род вымерлых гіганцкіх паўзуноў атр. яшчаратазавых дыназаўраў. Каля 5 відаў. Рэшткі вядомы з юрскіх адкладаў. Насялялі Паўн. Амерыку, Мадагаскар, Усх. Афрыку, Англію, Францыю, Партугалію. Шкілет дыназаўра, блізкага да брантазаўра, знойдзены ў Фергане.
Самая вял. наземная жывёла (даўж. да 25 м, маса каля 30 т) з высокім чэрапам, доўгай масіўнай шыяй і параўнальна невял. галавой. Галаўны мозг вельмі маленькі (маса не больш як 400 г), спінны мозг значна большы за галаўны і кіраваў мускулатурай задніх канечнасцей і хваста. Чатырохногі брантазаўр паводле спосабу жыцця наземна-водная жывёла, вандраваў па мелкаводдзі, карміўся раслінамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЁНКА,
аддзел задняй канечнасці ў земнаводных і наземных пазваночных, нагі ў чалавека паміж сцягном і ступнёй. Шкілет галёнкі складаюць вяліка- і малагалёначныя косці, якія зверху сучляняюцца, на працягу і канцах злучаны звязкамі. Мышцы галёнкі падзяляюцца на 3 групы: пярэднюю (складаецца з разгінальнікаў ступні і пальцаў), вонкавую (мышцы, што згінаюць, адводзяць і паварочваюць ступню), заднюю (згінальнікі пальцаў, ступні, галёнкі). Кровазабеспячэнне галёнкі адбываецца з разгалінаванняў падкаленнай артэрыі; паверхневыя вялікая і малая падскурныя вены і глыбокія вялікагалёначныя вены забяспечваюць адток крыві ад галёнкі. Галёнка членістаногіх — членік нагі паміж сцягонцам (у насякомых) ці каленным членікам (у павукападобных) і лапкай, звычайна членістай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РМЕЛЬ,
гара на Пд Палесціны (тэр. Ізраіля), на зах. схіле якой у пячорах Табун і Схул у 1929—34 выяўлены касцявыя рэшткі людзей разам з каменнымі прыладамі і касцямі выкапнёвых жывёл. У пячоры Табун знойдзены амаль поўны шкілет жанчыны неандэртальскага тыпу і ніжняя сківіца мужчынскага чэрапа. У пячоры Схул знойдзены косці 10 шкілетаў рознай захаванасці са спалучэннем неандэртальскіх і сучасных асаблівасцей будовы чэрапа і інш. частак шкілета. Жылі 35—40 тыс. гадоў таму назад. Адны вучоныя лічаць, што насельніцтва пячор К. — вынік змешвання людзей неандэртальскага і сучаснага тыпаў; іншыя бачаць у іх эвалюцыйны пераход ад стараж. людзей да новых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎЛЕ́РПА (Caulerpa),
род ніткаватых зялёных марскіх водарасцей сям. каўлерпавых. Каля 60 відаў. Характэрны для флоры трапічных мораў, зрэдку субтрапічных (C. prolifera). Трапляецца на мелкаводдзі на цвёрдых (камяні, мёртвыя каралы), пясчаных і глеістых грунтах.
Слаявішча складаецца з цыліндрычнай сцелістай ч.даўж. 1—2 м, рызоідаў і вертыкальных цыліндрычных або плоскіх простых ці разгалінаваных парасткаў выш. да 50 м, марфал. разнастайнасць якіх з’яўляецца сістэм. адзнакай. Унутры слаявішча знаходзяцца папярочныя цяжы (унутр.шкілет). Размнажэнне палавое (анізагамія) і вегетатыўнае (ч. слаявішча). У краінах Азіі і Акіяніі спажываецца ў ежу.
Т.М.Міхеева.
Каўлерпа: 1—4 — розныя тыпы будовы вертыкальных галін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРКО́ДАВЫЯ (Sarcodina),
падтып прасцейшых; 3 кл.: караняножкі, прамянёвікі і сонечнікі (па інш. класіфікацыях С. — падтып з 8 кл. або клас з 4 падкл.). Больш за 11 тыс. відаў. Жывуць у марскіх і прэсных водах, глебе, ёсць паразітычныя формы. Удзельнічаюць ва ўтварэнні асадкавых парод. Выкапнёвыя (фарамініферы) вядомы з кембрыйскага перыяду.
