МІЛАДО́ЎСКІ (Фларыян Станіслаў) (4.5.1819, Мінск — 8.7.1889),
кампазітар, піяніст, педагог. Муз. адукацыю атрымаў у бацькі, пазней вучыўся ў Вільні, Мінску (у Д.Стафановіча), Берліне, Вене. У 1829 даў у Вільні першы адкрыты канцэрт, на пач. 1830-х г. выступаў у Мінску і Слуцку. У 1855—62 жыў у сваім маёнтку Мацкі на Міншчыне. З 1862 у Францыі. Меў асабісты кантакт з Ф.Мендэльсонам, Ф.Лістам, які ўключыў «Экспромт» М. ў складзены ім зб. «Das Pianoforte». Сярод твораў: аперэта «Канкурэнты» (паст. 24.2.1861, Мінск, дырыжор М.), 2 месы, «Магніфікат», смыковы квартэт, 3 фп. трыо, 2 санаты для фп. ў 4 рукі, песні, мазуркі, паланэзы, накцюрны, багатэлі, выдадзеныя ў Парыжы, Вене, Варшаве, Мінску («Паланэз на 4 рукі для Міхася і Іяасі», урыўкі з «Канкурэнтаў», зб. «Польскія песні») і Вільні.
Літ.:
Ахвердава А. Фларыян Міладоўскі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў у 1612—1820 у Оршы. Заснаваны па фундацыі караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III Вазы, які разам з канцлерам ВКЛ Л.Сапегам і ксяндзом Лаўрэнціем у 1609 распрацаваў план яго стварэння, а ў 1610—11 падараваў аршанскім езуітам 210 валок зямлі з прыгоннымі сялянамі в. Князі, Крыніцы, Цянкі, Чабаданы, Чално, Чэрніца; у 1616 — маёнтак Фашчаўка (больш за 2 тыс. сялян). Кароль надзяліў езуітаў манаполіяй на адукацыю шляхетнай моладзі ў горадзе і Аршанскім пав. У калегіуме выкладаліся рыторыка, логіка, філасофія. У 1634 адкрыты 2 бурсы: музычная і для шляхетнай моладзі са збяднелых сем’яў. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) калегіум на 9 гадоў прыпыніў дзейнасць. Пажар 1680 знішчыў усе пабудовы, праз 3 гады адбудаваны. У калегіуме быў створаны «Аршанскі кодэкс».
Літ.:
Демьянович А. Иезуиты в Западной России в 1569—1772 гг.Спб., 1872;
Митрошенко Н.Я. Иезуиты в восточной части Белоруссии с 1579 по 1772 год // Полоцко-Витебская старина. Витебск, 1912. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́НЦІМ,
ням.Аўшвіц, найбуйнейшы ням.-фаш. канцэнтрацыйны лагер і лагер смерці ў 2-ю сусв. вайну. Створаны ў 1940 каля г. Асвенцім (Польшча), у 1941—42 пашыраны. Пл. 500 га. Складаўся з трох лагерных комплексаў: асн. лагера, лагера смерці Біркенаў (польск. Бжазінка; існаваў у студз. 1942—ліст. 1944 на месцы пабудаванага ў кастр. 1941 лагера для ваеннапалонных) і лагера, што выкарыстоўваў працу вязняў на ваен. патрэбы Германіі. У ліст. 1942 — маі 1944 у Асвенцім былі вывезены каля 5700 вязняў з Гродна, Мінска і Віцебска. За гады вайны нацысты загубілі ў газавых камерах і спалілі ў 4 крэматорыях Асвенціма каля 1,5 млн.чал. амаль з усіх краін Еўропы і акупіраванай тэр.СССР. У Асвенціме дзейнічала падп.арг-цыя Супраціўлення, у кастр. 1944 адбылося няўдалае ўзбр. выступленне вязняў. Уцалелых 7500 зняволеных вызваліла Чырв. Армія 27.1.1945. На тэр.б. лагера створаны дзярж. музей Асвенцім-Бжазінка, у 1967 адкрытыМіжнар. помнік пакутніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́НДЫС ((Brandys) Казімеж) (н. 27.10.1916, г. Лодзь, Польшча),
