чэрвепадобныя лічынкі двухкрылых насякомых — званцоў, пераважна з родаў Chironomiis і Tendipes. Жывуць у муле стаячых і павольна цякучых эўтрофных вадаёмаў, трапляюцца да глыб. 300 м, значная ч. масы бентасу.
Даўж. да 25 мм. Цела ярка-чырв. (з-за наяўнасці гемаглабіну ў гемалімфе). Дыхаюць праз трахейныя шчэлепы і часткова праз покрыва цела. Кормяцца пераважна рэшткамі арган. рэчываў, мікраарганізмамі. Корм для рыб у вадаёмах і акварыумах; лабараторныя жывёлы ў даследаваннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛБА,
летні сорт яблыні канадскага паходжання; сеянец сорту Мекінтош ад свабоднага апылення. Раянаваны на Беларусі, акрамя Віцебскай вобласці, з 1967.
Дрэва сярэднярослае, крона шырокаавальная, сярэдняй гушчыні. Сорт сярэднезімаўстойлівы. Моцна пашкоджваецца паршой у вільготныя гады. На сеянцавых прышчэпах пладаносіць на 5—6-ы, на клонавых — на 3-і год. Плады сярэдняй велічыні (100—120 г), зеленавата-белыя з ярка-чырв. паласатым румянцам. Мякаць белая, сакавітая, далікатная, кісла-салодкая, з моцным прыемным пахам. Захоўваецца каля месяца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНА́П АРЛО́ЎСКІ,
позназімовы сорт яблыні. Выведзены ва Усерас.НДІ селекцыі пладовых культур скрыжаваннем сартоў Сінап паўночны і Памяць Мічурына. На Беларусі ўключаны ў Дзярж. рэестр для выкарыстання ў вытв-сці паўсюдна.
Дрэва буйнарослае, з круглаватай кронай сярэдняй гушчыні. Сорт ураджайны, сярэднеўстойлівы да грыбных хвароб. Плады вышэй сярэдняй велічыні (каля 150 г), круглавата-канічнай формы. Скурка зялёна-жоўтая, ярка-чырв. з сонечнага боку. Мякаць зеленаватая, сакавітая, прыемнага кісла-салодкага смаку. Збор пладоў у вер.; захоўваецца да красавіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАКУНЫ́ (Cicindela),
род жукоў сям. жужаляў (вылучаюць і падсям. С. — Cicindelinae). Каля 200 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. Жывуць на травяністых месцах, на пяску. Перамяшчаюцца скачкападобнымі пералётамі (адсюль назва). На Беларусі адзіны від — С. пясчаны, або арэнарыя (C. arenaria), занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. 6,5—22 мм. Цела ярка афарбаванае, пераважна з белым малюнкам на надкрылах. Галава вял., вочы пукатыя, сківіцы серпападобныя. Дзённыя драпежнікі, кормяцца пераважна насякомымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАКРЭА́ЛЬНЫЯ (Hypocreales),
парадак грыбоў з класа аксаміцэтаў. Вядома больш за 1000 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ва ўмеранай зоне і тропіках. На Беларусі каля 50 відаў з родаў нектрыя, гіпакрэя, мікранектрыела, фузарыум і інш. Сапратрофы і паразіты. Выклікаюць хваробы раслін.
Пладовыя целы (перытэцыі) мяккія, мясістыя, светлыя або ярка афарбаваныя, утвараюцца на паверхні або ўнутры субстрату. Сумкі цыліндрычныя, булавападобныя. Аскаспоры рознай формы і памераў, аднаклетачныя, з перагародкамі. У цыкле развіцця часта ёсць канідыяльная стадыя, якая адыгрывае вял. ролю ў пашырэнні відаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАКО́НЫ (Draco),
род яшчарак сям. агам. 22 віды. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі. Жывуць пераважна ў кронах дрэў.
Даўж. да 40 см. Тулава ярка і страката афарбаванае. Па баках цела шырокія скурныя складкі, якія падтрымліваюцца 5—7 несапраўднымі рэбрамі. Складкі здольны распасцірацца ў выглядзе крылаў, таму Д. могуць планіраваць на адлегласць да 30 м і на ляту мяняць напрамак палёту. У самцоў на горле мяшэчкападобная скурная складка. Хвост тонкі і доўгі. Адкладваюць 2—6 яец у неглыбокую ямку. Кормяцца дробнымі насякомымі, пераважна мурашкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗАЎКО́ВЫЯ (Ostraciontidae),
сямейства марскіх рыб атр. іглабрухападобных. 7 родаў, каля 20 відаў. Пашыраны ў прыбярэжнай зоне трапічных мораў, найб. колькасць відаў у Аўстраліі і Інда-Малайскім архіпелагу.
Даўж. да 50 см. Галава і цела ўкрыты панцырам з нерухома з’яднаных касцявых пласцінак, кіляў (грабянёў) і шыпоў. Рухомыя плаўнікі на кароткай мясістай аснове. Хвост доўгі. Большасць відаў ярка афарбаваныя. Кормяцца доннымі беспазваночнымі, водарасцямі, губкамі. Маюць у сабе таксіны, пасля спец. апрацоўкі ядомыя. Аб’екты промыслу.
Да арт.Кузаўковыя. Кузаўкі: 1 — чатырохрогі; 2 — бязрогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАНІ́Т (ад грэч. rhodon ружа),
мінерал падкласа ланцужковых сілікатаў, сілікат марганцу, CaMn4[Si5O15]. Мае ў сабе аксіду марганцу да 54%, прымесі закісу жалеза да 12%, магнію, алюмінію, цынку. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Утварае тонказярністыя масы, прамяністыя агрэгаты, таблітчастыя крышталі. Колер ад бледнага да ярка-ружовага і чырвонага. Цв. 5—6,5. Шчыльнасць 3,4—3,7 г/см³. Крохкі. Непразрысты, зрэдку (крышталічны) амаль празрысты. Паходжанне кантактава- і рэгіянальна-метамарфічнае, гідратэрмальнае. Парода арлец, складзеная пераважна з Р., выкарыстоўваецца як дэкаратыўна-вырабны камень. Пры выветрыванні ўтварае марганцавыя руды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РА,
агульная назва 2 родаў (Ara і Anadorhynchus) клінахвостых папугаяў атр. папугаепадобных. 18 відаў. Жывуць у лясах Паўн. і Паўд. Амерыкі. Як дэкар. птушкі завезены ў многія краіны свету. Найб. вядомыя ара чырвоны (Ara macao), ара блакітны (Ara ararauna), ара гіяцынтавы (Anadorhynchus hiacinthinus).
Гіяцынтавы ара даўж. да 1 м. Ярка афарбаваныя птушкі з доўгім хвастом. Дзюба моцная. Чароды ара часам шкодзяць пладовым дрэвам. Лёгка прыручаюцца і могуць «гаварыць». Некаторыя ахоўваюцца. Трохкаляровы ара вымер на Кубе ў 1880-я г.