ДЫФТЭРЫ́Я (ад грэч. diphtherion скурка, плеўка),

інфекцыйная хвароба чалавека з фібрынозным (плеўкавым) запаленнем і агульнай інтаксікацыяй.

Узбуджальнік Д адкрыты ням. бактэрыёлагамі Э.Клебсам і Ф.Лёфлерам у 1883. Крыніца інфекцыі — хворыя на Д. і бацыланосьбіты. Перадаецца паветрана-кропельным шляхам. Адрозніваюць Д. зева, носа, гартані, вачэй, вонкавых палавых органаў (у дзяўчынак); бываюць камбінаваныя формы. Найчасцей бывае Д. зева (у 60—70%; лакалізаваная, пашыраная і таксічная). Прыкметы: пасля інкубацыйнага перыяду (2—14 дзён) т-ра цела 38 °C, паніжэнне апетыту, боль галавы і пры глытанні, пачырваненне, шэра-белыя плеўкі на слізістай абалонцы. Ускладненні: рэзкае звужэнне прасвету гартані (стэноз), расстройствы нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм.

Лячэнне: шпіталізацыя, процідыфтэрыйная сываратка; іншы раз — хірургічнае. Абавязковыя прышчэпкі супраць Д. коклюшна-дыфтэрыйна-слупняковай (КДС) вакцынай.

П.Я.Новікаў.

т. 6, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)