польскі празаік. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це. У раманах «Драўляны конь» і «Няскораны горад» (абодва 1946) адлюстраваў лёс і духоўныя пошукі польскай інтэлігенцыі. Партрэт маладога інтэлігента на фоне перадваен. і ваен. падзей стварыў у тэтралогіі «Паміж войнамі» (т. 1—4,1947—51), якую склалі раманы «Самсон», «Антыгона», «Трон — адкрыты горад», «Чалавек не памірае». Працэс станаўлення асобы прасачыў у рамане «Абывацелі» (1954). Маральна-філас. праблемы дамінуюць у зб-ках апавяданняў «Рамантычнасць» (1960), «Спосаб існавання» (1963), «Джокер» (1966), «Кірмаш» (1968), «Думка» (1974), «Ірэальнасць» (1977). У «Лістах да пані Z.» (т. 1—3, 1958—62) уражанні Брандыса ад падарожжа па краінах Еўропы. З 1981 на Захадзе, жыве ў Францыі. Аўтар дзённіка «Месяцы» (ч. 1—4, 1980—87), літ. эсэ «Характары і лісты» (1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХЕНВА́ЛЬД (Buchenwald),
нямецка-фашысцкі канцлагер у 1937—45 каля г. Веймар (Германія). Меў 66 філіялаў і знешніх працоўных камандаў. Спачатку ў Бухенвальдзе трымалі ням. палітзняволеных, потым і ваеннапалонных розных нацыянальнасцей, прымусова вывезеных у Германію сав. грамадзян. За гады існавання праз лагер прайшло каля 239 тыс. вязняў, загублена больш за 56 тыс. чалавек 18 нацыянальнасцей (у т. л. каля 19 тыс.сав. ваеннапалонных). Вязняў катавалі, марылі голадам, бязлітасна эксплуатавалі на з-дах буйных прамысл. фірмаў, праводзілі над імі мед. эксперыменты. 18.8.1944 у Бухенвальдзе забіты дзеяч ням. і міжнар. рабочага руху Э.Тэльман. Тут дзейнічалі падпольная антыфаш. арг-цыя, інтэрнац. лагерны камітэт на чале з ням. камуністам В.Бартэлем. Да крас. 1945 налічвалася 178 падпольных груп (у т. л. 56 савецкіх). 11.4.1945 баявыя групы інтэрнац. камітэта авалодалі лагерам. 12.4.1945 у лагер увайшлі амер. войскі. У 1958 створаны Міжнар. камітэт былых вязняў Бухенвальда, адкрыты мемарыяльны комплекс.
Да арт.Бухенвальд. Мемарыял на ўшанаванне памяці ахвяр канцлагера. Скульптар Ф.Крэмер. 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯГО́МЛЬСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.
Засн. ў 1968, адкрыты ў 1970 у г.п. Бягомль Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. Мае 8 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 474 м²), 13,1 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Аддзелы: археалогіі, гісторыі Бягомльшчыны, Вял.Айч. вайны, пасляваен. аднаўлення гаспадаркі, этнаграфічны. Экспануюцца каменныя сякеры, інш. прылады працы, касцяны гарпун, метал. ўпрыгожанні, знойдзеныя на тэр. раёна, матэрыялы аб падзеях рэвалюцый 1905—07 і 1917, грамадз. вайны. Асн. месца ў музеі займае экспазіцыя, прысвечаная Вял.Айч. вайне, у якой матэрыялы пра пачатак вайны, пра падполле і партыз. рух, Барысаўска-Бягомльскую партыз. зону, дыярамы, прысвечаныя партыз. пераправе цераз Бярэзіну і партыз. шпіталю, пра вызваленне Бягомля і раёна воінамі 277-й стралк. дывізіі, землякоў Герояў Сав. Саюза Ф.І.Перхаровіча, А.І.Чарныша, А.Г.Юхнаўца. У этнагр. аддзеле стараж. кросны, саха, барана, узоры старадаўняга адзення, вырабы прыкладнога мастацтва. Сярод экспанатаў творы жывапісу, скульптуры, матэрыялы пра бел. пісьменнікаў П.Панчанку, Ю.Свірку, А.Ставера, кампазітара Н.Сакалоўскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СЕ́КЦЫЯ ПРЫ СМАЛЕ́НСКІМ ГУБЕ́РНСКІМ АДДЗЕ́ЛЕ НАРО́ДНАЙ АСВЕ́ТЫ.
