ГАІ́ЦІ
(Haïti; стараж. назва Кіскея),
востраў у групе Вялікіх Антыльскіх астравоў, у Вест-Індыі. На Гаіці дзяржавы Гаіці і Дамініканская Рэспубліка. Абмываецца на Пн Атлантычным ак., на Пд — Карыбскім м. Ад в-ва Куба аддзелены Наветраным пралівам, ад в-ва Пуэрта-Рыка — пралівам Мона. Пл. 77 тыс. км². Нас. 14,4 млн. чал. (1994). Берагі моцна парэзаныя залівамі пераважна рыясавага тыпу. Складзены з вулканічных і асадкавых парод. Рэльеф гарысты, выш. да 3175 м (г. Дуартэ — самая высокая ў Вест-Індыі). Частыя землетрасенні. Клімат трапічны пасатны. На ПнУ і Пд схілы гор укрыты вечназялёнымі і мяшанымі трапічнымі лясамі. На З і ва ўнутр. раёнах — лістападныя лясы і хмызнякі, на вяршынях — хвойныя і цвердалістыя лясы. Адкрыты ў 1492 Х.Калумбам і названы ім Эспаньёлай.
т. 4, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)