ГАНТАРЫ́ЗМ

(gongorismo),

культэранізм, культызм, адна з 2 асн. школ ісп. барока (разам з кансептызмам), пачатак якой паклаў ісп. паэт Л. дэ Гонгара-і-Арготэ. З’ява, тыпалагічна роднасная марынізму ў Італіі, прэцыёзнай літаратуры ў Францыі, каралінскай школе ў Англіі. У аснове гангарызму непрыняцце пачварнай і хаатычнай рэчаіснасці, супрацьпастаўленне ёй сапраўднай рэальнасці мастацтва, артыстызму і прыгажосці. Паслядоўнікі гангарызму імкнуліся да выразнасці і вытанчанасці формы, займаліся пошукамі незвычайных метафар, неалагізмаў, складаных сінтаксічных канструкцый. Канкрэтная пачуццёвасць і жывапіснасць у гангарызме спалучаецца з эмацыянальнай і філас. насычанасцю, інтэлектуалізмам. Найб. ярка гангарызм праявіўся ў лірыцы.

Літ.:

Плавскин З.И. Испанская литература XVII — середины XIX в. М., 1978;

Штейн А.Л. Литература испанского барокко. М., 1983.

Г.В.Сініла.

т. 5, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)