Існавала ў 1922—23 і 1925—27. Падпарадкоўвалася Беларускаму цэнтральнаму бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР у Маскве і Савету па асвеце народаў нярус. мовы (Саўнацмен) пры Смаленскім губ. аддзеле нар. асветы. Супрацоўнічала з Беларускім студэнцкім зямляцтвам у Смаленску. Задачы: арганізацыя ў Смаленскай губ.нац. школ, клубаў, інш.культ.-асв. устаноў для бел. насельніцтва. У чэрв. 1923 скасавана. Адноўлена ў 1925. У 1925/26 навуч.г.адкрыты 2 бел. школы і 2 пункты па ліквідацыі непісьменнасці. З 1926/27 навуч.г. пад кіраўніцтвам секцыі ў Руднянскім, Рослаўскім і інш. паветах працавала 21 бел. школа (652 вучні) і гурткі па вывучэнні бел. мовы; у 1927/28 навуч.г. — 37 школ. Да канца 1927 у сувязі з адсутнасцю сродкаў скасаваны ўсе нац. секцыі, у т. л. беларуская. Функцыі нац. секцый і кіраўніцтва нац. школамі перададзены інспектару па справах нац. меншасцяў губ. аддзела нар. асветы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВА́ЙСКІЯ АСТРАВЫ́ (Hawaiian Islands),
Сандвічавы астравы, архіпелаг у цэнтр. частцы Ціхага ак., штат ЗША — Гаваі і ўладанне Мідуэй. Пл. 16,7 тыс.км². Гавайскія астравы — вяршыні падводнага вулканічнага хрыбта, складаюцца з 24 вулканічных і каралавых астравоў, выцягнутых з З-Пн-З на У-Пд-У больш як на 3600 км (самыя вял. і значныя — Гаваі, Ааху, Каўаі, Ланаі, Малакаі, Маўі, Нііхау, Кахаалаве). Выш. да 4205 м (патухлы вулкан Маўна-Кеа на в-ве Гаваі). Дзеючыя вулканы Маўна-Лоа (4170 м) і Кілаўэа (1247 м). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячная т-ра 18—25 °C. Ападкаў ад 700 мм (на паўд.-зах. берагах) да 3500—4000 мм за год (на в-ве Каўаі ў асобныя гады больш за 10 000 мм). На наветраных схілах вільготныя трапічныя лясы, на падветраных — рэдкалессе і саванны; шмат эндэмічных відаў раслін. Плантацыі ананасаў, цукр. трыснягу, кавы і інш. трапічных культур. Развіта кветкаводства. Рыбалоўства. Суднабудаванне. Кліматычныя курорты. Турызм. Адкрыты Гавайскія астравы ў 1778 англ. мараплаўцам Дж.Кукам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМО́ЛКА (Мікола) (Мікалай Іванавіч; 11.3.1922, в. Брынёў Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 3.5.1992),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1939—40 і 1948—52). Працаваў у выдавецтве, у прэсе (у 1951—62 у час. «Бярозка»), Пісаў на бел. і рус. мовах. Друкаваўся з 1937. Апубл.зб-кі вершаў «Зварот шчасця» (1946) і «Б’юць куранты» (1950). Аўтар прыгодніцкай аповесці «Лета ў Калінаўцы» (1950), аповесці «Добры дзень, школа!» (1952), рамана «Шосты акіян» (1959; аб’яднаны навук.-фантаст. аповесць «За вялікую трасу», 1954, і раман «Цытадэль неба», 1957), зб. апавяданняў «Шлях адкрыты» (1960). Пра Вял.Айч. вайну аповесці «Лясная крэпасць» (1980), «Партызанскія сёстры» (1989). На рус. мове аповесць-хроніка «Дзяўчына ішла па вайне» (1972). Аўтар п’есы «Бітва ў космасе» (паст. 1963). Пераклаў на бел. мову п’есу Я.Шварца «Чырвоная шапачка» (паст. 1967), паасобныя вершы М.Някрасава, А.Твардоўскага, М.Ісакоўскага, П.Тычыны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗВЮ́Х І́СЦІН ТЭО́РЫЯ,
сярэдневяковае вучэнне пра аўтаномнасць ісцін філасофіі (г. зн. рацыянальнага пазнання) і тэалогіі, якія могуць уступаць у супярэчнасць адна з адной. Узнікла ў 12—13 ст., звязана з пранікненнем арыстоцелізму ў сярэдневяковую культуру. Узыходзіць да Ібн Рушда і выразна сфармулявана ў авераізме. Ібн Рушд, прадстаўнікі наміналізму І.Дунс Скот, У.Окам сцвярджалі, што філасофія мае свае ўласныя, незалежныя ад багаслоўя прынцыпы, якія могуць супярэчыць догмам тэалогіі. Дз.і.т. развіваў пачынальнік англ. матэрыялізму Ф.Бэкан, які патрабаваў поўнага неўмяшання рэлігіі ў сферу навук. пазнання. Гэта тэорыя неаднаразова асуджалася царквой. У 1512 Латэранскі сабор паклаў канец дыскусіям пра «дзве ісціны», абвясціўшы прынцып «ісціна ісціне не супярэчыць». Вальнадумства эпохі Адраджэння паступова адыходзіць ад кампраміснай пазіцыі сярэдневяковых авераістаў, замяняе Дз.і.т. вучэннем пра «дзве кнігі» — Прыроды і Пісання, што адкрыты чалавечаму пазнанню: толькі ў «кнізе прыроды» чалавек набывае ісціну навукі і філасофіі, за Пісаннем застаецца функцыя рэліг.-маральных павучанняў (Т.Кампанела, Г.Галілей).