Памеры ад некалькіх да сотняў мікраметраў. Арганелы руху і захопу корму — часовыя цытаплазматычныя адросткі — псеўдаподыі. Маюць ядро, пульсуючую і стрававальныя вакуолі, некат. — унутраны і вонкавы мінер.шкілет. Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, прасцейшымі. Размнажэнне бясполае (дзяленне напалам, розныя формы пачкавання) і палавое (узнікаюць жгуцікавыя ці амёбападобныя гаметы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСО́ВІЧ (Канстанцін Адамавіч) (21.5.1869, в. Акцябр Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 25.9.1919),
бел. прыродазнавец, геолаг, географ і хімік; заснавальнік чацвярцічнай геалогіі і палеагеаграфіі Еўрап. Поўначы і Запаляр’я Усх. Сібіры. За ўдзел у рэв. руху ў 1894 арыштаваны, у ссылцы ў Архангельскай губ. (1896—99). Даследаваў чацвярцічныя адклады, узначальваў партыю Рус. палярнай экспедыцыі на Новасібірскія а-вы (1900—02). Вывучаў геалогію Хараўлахскіх гор і нізоўяў Лены (1908—09), збярог шкілет і рэшткі Ляхаўскага маманта (Нац. музей гісторыі прыроды, Парыж). Займаўся чацвярцічнай геалогіяй Паволжа і Кубані. Імем Валасовіча названы мыс на в-ве Бальшавік у архіпелагу Паўн. Зямля, выкапнёвыя расліны і жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСАКАРО́ДНЫ КАРА́Л, чырвоны карал (Corallium rubrum),
кішачнаполасцевая жывёла атр. гарганарыяў, або рагавых каралаў, кл. каралавых паліпаў. Жыве на глыбіні 10—300 м у Міжземным м. і Атлантычным ак. каля Канарскіх а-воў.
Дрэвападобныя калоніі, да 40 см вышынёй, прырастаюць да скалістага грунту. Звонку ўкрыты мяккай карой розных адценняў чырвонага колеру — ад слаба-ружовага да цёмна-чырв., амаль чорнага. Восевы шкілет утвараецца ў выніку зліцця вапняковых спікул. На фоне галін калоніі вылучаюцца снежна-белыя паліпы, венчык з 8 перыстых шчупальцаў, пры дапамозе якіх высакародны карал корміцца рачкамі і іх лічынкамі. Пераважна раздзельнаполыя, бываюць гермафрадыты. Аб’ект промыслу, са шкілета вырабляюць упрыгожанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЛАВЫЯ ПАЛІ́ПЫ (Anthozoa),
клас беспазваночных марскіх жывёл тыпу кішачнаполасцевых. Пашыраны ва ўсіх морах з дастаткова высокай салёнасцю. Пераважна каланіяльныя арганізмы. Вядомы з кембрыю. На Беларусі выяўлены з ардовіку 4 групы выкапнёвых К.п.: абуляты, 4- і 8-прамянёвыя каралы, геліялітыды. Сучасных К.п. 2 падкл., 8 атр., каля 6 тыс. відаў.
Даўж. асобін ад некалькіх міліметраў да 1 м. Цела звычайна цыліндрычнае, пабудавана паводле радыяльнага тыпу сіметрыі. Многія К.п. маюць вапнавы або рагавы шкілет. Размнажэнне палавое і бясполае (пачкаванне). Са шкілетаў К.п. складаюцца каралавыя рыфы і арганагенныя пабудовы, вырабляюць упрыгожанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАНЯНО́ЖКІ (Rhizopoda),
прасцейшыя жывёлы падтыпу саркодавых. 3 атр. (амебы, ракавінныя амёбы і фарамініферы), больш за 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды ў марскіх і прэсных вадаёмах і глебе. На Беларусі каля 40 відаў.
Памеры ад некалькіх мікраметраў да 3 см. Цела складаецца з паверхневага гамагеннага слоя — эктаплазмы і ўнутр. зярністага — эндаплазмы з ядром, вакуолямі і інш. ўключэннямі. Некат. К. маюць унутр.шкілет або ракавіну. Перамяшчаюцца і захопліваюць ежу з дапамогай часовых вырастаў (псеўдаподый). Размнажэнне бясполае і палавое. Кормяцца бактэрыямі, прасцейшымі і водарасцямі. Есць паразіты, узбуджальнікі інвазійных хвароб жывёл і чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯВЫ́Я РЫ́БЫ (Osteichthyes),
клас водных пазваночных. 2 падкл.: прамянёвапёрыя (Actinopterygii) і лопасцевапёрыя (Sarcopteiygii), 11 надатр., 38 атр., каля 20 тыс. відаў. З’явіліся ў канцы сілуру (каля 410 млн. гадоў назад). У сучаснай іхтыяфауне прэсных і марскіх вадаёмаў складаюць больш за 96% відаў. На Беларусі 58 відаў; рэшткі выкапнёвых К. р. трапляюцца ў адкладах позняга сілуру, дэвону і карбону (каля 400—300 млн.г. назад).
Даўж. ад 7 мм (некат. бычкі) да 7 м (бялуга), маса да 1,5 т. Маюць унутр. касцявы шкілет і акасцяненні ў вонкавым шкілеце; луска пласціністая, касцявая. Дыханне шчэлепнае, зрэдку лёгачнае (у дваякадыхальных). Апладненне вонкавае, зрэдку ўнутранае.