СЯЛЯ́ВА ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Крупскім р-не Мінскай вобл. і Чашніцкім р-не Віцебскай вобл.Засн. ў 1993 для аховы унікальнага ландшафтна-азёрнага комплексу з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 19 261 га, уключае азёры Сялява, Абіда, Худава, Болюцкае, Квеціна, прылеглыя лясы і с.-г. ўгоддзі. Рэльеф буйна- і дробнаўзгорысты з хваліста-марэнна-азёрнымі ландшафтамі Бел. Паазер’я. У флоры 578 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, 27 водарасцей, у т. л. 11 рэдкіх і знікаючых відаў, занесеных у Чырв. кнігу: купальнік горны, баранец звычайны, гайнік цёмна-чырвоны, пярэсна еўрапейская, шпажнік чарапіцавы і інш. Шмат лек., дэкар., кармавых відаў. У фауне 40 відаў млекакормячых, 142 — птушак, 10 — амфібій, 5 — рэптылій, у т. л. ў Чырв. кнізе 20 відаў: соня арэшнікавая, барсук, мядзведзь буры, скапа, змеяед вялікі, падворлік малы, паганка малая, бугай вялікі і малы, каршачок, дзербнік, пустальга звычайная. У азёрах прамысловымі з’яўляюцца лешч, шчупак, сом, язь, судак, плотка, гусцяра.