ВАЛАСО́ВІЧ Канстанцін Адамавіч
(21.5.1869, в. Акцябр Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 25.9.1919),
бел. прыродазнавец, геолаг, географ і хімік; заснавальнік чацвярцічнай геалогіі і палеагеаграфіі Еўрап. Поўначы і Запаляр’я Усх. Сібіры. За ўдзел у рэв. руху ў 1894 арыштаваны, у ссылцы ў Архангельскай губ. (1896—99). Даследаваў чацвярцічныя адклады, узначальваў партыю Рус. палярнай экспедыцыі на Новасібірскія а-вы (1900—02). Вывучаў геалогію Хараўлахскіх гор і нізоўяў Лены (1908—09), збярог шкілет і рэшткі Ляхаўскага маманта (Нац. музей гісторыі прыроды, Парыж). Займаўся чацвярцічнай геалогіяй Паволжа і Кубані. Імем Валасовіча названы мыс на в-ве Бальшавік у архіпелагу Паўн. Зямля, выкапнёвыя расліны і жывёлы.
т. 3, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)