныя водарасці, мох фантыналіс, кветкавыя расліны — рагаліснік, разак, рдзесты, трыснёг, чарот; сярод жывёл — гідры, губкі, імшанкі, прымацаваныя інфузорыі, бентасныя калаўроткі, малашчацінкавыя чэрві, малюскі; ракападобныя, з рыб — сцерлядзь, некат. карпападобныя (верхаводка, гусцяра, краснапёрка, плотка і інш.), ласосепадобныя (рапушка, стронга, харыус звычайны і інш.).

Патрабуюць высокага ўзроўню кіслароду ў вадзе. Беспазваночныя Р. — фільтратары, улоўліваюць кармавыя часцінкі пры дапамозе лоўчых сетак (шыцікі), пасіўнай фільтрацыі вады праз лоўчыя шчацінкі на целе (лічынкі мошак), седыментацыі ў віры, які ствараецца рухамі шчацінак або шчупальцаў (інфузорыі, губкі, калаўроткі і інш.). Звычайна з павелічэннем скорасці цячэння памеры беспазваночных Р. (акрамя каланіяльных форм) памяншаюцца.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́НЬША,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Расонскім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1996 для аховы унікальных прыродных ландшафтаў і азёрных экасістэм у вытоках р. Дрыса. Пл. 13,398 тыс. га. Водна-ледавіковы тып рэльефу з абс. выш. 140—160 м, верхнія слаі антрапагенных парод прадстаўлены розназярністымі пяскамі. Шматлікія камавыя і озавыя формы, тэрмакарставыя катлавіны і лагчыны складзены з валунных марэнных суглінкаў і супескаў. У заказніку 21 возера, агульнай пл. 15 км². Іхтыяфаўна ляшчова-шчупаковая, 17 відаў рыб-абарыгенаў. Лясная расліннасць займае больш за 80% пл., у асн. хвойныя лясы. У флоры больш за 400 відаў вышэйшых раслін, з іх 5 відаў занесены ў Чырв. кнігу Беларусі: баранец звычайны, вадзяны арэх плывучы, гарлянка пірамідальная, мякатніца адналістая, гідрыла кальчаковая. Фауна таежнага комплексу (9 відаў земнаводных, 5 — рэптылій, 122 — птушак, 28 — млекакормячых). Шмат глушца, цецерука, рабчыка, вальдшнэпа, дзіка, казулі, лася, бабра, куніцы, норкі, лісоў. У Чырв. кнізе Беларусі мядзведзь буры, рысь, сыч касматаногі, няясыць даўгахвостая, дзяцел трохпальцы і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 14, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СОКАЛАПАДО́БНЫЯ, дзённыя драпежныя птушкі (Falconiformes),

атрад птушак. 5 сям., 79 родаў, 290 відаў. Паўвывадкавыя птушкі. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды і невял. акіянічных астравоў. На Беларусі 22 віды, з якіх 14 у Чырв. кнізе: арлан-белахвост, арол-карлік, беркут, дзербнік, змеяед, падворлікі вялікі і малы, пустальга, сапсан, скапа, сокал-каршачок, шулёнак, або шулячок, каршун чырвоны (гл. Каршуны), мышалоў стэпавы (гл. Мышаловы). У Чырв. кнізе МСАП 16 відаў і 15 падвідаў. Вядуць пераважна дзённы спосаб жыцця (адсюль другая назва).

Даўж. цела 14—120 см, размах крылаў да 3 м, маса ад 35 г да 12 кг. Самкі звычайна буйнейшыя за самцоў. Апярэнне шчыльнае, шорсткае, бураватае ці шэрае са стракацінамі. Крылы вострыя і вузкія ў сокалаў і шырокія, тупыя ў ястрабаў. Дзюба моцная, вострая, кручкападобная, каля асновы пакрыта голай, гладкай скурай — васкавіцай. Ногі моцныя. Кіпцюры вострыя (у грыфаў тупыя), загнутыя. Манагамы. Драпежныя, часта ўсёедныя. У кладцы ў буйных відаў 1—2 яйцы, у дробных да 7. Гл. таксама Арлы, Асаед звычайны, Канюкі, Крэчат, Перапёлачнік, Сіпы.

т. 15, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРО́НГА,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл. Засн. ў 1998 з мэтай аховы унікальнага прыроднага комплексу з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў. Пл. 12 015 га. Знаходзіцца на стыку Навагрудскага ўзвышша і Баранавіцкай водна-ледавіковай раўніны. Уключае даліны рэк Лахазва, Дзеравянка, Іса, іх прытокі і штучныя вадаёмы. Пад лясамі 94% тэр., пераважаюць хвойнікі верасовыя, бруснічныя, імшыстыя, чарнічныя, арляковыя; растуць бяроза, вольха чорная, елка, дуб, граб. У флоры шмат гаспадарча-карысных відаў раслін; 16 відаў сасудзістых раслін уключаны ў Чырв. кнігу: гарлянка пірамідальная, тлушчанка звычайная, званочак рапунцэль, купальнік горны, пальчатакарэннік майскі, сон лугавы, баранец звычайны, касач сібірскі і інш. У фауне 202 віды жывёл, з іх 24 у Чырв. кнізе: стронга ручаёвая, рак шыракапальцы, арлан-белахвост, скапа, паганка малая, бугай вялікі і малы, бусел чорны, уліт вялікі, гагара чорнаваллёвая, сыч касматаногі, соня арэшнікавая, барсук, рапуха чаротная і інш. Да аб’ектаў палявання і промыслу адносяцца 22 віды млекакормячых.

