«КРУТУ́ХА»,

бел. нар. танец, разнавіднасць полькі. Муз. памер ​2/4. Тэмп хуткі. У працэсе танца 2 юнакі і 2 дзяўчыны бяруцца накрыж за рукі ці кладуць іх адзін аднаму на плечы і ідуць па крузе, падскокваючы, прытупваючы і прыпяваючы. Сцэн. варыянт «К.» ўвайшоў у рэпертуар харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». У працы «Люд беларускі» М.​Федароўскага змешчаны запісы мелодыі танца «Круцёлка» і прыпеўка да яго, зробленыя ў канцы 19 ст. на Гродзеншчыне, аднак з-за адсутнасці харэаграфічнага апісання нельга меркаваць, ці быў ён ідэнтычны «К.».

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 8, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРА́НТА (франц. courante літар. бягучая),

прыдворны танец італьян. паходжання. Найб. пашыраны на мяжы 16—17 ст. Муз. памер ​2/4, рытм пункцірны. Пазней узніклі 2 віды К. — франц. (тэмп умераны, памер ​3/2 або ​6/4, частая змена рытму, урачысты характар) і італьянская (тэмп хуткі, пастаянны муз. памер ​3/4 або ​3/8). У прафес. музыцы існавала да 1-й пал. 18 ст. як 2-я частка інстр. сюіты (І.​С.​Бах, Г.​Ф.​Гендэль). Вядомы рукапісны зб. «Куранты», у якім змешчаны шэраг кантаў і псальмаў з акрэсленымі бел. рысамі.

т. 9, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЕРО́ (ісп. bolero),

1) іспанскі нар. парны танец. Вядомы з 18 ст. Тэмп умерана хуткі, муз. памер ​3/4. Выконваецца пад акампанемент гітары, барабана і кастаньетаў. Вельмі пашыраны ў Еўропе. У характары балеро напісаны інстр. п’есы для фп. (Ф.​Шапэн, І.​Альбеніс), для сімф. аркестра (М.​Равель), нумары ў операх (Э.​Мегюль, К.​М.​Вебер, Г.​Берліёз, Дж.​Вердзі), балетах (П.​Чайкоўскі, Л.​Дэліб), рамансы (М.​Глінка, А.​Даргамыжскі) і інш. 2) Кубінскае балеро — лірычны песенны жанр. Склаўся на Кубе ў канцы 19 ст. Тэмп умераны, муз. памер 24. Спалучае крэольскі мелас з афра-кубінскай сінкапіраванай рытмікай.

т. 2, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАСЦЯ́К»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп умерана хуткі. У кампазіцыйнай аснове танца 2 рады выканаўцаў мяшанага складу адзін супраць аднаго сыходзяцца да сярэдзіны танц. пляцоўкі, потым вяртаюцца на месца, выконваючы двайны прытуп з падскокамі на абедзвюх нагах папераменна, у заключэнні фігуры — двайны прытуп без падскокаў. Выконваецца пад гармонік ці інш. муз. інструмент і калект. выкананне прыпевак удзельнікамі абодвух радоў папераменна. Часам выконваецца варыянт асн. фігуры: адзін рад танцуе на месцы, 2-і на яго наступае, потым вяртаецца на месца, і наадварот. Пашыраны на Брэстчыне, Гомельшчыне. Існуе сцэнічны варыянт танца.

В.​З.​Савін.

т. 13, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАПА́К,

украінскі нар. танец. Узнік у Войску Запарожскім. Бывае сольны, парны, групавы. Уключае скокі, прысядкі, вярчэнні і інш. віртуозныя танц. рухі. Тэмп хуткі. Муз. памер 24. Пашыраны і на Беларусі, пераважна ў зах. і паўд.-зах. раёнах, мае адметныя рысы: выконваецца звычайна трыма танцорамі, суправаджаецца прыпеўкамі. Жанр гапака выкарыстаны ў творах многіх укр., рус. і інш. кампазітараў: у операх «Чаравічкі» і «Мазепа» П.​Чайкоўскага, «Майская ноч» М.​Рымскага-Корсакава, «Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага, «Энеіда» М.​Лысенкі, балетах «Тарас Бульба» В.​Салаўёва-Сядога, «Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні, «Гаянэ» А.​Хачатурана і інш. Выконваецца і як самаст. муз. п’еса.