П.​І.​Лабанок.

т. 15, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯЛЯ́ВА ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Крупскім р-не Мінскай вобл. і Чашніцкім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1993 для аховы унікальнага ландшафтна-азёрнага комплексу з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 19 261 га, уключае азёры Сялява, Абіда, Худава, Болюцкае, Квеціна, прылеглыя лясы і с.-г. ўгоддзі. Рэльеф буйна- і дробнаўзгорысты з хваліста-марэнна-азёрнымі ландшафтамі Бел. Паазер’я. У флоры 578 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, 27 водарасцей, у т. л. 11 рэдкіх і знікаючых відаў, занесеных у Чырв. кнігу: купальнік горны, баранец звычайны, гайнік цёмна-чырвоны, пярэсна еўрапейская, шпажнік чарапіцавы і інш. Шмат лек., дэкар., кармавых відаў. У фауне 40 відаў млекакормячых, 142 — птушак, 10 — амфібій, 5 — рэптылій, у т. л. ў Чырв. кнізе 20 відаў: соня арэшнікавая, барсук, мядзведзь буры, скапа, змеяед вялікі, падворлік малы, паганка малая, бугай вялікі і малы, каршачок, дзербнік, пустальга звычайная. У азёрах прамысловымі з’яўляюцца лешч, шчупак, сом, язь, судак, плотка, гусцяра.

П.​І.​Лабанок.

У заказніку возера Сялява.

т. 15, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯДО́МЫЯ ГРЫБЫ́,

група вышэйшых, пераважна шапкавых грыбоў, пладовыя целы якіх спажываюцца чалавекам і жывёламі. Да іх адносяць большасць базідыяльных грыбоў і некалькі родаў з сумчатых грыбоў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі больш за 200 відаў, з іх збіраюць і нарыхтоўваюць каля 40. Па харч. і смакавых якасцях Я.г. падзяляюць на 4 катэгорыі: 1 — баравік, грузды (сапраўдны, жоўты), рыжык; 2 — бялянка, ваўнянка, грузд асінавы, маслякі, падасінавік, падгруздак белы, паддубнік, шампіньён звычайны; 3 — апенькі, валуй, грузд чорны, лісічкі, махавікі, падбярозавік, шампіньён палявы; 4 — гаркуха, зялёнка, казляк, макруха, скрыпіца, шампіньён лясны і інш. Каштоўнасць Я.г. вызначаецца хім. складам іх пладовых цел: бялкі — 2—9% (найб. у баравіках і труфелях), вугляводы 2—3% (у труфелях да 13,5%) у форме глікагену, вітаміны, караціны, солі калію і фосфару. Пажыўную каштоўнасць зніжае цяжка засваяльная арганізмам грыбная клятчатка — хіцінападобнае рэчыва — міцэцін. Акрамя экстрактыўных і араматычных рэчываў у складзе Я.г. адзначаны ферменты, якія спрыяюць лепшаму засваенню ежы.

т. 18, кн. 1, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬМА́НСКІЯ БАЛО́ТЫ,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Столінскім р-не Брэсцкай вобласці. Засн. ў 1998 для захавання унікальных ландшафтаў Прыпяцкага Палесся з комплексам рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін. Пл. 94 219 га, уключае поймы р. Сцвіга, Льва і найб. буйны ў Еўропе суцэльны балотны комплекс (балоты Чырвонае і Гала). Комплексы Палескай правінцыі алювіяльных тэрасаваных, балотных і другасна-ледавіковых ландшафтаў. Глебы тарфяна-балотныя, дзярнова-падзолістыя глеяватыя і інш. Пад лесам 49,8% тэрыторыі. У флоры 687 відаў сасудзістых раслін, у т. л. 12 у Чырв. кнізе: сон лугавы, гарлачык белы, касач сібірскі, шалфей лугавы, сальвінія плывучая, лілея кучаравая і інш. У фауне 225 відаў насякомых, 12 у Чырв. кнізе; 192 віды наземных пазваночных жывёл, у т. л. 31 — у Чырв. кнізе: рысь, барсук, соня арэшнікавая, няясыць барадатая, вялікі бугай, бусел чорны, змеяед, арлан-белахвост, зімародак звычайны, дзяцел зялёны, чарапаха балотная, мядзянка і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 18, кн. 1, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Судак (рыба) 2/530; 5/61; 9/202; 12/47 (іл.)

- » - звычайны 9/208—209 (укл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)