т. 5, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́РАЎ (Леў Канстанцінавіч) (н. 23.12.1931, Масква),

рускі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1990). Скончыў школу-студыю МХАТ (1954), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы (1985). Да 1963 у Цэнтральным дзіцячым т-ры, з 1963 у т-ры Ленінскага камсамола, з 1967 у т-ры на Малой Броннай (усе ў Маскве). Яркі характарны акцёр, валодае камед. і драм. дараваннем. Яго мастацтву ўласцівы непасрэднасць, адкрыты тэмперамент. Сярод лепшых роляў: штабс-капітан Снегіроў («Брат Алёша» В.​Розава паводле Ф.​Дастаеўскага), Сганарэль («Дон Жуан» Мальера), Яга («Атэла» У.​Шэкспіра). З 1954 здымаецца ў кіна і тэлефільмах: «Двое ў стэпе», «34-ы хуткі», «Развітанне», «Семнаццаць імгненняў вясны», «Уся каралеўская раць» і інш.

т. 6, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЫ́СЫ»,

«Карапет», «Дзевачка Надзя», «Муха», гарадскі бытавы танец. Муз. памер ​2/4, ​4/4; тэмп умерана хуткі. Паходзіць ад паўд.-амер. танца тустэп. Уключае абмежаваную колькасць стандартных рухаў, якія паўтараюцца некалькі разоў запар. На 1-е правядзенне мелодыі танцоры робяць 4 факстротныя крокі ў адзін, потым у другі бок, на 2-е — круцяцца ў пары рухам полька-вальс, потым дзяўчына некалькі разоў паварочваецца пад правай рукой партнёра. Пашыраны па ўсёй Беларусі, мае нязначныя рэгіянальныя адрозненні. Выконваецца пад каларытныя мясц. прыпеўкі: «А чаго ты лысы, без валос астаўся? // А таму, што з дзеўкамі многа мілаваўся... // А дзевачка Надзя, чаго табе нада? // Нічаго не нада, кроме чыкалада».

т. 9, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЯНЦЕ́Й»,

«Лянсей», бел. нар. танец-кадрыля. Муз. памер, як правіла, ​2/4, тэмп хуткі. У пач. 19 ст. пашыраны ў краінах Зах. Еўропы пад назвай «Лансье». 3 пач. 20 ст. шырока вядомы на Беларусі. Дзякуючы прастаце рухаў і разнастайнасці кампазіцыйных пабудоў асіміляваў рысы бел. нар. харэаграфіі і стаў народным. Бытуе і як самаст. танец, які адрозніваецца ад кадрылі павольным характарам выканання (адсюль лакальная назва «Лянівы»), Выконваецца цотнай колькасцю пар, мае да 12 фігур («кола», «пераходы», «здароўканне», «сварацца», «барыня», «полька» і інш.). У структуры «Л.» характэрныя для бел. танц. фальклору малюнкі, калены, хады, рухі. Часта ўключае асобныя фігуры традыцыйных ці гар. быт. танцаў.

т. 9, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУША́Н (Plecotus auritus),

млекакормячая жывёла сям. кажанавых атр. рукакрылых. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды, нешматлікі. Аселы. Жыве пад адсталай карой, на гарышчах, за аканіцамі, у дуплах, зімой — у скляпах, падвалах, бульбяных ямах і інш.

Даўж. цела 4,2—5,4 см, хваста да 5,2, вушэй да 4 см, маса да 10,5 г. Поўсць мяккая, шаўкавістая, зверху палева-буравата-шэрая з карычневым адценнем, знізу шэра-белавата-палевая. Палёт хуткі, нераўнамерны. Нараджае 1, зрэдку 2 дзіцянят. Палюе ноччу без перапынку на невял. вышыні па ўзлесках і лясных прасеках, у кронах дрэў паркаў і садоў, уздоўж дарог, над вадаёмамі. Знішчае лускакрылых насякомых, пераважна шкоднікаў сельскай і лясной гаспадаркі.

Вушан.

т. 4, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«О́ЙРА»,

«Войра», «Какетка», гарадскі бытавы (бальны) танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп умерана хуткі. На Беларусі вядомы з канца 19 ст. напачатку ў гарадах, потым і ў вёсках, дзе зазнаў прыкметны ўплыў нар. харэаграфіі. Выконваецца па крузе любой колькасцю пар. Складаецца з блока рухаў, які паўтараецца некалькі разоў: простыя і пераменныя крокі з прытупам, сінхроннае выцягванне нагі на «насок-абцас», плясканне ў далоні, заглядванне ў твар партнёру і інш. Часта выканаўцы падахвочваюць сябе воклічамі «Ой-ра!» (адсюль назва). Суправаджаецца прыпеўкамі тыпу: «Што за танец ойра, ойра! // Да чаго ж ты стройна, стройна...». Існуюць парныя і сольныя варыянты танца.

Падобны танец вядомы ў цэнтр. Расіі і Сібіры, у Башкортастане.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 11, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)